Гэта здарыцца ў кляштары айцоў-дамініканаў у часы Стогадовай вайны, а магчыма, вайны за гішпанскую спадчыну, а магчыма, крыху раней ці пазьней. Аднойчы пасьля вячэрні ў кляштарную браму пастукае падарожнік на стамлёным кані, а назаўтра малады прыёр з бляскам у запалых вачах, які выдае ў ім сухотніка, седзячы на сонечнай тэрасе зь відам на Альпы або Пірэнэі за сталом з клепсыдрай і астралябіяй, як на аўтапартрэце Скарыны, перагорне апошнюю старонку маёй кнігі, адолее пакутлівы прыступ кашлю, адкінецца ў мулкім крэсьле, паглядзіць на гадзіньнік на ўсходняй вежы, скажа падарожніку: ён не павінен напісаць гэтае кнігі, і пераверне гарачай рукою клепсыдру. Я буду ехаць у тралейбусе зь відам на Серабранку, чытаючы ўчарашнюю газэту. Падарожнік гнацьме каня па горных дарогах. Раніца 29 сакавіка 1994 году Гарбата з малаком пасьля ўчарашняга пітва, якое, кажуць, ганараваў яго зямляк Робэрт Бэрнз (ягоныя вершы, прызнайся, падабаюцца табе меней за яго ўлюбёны напой), здаецца слабаватаю. «The Guardian» паведамляе: учора ў Парыжы памёр Эжэн Ёнэска, кароль абсурду, які разам з двухгадовай ахвяраю тамтэйшых пэдафілаў рахмана глядзіць на цябе з газэтнае паласы, зьняты на асноведзі сьцяны з партрэтам насарога ў натуральны памер. З кухоннай форткі бліскае бурштынавым вокам садовая вавёрка, што сьцягнула з стала востры кавалачак белага шакаляду з арэхамі. Такія вавёркі ўжо ня ўмеюць скакаць з дрэва на дрэва — перабягаюць ад яблыні да яблыні па прысоленай градам селязінавай траве, падобныя да пацяжэлых цыркавых гімнастак у адстаўцы, якіх калісьці любілі капітаны й маёры паветраных сілаў Яе Вялікасьці. Ты раптам успамінаеш, колькі табе споўнілася летась. Доўгае разьвітаньне Усё жыцьцё — разьвітаньне з табой, што пачалося яшчэ да маіх нарадзінаў на полацкім Верхнім замку, доўжылася ў лёхах сабору сьвятога Стэфана, дзе чалавечы чэрап быў самай ардынарнаю знаходкай, у першым мужчынскім досьведзе, набытым з палахлівай аднагодкаю ў вясковай лазьні, у самалёце, які ня мог выпусьціць шасі, і мне здалося, што нехта адмераў мне ўсяго дваццаць адзін год... I ты, незнаёмая, ужо разьвітвалася са мной у дзіцячых гульнях, у чужых абдымках, у начных таксоўках, пакуль два разьвітаньні не перасекліся у тым імгненьні, калі перад нашымі тварамі любілася на галінцы крушыны пара лясных пэрлямутравак і дрыяды зь сінімі ад чарніцаў вуснамі заціхлі ў падлеску, не адводзячы бессаромных вачэй, а пылок з матыльковых крылцаў аказаўся салодкі на смак, і вада ў нашым возеры назаўсёды засталася сьвежаю ад твайго навекі маладога цела, якое будзе разьвітвацца з маім у чабаровых уладаньнях знаёмай мядзянкі, у прыцемных успамінах замшэлых азёрных шчупакоў, у снах нашых сыноў, якім у сярэдзіне наступнага стагодзьдзя прысьніцца далёкае возера і салодкі пылок матыльковых крылцаў, ва ўзоры якіх зашыфраваная наша вечная прыналежнасьць гэтай бясконцасьці разьвітаньня. Мой табар
Колы, стамлёныя яшчэ ў мінулым стагодзьдзі, наракаюць на лёс срэбнай ад пылу кібітцы з трыма нажавымі ранамі. Вецер прыносіць зь зялёных яроў насьцярожаныя пахі чужога жыцьця, узброеныя адглянсаванымі кіпцюрамі. Агонь згаладала смажыць мяса, узятае ў бестэрміновы крэдыт у вечаровай вёсцы зь ненадзейнай аховаю зь сініх мальваў. Віно хвалюецца ў біклазе, альтруістычна дакляруючы цёплую ноч. Жанчыны бязважка заміраюць у карункавых пярынах папараці, што да першых прымаразкаў памятае іх салодкія стогны. Матылькі-аднадзёнкі лянуюцца падымацца з красак, якія я зьбіраю сваім аднадзёнкам-абраньніцам. Мужчыны сноўдаюць па ўзьлеску з стрэльбамі, упэўненыя, што мае жанчыны належаць ім. Няхай у табары застаўся я адзін, але ластаўкі яшчэ садзяцца мне на плечы. Манэта Гэтую манэту знайшоў я ў маленстве на дзьвінскім беразе пасьля паводкі. Вызвалялася манэта ад паціны і зноў пакрывалася ёю. Сьціраліся на манэце цьмяныя надпісы — выступалі новыя. Зьнікалі на ёй старыя гербы й партрэты — узьнікалі новыя гербы і профілі. Купляў я за гэтую манэту нянавісьць. Купляў за яе славу. Нават каханьне купляў я за яе. Ды кожны раз вярталася да мяне мая манэта... Прыйду на дзьвінскі бераг пасьля паводкі, запытаюся ў сябе самога: дзеля чаго знайшоў ты ў маленстве гэтую манэту? |