— Ты ж хоць паклала яго на ложак?
— Не, сядзіць за сталом.
— То распрануцца б прапанавала!
— Дак...
— Ладна, ідзі дамоў. Я сам упраўляцца буду. Во зараз выллю ў чыгуны твае вёдры, а тады сам пайду па ваду. Якраз і нанашу, пакуль развіднее, ды і венік трэба звязаць,
— Ты б узяў лепей гатовы.
— Хто цяпер гатовымі парыцца!
— Але ж восень, ліст аблятае.
— Нічога, на маладых бярозках яшчэ ёсць зялёны і трымаецца моцна. Думаю, што наламаю на венік.
— Ты ж хоць далёка не йдзі тады па яго, — паспачувала Марфа. — Во тута, за глінішчам, адразу бярозкі маладыя стаяць. Дак ты абапал і наламай.
— Ладна, ідзі ўжо, а то без тваёй навукі не наламаю веніка.
Але Марфа не спяшалася адыходзіць ад лазні.
— Дак што ж ета цяпера з Масеем будзе? — раптам спыталася яна зрушаным голасам, быццам праз боль.
— Як гэта — што будзе? — сурова глянуў на яе муж.
— Дак ты ж сам чуў! Кажа, бытта!..
— Нічога ён яшчэ не сказаў нам такого, каб... Словам, ступай туды да яго і не рві душу сабе.
Нягледзячы на мужаву непрыступнасць, Марфа ўсё яшчэ мулілася, маючы намер не маўчаць і далей. Але Зазыба панёс вёдры з вадой у лазню. Няйначай, ён лаштаваў там чыгуны ў печцы, бо доўга не выходзіў назад. Нарэшце Марфа зразумела, што не дачакаецца мужа, бо нездарма той гэтак трывае дым у лазні. Ад прыйшоўшай думкі ёй зрабілася прыкра, яна пакрыўджана ўздыхнула і з раўнівай крыўдай у сэрцы падалася ад лазні, каб па завулку вярнуцца дамоў. Чым далей яна адыходзіла ад лазні, тым мацней адчувала адтуль пах дыму; дым быў без дамешкаў, чысты ад непрыемнага смуроду, таму ёй як гаспадыні здалося, што гэта ўжо запалілі па ўсёй вёсцы бабы ў печах. На Касперуковым гародзе, туды, пад хлявы, нешта шмякнулася аб зямлю, усё роўна як споўз зімою са страхі ў адлігу лапік снегу. Дробязь, але гэта затрымала на колькі часу Марфіну ўвагу, прымусіла губляцца ў здагадках.
Ужо ўзыходзячы на ганак, Марфа зразумела па водсвету на сценах сваей хаты, што загарэлася святло і ў Прыбытковых. Мусіць, Кузьмовы нявесткі падмануліся святлом насупраць, страцілі, як гэта здараецца ў вёсцы, без гадзінніка, адчуванне часу і прахапіліся, пачуўшы да таго ж тупат чалавечых ног у завулку. «Во, дарэмна збілі са сну маладзіц!..» — пашкадавала Марфа, але тут жа супакоіла сябе, маўляў, тае бяды, што цяпер і праўда баба раней управіцца з хатняй гаспадаркай, застанецца больш светлага дня на работу ў полі. З гэтым адчуваннем, з гэтай няхітрай жаночай здаволенасцю яна і зайшла ў сваю хату. Масей за яе адсутнасць так і не пакінуў застолле, сядзеў у той жа паставе, нібыта прыбіты лапаткамі да сцяны, нават галаву трымаў схіленай да таго ж левага пляча.
