Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Месяцава святло давала магчымасць прайсці невялікі шлях ад тапчана да парога амаль па віднаму, але Зазыба праз гэта раптам занепакоіўся: не шкодзіла б глянуць і ў завулак перад домам. Так ён і зрабіў — павярнуў да сцяны з вокнамі.

— Дзяніс, ета ты? — пазвала Марфа.

— Вады напіцца хачу, — растлумачыў Зазыба.

— А я падумала...

— Спі. Я нап’юся і таксама лягу.

Тады Марфа зноў спытала, але пазяхаючы ўжо:

— Ці позна ета?

— Другія пеўні спяваць будуць.

— Дак і не дужа ж позна, — нібыта здзівілася Марфа. — Колькі тае начы прайшло, а я паспела сон пабачыць. Што ты надзеўся? Вада ж і ў хаце ёсць. Вядро вунь на ўслоне.

Зазыба крактануў ад жаночай несвядомасці, сказаў:

— Здаецца, на двор да нас хтосьці зайшоў.

— Дак, можа, карова з пуні выйшла? Можа, я забылася зачыніць? Во памяць старая!

— Можа, й карова, — зусім з неахвотаю азваўся Зазыба.

Ватоўка дасюль была накінута наапашкі ў яго, таму ён апрануў яе ў рукавы, паціскаў плячамі, акурат надзяваў новую, першы раз прымерваючы.

— Не, карова, здаецца, не магла выйсці, — усё яшчэ разважала ўголас Марфа. — Сама ж запірала вароты.

Праверыўшы, колькі хапала вачамі, у абодва канцы асветлены месяцам завулак, Зазыба падаўся на парог.

На двары нічога не ўлоўлівала вуха, і ён з прыкрасцю падумаў, што дарэмна занепакоіўся, ніхто не адчыняў з гарода форткі. Тым не менш, ён выпрастаў у цемнаце рукі, ступіў па сенцах далей збоч чулана, дзе ў сцяне, што выходзіла ў двор, святлела вузенькае, у паўдалоні, акенца, якога хапала адно, каб дапасці вокам.

Частка двара, тая, што ад завулка, патанала ў ценю, бо месяц стаяў насупраць і ўжо нізкавата, прынамсі, вароты не давалі яму высвечваць усю плошчу двара, з канца ў канец; затое другая частка двара прагледжвалася добра.

Кінуўшы скоры позірк праз акенца, Зазыба, здаецца, нікога не прыкмеціў. Аднак у наступны момант адчуў, што нехта зварухнуўся на ганку, можа, незнарок выдаючы гаспадару сваю прысутнасць на двары. Выходзіла, што Зазыба ўсё-ткі недарэмна прачнуўся ад бразгату клямкі, а яшчэ больш правільна зрабіў, прымусіўшы сябе пераступіць парог у сенцы. Вось толькі малы свет з гэтага патаемнага акенца! Тады Зазыба здагадаўся падняцца трохі вышэй, дзеля чаго ціха намацаў нагамі плінтус, прыбіты ўнізе, і, упіраючыся сагнутай у локці правай рукой у чулан, стаў на плінтус мысамі ботаў. Пратрымаўся ён у такім становішчы аднае паўхвіліны, нават чвэртку яе, але гэтага часу хапіла, каб акінуць двор паўз самыя сенцы, убачыць на ганку чалавека. Ужо толькі па абрысах постаці можна было зразумець, што дарэмна спярша легла здагадка на юродзівага Ціму. То быў хтосьці іншы. Сядзеў ён на ганку, спіной да дзвярэй, а бараду трымаў у складзеных далонях, аблакаціўшыся на каленкі. Збоку Зазыбу добра былі відаць згорбленая спіна ў лапатках ды ўнураная галава без шапкі. Здавалася, чалавек нават не здагадваўся, што за ім ужо пільнуюць староннія вочы з сенцаў. Прынамсі, знешнім выглядам сваім, тым, як сядзеў на ганку, паставіўшы на драўляную сходку ногі, ён выдаваў сябе супакоеным і нібыта абыякавым. Магло скласціся такое ўражанне, што чалавек вярнуўся аднекуль з вялікай вандроўкі, а гаспадароў не заспеў дома, таму вось і чакае, даўшы сабе адпачынак на ганку. Больш таго, яму хораша сядзець аднаму, думаць... Зазыба і сам часам, здавалася, горбіўся так вось на ганку — узыдзе на двор стомлены, ажно разбіты, з распухлай галавой ад розных лёгкіх і нялёгкіх думак і рады бясконца, што трапіў нарэшце дамоў, тады сядае адразу на ганак, абшчапервае рукамі галаву, быццам дзеля таго, каб не раскалолася ад тых думак, і ў чаканні вячэры, якую гатуе ў хаце Марфа, прасейвае патрохі ўсё, што назбіраў за цэлы дзень і ў душу, і ў галаву. Для яго такія хвіліны заўсёды былі хвілінамі своеасаблівага, усё роўна як малітоўнага роздуму і супакаення. Не дзіва таму, што ў чалавека, якога згледзеў цяпер праз маленькае акенца ў сенцах, Зазыба ўбачыў раптам самога сябе, няхай збоку, але ж такога, якім бываў сам, гэта значыць, у знаёмым яму душэўным і фізічным стане. Зазыбу толькі заманулася яшчэ раз зірнуць праз акенца ў двор, і ён зноў заняў тое нязручнае, амаль вісячае, як у кажана, становішча — ногі мысамі ботаў на плінтусе, а локаць правай рукі ўпіраецца ў чулан. Аднак і гэты раз чалавека не пазнаў. Тады падумаў, што варта паклікаць таго і ў хату, калі ўжо здарылася так, што апынуўся ў двары. Ён адарваўся ад сцяны, крутануўся на абцасах, быццам не хапала месца стаць на ўсю падэшву, рушыў да дзвярэй. Цяпер Зазыба не прымушаў сябе стрымлівацца, таму чалавек, які сядзеў там, на ганку, мог свабодна чуць увесь тупат. Звыклым рухам, даўно ўжо, лічы, на памяць, Зазыба саўгануў убок запор, пацягнуў на сябе дзверы, якія раптам чамусьці гучна зарыпелі, акурат рассохлыя вароты. Чалавек пры гэтым ад нечаканасці ажно ўцяў у каўнер галаву, усё роўна як спахапіўся, каб не ўпала што на цемя. Але на ногі не ўскочыў. І нават не памкнуўся зрабіць гэта. Толькі ў наступны момант хуткім рухам кінуў на каленкі рукі і павярнуўся напаўабарота, горбячыся тулавам, да дзвярэй. Зазыба ўбачыў ягоны твар і адчуў, што кроў у гэты момант нібыта прыпыніла бег у жылах. То быў сын, Масей!

