Святло гарэла толькі ў Зазыбавай хаце. Выплёскваючыся вонкі праз два акны, яно коса, палосамі высвечвала шэрую дарогу і на тым баку яе, коўзаючыся і ламаючыся, дасягала абшаляваных будынкаў Прыбытковага двара.
Як фронт стаяў на Сажы, то амаль заўсёды чуваць было ягонае дыханне — раптам то сполахі на небе зайграюць, то кананада ўзбунтуе цішыню, а часам тое і другое разам. Цяпер фронту зусім не адчувалася: як адкаціўся далей, хоць на самой справе перадавая праходзіла ў міжрэччы Дзясны і Іпуці, кіламетраў за семдзесят ад Верамеек, проста забяседдзе трапіла ў так званую зону цішыні, калі нават самыя моцныя гукі цалкам губляюцца ў прасторы, бо гукавыя хвалі спярша коса ідуць угору, а потым вяртаюцца на зямлю ўжо далёка ад стрэлу ці выбуху. Аднак ніхто не бачыў сёння і бліскавіц, што паласавалі неба, напрыклад, яшчэ ўчора, акурат недзе там гуляў сухавей і дагрызаў у дубровах арэхі.
Сыходзячы з ганка, Зазыба нібыта міжволі кінуў позірк у крайняе акно сваёй хаты. Масей па-ранейшаму заставаўся за сталом, толькі не сутуліўся больш і не абапіраўся на локцях — сядзеў прытулены спіной да сцяны, а галава яго пахіснулася да левага пляча. Няйначай, Масей ужо спаў. Марфы Зазыба ў пярэдняй хаце не ўбачыў, можа, яна сапраўды збірала на другой палавіне сыну пасцель. Зазыба прыпыніў позірк на сцішаным, акурат распластаным, Масею, зноў падумаў, як і тады, хвілін колькі назад у хаце, што ім сапраўды будзе цяжка разам, здаецца, няхай бы ўжо і не вяртаўся Масей дамоў, раз незаконна.
І наогул, Зазыба не хацеў бы, каб у вёсцы цяпер жыў хоць які вяртанец з «тых месц». А то вунь у Гончы... Не паспеў прыйсці туды аднекуль раскулачаны ў пачатку калектывізацыі Шкроб, як адразу паквітаўся з вясковымі актывістамі — першую застрэліў родную цётку, старую жанчыну, якая прысутнічала некалі ў якасці дэпутата сельскага Савета пры апісанні і канфіскацыі ягонай маёмасці. Хоць, вядома, параўноўваць кулака з Гончы з Масеем!.. Зазыба і сам разумеў, што гэтага і блізка не трэба рабіць, што гэта зусім незраўнаныя рэчы, што сын яго ва ўсякіх адносінах не тое, што Шкроб. Але ж і ён вярнуўся дамоў незаконна!.. «Божа, — акурат на ўсходні лад усклікнуў у душы зусім не набожны Зазыба, — дай мне сілы!..»
Яшчэ яму прыйшла ў галаву думка, што варта як хутчэй пагаварыць з Масеем адзін на адзін. Яму здавалася, што ў такой справе, як іхнія будучыя ўзаемаадносіны, іхняе будучае ўзаемаразуменне, нават Марфа, ад якой ён, бадай, толькі не таіўся, — нават Марфа можа стаць перашкодай, бо гэта ўзаемаадносіны, бо гэта ўзаемаразуменне не чужых ёй людзей, а бацькі і сына, мужа і сына.
«Добра, што падказала яна вытапіць для Масея лазню, — пачаў супакойваць сябе Зазыба. — Якраз у лазні мы і пагамонім, а калі спатрэбіцца, то і парахуемся».
Ужо ідучы па завулку, Зазыба адчуў моцны пах нейкай расліны. Пах гэты быў знаёмы, яму не аднойчы даводзілася дыхаць ім, і кожны раз на пачатку восені, у канцы свайго завулка. Але зазірнуць хоць адным вокам у той куток, дзе расла гэтая пахучая расліна, ён чамусьці ніколі не знайшоў часу, бадай, не ўзнікала і думкі такой — паглядзець, што духмяніла ў завулку. Пах быў прыемны, а галоўнае — незадушлівы, ніколькі не замінаў дыхаць чалавеку, прынамсі, Зазыбу.
