Зазыба задумаўся — супраць гэтай Чубаравай прапановы ён нічога не меў. Наадварот, ухваліў — нарэшце, за столькі часу сказана нешта больш-менш канкрэтнае, хоць яшчэ і не ведаў, да каго там, у Машавой, трэба будзе звярнуцца яму. Нарэшце ўспомніў — непадалёку ад вёскі, у пасёлку Дзяржынне жыў яго даўні таварыш, ляснік Арцём Алейнікаў, таксама, як і Зазыба, удзельнік грамадзянскай вайны.
То быў чалавек цікавага і нялёгкага лёсу. Яшчэ задоўга да рэвалюцыі, ці не ў адзінаццатым годзе, скончыўшы народную школу, падаўся ён з беларускай вёскі на Далёкі Усход і колькі часу працаваў матросам на параходнай прыстані ў Благавешчанску. Затым яму пашанцавала ўладкавацца на службу ў кантору Амурскага таварыства параходства і гандлю. Але пачалася вайна з кайзерам, і яго мабілізавалі ў армію, а там яго, як чалавека «пісьменнага», прызначылі пісарам асобнага артылерыйскага дывізіёна, узброенага, як ён любіў гаварыць ужо ў мірны час, французскімі далёкабойнымі гарматамі. У снежні семнаццатага года, калі выпала магчымасць пакінуць армію, вярнуўся Арцём у родную вёску. Аднак канчаткова парваць сувязь з арміяй не ўдалося. У маі наступнага года ён становіцца справаводам мабілізацыйнага аддзела Клімавіцкага ваенкамата з выкананнем абавязкаў спярша камісара павятовай паштова-тэлеграфнай канторы, потым камісара адразу некалькіх валасцей, у тым ліку і Бялынкавіцкай. Ну, а ў дзевятнаццатым годзе былы пісар, справавод і камісар паступае ў Чырвоную Армію, спярша зноў ваюе з немцамі, з гайдамакамі, затым з белагвардзейцамі і белапалякамі... Быў двойчы паранены. Уласна, па раненню ў дваццаць першым годзе і дамоў вярнуўся. Пачаў працаваць аб’ездчыкам у лясніцтве. Потым падаўся вучыцца — скончыў курсы па лесаэксплуатацыі, пасля чаго быў прызначаны памочнікам ляснічага. Але ў трыццаць пятым годзе Арцёма раптам выключылі з партыі, абвінаваціўшы ў сувязі з класава варожымі элементамі — за тое, што нібыта трымаў на працы раскулачаных. Праўда, на судзе факты яго апякунства над класава варожымі элементамі не пацвердзіліся, і ён быў адноўлены ў партыі нават без партыйнага спагнання. І тым не менш на ранейшую пасаду Алейнікаў ужо не трапіў — у часе папярэдняга заключэння ў яго пайшла кроў з вушэй, чалавек страціў слых. Давялося здаволіцца працай звычайнага лесніка.
Чырвонаармейцам Арцёма ў дзевятнаццатым годзе зрабіў Зазыба. Алейнікаў падаўся з ім да Шчорса, калі Зазыба па даручэнню бацькі Бажэнкі прыязджаў у родныя мясціны вербаваць у брыгаду добраахвотнікаў. Пазнаёміліся яны ў Бялынкавічах, дзе Алейнікаў быў вайсковым камісарам. Вядома, без дазволу камісара праводзіць набор добраахвотнікаў на тэрыторыі падначаленых яму валасцей нельга было. Таму Зазыба пасадзіў на воз Масея, яшчэ зусім падлетка, які таксама вельмі хацеў праехацца з бацькам, і накіраваўся шукаць камісара ў Бялынкавічы, за васемнаццаць кіламетраў ад Верамеек. Якраз перад тым, як ім прыехаць туды, мястэчка заняла палётная банда атамана Кутузава. Хадзілі чуткі, што прозвішча вялікага палкаводца атаман узяў сабе дзеля большай значнасці, мяркуючы адразу зрабіцца славутым. Але потым высветлілася, што гэта было сваё прозвішча. Паходзіў ён родам з Клінцоўскага павета і выдаваў сябе за абаронцу вясковай беднаты, а рабаваў толькі казну ды багатых яўрэяў, якія складалі тады пераважную частку