За шыбамі тлеюць у інеі сінія зоры.
Мерзнуць ад сцюжы апухлыя пальцы, баляць.
Ведаю, песні, вам хочацца новых разораў,
Шолаху лесу зялёнага, звону азёраў, —
Сніцца не раз вам шчаслівая наша зямля.
Будзе ўсё гэта… Гартоўным нарогам падымем
Новыя дні; залатых ураджаяў зару
Збяруць у снапы маторы рукамі стальнымі;
I вёснамі будзе цвісці маладымі,
Вясёлкамі песняў мая Беларусь.
А сёння ідзіце ў батрацкія хаты, пад стрэхі, —
Пазнаюць вас там па глыбокіх шрамах,
Па чорных мазолях, па гулкаму рэху.
Як сонечныя, загарайцеся вехі
На горных вяршынях, на новых шляхах!
А сёння ідзіце між родных загонаў,
Дзе многа знаёмых спаткаеце вы.
Рассцелюць вам нівы узорны настольнік,
Як прыйдзеце ў госці ў дзень заўтрашні, вольны,
Ці з славаю паўшых, ці з славай жывых.
I поўнач мінае. За шыбамі вецер…
За сына дзесь моліцца матка цяпер.
А я хачу сонца пранесці па свеце
I ворагам кінуць у вочы з-пад сэрца
Крывёю гарачай апырсканы верш.
Вось раніца ціха лягла на падлогу…
Я песні бяру свае ў дальні паход.
Іх трэба рассеяць вясной па разлогах,
Каб заўтра на струнах, на новых дарогах
Нам з песнямі стрэціць свабоды прыход.