Варажба на чаінках 27 ліпеня Завару ў парцалянавым кубку з «Пагоняй» гарбату, паваражу на чаінках: ці доўга мне жыць у доме, населеным чужымі людзьмі і задуменнымі прусакамі, сярод якіх у мяне завялася апошнім часам парачка цікавых суразмоўцаў, ці доўга мне жыць на вуліцы, дзе каты ў гэтым сакавіку ўжо не ўспаміналі маёй рыскі Басоты, ці доўга мне жыць у горадзе, дзе садзяць за краты паэтаў, якія калісьці былі выведнікамі нашае будучыні, ці доўга мне жыць у краіне, што ўсё часьцей прыводзіць на памяць гісторыю пра павука, якому адарвалі ногі і загадваюць бегчы, а паколькі ён ня можа, робіцца выснова, што вушы ў павукоў месьцяцца на нагах. Завару ў парцалянавым кубку з «Пагоняй» гарбату, і танец чаінак застанецца галоўнай падзеяю гэтага дня. Экспэдыцыя ў Сахару Твой драмадэр мэлянхалічна жуе схопленую плюшавымі вуснамі калючку, старанна робячы выгляд, быццам спрабуе здагнаць чырвоны дынар сонца, што коціцца за клясычныя барханы, з-за якіх выходзіць шакалядавы маладзён з тузінам піва ў памаранчавым вядзерцы. За рахманы нораў твайго драмадэра завуць проста кемаль, а ў перакладзе — вярблюд, але ты ўсё адно глыбока паважаеш яго, бо пах ягонае мачы адпужвае вужак і скарпіёнаў. Наперадзе горад Эль-Флявуар (у гэтых мясьцінах любое паселішча лічыцца горадам): пяцьсот жыхароў склікае муэдзін і прыкладна столькі ж ляжаць у пытляваным пяску, навечна павернутыя спакойнымі тварамі ў бок Мэкі. Вока адпачывае ад кірыліцы і лацінкі, бэтонны сьфінкс у паранджы працуе вартаўніком трохзоркавага гатэлю, а значыць, цудадзейная мача сёньня не спатрэбіцца і парт’е атрымае шанец развучыць «калі ласка» і «дабранач», што ніколі ў жыцьці яму не прыдасца. Код Беларусі — 375, і ты маеш выдатную магчымасьць у тэлеграфным стылі паведаміць у мікрафон, што цябе занесла ў Туніс, у Сахару, у тую кропку, дзе абрываюцца дарогі і разгортваецца прастора, населеная толькі міражамі, крылатымі вярблюдамі і бляндзіністымі шакаламі з рубінавымі вачыма. Парт’е таксама аматар далёкіх вандровак і ў жніўні гуляў зь белай жанчынаю па Парыжы, дзе і ты калі-небудзь будзеш бадзяцца па кавярнях — адзін ці з чорнай сяброўкаю, але пакуль што табе хочацца выйсьці з гатэлю і расьцягнуцца на цёплым пяску, павярнуўшыся тварам да краіны, у паломніцтва да якой ператвараецца тваё кожнае падарожжа, хоць ты патрэбны ёй ня болей, чым патрэбны зараз пільным сахарскім скарпіёнам пад гэтым атрамантавым небам, засьмечаным цьмянымі сузор’ямі і чародамі крылатых вярблюдаў. Восеньскі тост
Нас трое — індыгавы вечар, вохрысты каштан і я з пляшкаю цёмнага віна, якую мы вып’ем за тваё цела: спачатку — за яго высокі гемаглябін і спачын мікробаў, што аддана служаць дзьвюм на год традыцыйным ангінам, потым — за яго садовыя сьцежкі і авантурныя альтанкі, дзе дазваляецца гаварыць выключна шэптам, потым — за яго імжыстыя хрызантэмавыя раніцы і небясьпечныя дзённыя пілігрымкі, за яго скрутныя віры, падступныя затокі і затанулыя ў іх караблі зь вядомымі адной табе мужчынскімі імёнамі, за канстанту яго экватару і ягоны нулявы мэрыдыян, праведзены празь дзьве плямкі з разраду асобых прыкметаў, за сусьвет твайго цела і непрадказальнасьць арбітаў яго населеных гуманоідамі плянэтаў і пустэльных астэроідаў, за яго сузор’і і туманнасьці, што існуюць у інфрачырвоным і ультрафіялетавым спэктрах, за жнівеньскія зьнічкі загаданых грахоўных жаданьняў, за... Сёньня надарыўся першы прымаразак, і ў кампаніі каштана і вечара я п’ю за тваё цела. |