Гэты непаважны дзень
добра пачаць з малітвы
ў грэка-каталіцкай царкве
сьвятых апосталаў Пятра і Паўла
ў лёнданскім раёне Фінчлі;
потым табе прапануюць
паслухаць мэмуары
(вёсачка пад Нясьвіжам,
Афрыка і Монтэ-Касына)
суайчыньнікі
зь Беларускага дому
на Penn Road,
дзе ўчора зацьвілі магноліі;
потым ты выправісься падземкаю
на Трафалгарскі пляц,
дзе круглашчокія землякі
Стывэнсана і Валтэра Скота
з загарэлымі нагамі
выдзьмуваюць з дудаў
зусім беларускія мэлёдыі,
наслухаўшыся якіх,
ты недасьведчана ўваб’есься
ў паб,
запоўнены парачкамі
дзіўных закаханых, і,
не дапіўшы віна,
зьбяжыш ад лёнданскіх гомасэксуалістаў
да імпрэсіяністаў
з Нацыянальнай галерэі,
каб аддыхацца
на бульварах Пісаро
і згубіцца
ў блакітна-зялёным натоўпе
Рэнуаравых «Парасонаў»,
у якім
цябе чакае знаёмства
з расейскай прастытуткаю
і мэксыканскай студэнткай
з антычнай фігуркаю
ў чорным трыко
(як заўсёды ў тваім жыцьці,
усё адбываецца
з ініцыятывы жанчыны).
Ты выбераш мэксыканку,
зь якой цябе аб’ядноўвае
аднолькава вусьцішная
ангельская мова
і прыкладна аднолькавы
бюджэт падарожжа;
грошай усё ж хапае,
каб запрасіць яе ў «Salisbury»,
а ангельскай мовы —
каб растлумачыць, што ў гэтым пабе
любіў бываць
з сваімі каханкамі
Оскар Уайлд;
яе ангельскай
хапае на падазронае пытаньне,
ці ня з гэтых і ты сам
(абазнанасьць ў тутэйшай літаратуры
можна ацаніць даволі высока),
пасьля чаго ты назіраеш
тэатральны ўздых палёгкі,
бо здолеў растлумачыць,
што — не,
але гэта абсалютна ня значыць,
што пасьля пінты піва
і дзьвюх філіпінскіх цыгарэтаў
смуглявая ручка
ўжо мае права
расшпільваць гузікі
на тваёй зялёнай кашулі,
якая памятае
зусім іншыя пальцы,
і працягваць
сваю рызыкоўную экскурсію;
ты намагаесься прадэклямаваць
страфу мясцовага клясыка
пра зайздроснае шчасьце
мяняць стан душы
гэтаксама проста,
як пэні можна памяняць
на шылінг
(намёк застаецца незразуметым);
мовы
катастрафічна не хапае,
аднак,
прапусьціўшы неістотныя дэталі,
ты павінен прызнацца, што
вашае разьвітаньне
нічым не нагадвала ўцёкі, бо
мэксыканскія студэнткі
не павінны кепска ўспамінаць
мужчынаў з Рэспублікі Беларусь,
асабліва тады,
калі толькі што пачулі
пра яе існаваньне.
Шатляндцы яшчэ надзьмуваюць
свае гумовыя шчокі
каля Нэлсанавай калёны,
і ў іхні капялюш
апускае паўфунта
гнуткая мурынка,
падобная да нэгатыву
адной жыхаркі менскіх вуліцаў,
а з боку парку сьвятога Джэймза
ляціць над горадам
парачка качак,
што нясе табе на крылах
востры прыступ,
напэўна, зусім беспадстаўнай
рэўнасьці,
ад якога можна вылечыцца
толькі беларускай,
а не ангельскай дозаю
брэндзі,
пасьля чаго
найлепей вярнуцца ў галерэю і,
выбраўшы ўдалы ракурс,
схавацца за кансоляй
на пэйзажы Констэбла,
дзе пахне прывялым трыпутнікам
і дзяцінствам,
а таму так соладка дрэмецца,
пакуль у апусьцелай залі
музэйны служка
ў абліччы немаладога нашчадка
ямайскіх рабоў
не кране цябе за руку
і ня скажа, што
малады чалавек стаміўся,
бо прыехаў аднекуль здалёк;
ты ветліва ўдакладніш — адкуль,
а на пытаньне, дзе гэта,
нечакана рэзка адкажаш:
там, дзе ніколі не было
рабства,
адразу задушліва пачырванеўшы —
праз сваю нетактоўнасьць
і праз тое, што скарыстаўся
гіпэрбалай.