Литмир - Электронная Библиотека
Содержание  
A
A
Існуюць розныя погляды
на тую самую зьяву:
хтосьці перакананы, быццам
Сімяон-стоўпнік
ускараскаўся на верхатуру
з адзінай мэтаю —
каб зручней было
пляваць на мінакоў;
хтосьці пэўны, што
дакладнае паўтарэньне дзён,
калі наступны
ёсьць копіяй папярэдняга,
дыктуе неабходнасьць
рыхтавацца да адступленьня
на зыходныя пазыцыі.
Я гатовы згадзіцца
зь дзьвюма першымі вэрсіямі,
але ўжо не зьбіраюся
ратавацца ўцёкамі
з гэтага лябірынту аднолькавых дзён,
бо іх сьцены берагуць
беззаганную постаць
паганскае багіні,
якой маліліся ў бярозавых гаях
твае і мае продкі;
бо гэтая люстраная бясконцасьць
вартуе нязьменна гульлівую
блакітнавокую ўвагу,
па-за чыёй акваторыяй
лявандавы водар,
што ад чэрвеня заблытаўся
ў тваіх валасах,
страціць азонавую сьвежасьць,
якую я зьбіраюся
закаркаваць у бутэльку
з тонкага бэзавага шкла,
напісаўшы на этыкетцы
дзень і год,
калі я зрабіў адкрыцьцё, што
разнастайнасьць здольная таіць
сьмяротную небясьпеку,
а лябірынт паўтарэньня,
як добрае віно,
надае звыклым рэчам,
сытуацыям і пачуцьцям
новы аб’ём,
калі нават гукі
набываюць колер і форму,
і твой званок у дзьверы
асыпаецца на паркет
вадаспадам валошкавых шарыкаў,
а вітальны сьмех
мáе колеры й вусатыя абрысы
маёй рыскі, якая —
адзіная з усіх дзьвюх-
і чатырохногіх істотаў —
любіла, адрозна ад цябе,
засынаць у мяне на грудзях;
пакуль я дзялюся з табой
гэтым адкрыцьцём,
па пакоі разыходзяцца
канцэнтрычныя кругі
колеру азёрнай завоіны,
населенай гарлачыкамі
і вірлавокімі стрэлкамі,
адкуль,
як зь вялізнага акварыюму,
за намі вядуць назіраньне
дзьве залатыя
рыбіны-тэлескопы.

Горад, якога няма

Валянціну Акудовічу

Ты сьцьвярджаеш,
гэтага гораду няма,
бо ён
ня вабіць мітамі і
не абавязвае мэтамі.
Напэўна, таму
адусюль я вяртаюся
менавіта сюды.
Гэта так файна:
піць віно,
цалаваць жанчыну і
пісаць вершы
ў горадзе,
якога няма,
як няма
ні лепшых, ні горшых
часін і гарадоў
ні для паэзіі,
ні для каханьня,
ні для нашага з табой
пункцірнага сяброўства —
бо, ты сьцьвярджаеш,
цябе таксама няма,
а я маю нахабства
у гэтым сумнявацца
ў горадзе,
якога няма.

Ранішні верш пра твае грудкі

У панядзелак
сьвяціла сонца, і
твае грудкі
пахлі лявандаю,
а прыклаўшы да іх вуха,
можна было пачуць
бурштынавую музыку
Грыга.
У аўторак
церусіў дождж, і
твае грудкі
купаліся ў водары язьміну,
а смочкі таілі смак
вішнёвага лікёру.
У сераду
было хмурна, і
я параўнаў
твае грудкі
зь дзьвюма козачкамі
на зялёным схіле
вінаградніку —
бо яны частавалі мяне
мускатным віном.
У чацьвер
усхадзіўся вецер,
а пад атласнай скураю
тваіх грудак
пералівалася
лютневая мэлёдыя
невядомага кампазытара
XVI стагодзьдзя,
кантрапунктам якой
быў дымок
ляснога вогнішча,
якім цягнула
з-пад пашак.
Сёньня
грудкі ня пахлі нічым —
напэўна таму,
што гэта былі
не твае грудкі.

Што бывае ў траўні

Вось ты і пераканалася,
што бывае ў траўні
з матэрыяй,
якую ўмоўна называюць
часам:
заўтра я любіў цябе
ўчора мы сустрэнемся
мы яшчэ памерлі
мы ўжо не нарадзіліся.

Дождж

Гэты дзіўны дождж
населены матылькамі,
што не баяцца кропляў,
усьцешана ловячы іх
сэрдалікавымі крылцамі...
Гэты дзіўны дождж
разбаўляе паводле антычнага звычаю
зьмесьціва келіхаў і кілішкаў,
кратае чуйнымі пальцамі
невідушчага музыкі
столікі адкрытай тэрасы
і ня мае змогі патушыць
нашу зялёную запальнічку
ў Празе на вуліцы Парыскай
ці ў Парыжы на Праскай —
трэба загаварыць да мінака,
каб даведацца, на якой мове
тут перашэптваюцца
закаханыя.
Гэты дзіўны дождж
праяўляе дагератыпы рэмінісцэнцыяў
і кінакадры эвэнтуальных здарэньняў:
бутэлька вішнёўкі,
выпітая з рыльца
на мокрых Градчанскіх усходах;
купэ міжнароднага цягніка,
якое прапануе вытанчаныя
эратычныя экспэрымэнты
з удзелам матацыклістаў,
што цнатліва маркоцяцца
на чыгуначных пераездах;
начное рабаваньне
паснулых вандроўнікаў,
якім мілажальна пакінуць
пяць цыгарэтаў
і пляшку сьветлага, як гэты дождж,
мараўскага...
Ужо на ўзьмежку
ранішняга вяртаньня
я пасьпею выслухаць
тваю выключна цьвярозую
прафэсарскую вэрсію:
аказваецца,
мы з табою трапілі
пад залеву з хранонаў —
элемэнтарных часьцінак,
у якіх увасоблены
час.
20
{"b":"597954","o":1}