жыхароў павятовых гарадоў і валасных мястэчак. Праўда ці не, аднак хадзілі як не легенды, што нарабаванае ён раздаваў сялянам. І гэты вось «сялянскі заступнік» з атрадам у пяцьдзесят шабляў заняў Бялынкавічы. Першае, што зрабіў ён, узяў у палон камісара Алейнікава, якога атаманавы коннікі знайшлі ў старшыні валвыканкома. Самога старшыню не чапалі — таксама палітыка: маўляў, з выбранай уладай, няхай нават і савецкай, не ваюем... Кутузаўцы шарудзілі ўжо ваўсю па Бялынкавічах, калі на местачковую вуліцу з калодліўскага боку ўз’ехаў Зазыба. З’яўленне ўзброенага чалавека, вядома, не магло застацца незаўважаным. Таму Зазыба нават не паспеў добра агледзецца, як на возе яго абапал абселі кутузаўцы і сілай павярнулі каня да царквы, дзе ў паповым доме раскашаваў атаман. Там жа з ім быў і камісар Алейнікаў. Кутузаў не лічыў яго сваім палоннікам, прынамсі, атаман кожную хвіліну імкнуўся падкрэсліць гэта перад другімі, аднак ад сябе не адпускаў. Убачыўшы іхняе мірнае застолле, Зазыба спярша падумаў, што тут сапраўды адна кампанія. «Хто такі і што робіш?» — спытаў атаман прыезжага. «Прыехаў да вайсковага камісара»,— адказаў Зазыба. «От і камісар табе,— усміхаючыся, атаман паказаў на маладога чалавека ў рамянях.— Гавары, што табе трэба ад яго?» — «А вось гэта ўжо мая справа, гаварыць ці трохі пачакаць»,— з выклікам сказаў Зазыба, які к таму часу зразумеў, што камісар хутчэй за ўсё вымушаны сядзець тут. «Ты, я бачу, прыткі, служывы,— пакрыўджана кіўнуў галавой атаман.— Ну што ж, тады сядай і ты побач з камісарам. Таксама госцем будзеш». І ў той момант, як ён гаварыў гэта, робячы ўслед за кіўком галавы яшчэ і розныя грымасы на твары, Зазыба паспеў злавіць кароткі позірк зняволенага камісара, у якім выразна адбілася папярэджанне. «Але ж у мяне хлопчык застаўся на возе»,— занепакоена сказаў атаману Зазыба, даючы зразумець, што яму за гэтым неабходна выйсці ў двор. «Нічога,— махнуў рукой атаман,— за тваім хлопчыкам паглядзяць там мае хлопцы, а ты спакойна сядай». — «Баюся, напалохаюць твае хлопцы дзіця»,— робячы прастадушны выгляд, паморшчыўся Зазыба. «Тады даручым яго пападдзі,— адгадаўшы Зазыбава жаданне (хоць якім чынам, але апынуцца на волі), насмешліва сказаў атаман.— Гэй, матухна?» З бакавых дзвярэй на яго голас як не ўбегла рахманая, але не дужа вясёлая жанчына. Кутузаў важна сказаў ёй: «Госць наш прыехаў з дзіцем, дык ты паглядзі там, каб... словам, пакармі і абагрэй малога, а мы тут з яго бацькам ды камісарам вашым пасядзім яшчэ за сталом.— І паглядзеў на Зазыбу.— Бачыш, усё ўладзіцца. Пападдзя пастараецца. А ты сядай і расказвай за чаркай — адкуль, за чым? — Тады нібыта ўзбурыўся, што Зазыба не спяшаецца праявіць паслухмянасці: — Ды не глядзі ты на мяне падазрона! Усе мы тут свае, рэвалюцыянеры. Так што сядай і расказвай. А хочаш, дык і старшыню валаскома паклічам». Нарэшце Зазыба зразумеў, што адсюль яму не выйсці пакуль, таму зрабіў давольны выгляд і сеў на тое месца за сталом, якое ўжо даўно паказваў атаман,— на венскае крэсла, паміж двух атаманавых ад’ютантаў. Кутузаў пачакаў, пакуль усаджваўся яршысты прыезджы, нагнуў вялікую бутыль да канца і гукнуў на другі край стала гаспадару: «Ойча, прынясі яшчэ пітва, бо на аднаго госця паболела ў нас». Поп, нібыта вол з-пад ярма, глянуў на яго, але не пасмеў аслухацца,— сапраўды, цяжка