— Так, хто заставаўся ў вёсцы? — ужо выразна губляючыся, крыкнуў зноў Брава-Жыватоўскі.
— Дак, здаецца, нікога, — зварухнуўся ў натоўпе Сілка Хрупчык, чамусьці ажно прысядаючы. — Усе ж нашы ў Паддубішча хадзілі.
— Ты сам бачыў, Антон, — азваўся нарэшце з-за спінаў вяскоўцаў і Раман Сёмачкін, які пасля здарэння ля крыніцы прыціх надоўга і зусім не выдаваў нідзе сваёй прысутнасці. — Мужыкі ўсе былі на падзеле. Ета можна нават пералічыць цяпера. А бабы... Дык бабы, сам знаеш...
— Ды не маглі нашы бабы забіць чалавека, — падала адразу ж нясмелы голас Рыпіна Ціткова. — Ета ж не певень, што б...
Брава-Жыватоўскі павярнуўся да афіцэра, паціснуў плячамі — маўляў, самі бачыце. Але той усё роўна як не зразумеў гэтага апраўдання. Сагнуў руку ў локці і глянуў на круглы, падобны на компас, жоўты гадзіннік:
— На роздум вам дзве, не, нават дзве з палавінай хвіліны. Калі за гэты час не будзе знойдзены наш салдат, абвінавачаны будзеце вы. Калі не... — І ён зноў амаль слова ў слова пачаў паўтараць тое, што гаварыў раней.
Дзіва, але нібыта цяпер толькі верамейкаўцы па-сапраўднаму паверылі, што ім нешта пагражае, і не нешта, а самае што ні на ёсць жахлівае.
— А людзечкі, што ж ета будзе! — залямантавала з краю Гануся Падзерына, чамусьці адпіхваючы ад сябе шчыльна стаяўшых кабет.
Выходзіла, што верамейкаўцам дасюль нібыта аднаго яе ляманту і не хапала. Натоўп раптам прыйшоў у рух, загаманіў, ажно насцярожыліся канвойныя, пакраталі настаўленымі карабінамі. Толькі ніхто з верамейкаўцаў не асмеліўся зрабіць нават кроку ні ўперад, ні ўзад. Кабеты, як самыя трапяткія натуры, пачалі праклінаць уяўнага забойцу, праз якога немцы збіраліся парашыць усіх. Зазыба пачуў узбураныя галасы, падумаў збянтэжана — што ж гэта робіцца? Сам ён страху не адчуваў, усё роўна як назло, насуперак тым, хто паддаўся паніцы. З усяго, здаецца, хацелася аднаго — засланіць рукамі вушы, каб не чуць галасоў. Але вось нехта крыкнуў:
— Вядуць! Вядуць!
І праўда, па вуліцы да пляца немцы вялі, піхаючы прыкладамі, нейкага чалавека. Аказваецца, увесь гэты час, пакуль верамейкаўцы стаялі пад пагрозай, другія немцы,— а іх там было нямала, — шнырылі па вёсцы, абшуквалі ўсе закуткі. Чалавек спатыкаўся ад моцных штуршкоў, аднак не падаў. Неўзабаве верамейкаўцы пазналі яго. Гэта быў прыдуркаваты Ціма з Прудкоў. Яго ведалі ўсе, ад малога да сталага, і не толькі ў Прудках ды Верамейках. Такіх людзей, як Ціма, звычайна ведаюць па ўсёй акрузе, у кожным разе, у бліжэйшых вёсках напэўна. Гэтага чалавека прырода надзяліла магутнай сілай, але забрала розум, навекі зрабіўшы яго юродзівым. Праўда, да яго таксама часам вярталася здаровая свядомасць, і ён нармальна ўспрымаў усё, што яму гаварылі і чаго ад яго хацелі. Тады нават хоць каму цікава было мець Ціму субяседнікам. Якраз таму хадзілі згадкі, што хвароба з ім прыключылася пазней, калі ён плаваў недзе на параходзе. Вядома, у саміх Прудках знайшліся б людзі, якія маглі сказаць пра Ціму больш пэўнае што, аднак чамусьці ніхто ўжо і не хацеў іншага тлумачэння. Ціма прудкоўскі ды Ціма. Як звычайна бывае ў такіх выпадках, за ім ганяліся паўсюль дзеці, дражнілі абразлівымі словамі, строілі рожы, паказвалі языкі. Жыў Ціма ў Прудках адзін. Меў яшчэ бацькаву хату. Але ў печы паліў рэдка, можа, калі ў лютыя маразы, а то ўсё ляжаў у лахманах. З усёй жывой гаспадаркі меў адну карову, якую не кожны раз прыгадваў даіць, хоць вельмі акуратна глядзеў за тым, каб хапала ў хляве корму — насіў з калгасных стагоў у парваных рэзгінах сена, клаў адразу ў яслі і супакойваўся да наступнага разу. Сам ён карміўся найбольш па людзях. Прыходзіў у хату, сядаў за стол разам з гаспадарамі, а калі ў хаце не было гаспадароў, сам браўся ў парозе за вілкі, даставаў гаршчок з варывам з печы. Рабіў Ціма гэтак і ў Прудках, і ў Верамейках, нават наведваўся ў Бабінавічы, адным словам, адчуваў сябе вольна ўсюды, куды трапляў у сваім свядомым ці не свядомым бадзянні. І вось цяпер гэтага юродзівага вялі на верамейкаўскі пляц.
