Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

— А-а, вунь ты пра што! Значыць, ты хочаш сказаць, што вінавата савецкая ўлада?

— Чаму? Я хацеў сказаць...

— Ну, вось што, сын! — адразу пацішэў, робячы халодны голас, бацька.— Ты сваё тое, што хацеў сказаць, трымай пры сабе!.. Паслухай лепей мяне!.. Можа ж, я заслужыў хоць сваімі пакутамі, як ты кажаш, сказаць гэта!.. Для мяне савецкая ўлада — як для маці тваёй ты!.. Ёй, бачыш, няма ніякай справы да таго, які ты цяпер і што ты гаворыш, і што збіраешся рабіць!.. Ты для яе па-ранейшаму такі самы, якім яна цябе нарадзіла!.. А ўжо ты павер мне — ні адна маці не хоча, каб дзіця ў яе было кепскае!.. Яна б тады і мучыцца не мучылася праз яго. Нават не раджала б!.. Вось гэтак і для мяне савецкая ўлада! Я яе таксама... ну, калі хочаш ведаць, я яе таксама раджаў!.. Я за яе біўся! Я за яе пакутаваў!.. Бо мы ўсе, хто за яе біўся тады, ведалі, якая гэта ўлада і навошта яна людзям патрэбна!.. Канечне, цяпер у немцаў ці ў якога-небудзь Брава-Жыватоўскага можна праслыць героем, лаячы савецкую ўладу, расказваючы розныя жахі!..

— Ды не лаю я! Я толькі кажу, што...

— Вось ты ўвесь час кажаш, а я дак і дасюль не ведаю, з чым ты дамоў прыйшоў, што ў цябе ў галаве?

— Ну-у, бацька, ты ўжо зусі-і-ім!..

— І не зусім, а кажу пра тое, пра што павінен сказаць, бо я табе бацька. З такім настроем цяпер, ведаеш?..

— У нас з табой выходзіць так, што, здаецца, далей ужо і няма куды.

— Так, далей ужо і праўда няма куды! — паківаўшы галавой, з задумлівым выглядам сказаў бацька, усё роўна як убачыў за гэтымі сваімі словамі, таксама як і за сынавымі словамі, штосьці зусім іншае, нейкі другі сэнс, а не той, які ўкладваўся ў іх на самой справе.

Больш яны не загаварылі. Акурат дзеля прыліку пасядзелі колькі часу за сталом па абодва бакі насупраць, а як Марфа пачала прыбіраць апрастаны посуд, усхапіліся ледзь не разам на ногі і разышліся ў розныя канцы — бацька выйшаў нечага ў сенцы, сын, наадварот, даўшы на хату глухое «дзякуй», скрыўся за філёнкавымі дзвярамі на другой палавіне пяцісценкі.

А потым быў пажар у Паддубішчы. Хоць і пачаўся ён недзе пасля паўночы, але ў Зазыбавай хаце сон звычайны тады яшчэ да ўсіх не прыйшоў. Уласна, спала пакуль адна Марфа. Бацьку з сынам, як кажуць, не да моцнага сну было. Яны то зусім не зводзілі вейкі, варочаючыся з боку на бок, кожны на сваёй пасцелі, то ляжалі ў паўзабыцці, не губляючы цалкам свядомасці. Думкі ў абодвух віравалі неспакойныя, трапяткія, як і тое полымя, што кідала з Паддубішча водбліскі на вёску, памнажаючы такім чынам агульны неспакой на цёмных вокнах верамейкаўскіх хат. Спярша было цяжка адрозніць, ці гэта ўсё яшчэ свяціў у хату, туляючыся за вёскай, месяц, ці сапраўды штосьці гарэла. Нарэшце, нехта крыкнуў на вуліцы: «Пажар!»

Зазыба быў адзіны чалавек у вёсцы, які лішне не раскідваў у галаве, каб адгадаць, хто падпаліў гэты пажар. Але дзіва — узяўшы адразу пад падазрэнне Чубара, ён не асудзіў яго, што той прывёў сваю пагрозу ў выкананне, толькі скалынуўся душой, быццам у нейкім утрапёным неўразуменні, быццам усё яшчэ да канца не верачы, што такое наогул можна рабіць на самой справе.

Прайшоўшы на другую палавіну хаты, якая цалкам цяпер належала Масею, бацька спыніўся насупраць акна, зробленага ў сцяне, што выходзіла ў бок глінішча.

Ад агню ў Паддубішчы чырвань разлілася ў прасцягу да самай вёскі, здавалася, яна варушылася наперадзе, усё роўна як недзе сыспаду яе краталася ад рухомага паветра вялікае, на ўсю шырыню, прасцірадла. Праз акно чырвань мітусілася і на падлозе ў хаце, бліжэй туды да філёнкавых дзвярэй, на грубцы, што стаялі ў пакоі з левага боку ад увахода, таксама трапятала трохі на сценах, на столі. Але больш за ўсё, бадай, клалася яе на Зазыбу. Той стаяў пры акне, відны знадворку па пояс. Твар яго меў ад гэтага зусім пафарбаваны выгляд, а вочы, у якіх разам адбілася мноства палаючых кропак, нагадвалі хутчэй два выпуклыя шкельцы, чым жывыя абалонкі, здольныя не толькі адлюстроўваць усё, што траплялася на шляху, а таксама выпраменьваць адзнакі жыцця, у першую чаргу думку, якая валодала ў гэты момант ім.

