Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Частка сёмая

І

«Я пайду па ранніх росах,
Па сцяжынках адгалосаў
Асцярожненька збяру
Залацістую зару.
Пералескі, нівы, пейце!
Дзень іграе на жалейцы,
На трубе ды на ражку,
На зялёным лазняку.
Зрэбны пояс туга, туга,
У руках даўгая пуга.
Нарачанскі сіні край,
Гэй, на паству выганяй!»
Доўга пастыр на трубе
Пералівае зару.
Скрыпам гамоняць вароты, асверы.
Статак ляніва, павольна
Ідзе пад гару
Выганам выбітым, шэрым.
Толькі ўсё дрэмле яшчэ
Бор нарачанскі густы.
Неба, як наквець на самазялёнцы.
Цягнецца з хат,
Нібы з прасніцаў,
Столкамі пачасся дым,
Перавіваецца з сонцам.
«Сінню вочы напіліся.
Хай наш горкі хлеб ад гірсы,
— Мы пяём пад шопат хваль
Пра далёкі край Трансвааль.
Абняло быллё акопы,
Толькі песні не ахопіць —
І сягоння сум глухі
Б'е, як хваля ў берагі.
Гора торбай з плеч звісае,
Гора ў лапці абувае,
Пяе песні аб вясне,
Аб свабоднай старане.
Эх, праз поле, поле, гоні
Толькі часам рэха звоніць,
Гоніць вецер галасы —
Коціць пацеркі расы».
Пуста на выгане зноў.
Змоўкла труба, не гучыць,
Толькі звініць яе рэха між соснаў.
Голас чуваць маладзіц:
Гутараць мо, ідучы,
Пра свае справы і кросны.
Дзятламі ў косы дзяўбуць
Наперабой малаткі
Недзе між стрэх саламяных, іржавых.
А на зялёных лугах
Звонка сцябачкі, брускі
Загаманілі ў травах.
Вымыўся дзень у расе,
Выцер яго ручніком
Вецер, напоены кветкамі, свежы,
Толькі вузкія шнуры,
Толькі палосы кругом.
Межы, праклятыя межы!
«Поле — даль за чыстым полем,
Край — над краем хмараў болей,
Бор — за ім сасоначкі,
Даль — за ёй дарожанькі,
Гэй, з бяды не гніся, браце!
Лепш бярыся з ёй змагацца,
Карак холены скруціць
Або ў Нарачы ўтапіць,
Можа, мала гнуўся горбам
Ці шкада жабрачай торбы,
Лапці-хадакі змяняць
На жалезнага каня,
Надыван палёў шырэйшы,
На пшанічны сноп цяжэйшы,
I на песні, і на смех,
I на сонца новых стрэх?!»
Вецер калыша траву.
Мокры, густы мурог,
Польны званочнік, ваўчыца, як воўна,
Дзяцельнік белы як снег,
Мята і чартапалох
Сцелецца косамі роўна.
— Гой, гэй! На бераг хутчэй! —
З прыстані нехта крычыць,
Быццам заспалае возера будзіць.
Коціцца травамі шум…
— Мо трэба там памагчы? —
З поля збягаюцца людзі.
Змоўкла на міг сенажаць.
I загарэлася сталь
Косаў на плечах пахіленых, шэрых.
Беглі усе нацянькі.
Збуджаным рокатам хваль
Клікала Нарач:
Набера-а-аг!..

2

Грышка

Зноў я на старых слядах.
Чуваць скрыпяць вароты і асверы.
Мо прабяруся ў вёску па кустах.
Пустуюць хаты.
Недзе ўсе на сенажаці.
Мо і Сымон паплёўся на пакосы
Ці майструе каля невадоў…

Архіп

Грышка! А ты, браток, адкуль?

Грышка

Я ад пагоні ледзь уцёк.
Да вас прыйшоў,
Ратуючыся ад вартаўнікоў.
Скажы, каб хто прыйшоў пад вечар.
Я пачакаю у Сымонавым таку.
Ды глядзі не гавары на вецер,
Што бачыў тут мяне…
Бяда вось толькі, што учора
I сёння раніцай імглістай
Арцелі не знайшлі Прахора,
З пустымі лодкамі вярнуліся у прыстань,
Ты што на гэта скажаш?
Наберазе, ці чуеш, нейкі гоман?..
Даведайся!

З

Солтыс

Браткі, лепш бы разысціся!
Збірацца забаронена!
Ато ад пратаколаў не адкараскаешся век.
Ды цішэй!
Без шуму, без гоману!
Чаго не бачылі? — ўтапіўся чалавек…

Першы рыбак

Мо нехта з нашых.
Рызман — на лаце лата…
Кашуля наша зрэбная ў яго.

Другі рыбак

Гэта не з дачнікаў, а нехта з нашых…

Солтыс

Пагнаўяго тапіцца нейкі чорт
I замяшаць такую кашу!

Трэці рыбак

Перавярнеце тварам!

Архіп

Не можа быць!.. Прахор?!.

Усе

Прахор…

Солтыс

Браткі, лепш не чапайце, не закон!
Яшчэ за гэта ад паліцыі нам будзе.
Відаць, ранены ды яшчэ
I арыштованы мо ён…
На плечы рыбакоў
Лягло цяжкое гора,
Лягло на нівы батракоў,
На межы, на палосы, на азёры.
12
{"b":"597939","o":1}