Чым ніжэй апускаўся венік, тым мацней Масей адчуваў спіной апякаючую гарачыню яго. Здавалася, яна дыхала, асядаючы са столі. Лежачы на жываце, Масей чакаў, што бацька пачне секчы венікам адразу, аднак той не спяшаўся рабіць гэтага, ён яшчэ пранёс — і таксама дробна патрэсваючы — венік уздоўж цела, ад самых пятак да патыліцы, і толькі затым хваснуў з працягам па правай лапатцы. Наогул Масей дарэмна напружваўся: у бацькавых ударах нічога балючага не было, добра распаранае бярозавае вецце мякка сцёбала па спіне, па ягадзіцах, па лытках, пры гэтым нават тушыла сухую гарачыню.
Шлёп-шлёп-шлёп... Плясь-плясь-плясь... Шлёп-шлёп...
І чым мацней бацька аходжваў яго венікам, тым болей сыну хацелася, каб ён рабіў гэта: ва ўсім няўходжаным, брудным целе вырастаў нейкі нясцерпны сверб, а пад скурай варушыўся халадок.
— Ну як, сын? — перахопліваючы левай рукой венік, гарэзліва спытаў Зазыба.
— Цярплю-ю-ю, — амаль філасофскі выгукнуў з-пад сябе Масей.
Тады бацька здаволена кіўнуў галавой і па-ранейшаму гарэзліва сказаў:
— Гэта яшчэ што? Гэта яшчэ так сабе! А вось зараз як паддамо трохі, тады і праўда давядзецца табе пацярпець!
Ён намацаў побач з вядром карэц, зачэрпнуў вады ім і апрастаў увесь на печку. Цяпер каменне не трашчала і не разрывалася, аднак пара адтуль адразу як выбухнула ўгору, пругка ўдарыла ў столь, распаўсюджваючыся пякучымі хвалямі над палком.
— У-у-уф-ф! — звыкла выдыхнуў Зазыба і зноў, усё роўна як нанава пачынаючы ўсё, стаў дробна патрэсваць венікам.
Шлёп-шлёп, шлёп-шлёп... Плясь-плясь, плясь-плясь... Шлёп-шлёп...
— А спераду я сам, — раптам нібыта ўзмаліўся Масей.
— Што ж, паспрабуй, — лёгка згадзіўся Зазыба, але перад тым як выпусціць з рук венік, паклаў яго яшчэ пад каленкі сыну, па самае сухажылле.
— Ну, от, — нарэшце ўсклікнуў бацька, кінуў на край палка венік і, згінаючыся ў плячах, вываліўся ў прылазнік.
Масей крутануўся на мокрых асінавых дошках, якія хоць знізу ратавалі яго ад гарачыні, звесіў уніз ногі. Але доўга парыцца самастойна не здолеў. І не таму, што зрабілася зусім горача сядзець на палку. І, вядома, не таму, што вельмі часта даводзілася апускаць руку, у якой трымаў венік, у халодную ваду, каб не дазволіць апёкаў. Справа ў тым, што праходзіла ўжо тая зацятасць, ад якой, здавалася, не будзе спакою ні душы, ні целу. Наперакор сабе, Масей пратрымаўся без бацькі на палку хвілін колькі, тады адкінуў убок, быццам непатрэбную рэч, венік і рынуўся ў прылазнік, гатовы выбіць галавой дзверы.
— У-у-уф-ф! — пераймаючы бацьку, выдыхнуў ён за парогам: з сіняга цела зрабілася малінава-чырвоным.
Зазыба таксама з падкрэсленай цікавасцю каўзануўся вачмі па ім, спытаў з добрай усмешкай, у якой усё-ткі адчулася трохі і паблажлівасці, — не быў бы ён бацька!
— Ну, як яно?
— Уф!
— Абмый во твар, вада ў шайцы, — прапанаваў бацька, — ды кладзіся на падлогу, аддыхацца трэба. — І, убачыўшы, што сын нібыта асцерагаецца, пачаў супакойваць: — Не бойся, не забрудзішся і не застудзішся. Маснічыны тут шчытна падагнаны. Я нават летась яшчэ раз клінам падціскаў кожную. І загавальня добра абкопана. Так што не прадзьме сыспаду. Кладзіся. А хочаш, дык я цябе і вадой абдам. Праўда, доктар Каласоўскі казаў, што гэта шкодна, нібыта скура нанава закрываецца ад халоднай вады і не дыхае. Але дзед твой не страшыўся. Заўсёды пасля парыльні тут вось, у прылазніку, абліваўся халоднай вадой. А зімой — дык і зусім у снег цаляў. Бывала, ужо нямоглага выведзеш з лазні, а ён так і наравіць з парога нырнуць у сумёт. Знарок шчыт ставілі з шалёвак, каб сумёт паўза сцяну надзімала. Ну дык як, абліць?
Масей адмоўна пахітаў галавой.
— Дзед! — амаль летуценна сказаў ён. — Што дзеду?
— Тады кладзіся проста, — пацягнуў яго за руку Зазыба.
Спярша Масей укленчыў на падлозе побач з бацькам, а ўжо затым дапаў грудзьмі да маснічын.
