Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Паліцэйскі

Можаш ісці!

Іван

Пойдзеце проста.
Выстралы вецер заглушыць ўначы.
А калі хто і прачнецца,
Дык будзе па часе.

Тацяна

Тата, ты спіш?
Чуеш пад вокнамі крокі цяжкія?
Чуеш, на вёсцы сабакі
Як выюць?

Сымон

Можа, ваўкі недзе блудзяць,
Возера з ветрам ў загрудкі ўзялося…
Спі. Хутка днець будзе,
Пэўна табе ўсё гэта здалося.

Тацяна

Усё ж я лепш выйду і гляну,
Толькі ўскіну на плечы вось хустку…

Сымон

Усё роўна нічога не ўбачыш.
Спіць яшчэ вёска. На вуліцы пуста.
Выйшла… Не спіцца ёй нешта.

7

Тацяна

Што тут!..
Гумно адчынена, параскідана сена,
Пэўна, тут быў нехта…
Грышка!..
Пара уставаць.
Грышка!..
Чорнымі крыллямі
Вецер ударыў у твар, і далёка
Чутна было, як шумеў бор стары
Над затокай.
— Грышка!..

Iван

Тацяна, твой Грышка не прыйдзе.
Можа, не верыш?
Пайшоў на гасцінец разам з Прахорам.
Слухай, Тацяна, цябе ён пакінуў,
Больш ён ніколі не прыйдзе!..

Тацяна

Але адкуль ты тут узяўся?

Iван

Я быў тут блізка.
На возеры быў.
Чуў, як ты клікала Грышку.

Тацяна

Не, не старайся мяне затрымаць!

Iван

Эх, як птушка,
Вырвалася, паляцела!
Пэўна разбудзіць
I вёску усю, і арцелі.
Трэбахавацца…
Гэта не вецер калыша лясы,
Гэта трывогі звіняць галасы,
Гэта у рэйку набатную б'юць.
Вырас натоўп рыбакоў,
Бусакі
Лесам асеннім ўзняліся ўгару.
Гулкай трывогі агні-языкі
Ужо ахапілі зару.
— Хто чаго звоніць? — чутна з далі.
— Стражнікі Грышку з Прахорам ўзялі!
— Куды іх пагналі?
— Хто бачыў, калі?
— Трактам кабыльніцкім іх павялі!..
Звонам Тацяна збірае народ.
Чырванню яркай палае усход.
Бурнымі хвалямі ў поле з сяла
Выйшаў узброены, грозны натоўп,
Быццам ўдагон па зямлі паплыла
Чорная хмара…

Частка шостая

І

Зрэбны дарогі ручнік
Сцелецца ў даль пад гару,
Толькі гарачага поту
З твару ты ім не сатрэш.
Хочаш, хоць скуты, яшчэ
Край свой прайсці, Беларусь,
Сонечны бачыць усход,
Бачыць краіну без меж.
Варта памалу ідзе.
Гэта не першы ёй раз.
Заўтра другіх павядзе,
Калі не абудзішся, брат!
Можа, ў астрозе калі
Ўспомніш ты гэты прастор,
Песню і шум трыснікоў,
Цені вячэрнія дрэў;
Можа, ты ўспомніш зару,
Кагаркі з сініх азёр,
Гул берасцянай трубы,
Родны, далёкі напеў.
I пашкадуеш: чаму
З гэтых этапных дарог
Не спрабаваў уцякаць
У хмызнякі ды ў лес?
Ведай: ніколі, мой брат,
Ад успамінаў і дум
Гэтых нідзе не ўцячэш.
Вырастуць дні у гады;
На валасах — сівы снег,
Як на сасне маладой,
Засерабрыцца ў мароз,
Толькі ўсе думы твае
Будуць блудзіць паміж стрэх,
Там, дзе азёрная сінь,
Там, дзе нядоля палос.
Золатам жыта цвіце.
Шызы над нівамі дым.
Эх вы, дарогі жыцця,
Што там за вамі ўдалі?
Доўга зязюля ў бары
Некаму лічыць гады,
Чорныя ночы і дні
Ў шэлесце, ў шуме калін.
Раптам дарогі струну
Лес векавечны абняў,
Хмарай зялёнай апаў,
Лісцем бяроз і асін.
Пахне жывіцай-смалой,
Сініх ягоднікаў стаў
Плямамі сонца расцвіў,
Зеленню сонных малін.
Варта памалу ідзе.
Ў гэткі, у сонечны дзень,
Не развітаўшыся нат,
Цяжка сваіх пакідаць.
Як над азёрамі ноч
Сіні раскіне свой цень,
Доўга рыбачка ў сяле
Будзе адна сумаваць.

2

Прахор

Што, пан, далёка да вёскі?

Паліцэйскі

Два ці мо тры кіламетры.

Прахор

Сонца, як полымя, паліць,
Аж ускіпае паветра.
Хочацца піць.

Грышка

Нешта сумным
Сёння пляцешся, таварыш;
Хаты рыбацкія, гумны,
Можа, сям'ю ўспамінаеш?
Недзе яны ўжо далёка…
Песню адну прыгадаў я,
З дзён перажытых, гаротных,
Помню, спяваў яе слаўна
Ў камеры нашай работнік.
Путы раскуўшы, з-пад стражы,
Ноччу марознаю ў поле
Вырваўся катаржнік-вязень,
Вырваўся, чуеш, на волю…
9
{"b":"597939","o":1}