Дзяніс узяў ізастужку і вырашыў спалучыць на практыцы абодва спосабы. Эклектыка заўжды яго прываблівала. У выніку ў Дзяніса пачало атрымлівацца, стыкі атрымліваліся збольшага роўнымі цераз адну лядоўню. Неабходна было толькі сканцэнтравацца.
У адрозненні ад абрэзачнай пены заляпляць стыкі аказалася ў шмат разоў прасцей, прынамсі, яшчэ на колькі гадзін. Лядоўні ішлі не ўпрытык, а на метровай адлегласці адна ад адной, таму Дзянісу хапала часу, каб выканаць аперацыю і трохі перадыхнуць.
Асаблівасцю гэтай веткі было тое, што працоўныя стаялі, ці сядзелі абапал канвеера. Дзяніс паспеў пазнаёміцца, дакладней перакінуцца дробяззю слоў амаль з усімі бліжэйшымі да яго працаўнікамі, у сваю чаргу, кожны з іх даваў яму слушную параду, дзе і дапамагаў.
Але не гледзячы на добразычлівасць працоўных, яму ўсё ж карцела паздзекавацца. А як яшчэ кампенсаваць ранішнюю раздражнёнасць і нежаданне працаваць? На ветцы ён тут жа вылучыў для сябе асобы, якіх можна было падвергнуць разумовай тэрапіі. У яго галаве зайграла старая пласцінка аб раздачы чарговых мянушак. Першым такой пашаны спадабніўся ўжо ўзгаданы хлопец з радзімкай на шчацэ. Дзяніс хацеў, каб мянушка не вылучалася асаблівай банальнасцю і адпавядала яго ўсмешлівай фізіяноміі. На розум прыйшло толькі адно — Ласун. Ух, Ласун! Бадай, у трэцім цэху ён быў самым пазітыўным працоўным, які часта па-штукарску выскаляў жоўтыя зубы і суправаджаў свае, безумоўна, красамоўныя рэплікі адборным мацюком.
Наступным, на кім Дзяніс спыніў сваю ўвагу, быў напарнік Ласуна, што стаяў насупраць яго і ўкладваў унутр змацаваных сценак лядоўняў кардонныя лісты. Прыблізна, аднагодак Ласуна — падцягнуты бландын з яскрава-блакітнымі вачыма — у адрозненні ад эксцэнтрычнага напарніка паводзіў сябе больш стрымана, толькі кожных паўгадзіны бегаў паліць на склад непадалёк ад першай веткі. І яшчэ яго прычоска, менавіта з-за яе ён і атрымаў сваю мянушку, быўшы падстрыжаным пад гаршчок, як класічны нямецкі Ганс. Яго авальны твар і плоскі доліхакефальны[5] чэрап падкрэслівалі ў ім відавочнае арыйскае паходжанне. Дзяніс уявіў Ганса ў нацысцкай форме і ўсё стала на сваё месца. Гестапа!
Трэцім тыпам аказаўся хлопец, які працаваў у пары з Дзянісам. Ён выразаў адтуліны ў кардонных лістах, устаўляў у іх пластмасавыя закаркоўкі і, усоўваў у куты лядоўняў паралон. З выгляду хлопец здаваўся несамавітым малым гадоў дваццаці пяці і, не гледзячы на ўжо чвэрць векавы ўзрост, твар яго быў спрэс абсыпаны прышчамі. Дапатопныя акуляры і яшчэ гэтая бародка: рэдкая, як у дзячка з вясковай цэркаўкі. Яго звалі Грыша. З такім імем і мянушкі не трэба мець. Да ўсяго пералічанага над ім часта кпілі, бессаромна абражалі, ці па-простаму чмырылі. Дзяніса асабліва ўразіў адзін момант. Брыгадзір Холадаў, здаровая двух метровая шафа, кожны тыдзень раздаваў усім рабочым пальчаткі, а таксама “гаспадарчае мыла”. Усіх ён абслугоўваў з належнай клапатлівасцю, нават Дзяніса, якога бачыў упершыню. Раздаўшы ўсім, акрамя Грышы, пальчаткі з мылам, Холадаў адышоў ад канвеера на патрэбную дыстанцыю і, скруціўшы апошнюю пару пальчатак з апошнім кавалкам мыла ў нейкае падабенства шара, выгукнуў:
— Лаві! — і з прафесіяналізмам спрытнага бейсбаліста, шпурнуў скручанае ў Грышу.
Той, вядома, не паспеў злавіць неспадзяваную падачу з-за адсутнасці хуткай рэакцыі і пальчаткі з мылам паляцелі на падлогу. Холадаў зарагатаў і з’едліва вымавіў:
— Што ж ты, Грыша, такі няўважлівы, а яшчэ на канвееры працуеш.
Ласун з Гестапа душыліся ад смеху і толькі аднаму Дзянісу стала ніякавата. Ён ніколі не любіў назіраць, калі падобным чынам выяўлялі нікчэмную сутнасць чалавека, які не можа за сябе пастаяць. Гэта вельмі выразна кампраметавала асобу.
Між тым Грыша, акінуўшы брыгадзіра варожым поглядам, прабурчаў няўцямнае “пайшоў ты” і прыняўся збіраць з падлогі раскіданыя рэчы.
— Пабурчы мне яшчэ там, у наступны раз у галаву кіну, — найграна раззлаваўся Холадаў і пайшоў па сваіх справах.
