Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

Між тым Марфа спаласнула чыстай вадой медны карэц, які зняла з цвічка на сцяне, паднесла яго да самага беражка гладыша, каб не праліць коптарак, схоплены жаўтаватай плеўкай, і ўжо затым спакваля нагнула гладыш — белы струмень жвава пацурчэў у літровы карэц, усе ў хаце пачулі гэта.

Бацька сказаў, выразна падбадзёрваючы сына:

— От пажывеш з намі, матка і адпоіць цябе малаком. Пройдзе тады і печая твая, і ўся астатняя трасца мінецца, калі завялася дзе.

Нарэшце Марфа паставіла перад сынам карэц з малаком, сама спынілася насупраць, крокі за два ад стала. Сын тут жа ўзяў карэц з боку за дужку, пачаў прагна піць, адчуваючы чамусьці пры гэтым няёмкасць ад таго, што на яго пільна глядзелі і маці, і бацька. Адпіўшы паўкарца, Масей адарваўся, каб аддыхацца, хвіліну, можа, нават болей, сядзеў пасля гэтага нерухома. Тады зноў узяўся піць. А як выпіў да дна, то ажно засмяяўся ціха нейкім зусім іншым смехам, быццам дасюль няўпэўнены заставаўся, што сапраўды апрастае знаёмы з дзяцінства карэц, даўнюю сваю мерку. Ад гэтага нечаканага яго смеху бацькі, здаецца, яшчэ больш павесялелі.

— Ну, во, — усклікнула маці, — напіўся малачка, а цяпер спаць ляжаш, раз есці не хочаш. Зараз я табе пасцельку збяру. Выспішся, а там бог і раніцу дасць.

Масей зацята, як ад вялікай прыкрасці, паківаў галавой:

— І спаць мне не хочацца!..

— А дзіця-я-ятка маё-ё-ё, дак ноч жа вунь яшчэ ў вокнах стаіць!

— Я цэлы дзень спаў, мама. І вось так колькі часу: дзень ляжыш, зашыўшыся ў кусты падалей ад дарогі, а ўночы тупаеш.

Па гэтай гаворцы Зазыба нарэшце адчуў, што матчына ўлада над сынам канчаецца.

— Ну што ж, папаўночнічаем, — сказаў ён без усялякага клопату. — Яно й праўда, які цяпер сон!.. Ну, хіба яшчэ ты, Масей... А нам з маткай ужо сну не багата і трэба. Часам схопіш адным вокам гадзіну-другую, і дос. Старэем мы з маткай, сын, старэем!

— Ці ж у вашы гады старэць?

— Старэем, старэем!.. — не прыняў Масееву далікатнасць Зазыба. — Але, можа, і праўда павесіць коўдры на вокны.

— Дак... — Марфа няўцямліва зварухнулася, маўляў, за чым жа затрымка?

— Як хочаце, — адказаў сын, зразумеўшы, што бацькава настойлівасць невыпадковая.— Урэшце, светамаскіроўка не пашкодзіць. — Спытаўся: — Немцы ў вёсцы ёсць?

— Няма, — адказаў бацька. — Але я гэта к таму гавару, каб завесіцца, што прывыклі мы ўжо. — І пачаў далей тлумачыць: — Звычайна мы нават не запальваем святла. Ну, а калі, здараецца, патрэбна бывае яно, то вокны занавешваем. А немцаў у вёсцы няма. Так што не бойся.

— Ты, мама, таксама сядай, — спахапіўся Масей, што маці дасюль не скранулася з месца. — І ты, бацька, дарэмна не стой, — сказаў ён далей. — А то вы нешта сёння, як перад чужым, са мной.

— Дый ты б скінуў гэтую адзежыну, вальней бы адчуваў сябе дома, — параіў у адказ бацька.

А маці спыталася:

— Можа б, ты, Масейка, малачка яшчэ выпіў, а?

— Не, мама, не.

— А то ж карова дае...

Зазыба не стаў занавешваць вокны. Прысеў на той услон, што быў прыстаўлены да сцяны з вокнамі.

— Адкуль жа ты гэтак ішоў доўга?

— З-пад Мінска.

— Ажно?

— Мала што не ад Мінска. Ад Смалявіч. Якраз там адзін добры чалавек і адпусціў мяне.

— І ні разу пасля не пад’ехаў? — павярнула на сябе гаворку Марфа.

Масей усміхнуўся — яму наогул сёння хацелася ўвесь час усміхацца маці, нібыта задаўжаў у гэтым ёй.

— Здаралася, што і пад’язджаў, — сказаў ён. — Нават немцы адзін раз на машыне кіламетраў трыццаць правезлі. Але больш дабіраўся на сваіх.

— Скажы ты, нават немцы!

— Тылавікі. Ужо як фронт далёка адышоў. Ім абы сунуў што-небудзь смачнае ў рукі. Ну, а ў мяне якраз аказаўся кавалак сала. Дзед адзін пасля начлегу ў дарогу даваў. Я гэты кавалак і паказаў немцам.

— Скажы ты!.. — зноў здзівілася Марфа.

— А што гэта за чалавек быў, што адпусціў цябе, як ты кажаш? — праз нейкі момант спытаў Зазыба.

— Канвойны.

— Значыць, ты не па чыстай прыйшоў?

— Не.

Моцна ўражаны, Зазыба апусціў галаву.

