Бэзавае сутоньне з кавай
пасьля цэлага тыдня несустрэчаў
на канапе паважнага веку,
якой зноў трэба прывыкаць да нас,
настройвае на мэтафізычны лад.
На той тэрыторыі
цела —
нешта большае, чым цела,
якое складаецца з клетак
і ўсяго астатняга,
паведамляю я.
(Дыялёг прысьвячаецца снам.)
На той тэрыторыі
яно непадлеглае сьмерці,
а значыць,
у ім увасоблена вечнасьць.
Ты ўсьміхаесься
з адценьнем самазадаволенасьці.
Ты не сумняесься, што прысьніцца мне
магла выключна ты,
і я адчуваю
мурашыны ўкус сумленьня:
сёньня ў сьне
я любіў не цябе, а тваю сяброўку,
якая ніколі ня стане маёй
на гэтай высьпе.
Ты ўступаеш у размову
ў іншай танальнасьці,
называючы сон
прадмесьцем сьмерці,
анклявам краіны,
надзейна абароненай ад нас
дзённым ratio,
калегіюмам, дзе мы вучымся
бясконцаму дасканаламу сну,
нечытэльнымі чарнавікамі
загадкавага тэксту,
да якога мы рухаемся
павілястымі сьцежкамі кашмараў
і бяссонных начэй.
З табою не бывае сноў-чарнавікоў
(гэта — я, і гэта — праўда),
сноў-эскізаў,
сноў-навэляў,
дзе ў фінале засталося
колькі нявыкрасьленых фразаў,
Праўда і тое, што
такія сны здараюцца ў мяне
ня толькі з табою,
бо
падараваць адчуваньне вечнасьці
можа кожная жанчына.
(Пра гэта лепей памаўчаць,
хоць маецца на ўвазе,
безумоўна, тэрыторыя сноў.)
Так я гутару з табою,
адважна здымаючы двукосьсі
з цытатаў лацінаамэрыканскіх
раманістаў,
якіх мы звычайна чытаем па чарзе,
пакідаючы на палях
лёгкія рыскі
алоўкам ці фарбаваным пазногцікам,
гутару,
зусім выпадкова
сустракаючыся пад коўдраю
з тваімі ўсходнім і заходнім
паўшар’ямі,
пакуль стройная лёгіка думак
ня зьведае разбойнага ўварваньня
твайго алягічнага цела,
якое,
адзінае,
здольнае падараваць мне вечнасьць
тут,
на гэтай высьпе,
у прыбоі бэзавага сутоньня,
за пяць гадоў да новага тысячагодзьдзя,
на вуліцы забытага правадыра,
якая з гэтага адвячорка
будзе называцца
тваім імем.