Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Настрой быў сапсаваны, чаго Дзянісу зусім не хацелася пасярэдзіне глыбокай ночы на ненавісным заводзе. Яшчэ яму не хацелася і таго, каб над ім пачалі кпіць завадскія смаркачы, фанабэрыста абводзячы яго вакол пальцаў. Ён адчуваў, што сваімі дзеяннямі яны нібы павучалі яго.

Недзе глыбока ўнутры сваёй сутнасці Дзяніс разумеў сваю маладушнасць і кволасць перад грамадствам. Іншы раз ён усялякім чынам спрабаваў перадужыць гэтую негатыўную якасць свайго характару, але ў самыя адказныя моманты ў яго гэта не атрымлівалася і ўсё страхі выпаўзалі вонкі. Дзяніс нагадваў крохкую саломінку, якая ламалася пад уздзеяннем пэўных абставінаў і недарэчных учынкаў. Ужо потым ён па колькі разоў абдумваў свае дзеянні, чырванеючы пры гэтым, і не разумеў, чаму зрабіў менавіта так. Дзяніс нават даваў сабе жалезны зарок, што промаху больш не паўторыцца і ён ніколі не дазволіць іншым кепска з сабой абыходзіцца. Але, як следства — кожны раз ён даваў слабіну.

Вярнуўшыся з парожняй цележкай да працоўнага месца, Дзяніс убачыў майстра Прошына. Вакол яго стаялі Мявут, Масла і Зіна; Снайпер безуважна назіраў за іх гамонкай здалёк.

— Што за вечная навала з гэтым бракам, калі ў нас з’яўляюцца новенькія! — здушаным голасам абуралася Мявут. — Я дзесяць гадоў вырабляю гэтыя маразільнікі, а цяпер вы гаворыце брак!

Прошын залыпаў чырвонымі вачыма, відаць, яго пабудзіў брыгадзір Холадаў, паведаміўшы, што бабы пусцілі ў вытворчасць брак і стрымана сказаў:

— Так і ёсць.

Жанчыны на імгненне замаўчалі.

— Максім, чаму вы да нас так чапляецеся? — гулліва ўшчуваючы майстра, спытала Масла. — Мы жанчыны такія крохкія стварэнні, хіба вы не ведаеце, што да нас патрэбен іншы падыход.

Яна прыціснулася да майстра, абняла яго за стан і пачала “ставіць яму вочкі”. Такую практыку Масла, хутчэй за ўсё, пераняла ў Курвы. Прошын, здзіўлены такім абыходжаннем, пачырванеў, як бурак, нібы да яго ніколі ў жыцці не датыкаліся жанчыны і, хутка вызваліўшыся з яе пут, з ноткай далікатнасці, прамовіў:

— Я вас папярэдзіў. І яшчэ, у гэтым месяцы ўсім будзе зніжана прэмія…

Тут зноў не вытрымала Мявут.

— Ну што гэта такое?!. Што за завод такі?!. Гармідар адным словам!!! Цьху…

Дзяніс, вядомая справа, разумеў, што ўся прэмія Мявута і астатніх жанчын, не выключаючы Снайпера, пойдзе ў яго заробак. У нашай краіне летняя праца студэнтаў на розных прадпрыемствах і будоўлях толькі заахвочваецца. Гэта вельмі радавала Дзяніса і яму захацелася нахабна засмяяцца Мявуту ў твар.

Калі Прошын сышоў, жанчыны яшчэ доўга размаўлялі наконт відавочнай несправядлівасці, пасылаючы ў спіну Дзяніса незадаволеныя позіркі, а потым разыйшліся па працоўных месцах. Дзяніс адчуў, як яго сапсаваны настрой ураз адыграўся на ўсеагульнай абуранасці жанчын і ён на некаторы час забыў аб Світулі, якога, дарэчы, пасля змены намерваўся адправіць у накдаўн.

Вырабіўшы чарговую партыю маразільнікаў, Дзяніс рашуча павёз цележку да Дзятла. Ён ужо разлічваў на любыя праявы самадзейнасці, але не да такой ступені. У гэты раз шлях яму перагарадзілі дзве цележкі, на якіх віселі ўнутраныя камеры для "шафаў". Стаялі яны як раз каля пачатку другой канвеернай веткі, дзе працавалі Пазаліні, Свістуля і Підар. Дзяніс зразумеў, што такім чынам цудоўная тройца хацела намацаць яго слабое месца, трапіць у Ахілесаву пяту. Спачатку, як гэта звычайна здаралася, ён разгубіўся, пачырванеў і не мог сканцэнтраваць думкі, каб вывесці іх у адну формулу далейшых дзеянняў. Але раптам вочы яго напоўніліся крывёй, твар затросься і ён ужо больш не аддаваў справаздачы сваім дзеянням. З боку ўсё выглядала, як быццам бы раз’юшаны бык пусціўся бадаць людзей па вузенькіх вулачках Мадрыду. Дзяніс разагнаў сваю цележку і ўрэзаўся ёй у барыкады на сваім праездзе. Ад моцнага сутыкнення дзве цележкі павольна раз’ехаліся ў розныя бакі і Дзяніс спакойна праехаў далей. Уся тройца моўчкі ўтаропілася на яго, зусім не чакаючы такога разгортвання падзей. Але аслупяненне працягвалася нядоўга. Як самы старэйшы загаманіў Пазаліні:

— Ты што робіш, вар’ят? — і голас яго гучаў няўпэўнена.

