З гэтага свайго наведвання Зазыба добра помніў, як ужо на другі дзень пасля прыезду ў Верамейкі падаўся са сваім мандатам у Бялынкавічы, да вайсковага камісара таварыша Алейнікава. Браў ён туды і малога Масея...
Але зноў Масей!..
Акурат схапіўшыся, Зазыба ўтапіў у шайку, поўную гарачай вады, бярозавы венік, і ўзяўся заліваць карцом вуголле ў печы. У твар адразу патыхнула гарачынёй і попелам, адно Зазыба засланіўся сагнутай у локці свабоднай рукой. Нарэшце Зазыба адставіў ад сябе карэц, пасядзеў трохі на дыбачках перад печкай, чакаючы, што недзе ў сярэдзіне яе блісне незаліты вугельчык. Але дарэмна. Тады Зазыба другі раз сёння падмёў у лазні падлогу, агледзеўся — здаецца, можна было ісці клікаць сына.
Быў досвітак.
Хоць Зазыба наперад і не разлічваў, аднак лазню падрыхтаваў акурат, быццам па сталай дамоўленасці, адно прачынайся пасля начы ды ідзі мыйся.
Зазыба ўвайшоў у сваю хату, апусціўся стомлена на ўслон. Ад яго ціхага шуму зварухнулася, як закапашылася, на тапчане Марфа, — яна ўсё-ткі прыкархнула пад самае ранне, бо не вытрымала глухой цішыні, якая ўсталявалася ў хаце, злашча, боязна было разбудзіць няўрокам сына. Бадай, вось гэтае, апошняе меркаванне і прывяло да яе насцярожаны сон.
— Ты б цішэй хоць, а то... — занепакоілася яна.
— Нічога, — гучна, зусім не сцішваючы голасу, адмахнуўся ад яе папярэджання Зазыба. — Лазня ж гатова!
— А яму цяпер, можа, і не патрэбна наша лазня, — зноў шэптам сказала Марфа.
— Ну, трэба — не трэба, а я кажу, што гатова, — здаецца, яшчэ гучней сказаў Зазыба, усё роўна як прыйшоў з далёкай дарогі і заспеў дома непарадак.
Цяпер ужо не мог не расплюшчыць вачэй і Масей, як бы ён моцна ні спаў. Аднак прачнуўся спакойна, гэтак людзі звычайна прачынаюцца альбо на кароткі час, маўляў, вось гляну толькі вакол, а тады зноў засну, альбо тыя, хто прывучаны да ўнутранай насцярожанасці, калі трэба ўвесь час заставацца пільным і не лішне выдаваць сваю прысутнасць.
Зазыба ўбачыў, што Масей прачнуўся, нават узрадаваўся, што не трэба будзе тармасіць за плечы ды шкадаваць.
— Кажу, лазня гатова, сын! — паведаміў і яму Зазыба.
— Ужо? — нібыта здзівіўся Масей.
— Дак ранне ж, — лагодна сказала з тапчана маці.
— А можа, ты перадумаў, — спытаўся Зазыба, — можа, дарэмна тапілі?
— Наадварот!
— Тады будзем збірацца. Давай-тка нам, маці, чыстую бялізну.
Масей лёгка, рыўком адхінуўся ад сцяны і так жа лёгка адвёў назад сагнутыя ў локцях рукі.
— Дарэмна праспаў, — пашкадаваў ён. — Трэба было спаліць там, у лазні, усё гэта. — І паказаў на куртку, таксама на штаны, пашытыя ці то з таннага сукна, ці з пафарбаванай зрэбніны.
Зазыба ў адказ усміхнуўся, сказаў:
— Агонь можна будзе развесці зноў. Спаліш, раз ужо табе хочацца зрабіць так. Тым больш што касцюм твой у нас захаваўся.
— Дак ляжыць твой касцюм! — узрадавана сказала і Марфа. — Збераглі!
— То дзякуй, — усміхнуўся сын.
— Можа, дастаць? — усхапілася маці.
— А і праўду, сын, — падтрымаў Марфу Зазыба, — навошта гэтымі трантамі ўжо трэсці? Панасіў недзе, і дос!
Калі ўсё патрэбнае для лазні было складзена гаспадыняй на ўслоне ў адзін стос, а тады закручана, як і належыць у такім выпадку, у палатняны ручнік-уціральнік, Зазыба сказаў Марфе:
— Ты глядзі, таксама не баўся. Можаш паклікаць да пары Прыбыткову Анэту, каб адной не быць у лазні.
— Не, не! Я сянні і саўсім не пайду.
— Як сама знаеш, — паціснуў плячамі Зазыба. — Хадзем, сын.
Дзіва, але разгарачаны ў лазні Зазыба нават не адчуваў, што досвітак выдаўся сёння ўжо зусім па-восеньску золкі, нездарма ж Масей, як толькі выйшаў з хаты, адразу пачаў пацепвацца і неяк смешна сутуліцца.
— Калі не забыў, — сказаў сыну Зазыба, — дык завярні за лазню, заткні пакуллем акенца.
— Ды не забыў.
