Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A

* Сьцеражыся той, што цябе пакахае (лац.).

** «Мэтамарфозы і сымбалі лібіда» (ням.)

Пакой

Прахожыя
ідуць праз наш пакой
і аддаляюцца,
робячы жаданьне яшчэ вайстрэйшым.
Галасы гораду
гаснуць
адзін за адным
у нашых целах.
Музыка
гасьне апошняю —
на вуснах
і кончыках пальцаў.
Сьвет
нараджаецца зь ціхага ўскрыку
і сьмеху.
Дыханьне
творыць пэрсікавы пушок
на шчацэ.
Музыка
прачынаецца
ў анфілядах гарачых прасьцінаў.
Новая радзімка
зьяўляецца
на худзенькім плячы.

Брытанскі музэй

У антычным аддзеле,
мы гутарым з імпэратарам Вэспасіянам
(9—79 гады нашай эры),
з тым самым, што абклаў падаткамі
грамадзкія прыбіральні,
каб сказаць сыну, што
грошы ня пахнуць.
Д’ябал зь імі, з прыбіральнямі,
кажу я,
але навошта было асуджаць на выгнаньне
стоікаў?
(А мая каханая
згаджаецца ў гэтую хвіліну на спатканьне.)
Затое я збудаваў Калізэй,
апраўдваецца Вэспасіян.
Але пры чым тут стоікі? —
не разумею я.
(А мая каханая
сьмела ўваходзіць
у чужыя дзьверы.)
Вэспасіян незадаволена чмыхае
мармуровым носам,
страчаным у нейкім
з дваццаці прамінулых стагодзьдзяў.
Наш сусед Сэптымій Сэвэр
зласьліва касавурыцца:
балбатня замінае яму
абдумваць паход на парфянаў.
(А мая каханая
паказвае сваю грыўку
чужому люстэрку.)
Хтосьці адбіў імпэратару Сэптымію
абедзьве рукі,
але, напэўна, не за тое, што ён
пачаў узводзіць тэрмы Каракалы.
Попел яшчэ не засыпаў
фрэсак Пампэі,
і смуглявы патрыцый
любіцца зь нявольніцай,
не зважаючы ні на нас,
ні на Ікараву авантуру,
ні на карабель Уліса.
(А мая каханая
падстаўляе вусны для пацалунку.)
У Лёндане цьвітуць вішні.
У Менску падае дождж.
Уліс праплывае паўз востраў сырэнаў.
Мая каханая кажа ня мне:
гэта — маё надвор’е.

Déjà vu*

Новае расчараваньне
зьявіцца ў знаёмым абліччы:
цёплага надвячорка зь цішынёю,
што зьвіла гняздо ў тэлефоне;
цнатлівай ночы з «Вeatles»,
якія ў сьне
сыграюць разьвітальнае «Let It Be»;
бязьмежна-пустэльнага ложка
зь нядзеляю на даляглядзе;
пачатага рукапісу,
які ні да кога не прыраўнуе;
белагрудай коткі,
якая ўладкуецца на стале,
зусім паважна лічачы,
што дапамагае пісаць;
кароткага дожджыка,
які дзесьці пакратае лапкамі
жоўтую парасонку;
званка старой прыяцелькі,
чыё каханьне шмат гадоў таму
разьмінулася з тваім каханьнем;
вечаровага сябра,
які зьдзівіцца, калі ты
папросіш цыгарэту...

* Тое, што ўжо бачыў (франц.)

Вяртаньне ў Менск

Дзьве магілы
на зялёнай высьпе
праваруч шашы:
татаў
і мамін помнікі
з шасьціканцовымі крыжамі.
(Беларускай мовы
на могілках
прыкладна столькі ж,
як і за іх агароджай.)
Бельчыцы
з рэзыдэнцыяй полацкіх князёў
і лёхамі на той бок Дзьвіны,
бітком набітымі
гістарычнымі сюжэтамі.
Лепельскае возера,
дзе ў сярэднявеччы
жыў беларускі кузэн
лох-нэскае пачвары,
што здабываў сабе дэсэрт,
перакульваючы чаўны
з грамадзянамі
Вялікага Княства Літоўскага,
а калі спруцянеў,
смурод,
сьцьвярджаюць аўтары хронік,
моршчыў славянскія насы
ажно на Валовай азярыне
ў Полацку.
Абалона Бярэзіны
з чапурыстымі стажкамі,
аднаму зь якіх я неяк даверыў
сваю таямніцу.
У прыдарожных бярэзьніках
ужо прачнулася
бэзавая здань вясны,
зь якой душа хацела б правесьці
ўік-энд.
(Англіцызм —
вынік дачытаных
у ваколіцах Бягомлю
камэнтароў
да васямнаццатага эпізоду
«Уліса»:
месца дзеяньня —
пасьцель Молі Блюм,
ірляндзкай мадам Бавары,
дакладней — яе сонная сьвядомасьць;
час дзеяньня —
адзінаццатая гадзіна вечара,
а магчыма, —
вечнасьць.
У руках Джойса
на фатаздымку
таксама чытаецца
яго неадчэпнае пытаньне
пра душэўную хваробу
дачкі
ў якасьці пакараньня за «Уліса».)
Прызнаньне сястры,
што апошнім часам
яна ўсё пільней
глядзіць на вуліцы
на старых жанчын.
Магіла сябра
(таксама праваруч шашы),
які аднаўляў
Сафійку і Богаяўленскі сабор
і памёр,
чытаючы Караткевіча,
хоць больш любіў
Унамуна й Басё.
Лагойскія пагоркі,
за якімі пачынаецца
зона ўпэўненага прыёму
тваіх флюідаў.
Аўтобус
пасьпяхова пераадольвае
першую лінію
менскіх умацаваньняў.
Усё, вядома, іначай,
але
мне хочацца
ўяўляць цябе
зусім адну
ў цёплай ваньне зь зялёнаю пенай,
сам-насам з часопісам,
з жаночымі ўспамінамі
і з тэлефонам,
да якога ня трэба будзе бегчы,
пакідаючы на падлозе
мокрыя сьляды.
7
{"b":"597954","o":1}