За занядбанне абавязкаў будуць карацца жыхары...»
— Бачыш, ты сабе думаеш так, а чорт перайначвае,— сказаў Зазыба, як толькі Чубар скончыў чытаць.
— Чорту чартаваць, а нам трэба яго выганяць. Але калі будзеш дужа ўчытвацца ў такія вось адозвы, як гэта, што напісаў нейкі Фрындт, то наўрад ці выганіш. Такія адозвы разлічаны на тое, каб мы ўсе, хто трапіў пад акупацыю, сядзелі, як мышы пад венікам, і ні гугу. Яны хочуць нашых людзей рабамі мець, таму і палохаюць, каб адабраць волю да супраціўлення, дэмаралізаваць. Дзе ты яе ўзяў?
— У камендатуры ўсім давалі.
— Нябось, расклейваць наважыліся?
— Раз надрукавана, значыць, будуць і расклейваць.
— І ты памагаць збіраешся?
— Я проста хачу разабрацца, што тут да чаго!
— Здаецца, час ужо быў разабрацца.
— Цяпер кожны дзень нешта новае дадае.
— Яно і дадаваць будзе, але гэта яшчэ не азначае, што мы павінны сядзець, склаўшы рукі, ды чакаць, пакуль усё да канца высветліцца, бо можа позна быць. Па-мойму, ты проста альбо баішся, альбо...
— Не рабі сабе лішняй цяжкасці,— перахапіў Чубараву гаворку Зазыба.— Гэтыя твае «альбо» ў дачыненні да мяне не падыдуць. Я не меншы патрыёт, чым хто іншы, і не менш за каго разумею, што трэба брацца за зброю. Але я таксама і за тое, каб было ўзважана і ўлічана ўсё як мае быць.
Ці то Зазыбавы довады нарэшце памелі вагу, дайшлі да Чубаравага разумення, ці то ён яшчэ не сабраўся з думкамі супраць іх, але раптам перастаў пярэчыць — аблакаціўшыся на край стала, ля якога сядзеў, задумана паклаў галаву правай шчакой на далонь і ссунуў густыя чорныя бровы. Хоць яны — ужо сапраўды былыя старшыня калгаса і намеснік — гэты час, пакуль былі разам у Гапчынай хаце, лічы, спрачаліся, іначай іхнюю размову нельга назваць, каб і хацеў, аднак на твары ў Чубара ўжо не відаць было і следу нават ад узбуджанасці. Гэтая нечаканая перамена, выкліканая, можа, унутранымі супярэчнасцямі, ажно кранула Зазыбу, яму зрабілася ніякавата, акурат ад таго, што пакрыўдзіў чалавека, у шчырасці намераў якога не даводзілася сумнявацца. Чубар колькі часу маўчаў, а Зазыба глядзеў на яго з нейкім вострым, як не шчымлівым пачуццём, здаецца, упершыню выразна зразумеўшы вялікую розніцу паміж сабой і ім ва ўзросце. Дасюль Зазыбу чамусьці ніколі не прыходзіла і ў галаву, што такая розніца існуе, бо Чубар заўсёды быў для Зазыбы чалавекам, які змяніў яго на пасадзе, значыць, іх ураўнялі ва ўсім самі акалічнасці. А тут Зазыба раптам, ўсё роўна як нечакана, адкрыў для сябе, што намнога старэйшы за Чубара, па сутнасці, той мог быць яго сынам. Пачаўшы думаць так, ён не мог не адзначыць таксама, што Чубар змяніўся нават і з выгляду, пакуль недзе адсутнічаў,— твар нібыта завастрыўся, і шыя патанела, а высокі адкрыты лоб пабраўся глыбокімі складкамі, якія сыходзіліся ўпоперак да носа; пад выпуклымі надброўнымі дугамі, крыху прыкрытыя павекамі, стоена хмурыліся цёмныя вочы.
Няйначай, Чубар неўзабаве адчуў, што Зазыба зблізку разглядвае яго, тады страпянуўся, акурат нездаволены ці злоўлены на чымсьці патаемным, і ўстаў з такога ж самаробнага крэсла, на якім сядзеў і Зазыба, і, залажыўшы рукі за спіну, прайшоўся шырокімі крокамі раз, і другі, і трэці па хаце.
Зазыба, між тым, застаўся на месцы, адно павярнуўся трохі, каб не сядзець да Чубара спіной.
Нарэшце Чубар перастаў мераць крокамі падлогу, спыніўся ля стала і зноў улаштаваўся на сваё крэсла, сціснуўшы каленкамі складзеныя ў далоні рукі.
Зазыба разумеў, што размова яшчэ не скончана, больш таго, на некаторыя пытанні ён так і не адказаў Чубару, бо той вельмі нястрымана паводзіў сябе, паварочваў часта гаворку зусім у іншы бок, асабліва тады, як пачынаў упарта адмаўляць, здавалася б, бясспрэчныя рэчы, адстойваючы свой погляд на іх; але разумеў Зазыба таксама і тое, што ініцыятыва ў гаворцы і надалей будзе за Чубарам, менавіта ад Чубара залежыць, на чым яны сыдуцца тут сёння, хоць, вядома, дужа хацелася прымусіць таго глянуць на ўсё вачамі чалавека, што моцны не толькі адданасцю агульнай справе, якая сапраўды цяпер зводзілася да аднаго — да барацьбы з ворагам, але і развагай, здольнасцю ацаніць як след абстаноўку і дзейнічаць згодна гэтай ацэнкі.