І апошні, каго Дзяніс адзначыў сваёй увагай, быў мужык, які працаваў амаль на самым куце першай веткі і прыкручваў у прасвідраваныя адтуліны ножкі лядоўняў. Ён, адносна, нічым не вылучаўся, хіба што толькі быў дужа падобны да Зянона Пазняка.
“Часам, ён не яго сваяк?”
Мянушка сталася заканамернай.
Усе астатнія былі звычайнымі працоўнымі, якія не мелі якіх б там ні было істотных асацыятыўных прыкмет.
Дзве гадзіны Дзяніс карпатліва заляпляў стыкі, так што пот цурком ішоў. Усё здавалася яму простым і нескладаным, як раз да дзесяці хвіліннага перапынку. Ён разагнуўся на ўвесь рост і імгненна адчуў ныючы боль у паясніцы. Гэта была нармальная рэакцыя на частыя згінанні і разгінанні. Спіна ўсё ж не жалезная. Ён прысеў на адзін з сінтэтычных мяшкоў, у якіх змяшчаліся абрэзкі паралона, каб заслужана адпачыць. Як толькі цела паслабілася, Дзянісу адразу перахацелася кудысьці ісці. У такім стане ён і адчуў усеагульную стомленасць сваіх цягліц. Ступні ногі наліліся свінцом, рукі спруцянелі, а паясніцу быццам прасвідравалі ўсім цэхам.
Калі перапынак скончыўся і канвеер пайшоў сваім ходам, Дзяніс ледзь падняўся. Спіну было не разагнуць. Ён паспрабаваў нагнуцца, каб заляпіць стык і ў яго пацямнела ў вачох.
Праз пяць хвілін спіну злёгку адпусціла. Аднак як працаваць далей яшчэ шэсць гадзін, ён і прадставіць сабе не мог.
Дыстанцыі паміж лядоўнямі, якія Дзяніс выкарыстоўваў у карыслівых мэтах, ужо не прыносілі эфекту лёгкага дзесяці секунднага адпачынку і толькі раздражнялі змораны арганізм. Праца ішла марудней, але стыкі, з кожным разам, выходзілі ўсё лепш і лепш, набліжаючыся да ўзроўню, які яму дэманстравалі Грыша з Ласуном. Неўзабаве Дзяніс заўважыў, што сваю аперацыю ён здольны выконваць хутчэй і спрытней за Грышу. Колькі секунд і Дзяніс ужо пераходзіў з адной лядоўні на другую, тым часам як Грыша яшчэ выразаў адтуліны ў папярэдняй. Выйграваючы сабе больш часу, Дзяніс сядаў на мяшок і без усякай цікавасці сачыў за працай Грышы. Ён і не ведаў, што Грышу найбольш раздражняла, калі за ім назіраюць, тым больш новенькі.
У адзін з такіх момантаў Грыша паглядзеў на Дзяніса і раздражнёна сказаў:
— Чаго ўсеўся, ты не правільна лепіш стыкі?!
Дзяніс збянтэжыўся і недаверліва падышоў да працоўнага месца. Штосьці ў тоне Грышы нагадала яму брыдкага Чыпушылу.
— А як трэба? — спытаў ён.
Грыша пераняў ізастужку і з напышлівасцю паспрабаваў паказальна заляпіць адну з лядоўняў. Але ў яго нязграбных руках слізкая ізастужка перакруцілася і ў выніку стыкі выйшлі крывымі. Дзянісу прыйшлося забраць у недарэкі ізастужку і пераляпіць усё зноўку.
— Не спяшайся! — пачуў ён за спінай злосную заўвагу.
На жаль, працаваць з Грышай у адным рытме Дзяніс не мог. Паясніца давала аб сабе ведаць кожную хвіліну. Праз паўгадзіны ў ёй аднавілася боль, робячыся з кожным нагінаннем усё востра-невыноснай.
Апрацаваўшы запар дзесяць лядоўняў, так, каб у запасе засталося каля хвіліны, Дзяніс лёг на мяккі мяшок і заплюшчыў вочы. Трываць боль было ўжо проста немагчыма.
— Нельга ляжаць пад час працы, — сказаў яму жаночы голас.
— А што будзе?
— Калі ўбачыць начальства, можа даць вымову.
Дзяніс нехаця сеў, а потым азірнуўся.
За ім, каля працоўнага стала, што размяшчаўся побач з першай веткай канвеера, стаяла дзяўчына гадоў дваццаці пяці, і выкладвала на ім доўгія металічныя пласцінкі. Яна была ў цёмна-сінім халаце з пафарбаванымі таннай фарбай саламянымі валасамі, сабранымі ў пучок на патыліцы. Абрысы яе непрыгожага твару нагадалі яму выявы засмучаных жанчын з пажоўклых гатычных гравюр. Яе тонкія і непрыемна сціснутыя вусны, а таксама падведзеныя бэзавым ценем вейкі — усё, што адразу адштурхвала Дзяніса аб падобных асоб жаночага полу.
“Курва”, — першае, што прыйшло яму ў галаву. — “Менавіта”.
Вось на такіх як раз і спецыялізаваўся Ласун. Мянушка ўзнікла міжвольна і патрапіла ў самую кропку. У гэтае імгненне Курва паглядзела на Дзяніса і лагодна ўсміхнулася. Яму хацелася сплюнуць.