Да жандарскага афіцэра пад’ехаў коннік, той самы, што меў вялікі нос, які выступаў амаль з сярэдзіны лоба (яго верамейкаўцы запомнілі яшчэ адтуль, з-за коўрат), і нешта стаў гаварыць па-свойму.
Другія немцы, не чакаючы ніякай каманды, падвялі да штакетніку Ціму і сілай прымусілі павярнуцца да пляца. Нават за тыя дзесяць ці трохі больш крокаў, якія аддзялялі цяпер юродзівага ад верамейкаўцаў, льга было ўбачыць на ягоным твары, што небарака пакуль нічога не разумеў з усёй дзеі, адно талопіў з нейкай нечалавечай злосцю перад сабой як невідушчыя вочы ды раз-пораз хапаўся закарэлай рукой за сківіцу, няйначай яна садніла ў яго ад удару. Няўходжаны, натапыраны Ціма нагадваў хутчэй чалавекападобную істоту, чым самога чалавека, усё роўна як прымусілі яго стаць на заднія ногі. Але вось раптам ён пазнаў у натоўпе кагосьці з верамейкаўцаў, калі, вядома, зусім не ўсіх і яўна што з радасці разявіў ва ўсмешцы рот.
Тым часам афіцэры — і жандарскі, і той, кавалерыйскі, — скончылі перамову і тады абодва падышлі да юродзівага. Здавалася, яны загавораць з ім. Аднак жандар павярнуўся да натоўпу, спытаў на адлегласці:
— Хто ведае гэтага чалавека?
Але на верамейкаўцаў раптам таксама быццам замарачэнне найшло. Ніхто не адказаў, усё роўна як людзі не зразумелі, чаго цяпер ад іх хацеў гэты немец з голасам то ўкрадлівым, то строгім, нават грозным. Да таго ж, ніхто не верыў, што Ціма наогул здольны на забойства.
— Значыць, не ведаеце? — зларадна ўсміхнуўся жандар. — Тады я скажу. Гэта пераапрануты чырвонаармеец. І гэта ён забіў у вашай вёсцы нашага салдата. Па закону ваеннага часу вы таксама нясеце адказнасць за забойства, таму што адбылося яно ў тыле нашай арміі, у вашай вёсцы. Вы хавалі ў сябе гэтага чырвонаармейца!
Трываць далей ужо нельга было.
— Мы ведаем гэтага чалавека!
Амаль з сярэдзіны натоўпу выбіраўся на край Парфён Вяршкоў.
— Мы знаем яго! — загаманілі тады наперабой і другія мужыкі.
Але жандарскі афіцэр глядзеў ужо на аднаго Парфёна Вяршкова.
— Ніякі ён не чырвонаармеец, — ужо амаль злосна сказаў Парфён. — Ета Ціма з Прудкоў. Ён не ў сабе, разумееце, пан афіцэр?
— Што значыць — не ў сабе? — быццам зніякавеў ад Парфёнавай настойлівасці жандар.
— А тое, што ён хворы, — паглядзеў проста ў вочы фашысту Вяршкоў.
— Чым хворы?
— На галаву хворы!
— Ідыёт?
— Так, дурны.
Афіцэр кінуў няверлівы позірк на Брава-Жыватоўскага. Той здалёк пакруціў каля скроні пальцам.
Мусіць, жандар такога павароту ў справе зусім не чакаў. Раптам у яго задрыжаў падбародак — не, ён не засмяяўся, каб хоць гэтак выйсці з недарэчнага становішча; проста яму нарэшце ўсё-ткі здрадзіла яго паказная ўраўнаважанасць. І ён закрычаў на Парфёна Вяршкова ў шаленстве:
— Туды! Станавіся туды! Станавіся побач з гэтым вашым ідыётам!
Але жандара вывела з раўнавагі не толькі тое, што чалавек, якога злавілі салдаты ў нечым двары, аказаўся ўсяго звычайным вясковым ідыётам. Найбольш яго прывяло ў шаленства свядомае і спакойнае заступніцтва вось гэтага пажылога селяніна з упэўненым позіркам у вачах, дзе не было не толькі страху, а нават і знаку на малейшае падлашчванне.
Да таго ж, на жандары ляжала адказнасць высветліць галоўнае — куды падзеўся салдат вермахта? Не загасцяваў жа ён, урэшце, у кумы!
Між тым, станавілася відавочным таксама, што пошукі нічога не даюць, нягледзячы, што ў вёсцы ўжо мала што не перавернута дагары.
Парфён Вяршкоў не стаў чакаць, пакуль яго падштурхнуць карабінам к штакетніку, сам падышоў да Цімы і стаў па левае плячо.
Жандар таксама прымусіў сябе зрушыць з месца, зрабіць некалькі крокаў па пляцу. Патрэба ў гэтым была, каб супакоіцца. Ужо на чацвёртым ці цятым кроку ў разгарачаную галаву яго чамусьці прыйшла старая прымаўка: «Ман шлегт дэн закт, дэн эзель мейнт ман»3. Прымаўку гэтую часта паўтараў адзін яго таварыш, таксама недавучаны студэнт (іх прызвалі ў палявую жандармерыю з юрыдычнага факультэта), але сам ён, калі гаварыць шчыра, да канца не мог ахапіць яе розумам: адзін раз тлумачыў так, другі іначай. Затое цяпер здалося, што сэнс нарэшце дайшоў да яго, прынамсі, дастасоўна да гэтага выпадку.