Апошняй спробай схіліць Чубара да большай стрыманасці было хоць і нясмелае, але ўсё ж пярэчанне, калі Чубар, пасядзеўшы трохі, сказаў з дакорам:
— Не выканалі мы, Дзяніс Яўменавіч, дырэктывы, не ўсё зрабілі, што ад нас патрабавалася...
— Дык... Можа, дырэктыва памянялася ўжо... Гэта ж калі тое было, а цяпер, мусіць, новыя дырэктывы ёсць. Толькі мы пра іх не ведаем.
— Ніхто той дырэктывы не адмяняў,— смыкнуў шчакою Чубар.— Дырэктыва была дадзена правільная.— І спытаў: —Што ты збіраешся рабіць заўтра?
— Здаецца, нічога,— адказаў Зазыба, але тут жа спахапіўся: — Хоць не, што я кажу — д’ябал, мусіць, ужо знайшоў работу.
— Які д’ябал?
— Камендант.
— Што, ужо дайшло да таго, што камендант загадвае, а ў вас пад каленкамі трымціць?
— Не дужа каб трымцела, а загад выконваць мусіш.
— І што ён такое загадаў?
— На Дзяражні ў Белай Гліне разбураны мост. Ці то нашы ўзарвалі, як адыходзілі, ці пасля хто разбурыў. Дык цяпер вось адбудоўваць трэба. Загадана запрэгчы ўсе падводы, якія ёсць у гаспадарцы, ды накіраваць з мужыкамі ў Белую Гліну.
— Якраз заўтра?
— Дакладна не ведаю, але трэба чакаць, што Брава-Жыватоўскі пачне хутка выконваць камендантаў загад.
— Ну, вось,— пагардліва ўсміхнуўся Чубар.— Чырвоная Армія паўзрывала масты на рэках, а вы, патрыёты, збіраецеся цяпер па загаду нейкага нямецкага каменданта адбудоўваць іх.
— Дык...
— Што «дык»? — не перастаў пагардліва ўсміхацца Чубар.— Паставіць бы там, у саснячку, што насупраць маста, станкач з поўнымі лентамі ды свінцом па вас, свінцом!
— А ты гэтак і зрабі! — акурат узрадавана зварухнуўся Зазыба.— Ды з кулямёта не па нас, мы тут ні пры чым, а па фашыстах, па фашыстах свінцом сваім. Вось тады і мы разбяжымся хто куды, як ты пастраляеш іх і не будзе каму загадваць ды прымушаць нас пад палкай, а то і пад пагрозай смерці.
— Думаеш, не зрабіў бы?
Зазыба паціснуў плячамі.
— Быў бы кулямёт,— сапраўды пашкадаваў Чубар,— то не вельмі асцерагаўся б я.
— Ну, а раз няма кулямёта, то няма чаго і гаварыць, а тым больш папікаць,— акурат блазнуючы, бліснуў вачамі Зазыба.— Словам, пакуль кулямёты ў адных немцаў, то выбачай. Ніхто не захоча стаць добраахвотна пад тыя кулямёты. Мы ў Верамейках і то пераканаліся ўжо, як яны могуць наводзіць на людзей кулямёты.
Але Чубар нібыта не слухаў Зазыбу.
— І ты, чырвоны ардэнаносец, паедзеш адбудоўваць мост? — наперад здзіўлена спытаў ён.
— Паеду,— упарта крутануў галавой Зазыба.— І справа не ва мне. Я хоць зараз смерць гатовы прыняць, але каб ад гэтага карысць была. А то што з таго будзе, калі я ахвярую сабой, а справе не дапамагу. Усё роўна немцы мост на Дзяражні адбудуюць. Пазганяюць мужыкоў з навакольных вёсак і адбудуюць.
— Але кроў герояў, Дзяніс Яўменавіч, памагае спець ідэям,— зусім не хвалюючыся, што сваёй жорсткасцю не толькі крыўдзіць, а і абражае Зазыбу, сказаў Чубар.
— Хапіла ўжо крыві і без маёй для ідэй,— спакойна адказаў на гэта Зазыба.— Кроў тут не паможа. Трэба зрабіць так, каб не мы немцаў баяліся, а каб яны нас. І не крывёй сваёй мы павінны напалохаць іх, а зброяй. Я вось так разумею справу і хачу, каб і ты нарэшце зразумеў гэта.
— А я хачу, каб ты ўсё ж не ехаў у Белую Гліну. Табе трэба з’ездзіць у іншае месца.
— Куды гэта?
— У Машавую. Думаецца мне, што нашы пакінулі для падпольнай работы некага ў раёне. Не можа быць, каб з кіраўнікоў ніхто не застаўся. Столькі дырэктыў розных было, цыркуляраў. Не, не павінна быць, абавязкова каго-небудзь пакінулі тут. Дарэчы, пра гэта гаварыў і той чалавек, які накіроўваў мяне сюды.
— Што за чалавек? — дапытліва глянуў на Чубара Зазыба.
— Не ўсё роўна. Чалавек і чалавек, вышэй нас з табой!
— Але чаму ехаць акурат у Машавую?
— Мне так думаецца. Справа ў тым, што ў пачатку жніўня, якраз незадоўга да акупацыі, мяне таксама выклікалі нечага туды. Відаць жа, не дарэмна збіраў райком камуністаў, якія мелі браню ад прызыву ў армію?