Паўз плот, ужо як павярнуць на парослую палыном і быльнікам пустку, у Зазыбаў была дрывотня, у якой яшчэ з леташняга выпетрываліся паколатыя сасновыя абапалкі, знарок складзеныя ў шурку, каб хутчэй напаліць у лазні каменную печку. Далей трохі стаяла сама лазня, невялікае, аршыны на чатыры ўдоўжкі збудаванне з уцепленым прылазнікам: улетку мыйся ці ўзімку — аднолькава. Лазню гэтую некалі яны з бацькам будавалі на адну сваю сям’ю, але потым пачалі прыходзіць да іх памыцца і суседзі. Складалася лазня з дзвюх частак — уласна лазні і прылазніка, які адыгрываў перш за ўсё ролю адпачывальні; тут звычайна распраналіся, сюды ж выскоквалі пасля апарні паляжаць на ўслоне альбо проста на шчыльнай падлозе, аддыхацца, абдацца вадой, тым больш што якраз у прылазніку змяшчалася патрэбнае для ўсяго гэтага начынне — шайкі, карыты, бодні. У другой частцы, дакладней, у самой лазні, былі разам і парыльня і мыльня. Тут жа знаходзілася ў адным радзе з палком паўз сцяну печка. Печка была складзена з буйнага камення, якога хапала вакол вёскі на крушнях. Палок тым часам нагадваў звычайны хатні тапчан, але збіты з асінавых дошак, бо сасновыя і яловыя не падыходзілі для такой справы праз сваю смольнасць, якая пякла голае цела. Печку ў Зазыбавай лазні палілі па-чорнаму, таму дым з яе вытыкаўся праз дзверы і два акенцы — верхняе і ніжняе. Словам, то была самая звычайная вясковая лазня, такой яе ведалі ў забяседдзі, бадай, не толькі прадзеды, але і далёка ранейшыя продкі. Праўда, з’яўлялася думка ў асобных гаспадароў удасканаліць што-кольвеч у такіх лазнях, напрыклад, умазаць за печкай чыгунны кацёл для гарачай вады, вывесці праз страху комін. Але якраз гэтыя спробы і пераканалі нанава верамейкаўцаў, што дзяды іхнія нездарма некалі выбралі менавіта такі вось тып лазні: аказалася, што пасля ўдасканалення лазня адразу страчвала сваё другое прызначэнне, у ёй ужо нельга было адмыслова сушыць лён, рабіць вяндліну і гэтак далей...
Зазыба падышоў да шуркі, садраў з яе задубелую кару, якой укрывалі дровы ад макрэчы; пры гэтым штосьці варухнулася жывое на шурцы. І Зазыба ажно адхапіў руку, якой пачаў выцягваць паленне. Але дарэмна палохаўся — толькі і страху, што разбудзіў спаўшага ў шурцы вожыка, які невядома як забраўся на самы верх, пад гарбатую кару: можа, выпадкова абначыўся, а можа, і зусім даўно палюбіў гэтае ўтульнае сухое месцейка. Спуджаны вожык сярдзіта фыркнуў, быццам толькі што вылез з вады, у якую яго злаўмысна таўханулі, каб пацешыцца, адкінуў ножкі назад і, выпростваючыся, кульнуўся на бок. Зазыба здагадаўся, што гэта быў вожык, тады толькі, як звярок тыцкнуўся мордачкай у яго між ботаў. Кажуць, вожыкі добра бачаць уначы, аднак гэты чамусьці ўсё тыцкаўся ў Зазыбы між ног, акурат нюхаў там ваксу, якая прыйшлася даспадобы яму, альбо проста быў сляпы. Зазыба нейкі час ажно не адрываў ад зямлі ногі, каб не зачапіць дарэмна звярка, не адтаптаць яму што. Але вось вожык нарэшце выбавіўся з-паміж Зазыбавых ног, шмыгануў кудысьці, як з таго палону, у новы зацішак. Тады Зазыба набраў на левую руку дроў, каб пасля ашчапіць іх і правай зрабіць бярэма, і звыкла, як і належыць гаспадару, накінуў назад на шкурку яловую кару. Пры ўваходзе ў прылазнік ляжала на зямлі спластаваная яшчэ з леташняга кастра, якая нападала тут, калі трапалі лён, — звычайна ў Верамейках развозілі калгасны лён да прыватных лазняў, і тут ужо, па нарадах брыгадзіраў, бабы мялі яго на самаробных альбо куплёных мялках. Зазыба самахоць, з добрай сялянскай ахайнасцю, выцер аб кастру ногі, адну за адной, усё роўна як з нейкай асаблівай здаволенасцю, тады зняў з прабоя чэп, таўхануўшы вызваленай на час рукой дзверы. З лазні патыхнула насустрач пэўна што нежылым і горкім, таму Зазыба ажно плаксіва зморшчыў твар, акурат падаспела чыхнуць. Дровы ён пакуль скінуў з рук у прылазніку, а сам прайшоў далей праз адчыненыя дзверы ў сярэдзіну, лазні, дзе на дошчачцы, прымацаванай унізе да сцяны, стаяў у яго ліхтар — «лятучая мыш». Намацаўшы ў цемнаце пад жалезнымі рэбрамі пукатае шкло, Зазыба прыўзняў яго на колькі вяршкоў, паднёс да кнота запалку. Перад тым як запаліць дровы ў печы, яму трэба яшчэ было падмесці падлогу і выграбці з печкі старое вуголле. Што ён і зрабіў даволі хутка, выкарыстаўшы спараны венік і рыдлёўку, якая стаяла ў прылазніку. Такім чынам, не прайшло і дваццаці хвілін, як з лазні паваліў праз дзверы і акенцы густы дым. З дымам, нібыта выгнаны д’ябал, выйшаў адтуль і Зазыба. Ён пастаяў трохі зводдаль ад лазні, быццам непакоячыся, што дровы кожную наступную хвіліну могуць патухнуць, затым рушыў ад плота, каб прынесці з шуркі дадаткова сухіх абапалкаў.
Па сцежцы насустрач ішла Марфа. Яна несла на каромысле два поўныя вядры вады, мусіць, тыя, што стаялі ў сенцах яшчэ звечара.
— Як ён там? — глуха спытаў Зазыба.
— Дак жа сцішыўся, — адказала Марфа, акурат з неахвотаю, падстаўляючы па чарзе абодва канцы каромысла, каб муж здымаў з вушак вёдры. — Але ці заснуў, не ведаю.