быць паслужлівым, калі ў доме за сталом тваім сядзяць разам і бальшавіцкі камісар, і разбойны атаман, які таксама выдае сябе за рэвалюцыянера. Пакуль поп хадзіў па гарэлку, Кутузаў паспеў пажартаваць чамусьці звяртаючыся найбольш да Зазыбы: «Я ў яго тут пытаўся: ойча, ці ведаеш ты, чым адрозніваюцца касцёльныя званы ад царкоўных?» — «Не ведаю»,— кажа. А я яму і гавару: «У царкве звоняць — бліны-бліны-клёцкі, бліны-бліны-клёцкі, а ў касцёле іначай — тром-блін-папалам, тром-блін-папалам!» Бачу, падабаецца, але маўчыць ойча, толькі вачамі хітра лыпае. Здавалася б, адна рэлігія, хрысціянская, ды таксама няма міру — праваслаўныя на католікаў, католікі на праваслаўных. А тут хочуць, каб мы, рэвалюцыянеры!..» Вымаўляючы гэтыя словы, атаман перавёў позірк на камісара і, можа, якраз таму не скончыў думку: няйначай, яны дагэтуль паспелі ўжо высветліць свае ідэалагічныя адносіны! Каб не наклікаць на сябе большай падазронасці, Зазыба пачаў піць слухмяна, абы толькі атаман нагінаў над шклянкай бутыль, бо спадзяваўся, што ў п’яным тлуме неяк выберацца з гэтай пасткі. Але дарэмна. Сам атаман хоць і піў таксама нямала, аднак не хмялеў. Па тым, што зброі бандыты не адабралі ні ў Зазыбы, ні ў камісара, можна было здагадацца, што на жыццё іх атаман не меў намеру рабіць замаху, затое ў ізаляцыі збіраўся трымаць да таго часу, пакуль хаўруснікі не перастануць трэсці мясцовых багацеяў. Атаман быў упэўнены, што тут, у паповым доме, дзе не толькі за сталом, а ў кожным кутку сядзеў хто-небудзь з яго хаўруснікаў, ні камісар, ні прыезджы чырвонаармеец не набяруцца смеласці аказаць супраціўленне. Таму паводзіў ён сябе спакойна, нібыта толькі і быў адным заклапочаны, каб дагадзіць сваім вымушаным нявольнікам. «Кутузаў не запляміць дарэмнай крывёй свайго вялікага прозвішча!» — усклікваў ён час ад часу. І сапраўды, уранку, калі кутузаўцы з поўнымі кашалямі пакідалі мястэчка, Зазыба нават бацькавага каня знайшоў на тым самым месцы, дзе прывязаў учора, а пападдзя прывяла да воза заспанага Масея, які, бадай, мала чаго зразумеў з таго, што адбывалася ўсю ноч у паповым доме. Здавалася, найбольш за ўсіх збіты з панталыку быў камісар Алейнікаў. Быццам аглавушаны, ён колькі часу пазіраў у канец местачковай вуліцы, дзе патрохі, як рэдкі туман, асядаў пыл, падняты атаманавай конніцай, і зусім зацята чухаў даўно не стрыжаную патыліцу. Тады плюнуў далёка ад сябе, акурат наўздагон атаману, спытаў: «Чаго прыехаў?» А як пачуў ад Зазыбы, якую справу меў тарашчанец да яго, замацюкаўся, затупаў нагамі: «Не мог сказаць раней! Тайну рабіў! Во каго трэба было агітаваць у войска — бандзюкоў гэтых і іхняга ідэйнага атамана! Гатовы эскадрон меў бы адразу!» — «Нам не трэба такіх,— усміхнуўся Зазыба.— Нам у брыгаду патрэбны свядомыя байцы пралетарскага альбо сялянскага паходжання». Ад гэтага камісар ажно ўзвіўся: «А, думаеш, нам тут свядомыя ўжо не патрэбны? Хто будзе змагацца з такімі вось ідэйнымі атаманамі, як гэты Кутузаў,— несвядомыя? — Затым паспакайнеў, аціхнуўшы раптам, і з надзеяй у вачах глянуў на Зазыбу: — Слухай, вазьмі мяне з сабой, га? К чортавай матары ўсіх гэтых атаманаў! Пайду на вайну як чалавек і буду ваяваць за Савецкую ўладу з сапраўдным ворагам! От зараз прымчыцца з Клімавіч з атрадам Сурта, і буду прасіцца, каб адпусціў. Возьмеш?»