Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Грышка

Прахор, пара ужо ісці.

Прахор

Ідзём!

5

Гарыць агонь.
Спакойна дрэмле Нарач.
I ноч, як песня ціхая, без слоў,
На сонны бераг навявае чары,
Калыша хмары-думы рыбакоў.
Часамі з поля падкрадзецца вецер,
Рукамі згорне золата з агню
I, рассяваючы, нясе, здаецца,
Па небе зораў поўную сяўню.
Часамі хваля падпаўзе пужліва,
Як бы пра нешта хоча запытаць
Ці, можа, казку задрамаўшым нівам,
Арцелям сонным хоча расказаць.
I да затокі ў зарыве чырвоным
Ізноў бяжыць з пакатых берагоў.
Грызуць мурог папутаныя коні,
Дзе-недзе звон сарвецца з капытоў.

Першы рыбак

Далёка нашых ўжо хлопцаў загналі,
Дзе не шумяць ні хвалі, ні чарот…

Другі рыбак

Адных ўзялі, але прыбою хвалі
Ужо калышуць збуджаны народ.

Трэці рыбак

Прыехалі асаднікі, паны.
Азёры пахнуць ім не толькі рыбай,
Яны глыбей ўпушчаюць кіпцюры
У нашы нівы,
ў прадзедаў сялібы,
I ў нашы песні, і ў лясы-бары.

Чацвёрты рыбак

Не за ваду мы пачалі змагацца,
Але за тое, хто гаспадаром
З нас будзетут…
Заціснуць хутка і на горле пальцы,
Калі мы катам іх не адсячом.

Пяты рыбак

Цішэй!.. Чуваць, здаецца, нейкі голас здалі
Ці, можа, зашумелі каласы…
Зноў успаўзла на скат пясчаны хваля,
Змываючы людскія галасы.
Спакойна дрэмле Нарач на прыволлі,
А колькі зор у возеры гарыць!
Іх не злічыць, не вылавіць ніколі
I залацістым невадам зары.

6

Грышка

Глянь!
Там Нарач сінее, як неба кавалак,
Там гатаўскай пушчы цямнеюць хваіны!

Прахор

Хоць пад канец яшчэ ўбачу
Сваю азёрную краіну…
Дык гэта Нарач!..

Грышка

Здаецца, ціхі кут,
Ніякіх змен не адбылося тут.
Ды толькі дням
Не дагараць спакойна ў сонечным загары,
Як некалі…
Пара ісці ўжо нам.

Прахор

Не, брат,
Ісці я не магу.
Тут застануся і абмыю раны.
А ты ідзі дамоў.
Хай рыбакі памогуць
На бераг свой дабрацца на світанні.
Ідзі, табе яшчэ ісці далёка.

Грышка

Там нехта гаспадарыць ля чаўноў,
Пайду спытаю, можа, перакіне
Мяне праз возера дамоў
Ці скажа мне, як абмінуць гасцінец…
— Дзядзька, можа, ты перавязеш
Мяне на бераг гатаўскі,
А то ісці абходам
Далёка і праз лес.

Рыбак

Не, сынку!
Я тут ад усходу
Пераважу вартаўнікоў.
А сёння, як на безгалоўе,
Наехала паліцыі, паноў, —
Ператрасаюць глуш сасновую.
Работы шмат, а зарабіць на соль
Не зараблю, яй-богу!

Грышка

Гаворыш, што ля нарачанскіх сёл
Абстаўлены паліцыяй дарогі?

Рыбак

Эт, кажуць людзі!
Чуткі з поля, з лесу прыпаўзлі,
А тут азёры іх расплёскалі
Па жвіры, —
Нібыта нашы людзі
Ад паліцыі ўцяклі…
Ты, можа, чуў,
Аж з-пад сівога Свіру?
А ты адкуль сам будзеш, а?

Грышка

Я — дальні…

Рыбак

Так…
Я перавёз бы…
Відаць, што ты змарыўся…

Грышка

Ну што ж, пайду.
Бывай!

Рыбак

З богам!
Ідзі праз лес,
Мо і ўдасца як табе пралезці…
Ды, паслухай…
Балаты мінай!
Засадатам.
За кожнага з вас
Стражнікі даюць сярэбранікаў
Дзвесце!..

Стражнік

Ты з некім гаварыў?
З суседам? Гаварыў пра пашу?
Чаго ён поўзае у будні дзень?

Рыбак

Гэта, пан, чалавек свой быў,
З вёскі нашай…

7

Прахор

Пуста кругом.
Шумяць трыснікі,
Цугам цягнуцца хмары.
Толькі боль не сціхае ў грудзях,
Быццам вогнішча, дыхае жарам.
Як і чым гэты жар пагасіць?
Ветрам век не астудзіш,
Крывёй не зальеш,
Хіба сіняю хваляй,
Што вабіць мяне у бязмеж…
Нарач, Нарач!
Родны бераг імглою заслала.
Там вёска,
Там хата, сям'я…
Сінія хмары
Плывуць насустрач валам.
I ўздымаюцца хвалі вышэй,
Серабраныя і залатыя.
Вось адна дапаўзла да грудзей,
Абняла рукой чулай за шыю.
Прамільгнуў белай кагаркі цень над вадой.
— Таварышы, разам цягніце, за мной,
Невад, напоўнены рыбай, хутчэй!
Хвалі ўздымаюцца справа і злева,
Быццам раллі алавяныя скібы.
Прахор ідзе ўсё далей і далей.
I здаецца яму,
Што цягне ён невад —
Цяжкі, поўны сярэбранай рыбы.
А перад ім уздымаецца вал.
На дне за карчы зачапіліся ногі.
Хваля, як з горных вяршыняў абвал,
Загарадзіла дарогу,
Падняла рыбака,
Ўскалыхнула…
— Памажэце дамоў дабрацца!
Блізка кнігаўка крыкнула і прамільгнула,
Ды неба
Вячэрняй зарой
Пачало загарацца.
11
{"b":"597939","o":1}