Зазыба не даў бы веры іншым разам, што можна страчваць раптам адчуванне самога сябе, сваёй фізічнай важкасці, а тут нібыта ўзяў хто ды выняў з яго ўсё жывое нутро, якім ён дагэтуль адчуваў навакольны свет. Нават скура, асабліва на твары, зрабілася акурат струпянелай альбо змерзлай. Адзін мозг разумеў усё і здольны быў рэагаваць. І гэтым мозгам Зазыба нарэшце вельмі выразна зразумеў, што дамоў вярнуўся сын, адзін іхні з Марфай сын, якога зусім і не марыў дачакацца, нягледзячы нават на вайну, на ваенны час, які звычайна суправаджаецца невытлумачанымі акалічнасцямі, незвычайнымі выпадкамі і самымі, як кажуць, вялікімі нечаканасцямі. Масей таксама пазнаў бацьку, пачаў уставаць. І тады Зазыба ўнутранай сілаю, якая невядома адкуль вярнулася да яго, выбавіў сябе з поўнай здранцвеласці, кінуўся, не, хутчэй паваліўся, нібыта з перабітымі нагамі, адным перадам на Масея, абдымаючы рукамі за шыю. Сын стаяў у той жа нязручнай паставе, напаўабарота і трохі падаўшыся наперад, і Зазыба неўзабаве схамянуўся, што той можа не ўтрымацца на нагах ад гэтай нязручнасці, але не знаходзіў сілы разамкнуць рукі на сынавай шыі, адарвацца ад яго і хоць бы самому трывала стаць на ганку. Твары іх былі прыціснуты шчака аб шчаку. Яны не цалаваліся і не абменьваліся ні шэптам, ні голасам, толькі моўчкі пагойдваліся, быццам у адчаі, з боку на бок, адчуваючы вуснамі, як з вачэй цякуць у абодвух салёныя слёзы. О, гэтыя салёныя мужчынскія слёзы!.. Нарэшце Зазыба сабраўся з сіламі і адпусціў сына, паціскаў вялікім і ўказальным пальцамі левай рукі ў арбітах свае заплюшчаныя, мокрыя вочы, мусіць, спрабуючы гэтым спыніць слёзы, тады ступіў на ніжнюю прыступку ганка.

— Сядай, сын, — хрыпла сказаў ён, зусім забываючы, што таго найперш трэба весці ў хату.

Масей паслухмяна ўкленчыў побач.

— Чаму ж дасюль не пастукаўся?

— Баяўся будзіць вас. Як мама?

— Нічога. Жывая. Во і не ведае яшчэ, што гэта ты.

Зазыба сціснуў ад непраходзячай радасці галаву рукамі.

— А я чую, быццам нехта ўзышоў на двор з гарода. Дай, думаю, зірну. Адкуль жа ты, сынку?

— Потым, бацька, потым.

— Ну, то і праўда, пачакаем, — згадзіўся Зазыба, зразумеўшы, што сыну таксама нялёгка даецца сустрэча.

— А як вы тут?

— Сам пабачыш, раз ужо прыйшоў. Вайна от!..

— Так, вайна.

— Але што я цябе трымаю на ганку? Хадзем, сынку, у хату, хадзем да маці.

Зазыба адчуў нарэшце, што да яго паступова вяртаецца ранейшая здольнасць валодаць сабой. Разам з тым, ён зразумеў раптам і тое, што непрыкметна, але неадолена бярэ ў ім сваё старасць. Вядома, цяперашнюю слабасць сваю ён мог яшчэ растлумачыць, напрыклад, хваробай, якая пачалася па дарозе з Арлоўшчыны і потым выпетрала яго як мае быць. Аднак...

Зазыба паспрабаваў падняцца вышэй на прыступку, ды не адразу здолеў — пад каленкамі ногі паздрадніцку трымцелі, не хацелі выпроствацца, усё роўна як іх звяла сутарга і ўсё не адпускала. Тады Зазыба зноў на момант дакрануўся задам да ганка. Масей, мусіць, зразумеў бацькавы пакуты, сказаў амаль летуценна:

15
{"b":"849480","o":1}