Адчуўшы раптоўную бацькаву зніякавеласць, Масей ажно пакратаў ад прыкрасці мышцамі скуру на лобе, каб паганяць маршчыны. Ён зразумеў, што гаворка нарэшце перайшла тую мяжу, за якой ужо ляжала нешта такое, што, няйначай, магло атрымаць у іх успрыняцці зусім рознае тлумачэнне. Можа, ад гэтае думкі, а можа, і яшчэ ад чагосьці, што не было пакуль усвядомлена, раптам яго ўзяла моцная і неадольная, амаль невыносная скруха, якая находзіла часам толькі раней, калі ён пачынаў разважаць самнасам пра ўсё: справа ў тым, што гэтай недарэчнай сваёй зняволенасцю ён не мог нават пахваліцца; у лепшым выпадку, пры самым шчаслівым зыходзе, яна ўспаміналася б, як штосьці надзвычай кашмарнае і ганебнае. Тым часам вайна яшчэ больш зблытала яго лёс. Масей далёкі быў ад містыкі, аднак другі раз гатовы быў паверыць, што за яго вось ужо каторы год д’ябал спрачаецца з богам. Пра сваё нечаканае вызваленне ён хоць і расказваў спакойна, аднак галавой разумеў, што яно таксама зрабілася адным з тых вузельчыкаў, што хітрым канцом завязваў на яго лёсе д’ябал, бо ў цяперашніх умовах, нават апынуўшыся шчасліва дома, наўрад ці выпадзе магчымасць цалкам разблытаць гэты вузельчык. У кожным разе Масей пакуль не бачыў такой магчымасці. Няйначай, праз гэта і бацька сядзіць перад ім на ўслоне і не хоча падняць галавы, усё роўна як прыйшоў на пахмелле, бо яму ёсць чаго саромецца гаспадароў, у якіх учора буйна гуляў.

Ці то ад скрухі, якая агарнула душу, ці то проста ад бруду, што закарэў на целе, Масей, зусім не заўважаючы таго, зрабіў рукою звыклы рух пад адзенне і зацята стаў шкрабаць па рэбрах. Маці, якая насцярожліва, нават з болем у душы, чакала, калі нарэшце зноў загавораць у ранейшым радасным тоне яе мужчыны, убачыла гэта, сказала ўсцешліва:

— Нічога, сынок, зараз во дзень настане, тады вытапім лазню табе, папарышся...

— А навошта дня чакаць? — быццам прабудзіўся ў гэты момант Зазыба, няйначай, узрадаваны, што знаходзіўся занятак не ў хаце і што ўжо не трэба будзе пакутліва сядзець на ўслоне. — Цяпер от і займуся лазняй. Усё роўна ж не спім. Дзе гэта мае анучы, маці? Падай, абгарну ногі ды пайду. Сапраўды, навошта нам чакаць дня?

* * *

Хвілін праз колькі Зазыба ўжо стаяў пад дашкам на сваім высокім ганку, прыбудаваным да сенцаў з боку завулка, дыхаў начным водарам. З хаты сюды не даляталі галасы, і таму ён не чуў, як Марфа гаварыла сыну:

— Ты, сынок, бацьку таксама спагадай. Яму нялёгка цяпер, ой нялёгка! Здаецца, раней дак і не надта каб прыставала ўсё да яго. Але гэтыя гады, як не было цябе, — сама найгорш. Мы ж нават не ведалі, дзе ты і што з табой. Сказалі яму ў райвоне, што засудзілі цябе, ну, мы й паніклі адразу. Ета ж трэба, каб у такога заслужанага бацькі да такі сын вырас, ажно не кожнаму верылася, што мог ты што-небудзь супроць уласці зрабіць. Але скажу табе... Ну, як я сама думала, ета дзесятае дзела. У маткі заўсёды сваё ў галаве і ў душы. Яе ніхто не пераканае, раз яна не верыць сама. Дык я кажу, бацька твой... Ён таксама не паверыў, што б ты недзе там нешта якое супроць уласці.

— І правільна рабіў, што не верыў, — упэўнена, быццам з нейкім дакорам, сказаў на гэта Масей.

— Праўда, ён усё маўчаў, — кіўнула маці, — але ж ад мяне не схаваешся. Я па вачах убачу і то ўжо буду ведаць. Дак, бывала, прыйдзе ета дамоў ён, сядзе хоць дзе і думае. А тута неўзабаве яшчэ і са старшыні знялі. Таксама, гаварылі, праз цябе. Не, сынок, нялёгка яму было. Але цяпер, кажысь, дык і саўсім цяжэй стала. Вайна ета, скажу табе, таксама вялікім цяжарам легла на яго. Усё ён душой хварэе, бядуе ды хвалюецца. Іншы раз глядзіш на яго і падумаеш — ну ці ж ты вінаваты, што ўбіваешся? Ці ж ты вінаваты ў тым, што немец наступае?..

З тае хвіліны, як Зазыба ўбачыў на двары сына, мінула не дужа багата часу, але месяц паспеў схавацца, і вёска была ўжо атулена цемнатой. Праўда, на небе па-ранейшаму блішчалі зоркі. Іх нават цяпер быццам пабольшала, прынамсі, свяцілі яны ярчэй, здаецца, ужо не чужым, нерухомым святлом, якое адбівалася ад іх, а сваім, трапяткім і зыркім. Гэтае сваё святло перашкаджала і на зямлі зрабіцца цемнаце зусім густой, пра якую кажуць — хоць вока выкалі. У кожным разе Зазыба пэўна ўжо згледзеў бы ў цяперашняй цемнаце чалавека ў сваім завулку, каб той наўдаку стаяў дзе альбо заварушыўся.

17
{"b":"849480","o":1}