Назад выкручваць кнот, каб дадаць на хату святла, Марфа не стала — няхай пабудзе сын непатрывожаны, бо святло ўдарыла б яму ў твар. Цяпер нішто не замінала ёй глядзець на сына, бачыць яго схуднелы, з упалымі шчокамі твар, высокі лоб, на які звісала пасмачка русых, не, бадай, толькі русявых, калі гэтае слова перадае дакладнае адценне валасоў; некалі ў маленстве, калі Масей бегаў падлеткам, на месцы гэтай пасмачкі тырчаў віхор, таму, можа, і не прылягала шчыльна пасмачка да галавы, а нязгодна матлялася ад кожнага руху ва ўсе бакі; сынаў твар быў як расслаблены, адзін момант Марфе нават здалося, што Масей патаемна ўсміхаецца, аднак не, проста ён не хмурыўся і не перажываў нічога ў сне, мусіць, здаволіўшыся нарэшце, што трапіў дамоў, гэтага прыгожага і адухоўленага спакою на Масеевым твары не псавалі нават цені ад прыцемак у хаце. Усё, да драбніц, усё было знаёмае ёй у сынавым абліччы! Але чым даўжэй узіралася маці ў яго, тым больш знаходзіла, што сын неяк дзіўна перамяніўся, стаў падобны нечым на таго самога сябе, якім быў у дваццаць гадоў.
Марфа прайшла ад парога на хату і села на тапчан, улюбёнае сваё месца, не столькі ўлюбёнае, колькі назаўсёды абранае, — яна і уявіць не магла, каб сядзела вось гэтак без справы яшчэ дзе-небудзь у хаце сваёй. «Дасталося, відаць, Масею недзе, раз етак зблажэў і здзяцінеў з твару!..» Услед за гэтай думкай ёй нібыта ўкалола ў сэрца, яно зазнібела адразу; Марфе да слёз зрабілася шкода сына, акурат як і тады, калі стала вядома пра суд над ім, спярша вырасла злосць на кагосьці незнаёмага і ні разу не бачанага, хто вінаваты быў у сынавых пакутах, але вось яна прыгадала зусім нядаўнюю размову, якую вяла з мужам ля лазні, і ўся яе неакрэсленая злосць чамусьці перакінулася на яго, з’явілася такое адчуванне, быццам бацька хацеў сыну нядобрага, і яна унутрана, у пачуццях сваіх, апынулася раптам недзе на мяжы, калі недалёка і няцяжка ўзненавідзець блізкага чалавека той сляпой і зацятай нянавісцю, якая наўрад ці была зразумета кім нават ва ўраўнаважаным стане.
Зазыба тым часам таксама не забываў пра Масея, дакладней, не мог не думаць пра яго, бо што б ні рабіў — ці тады, як снаваў па завулку з вёдрамі ад калодзежа і назад, ці тады, як вязаў бярозавы венік за глінішчам, — заўсёды яго думкі кружыліся вакол сына. Па-першае, сынава з’яўленне было зусім неспадзяванае, а гэта ўжо адно не магло не выклікаць моцнага ўражання, нават узрушэння, якое не так сабе мінаецца, добра, калі на змену прыйдзе другое, яшчэ мацнейшае, а па-другое, у сувязі з незвычайным сынавым вяртаннем наогул было над чым падумаць. Іншая справа, што Зазыба гнаў ад сябе нядобрыя думкі, свядома абрываў іх яшчэ ўпачатку, як разважлівы чалавек, якому мала аднаго схопленага, краем пачулага; яму неабходна ўнікнуць у сутнасць справы, каб зразумець, а тады ўжо рабіць вывад. Паколькі гнаць прэч думкі пра сына, пра акалічнасці яго вяртання ў вёску рабілася з кожнай хвілінай цяжэй, то ён стараўся ўхапіцца ў галаве абы за што, каб толькі замясціць ім папярэдняе. Пры вольным часе такім вось чынам можна багата што чалавеку перабраць у памяці. А ён такі ў Зазыбы цяпер і сапраўды быў, гэты час, бо тое, што рабіў Зазыба рукамі, ніколькі не замінала галаве, наадварот, нават спрыяла сваёй размернасцю і няспешнасцю.