Масей тут жа рушыў за вугол лазні, кінуў па баках вачамі, шукаючы тое пакулле, а як знайшоў яго блізка ля сцяны, у самым равочку, выбітым капяжом, пачаў сілай піхаць у акенца — квадратную адтуліну, выразаную пілой на ўроўні паднятых рук паміж бёрнаў. Адтуль моцна патыхала гарачынёй, ды Масей не зважаў на гэта, старанна выконваючы бацькава даручэнне. Дзеля большай пэўнасці ён яшчэ некалькі разоў падносіў да акенца руку, трымаў яе насупраць, каб вызначыць, ці не струменіць пара. Дзіва, але пакуль Масей не атрымаў ад бацькі гэтага даручэння, чамусьці было такое ўражанне, што ён не адчуваў сябе цалкам дома, нібыта толькі цяпер бацька нарэшце далучыў яго да ўсяго хатняга, што зноў мелася стаць блізкім, а найбольш, мусіць, зварухнуў сынаву душу проста бацькаў голас, якім той паслаў затыкаць пакуллем акенца. Здаволены Масей з палёгкай уздыхнуў і ў дадатак уголас засмяяўся, усё роўна як убачыў раптам тое, чаго не хапала яму і што ён даўно шукаў, альбо разгадаў нешта такое, што надта непакоіла дасюль.
— Заткнуў! — ажно не ўстрымаўся ён пахваліцца бацьку, калі праз хвіліну зайшоў у прылазнік.
Бацька тым часам стаяў у адных падштаніках, атрэсваў над шайкай з гарачай вадой свежы бярозавы венік.
— Добра, — азваўся ён здаволена, — тады раздзявайся, кладзі свае лахманы, дзе ўпадабаеш, а хочаш — вешай на гэтыя рагачы. — Ён паказаў венікам на ўбітыя ў сцяну жалезныя крукі. — А я пайду ўжо рабіць дух.
Неўзабаве праз зачыненыя дзверы пачуўся моцны трэск у апарні, акурат выбух, і Масей зразумеў, што бацька сапраўды пачаў «рабіць дух»: ад першага ж карца халоднай вады нейкі распалены камень на печцы не вытрымаў, уздыхнуў і раскалоўся, стварыўшы гук, падобны на лёгкі выбух.
Як помніў Масей, бацька ягоны не надта вытрымліваў у лазні гарачыню, раней лазню для ўсіх рыхтаваў дзед Яўмен, пачынаючы з таго моманту, як засоўваў у печку дровы, і канчаючы вось гэтым развядзеннем пары; звычайна дзед і на палок першы лазіў — насоўваў на пляшывую галаву суконны картуз, стаўляў побач драўлянае вядро з халоднай вадой, замест карца — алюмініевую місачку, з якой зручней паліваць на гарачае каменне, і пачынаў апрацоўваць бярозавым альбо дубовым венікам сваё старэчае цела, робячы пры гэтым малыя ці вялікія перапынкі. У такія хвіліны не лішне хто мог уседзець у лазні, мужыкі звычайна збіраліся ў прылазніку, чакалі пакуль дзед Яўмен раскашаваў на палку...
Нарэшце Зазыба ўзліў на бунтоўную печку апошні карэц вады, піхнуў локцем дзверы, ступіў у воблаках пары цераз парог адтуль. Папярод чым сказаць слова, ён косым позіркам акінуў з ног да галавы голую сынаву постаць — няйначай, хацеў пераканацца, ці прынёс Масей дамоў на касцях яшчэ што, акрамя жывой душы, затым утапіў прыгаршчы ў шайку з халоднай вадой, спаласнуў сабе твар.
— У-у-уф-ф-ф!.. — выдыхнуў ён пасля гэтага і спытаўся ў Масея: — Ці вадзілі ж там у лазню, дзе ты быў?
— Вадзі-і-ілі, — чамусьці расцягваючы словы па складах, адказаў Масей.
— Значыць, вадзілі? — здзіўлена перапытаў Зазыба, усё роўна як не спадзяваўся пачуць ад сына станоўчага адказу.
— Вадзілі, — ужо зусім коратка пацвердзіў Масей.
— Ну, то і добра, — таксама не надта распаўсюджваючыся, сказаў на гэта Зазыба. — Ступай у лазню, раз не адвык, ды папацей там, а тады пачнём.
Масей паслухмяна склаў крыжам на грудзях рукі, быццам не ў апарню збіраўся ўвайсці, а па меншай меры, у купель, тады звёў павекі і, сляпуючы, пераступіў парог, за якім адразу захлынуўся гарачынёй.
— Носам дыхай, носам, — пакуль не зачыніліся за сынам дзверы, паспеў кінуць услед яму бацька.
Але дзе там! Масей толькі паспрабаваў зрабіць так, як раіў бацька, а ўжо зліпліся ноздры, і ён зноў пачаў быў хаўкаць ротам. Тады нанава перасіліў сябе. Можа, паўхвіліны душыўся так у парозе, можа, даўжэй, аднак неўзабаве адчуў на сабе, што дыханне сапраўды становіцца раўнейшае, і яму ўжо нават не пякло ўсярэдзіне.
— Я цябе папару сам, — сказаў, зайшоўшы ў апарню, бацька. Ён змачыў з карца ўвесь асінавы палок, пасунуў бліжэй к сцяне драўлянае вядро з халоднай вадой. — Кладзіся! — загадаў сыну.
Памагаючы сабе рукамі, Масей забраўся на палок і лёг трохі наўскасок, галавой у самы кут. Але бацьку не спадабалася гэта. Камлём веніка той адразу даў адчуць сыну, каб павярнуўся больш на сярэдзіну, выставіў падэшвамі к печцы ногі. Масей прыўзняўся на руках, перанёс цела на другое месца. Тады бацька зусім зухавата, акурат напаказ, узмахнуў пад самай столлю венікам і, дробна-дробна патрэсваючы, пачаў апускаць яго над распластаным сынавым целам, потным, але яшчэ не чырвоным.