Здавалася, пасля доўгага знаходжання ў апарні будзе грукаць і біцца сэрца, але не, яно паволі ўжо супакойвалася, і, наогул, уся істота Масеева сцішвалася, а ў вачах з’явіўся сон, праўда, не той, ад якога адразу правальваешся ў небыццё; гэты, наадварот, калом распіраў вейкі, не даваў зліпнуцца ім. Масей склаў адну на адну перад сабой далоні, прытуліў да іх правай шчакой галаву. Бацька таксама пасунуўся бліжэй да сына.
— Значыць, рашыў дамоў прыйсці? — спытаў ён праз нейкі момант. І Масей раптам зразумеў, што бацька ўвесь час насіў гэтае пытанне ў сабе.
— Дамоў, — быццам скрозь сонную млявасць, адказаў ён.
— А чаму ў Чырвоную Армію не паступіў?
— А хто б мяне ўзяў? — трохі абыякава адказаў Масей, але ўжо як знарок.
— Ну, як гэта — хто б узяў? — не зразумеў бацька.
— А так, — адарваў шчаку ад тыльнага боку далоні Масей і падняў галаву.
— Трэба было растлумачыць добра, хто ты і чаго хочаш.
— А хто б мяне слухаць стаў? Хто б слухаў маё тлумачэнне?
— Ці ж мала разумных людзей?
— Разумных людзей сапраўды нямала, — згадзіўся з бацькавым довадам Масей. — Але раз не паслухаліся... раз не здолеў растлумачыць у мірны час, дык няўжо думаеш, што ў ваенны да кагосьці б дайшло?
— А можа, якраз і дайшло б?
— Не, бацька, усё абстаіць трохі іначай, чым ты ўяўляеш сабе гэта. Здавалася б, хто мае права адмовіць чалавеку са зброяй у руках абараняць айчыну? Але ж адмаўляюць.
— Дык табе і праўда адмовілі ці ты гэта толькі кажаш так?
Размова стала рабіцца падобнай на допыт, і Масей быццам у адчаі наморшчыў лоб.
— Кажу, бацька, толькі кажу, — тужліва прамовіў ён, усё роўна як нічога не мог знайсці ўжо супраць бацькавай пераканаўчасці; ды надоўга не змоўк, набраўся цярплівасці, потым пачаў: — Але я кажу таксама і тое, што з гэтай справай усё абстаіць іначай, чым ты сабе ўяўляеш, бацька, а можа, проста хочаш выдаць жаданае за сапраўднае. Так, ніхто мне не адмаўляў, бо як можна адмовіць, калі ты не прасіўся?
— Сапраўды, як?
— Але ты ўзваж тым часам, хто добраахвотна стане з-пад вінтоўкі ды адразу пад вінтоўку? Не паспеў бы я нават заікнуцца ў ваенкамаце, што з турмы, ды па якім артыкуле быў, як у момант апынуўся б ля сценкі. Не толькі што разбірацца, але і размаўляць далей не сталі б. Гэта калі армія паспяхова наступае, то ўсе, пачынаючы ад палкаводца да шарангоўца, лагодныя і пры цвярозым розуме. Тады кожны паспачуваць згодны. А калі адступае, то ўсё атрымліваецца якраз наадварот. Ну, а тут у нас нават не адступленне, хутчэй суцэльнае бегства.
— Дапусцім, у вайне па-ўсякаму бывае, — няпэўна кіўнуў галавой Зазыба. — Гэта як і ў звычайнай бойцы, калі абодва моцныя, нябось, сам не раз бачыў — то спярша адзін зверху, то, глядзіш, ужо другі на ім...
— Але ж гэта не простая байка, гэта — вайна!..
— Вайна, — разважліва згадзіўся бацька. — Таму я і гавару, што за адступленнем будзе наступленне. Ай, не верыш?
— Не верыць, бацька, я не маю права, — адказаў Масей. — Гаворка ж наша, здаецца, не пра гэта?
— І пра гэта, — настойліва ўдакладніў старэйшы Зазыба. — Але, добра. Мяне хвалюе, што ты не па чыстай вярнуўся да нас.
— Фармальна, па чыстай. Тэрмін мой ужо выйшаў.
— Тады ў чым справа?
— А ў тым, што... Словам, па чыстай, бацька, адтуль апошні час, здаецца, нікога не выпускалі. Проста прывозілі назад, адкуль некалі бралі, і давалі новы тэрмін.
— Ну, а табе новы далі?
— Не паспелі.
— А што гаварылі на судзе?
— Гаварылі на следстве, — усміхнуўся Масей. — А на судзе было проста: прыводзілі ў залу, старшыня спецкалегіі зачытваў пастанову, і на этап.
— Я тады ж, у той год, пацікавіўся ў раёне табой, дык мне сказалі, што ты адбываеш тэрмін па семдзесят другой стацці. Растлумач мне, што гэта такое?
— Мяне судзілі за антысавецкую агітацыю.
— Ясна. Ну, а правіннасць якая?
— Хіба ж не помніш, які снежны ком тады каціўся з гары. Абы данос на каго паступіў!
— Значыць, на цябе таксама быў?
— Перад тым мы вечарынку наладзілі. Прафесара свайго ўшаноўвалі. Якраз дзень нараджэння ў таго быў. Ну, мы і сабраліся разам, былыя студэнты. Аднак не ўлічылі аднаго. Трапіў на вечарынку сярод нас хлопчык адзін. Све-е-етленькі такі, чы-ы-ысценькі, роўна з іконы за гадзіну да таго сышоў. Здаецца, пляменнік асістэнта нашага прафесара. Вось ён і нашрайбаваў на нас.