Хоць пажар гарэў далёка, але нават на такой адлегласці, праз шкляную шыбіну, Зазыба адчуў неўзабаве на сваім твары гарачыню, і калі як міжволі дакрануўся рукой да свайго лоба, далонь нібы апякло — гэткім моцным было ўражанне ад бачанага.

Зазыбу чамусьці здавалася, што Чубар недзе там бегае ўвесь час з агнём паміж коп, раскідвае з іх направа і налева ахопленыя полымем снапы. У самым пачатку пажара, яшчэ да таго, як усхапілася на ногі вёска, яно акурат так і было. Але цяпер Чубара ў полі ніхто б не ўбачыў, каб і хацеў. Там наогул нікога жывога не было, гарэлі адны копы — успыхвалі і праз нейкі час патухалі. Зазыба раптам ажно ўздыхнуў з палёгкай, і адразу нейкая слабасць і тайная здаволенасць авалодалі ім. З гэтым адчуваннем ён адарваўся ад акна, вярнуўся на сваю палавіну хаты. Хутка з вуліцы прыйшла і Марфа.

— Гарыць? — спытаў ён такім голасам, быццам справа ішла аб дажджы ці яшчэ аб нечым нязначным.

* * *

Між тым, у вёсцы сапраўды былі два чалавекі, якім калі і не абыходзіла гэта зусім, то ў кожным разе не надта турбавала. Адзін з іх — Зазыбаў Масей.

Так, ён выбягаў разам з маці на ганак глядзець уначы пажар, гатовы быў нават падацца тушыць яго, каб спяшаліся другія. Так, ён збольшага разумеў, чаго павінны былі ехаць уранні вясковыя мужыкі ў Белую Гліну, у тым ліку і яго бацька. Аднак датычыла яго гэта і праўда пастолькі, паколькі жыў ён цяпер у Верамейках і не мог не бачыць усяго, што рабілася тут, таксама як і не мог не чуць, пра што гаварылі вакол яго вяскоўцы. Словам, Масей пакуль не адчуваў сябе ў роднай вёсцы сваім, тут яшчэ нічога не было яго, зробленага асабіста ім, ягонымі рукамі, альбо выпакутаванага душой і сэрцам, хутчэй Масея па пачуццях яго можна было палічыць чалавекам прышлым, які да таго ж не збіраўся доўга затрымлівацца на адным месцы і які здольны толькі ў нейкай ступені спачуваць тутэйшай бядзе.

Першы дзень пасля вяртання ў вёску Масей амаль не пакідаў хаты. Не кажучы пра вялікую дарогу, пройдзеную ім з Мінска ў Верамейкі, была патрэба адпачыць нават пасля лазні. Гэтак рабілі заўсёды людзі, што адпачывалі пасля лазні, абы ставала часу. Ну, а Масею часу цяпер не пазычаць было. Здавалася, над ім раптам спынілася сама вечнасць — у параўнанні з тым, як ён жыў дагэтуль, што ад яго патрабавалася штодня, як ён павінен быў пільнавацца ў кожнай новай сітуацыі, каб іншы раз проста ўцалець, астацца жыць, нарэшце настаў час, калі раптам да яго не стала нікому справы, быццам чалавек атрымаў адусюль бестэрміновае звальненне з-за непатрэбнасці сваёй. Зразумела, што адпаведна становішчу, у якім знаходзіўся, ён і адчуваў цяпер і паводзіў сябе. Пакуль адно вяртала яго з гэтага стану — прысутнасць бацькі, адносіны з ім, размовы; тады Масей пачынаў хвалявацца, усё роўна як нанава актыўна перажываў зведанае ў апошнія гады. Але гэта — калі што датычыла мінулага. Сённяшняе, таксама як і будучае, яго не займала, прынамсі, у такой ступені, як вымагалі таго час і падзеі. Разам з тым бацька дарэмна скрозь папракаў яго і непакоіўся, што Масей будзе рабіць і гаварыць усім у вёсцы лішняе. Як папраўдзе, то Масей зусім не адчуваў у гэтым патрэбы. Адна справа працягваць міжвольна жыць нядаўнім мінулым, на тое яно і нядаўняе, асабліва ягонае, жудасна-пачварнае, іначай і не скажаш, другая справа свядома бунтаваць тое мінулае, распальваючы ў сабе, таксама як і ў тых, з кім размаўляеш, непатрэбныя страсці. І ўжо калі разважаць такім чынам далей, дык Масей недзе мог бы нават растлумачыць сабе, чаму ён наогул усчынаў гаворку, якая абурала бацьку: хутчэй за ўсё вінавата ў гэтым была зацятая бацькава непрымальнасць, ад якой Масею рабілася не толькі крыўдна (выходзіла, нібыта ён знарок плёў абы-што), але якая выклікала ў ім упартае жаданне абавязкова пераканаць у сваім, давесці сваё.

З маці Масею было лепш. Ад яе блізкасці, ад яе клопату прыходзіў той спакой, які, здавалася, ужо адзін адхіляў усё пачварнае. Больш таго, дома Масей паспрабаваў нават складаць вершы — выходзіла, адагрэлі ў аўчыне застуджанае птушаня, і яно адразу страпянулася крыламі, запяяла. Але спеў атрымаўся запознены, той, што засеў у горле яшчэ на марозе. Здавалася, у душы абуджалася нешта жывое, гаючае, а на паперу легла зусім іншае, ад чаго сам Масей схамянуўся.

59
{"b":"849480","o":1}