Литмир - Электронная Библиотека
A
A

5

Ні галасоў, ні гоману
Ў нахлынуўшым тумане.
Ля возера Баторына
Сядзіць адна Тацяна.
Даўно паснулі вуліцы,
I толькі адгалосы
Яшчэ дзе-недзе чуюцца
Асвераў і калёсаў.
Зара ў трысці хаваецца,
Мігціць Шлях Млечны зораў.
Дзяўчына прыслухаецца,
Што возера гаворыць,
А хвалі пераліўныя
Пяшчотна з трыснікамі
Шапочуць казкі дзіўныя
I гойдаюць чаўнамі.
А месяц пераломаны
То вынырне з туману,
То выплыве з Баторына
Каля чаўна Тацяны.

Грышка

Прыйшлі, ці доўга нас чакала?
Сход зацягнуўся дапазна.
Што ж, кагарка, не сумавала
Над Мястрам-возерам адна?

Тацяна

Дамоў ісці была гатова,
На кірмашы пакінуць вас… —
А вочы зорацца з-пад броваў,
Як золак у вясновы час.

Прахор

Ну, хлопцы, ўдаль па хвалях сініх,
Каб дома быць нам да зары.
А ты, арол, глядзі — дзяўчыны
У рыбакоў не забяры!
I пырснуў смех з блакітнай хваляй,
Аж зашумелі трыснікі.
На першых лодках рыбакі
Пра Нарач песню заспявалі.
I паплыло па хвалях рэха
Туды, дзе цёмны бор стаяў,
Дзе летнім сном драмалі стрэхі…
Эх, песня родная мая!

6

Трэба вёсламі ударыць, —
Зноў Прахор гаворыць.
Лодкі выплылі на Нарач,
Бы на сіне мора.
Лес над берагам прачнуўся,
Песню паўтарае…
«Паляцелі белы гусі
Ды з чужога краю…»

Грышка

Слухай, сэрцамаё, шчыра
Я цябе кахаю,
А ты вечна, быццам вырай,
Ад мяне ўцякаеш.
Ціха кагарка паўноччу
Песню абарвала,
За шаўковай хусткай вочы
Зорныя схавала.
— Я даўно цябе кахаю, —
У адказ дзяўчына,
Ці мо прашаптала хваля,
Грышка вёслы кінуў.
— Што ж там песню абарвалі? —
Зноў Прахор гаворыць.
Паняслася песня хваляй,
Хваляй па азёрах.
Уздымецца высока
Недзе над барамі,
Рэе-кружыць, нібы сокал
Па-над трыснікамі,
На прасторах Беларусі
Долі след шукае…
«Вы пастойце, белы гусі,
Я вас запытаю…»

Частка пятая

І

На пабярэжжы азёрным, зялёным
Павырасталі палацы магнатаў,
Воддаль чарнеюць вузкія загоны,
I валуны, і рыбацкія хаты.
Неба заслала блакітам шырокім
Наднарачанскія нівы і вёскі,
Ціхі магільнік, крыж адзінокі
Каля пахіленай ветрам бярозкі.
Людзі жывуць у палацах ліхія, —
Хлеба ў іх досыць, і хлеб без мякіны —
Глыбака ўгрызліся ў нашу краіну,
П'яўкамі смокчучы сокі жывыя.
Толькі гаруе ўвесь бераг рыбацкі:
Рукі крывавым пакрытыя потам,
Твары абмыты слязамі сіротаў,
Плечы намулены лямкай батрацкай.
Нават і песні там іншыя, неяк
Звоняць яны сіратліва над полем,
Пераліваюцца скаргай жалеек,
Сумам прадвечным па шчасці, па волі.

2

Выйшлі ўсе разам.
Праз межы, праз поле
З вёсламі моўчкі арцелі ішлі.
З берага кагаркі
Раптам ўзняліся,
Зніклі ўдалі.
Выплылі лодкі.
— Смела ў дарогу!
— Шчаслівы палоў!
— Помніце — хлеба няма ўжо!..
Хваляў шум.
Звон галасоў.
З Нарачы выплыла сонца.
Лодкі да сонца плылі.
Біліся хвалі аб вёслы,
Пеніліся і гулі.
Дзеці, жанчыны, старыяI
Сёння на бераг прыйшлі
З віламі, з пешнямі.
Сталі, чакаюць, калі
Новыя выплывуць лодкі.
— Што, усё яшчэ не відаць?
— Мо толькі выплыве вёска адна?..
Нарач шуміць.
Пільна угледзеўся
Ў гатаўскі бераг Сымон,
У бераг далёкі.
Пеніцца сонца, і хваль перазвон.
— Кагаркі, можа?..
— Не, лодкі!
— Бачыце, бачыце! — бераг ажыў.
Радасна бліснулі вочы,
Быццам іх сонца прамень запаліў.
Люблю твае, Нарач, затокі і тоні,
Як вецер густыя туманы развесіць.
Ці снежная пена на хвалях зазвоніць,
Цалуючы зоры, калышучы месяц.
Люблю, калі ў сонцы гарыш пазалотай,
Раскінуўшы сінія хваляў палотны,
Калі ў непагоду сумуеш маркотна
З рыбацкаю песняй, з зялёным чаротам.
Люблю твае буры, твае навальніцы.
Ў іх чую, бы ў песнях, жыццё маладое.
I хочацца блізка грудзьмі прытуліцца
Да чорных ад гневу кіпучых прыбояў.
7
{"b":"597939","o":1}