Але чалавек так ужо складзены, што адным сучасным ці толькі будучым не можа доўга жыць. Усё часцей прыходзіць на памяць што-небудзь з таго, што было перажыта даўно, таму, лічы, ужо як адрэзанае, бо чалавек, які б вынаходлівы ён ні быў, не здольны вяртаць наяве мінулае, ён мае ўладу над ім толькі ва ўспамінах.
Прыходзіла на памяць Зазыбу мінулае таксама цяпер, бадай, лягчэй таму, што і сучаснае, і будучае, як людзі кажуць, пакуль далей носа цяжка было згледзець.
Можа, таму што ішла вайна, дык і ўспаміналася найбольш ваеннае — і, няйначай, што самахоццю: трохі з часоў імперыялістычнай, калі Зазыба карміў у акопах вошы на Румынскім фронце, а то ўсё з грамадзянскай. Балазе, было чаму — імперыялістычную ён скончыў у пятнаццатым, калі прыехаў далечвацца ў вёску, грамадзянскую ж прайшоў без малога ад пачатку да канца, трапіўшы да Шчорса. Шчорс наведаўся ў васемнаццатым у забяседдзе не выпадкова, не праездам — ён стаяў тады на Унечы, вузлавой чыгуначнай станцыі, фарміраваў Багунскі полк. Нарадзіўся Мікола Аляксандравіч, ці, як яго, мала больш дваццацігадовага хлопца, называлі байцы, — «бацька Шчорс», на Чарнігаўшчыне, у Сноўску, але не менш шанаваў ён і Беларусь, зямлю, дзе некалі жыў бацька яго. Сам Шчорс часам жартаваў — маўляў, я адным разам і хахол, і кацап, і беларус. Словам, беларусаў, якія траплялі ў полк, ён таксама называў землякамі. У Зазыбы выйшла выпадкова, што запісаўся ў Багунскі полк, але пасля ён ніколі аб гэтым не шкадаваў. Толькі з Багунскага неўзабаве перайшоў у Тарашчанскі. То быў час, калі з акупіраванай і гайдамацкай Украіны выходзілі на Унечу адданыя Савецкай уладзе партызанскія часці. Трапілі туды і тарашчанцы, ад якіх перад тым збег іх першы камандзір Грабёнка. Замест царскага афіцэра атрадам камандаваў цяпер рабочы чалавек Бажэнка. (У адрозненне ад Шчорса гэты сапраўды ўжо быў па гадах бацькам.) І вось у тыя дні сярод тарашчанцаў Зазыба сустрэў свайго аднапалчаніна па Румынскім фронце. Само сабой, зноў пасябравалі. Ну, і застаўся Зазыба з ім у тарашчанцаў, тым больш што ніякая канцылярыя не затрымлівала. З тарашчанцамі браў Зазыба Кіеў, удзельнічаў у баях за Фастаў, Бярдзічаў, Ноўгарад-Валынск, Гошчу... Незадоўга перад тым як атрымаў рану за Шапятоўкай-Падольскай, яму пашчасціла пабываць у Верамейках. Склікаў тады іх, ветэранаў брыгады, у штаб «бацька» і сказаў: «Людзей нам стала не хапаць. У каго ў палку дык яшчэ так-сяк, а ў каго і па сто чалавек не набярэцца ў ротах. Надумаў я такую справу, браткі. Падавайцеся вы ўсе ў свае вёскі, у гарады. Збірайце там людзей — маладых, сярэдніх, старых, якія захочуць пайсці да нас. Але глядзіце, каб добраахвотна было. Не трэба скандалу. Уладу савецкую шануйце. А ўжоткі папоўнім зноў брыгаду новымі байцамі». Хоць і далёка было Зазыбу ехаць да Верамеек, але падаўся ён у родныя мясціны з ахвотай. У штабе брыгады выдалі адпаведны мандат з такім штампам: «Украінская Савецкая рэспубліка. Першая Украінская армія. Першая Украінская савецкая дывізія. Штаб другой Тарашчанскай брыгады. Дзеючая армія».