— Бусліха з таго часу адна?
— Адна. Праўда, усё ж вывела ў той год птушанят. Хоць і галодная колькі дзён сядзела на яйках, пакуль тыя не вылупіліся, а вывела. Але ж навучыла лятаць да ў вырай паслала, то, можа, і сама больш ніколі не бачыла іх. Адна кожны год прылятае. Як толькі праталіны зацеплюцца на курганах, дак і ляціць сюды. Зойме гняздо першая і сядзіць сабе. Другія буслы папаркуюцца, а яна так. Як не стала яе бусла, дак другога і не завяла. Бывае ж, буслы б’юцца за гняздо, хочуць заняць самі чужое, але на яе, здаецца, ні разу не нападалі. Пакружацца над бярозай і паляцяць у іншае месца, усё роўна, як ведаюць, што не трэба чапаць, акурат здагадваюцца, што аўдавела птушка. А яна сядзіць вось так і сядзіць, з вясны да восені. Нават мала калі па ежу на балота лятае. Да і што ёй адной трэба тае ежы! Ета як і чалавеку аднаму — абы клопату меней. А нашы ўсё гавораць: Ляксейкаў двор пастаіць цэлы толькі да трэцяга разу.
— Цяпер будзе стаяць,— акурат запярэчыў Масей.— Відаць жа, няма каму ў вёсцы падпальваць.
— Можа, й так,— кіўнула галавой, хаваючы глыбокую ўсмешку, маці.— Не бабы ж рабілі ета, што падпальвалі. Ну, а мужыкоў цяпера на вайну пабралі, дак ты правільна кажаш: будзе стаяць, нічога з ім, етым Ляксейкавым дваром, не стане. Я во думаю толькі, чаму яна адна, бусліха? Няўжо не можа знайсці сабе новага да пары?
— А буслы не шукаюць,— сказаў, трохі падумаўшы, Масей.— Дажываюць дні ўжо адзін па адным, калі раптам што здарыцца.
— Глядзі ты, вернасць якая! — па-добраму здзівілася маці, пасвятлеўшы тварам, усё роўна як гэтае адкрыццё дадавала нешта зусім нечаканае ў яе ранейшае разуменне; Масей адчуў нават, што маці парывалася прадоўжыць сваю думку, але ці то саромелася гаварыць пры ім, ці якая іншая прычына стрымлівала; нарэшце ўсё ж загаварыла зноў: — А яно цяпера неяк выходзіць само, што верамейкаўцам часта даводзіцца вачамі свяціць. І хоць бы ў адных сваіх шал у галаве быў, а то і чужыя дабаўляюць. Во і надоечы выйшла нядобра. Тута Раман Сёмачкін прывёў з сабой аднекуль чалавека, кажуць, уцяклі разам з войска, дак той застрэліў дайжа лася. Мы ўсе жыта ў полі жнём, якраз падзялілі, а ён убачыў лася на сухадоле да й стрэліў. Тута звеку таго лася ніхто жывога не бачыў, а ён раптам... Малое ў лася засталося. Кажуць, зусім як цялятка ў каровы. Цяпера недзе нудзіцца адно. Ажно шкода. Хоць ты схадзі куды да пашукай у кустах, каб у хлеў прывесці. Няхай бы вырасла дома, а тады і ў лес не страшна пускаць падужэлае.
Дзіва, але калі б загаварыў вось гэтак пры ім хто іншы, а не яго маці, Масей няйначай прыйшоў бы ў захапленне, уражаны і шырынёй думкі і глыбінёй пачуцця. Аднак, слухаючы сваю маці, Масей далёкі быў нават ад звычайнай замілаванасці з гэтай прычыны, усё роўна як яго маці і павінна была вось так, а не інакш разважаць і адчуваць.
А маці, між тым, гаварыла і хапалася ісці, нават тая немалаважная акалічнасць, што сёння побач крочыў сын, не магла не выдаваць у яе рухах сялянскай нецярплівасці хутчэй трапіць на палетак.