Дзянісу было дастаткова кінуць на Пазаліні свой ваўчыны позірк, каб ён разгубіўся і сцяў зубы. Бачачы такі зыход, Свістуля прабурчаў сабе пад нос невыразны мацюк і хутка адвярнуўся.

— Што ты сказаў? — дзёрзка звярнуўся да яго Дзяніс.

Свістуля зрабіў выгляд, што не пачуў.

— Я, здаецца, у цябе пытаю! Ты, дрышч, у сіняй майцы!

На гэты раз Свістуля азірнуўся. Яго вочы былі перапоўненыя лютым шаленствам, вусны па-эпілептычнаму затрэсліся і ён раз’юшана гаркнуў:

— Пайшоў ты, мудак! Ты ўжо дагаварыўся, табе гамон, сука! Можаш тут болей не паказвацца! Я ведаю на якім ты раёне жывеш, ведаю вашага старэйшага! Сіплы, табе не аб чым не гаворыць?! Не?! Ты ў поўнай дупе, асёл!!!

Такім чынам Свістуля ва ўсёй красе выказаў перад Дзянісам усю сваю гоп-сутнасць. Хаця, першапачаткова, Дзяніс у гэтым зусім не сумняваўся.

— А што, самастойна разабрацца не можаш?

— Хлопцы-хлопцы, цішэй, усе разборкі пасля працы, — умяшаўся Пазаліні, а потым сказаў Дзянісу: — Дзяцюк, я не ведаю, як цябе завуць, але ты не маеш рацыю. Хіба нельга было папытаць нас, каб мы адставілі гэтыя цележкі?

Дзяніс, паглынуты злосцю, нічога яму не адказаў і завёз цележку да Дзятла. Той, убачыўшы непрыемны інцыдэнт і, магчыма, ужо пабойваючыся Дзяніса, не тое, што не прасвістаў, нават не адважыўся паглядзець у яго бок. Дзяніс паставіў цележку ў свабодным месцы, узяў парожнюю і вярнуўся назад.

Больш да сямі раніцы яму ніхто не перашкаджаў. Ён спакойна праязджаў каля незадаволенага Свістулі, бачыў Підара, які, як быццам бы, папярхнуўся сваёй тупой усмешкай і каля вонкава спакойнага Пазаліні. У глыбіні душы Дзяніса радавала, што ён усё ж такі выцер ім насы. Але, вядома, у яго ўзнікла і невялікае адчуванне згрызоты сумлення за сваю дзёрзкасць, у тую ж чаргу ён разумеў, што калі людзей своечасова не ставіць на месца, яны абавязкова сядуць на шыю. У гэты раз ён канчаткова вырашыў ніколі і не перад кім не прагінацца, і для гэтага, у прынцыпе, быў не благі пачатак.

Змена скончылася невялікім здарэннем. Мявуту стала блага і яна страціла прытомнасць. Жанчыны адразу падбеглі да яе, пасадзілі на зэдлік, на якім яна, звычайна, праводзіла перапынкі і паклалі на лоб мокрую анучку. Усе спаслаліся на ціск, які мог узнікнуць ад працоўнай нагрузкі і стомленасці. Але Дзяніс скеміў, што Мявут, хутчэй за ўсё, знервавала скарачэнне прэміі. Майстар Прошын вінавата паглядзеў на яе стан і параіў схадзіць да лекара, каб ёй выпісалі заслужаны бальнічны.

Тады ніхто не ведаў, як ёй пашанцавала.

Пасля працы Дзяніс сеў у амаль пусты 29 аўтобус. Ніякай разборкі са Свістуляй, як апынулася, не адбылося. Той неяк хутка збег, а шукаць яго па гардэробу не ўяўлялася патрэбнай неабходнасцю. У салоне аўтобуса было цёпла і Дзяніс засынаў. Сонца бліскала ў вочы. Ногі нылі ад стомы. У той момант шлях да дому здаваўся такім доўгачаканым, што хацелася расчулена расплакацца. Яшчэ нідзе пакуль Дзяніс не адчуваў сябе такім адзінокім, як на заводзе. У кожнага чалавека ёсць месца, куды б яму ніколі не хацелася вяртацца. У Дзяніса такім месцам стаў канвеер. Цераз дрымоту ён думаў аб гэтым і згаджаўся, але не на ўсе сто адсоткаў, прыблізна на палову; другая частка яго розуму абураючыся, папярэджвала: не смей! Канвеер!!! Канвеер!!! Канвеер!!!

7

Па лесвіцы на дванаццаты паверх трэба было падымацца асцярожна, каб не запэцкацца ў пабел і не быць пачутымі суседзямі. Акустыка ў гэтых цагляных сценах была вельмі добрай. Іра трымала Дзяніса за руку і яны, стрымліваючы смех, падымаліся ўверх па прыступках. На дванаццатым паверсе стаяла рашотка, дзверы ад якой былі расчынены, а на сцяне побач тлустым шрыфтам выведзенае рускае слова з трох літар. Яны зайшлі за рашотку, ступаючы па разбітым шклу, якое прыемна хрумсцела пад нагамі, надаючы іх вандраванню эстэтыку андэграўнду. Іра спрытна ўзабралася на жалезную лесвіцу, што выходзіла на дах і, штурхнуўшы рукамі люк, адчыніла шлях наверх. Сіняе неба так і ўпілося ў вочы, нават усмактала іх сваім яркім святлом. Дзяніс адчуў пах руберойда. Іра паднялася вышэй па прыступках, высунуўшыся на дах па пояс, потым развяла рукі ў бок, салодка пацягнулася і сказала:

17
{"b":"553491","o":1}