Яны падыходзілі ўжо да гуцянскай дарогі, дзе стаялі расчыненыя вясковыя коўраты, якія насупраць моста з таго боку ўмоўна падзялілі Верамейкі на дзве часткі; з гэтага боку, ад гарбатага поля, што спадзіста прытулілася да самых вясковых двароў з так званымі верхнімі гародамі, перад гуцянскай дарогай сцежка ўзбягала на высокі грудок, усё роўна як знарок насыпаны некалі людзьмі для нейкай няпростай патрэбы; адсюль найперш кідалася чалавеку ў вочы сваёй бліскучай паверхняй сплюснутае возера, хоць на самой справе яно было круглае, потым лес паміж вадою і небам; і што дзіўнае, а можа, і не так дзіўнае, як нечаканае для таго моманту, калі адкрываеш гэта,— бляск, колер неба і вады, здавалася, заўсёды залежалі адно ад другое; затое прыбярэжны лес, скрозь хвойны, кожны раз быў адзін і той жа, акурат даўно перастаў расці. Масей таксама перш за ўсё ўбачыў з грудка возера, за ім лес. А ўжо тады ўвагай цалкам завалодаў выгляд роднай вёскі. Раней яму чамусьці і ў голаў не прыходзіла, што Верамейкі падобны знешне на сагнуты лук, дзе цецівой была сцяна лесу за возерам, стралой — кароткая вуліца, якая завецца Падліпкамі, а пруткай дугой — сама вёска, якая агінала возера. Адкрыўшы для сябе гэта, Масей нават здзівіўся, што нечакана магло прыйсці такое дакладнае параўнанне. Цеціва гэтага своеасаблівага лука даўно была туга напята, адно залішне блізка сціскала ў абодвух канцах дугу, а страла ўсё не вылятала. Не вылятала, можа, таму, што не мела пакуль перад сабой пэўнай мэты. Уражаны сваім адкрыццём, Масей яшчэ нейкі час не думаў, што яна з аднолькавым поспехам здольна працяць і яго; можа, наогул прызначана для яго з самага пачатку, як толькі дакранулася адным канцом цецівы, а другім лягла на самы выраз дугі; але вось ён нарэшце ўявіў гэта і раптам адчуў штуршок у сэрца, нібыта сапраўды страла дастала яго. Вядома, адчуванне штуршка было выклікана сілай уяўлення, чалавечай здольнасцю даводзіць у сабе гэтае ўяўленне да рэальнага адчування. Аднак галоўнае было ўсё ж у тым, што Масей адчуў штуршок у сэрца зусім як сапраўдны, здавалася, яно зрушылася з ранейшага месца за левай грудзінай і ці то перамясцілася ўправа, ці то зусім павялічылася, заняло ў грудзях больш таго месца, якое яму належыць. І, бадай, не менш значным для Масея сёння было, што за гэтым штуршком да яго прыйшло новае адчуванне — раптам улавіў вакол сябе ў паветры пах іржышча, які не даваў спакою ад самае ночы ўсім у вёсцы, апрача яго. І вось ён нарэшце таксама адчуў яго, зразумеўшы тым часам і матчын клопат, які змушаў яе спяшацца ў Паддубішча. Другім разам ды каб у другім месцы Масей, мусіць, не даў бы веры сам, што так можа наогул здарыцца з чалавекам. Але нечаканая перамена адбылася з ім, значыць, не падлягала сумненню, хоць у гэтым — прымаць альбо адмаўляць яе — не было патрэбы зусім. У Масеевых вачах не было таго павярхоўнага позірку, які коўзае з канца ў канец далягляду, але не можа спыніцца на чымсьці пэўным, каб ад гэтага пэўнага захалынула раптам душу; скрозь па вёсцы ён бачыў зверху ўсё да драбніц, пазнаваў, і чыя дзе хата, і якія дрэвы абапал вуліцы, і шмат яшчэ якія рэчы і прадметы, з чым некалі шчыльна звязана было яго жыццё — у дачыненні да чалавека ўсё гэта называлася і называецца родным і знаёмым. Зноў адсюль, з грудка, стала відно буслінае гняздо на бярозе і адзінокая бусліха на ім, нібыта яна сапраўды зніякавела там назаўсёды. Між тым, з грудка было відаць не толькі блізкае, але зусім і далёкае адсюль — паўзверх лесу, які меў шырыню, бадай, не меней трох кіламетраў, вачам адкрываліся жоўтыя ўзлобкі палёў па той бок Бесядзі, па правы бераг яе. Яны бачыліся якраз на ўзроўні гэтага грудка, не ніжэй і не вышэй, а лес стаяў у глыбокай нізіне, якая была непрыкметнай толькі дзякуючы высокім і густым дрэвам.
Маці ўжо спускалася з грудка к дарозе, там ад коўрат ішлі ў Паддубішча верамейкаўскія бабы. Тыя таксама ўбачылі Марфу з сынам — у вёсцы ўжо ведалі, што вярнуўся дамоў Зазыбаў Мацей,— прыпыніліся. Яшчэ падыходзячы к дарозе, Масей пазнаў жанчын у твар, толькі адна, абапал якой стаялі два хлопчыкі, здавалася незнаёмай. Але хутка і яе ён адгадаў — Карпілаву Ганну. Тады, як жыў у Верамейках, Ганна была маладзенькая і без дзяцей.
— Здрастуй, Дзянісавіч, здрастуй,— адказалі на Масеева прывітанне жанкі, зусім без сарамлівасці разглядаючы яго; пасля загаварылі да Марфы: — Што ж ета выходзіць, Давыдаўна, мужыкі пазапрагалі коні, каб ехаць чортведама куды, а тута... Што ета рабіць нам?
— А хто яго ведае,— шчыра прызналася Марфа, акурат давольная, што да яе звярталіся бабы з агульнай для вёскі трывогай.
— Ну, а Зазыба?
— Дак што цяпера для вас Зазыба! — быццам ужо ў злосці паціснула яна плячамі.— Такі, як і ўсе.
Масея жанкі, між тым, усё роўна як не заўважалі цяпер. І толькі дзеці Ганны Карпілавай зіркалі вачанятамі на яго, а тады паварочвалі непадобныя тварыкі адзін да аднаго і ўсміхаліся нечага.
— То пойдзем ужо, бабы? — паклікала жанок старая Цітчыха, якая таксама стаяла ў гурце.
Спярша Масей ішоў трохі зводдаль ад кабет, але неўзабаве з гурту, акурат неўзнарок, выбілася са сваімі хлопчыкамі Ганна Карпілава і, даўшы Масею дагнаць сябе, загаварыла, увесь час рэзка паварочваючы да яго ўсмешлівыя вочы.