Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Перад Дзянісам, як на далоні ляжалі дзве канвеерныя веткі; ён бачыў і Ласуна, і Гестапа, Грышу і брыгадзіра Холадава, Пазняка і Курву, а таксама змрочнага Пазаліні, Свістулю, Підара і Дзятла. Часам у яго полі зроку мільгала постаць майстра Прошыны. Усе астатнія працоўныя складалі масоўку — візуальны задні фон. Такім чынам канвеер падтрымліваў сваё існаванне ноччу.

Першую цележку Дзяніс запоўніў за паўгадзіны, што было адносна нізкім тэмпам. Усталяваная планка дваццаці хвілін была няшчадна парушаная. Ён адвёз цележку да Дзятла і ўзяў парожнюю. Вяртаючыся назад, Дзяніс неспадзявана зачапіў ёй унутраныя «шафы», якія на пры канцы другой веткі выстаўляў дзелавіты Свістуля і абярнуў колькі з іх на падлогу. Свістуля незадаволена ўзяўся падымаць "шафы".

— Прабач, — сказаў Дзяніс.

— У наступны раз глядзі куды едзеш, — зласліва сыкнуў Свістуля.

“А ён не добразычлівы хлопец”.

Підар праводзіў Дзяніса сарамяжлівым позіркам і на апошнім імгненні, калі Дзяніс ужо збіраўся адводзіць вочы, усміхнуўся яму куткамі вуснаў. Усмешка атрымалася з’едлівай. З такой усмешкаю, напэўна, забойцы наносяць сваім ахвярам смяротны ўдар.

Такой была трэцяя змена.

Дзяніс вярнуўся на працоўнае месца і з імпэтам узяўся за справу. Яшчэ адчуваўся галаўны боль пасля ўчорашняга трэш-чаду. Ён прачнуўся ў тры гадзіны дня і амаль да вечара праляжаў у канапе. Цела ныла разам з сумленнем. К чорту канвеер!

Ты не можаш!!! Доля слабакоў кідаць адказную працу на самым пачатку. Ты не слабак! Насупраць — ты адзін з нас.

…………………………………………………………………………………………………………………

Дзяніс бег па доўгім калідоры. Ён здаваўся бясконцым і Дзяніс адчуваў, нібы знаходзіцца на бегавой дарожцы. Хтосьці ўключыў яе і яму прыйдзецца бегчы, пакуль яна не спыніцца.

“Вось, што чакае цябе наперадзе, — казаў тагасветны голас. — Нявызначаная будучыня. Ты вечна бяжыш, не ведаючы ад каго і не ведаючы куды. І хіба гэта тваё прызначэнне? Я адкажу за цябе — НЕ! Ты варты большага.

Усе людзі імкнуцца вызначыць сэнс свайго нікчэмнага жыцця. Дурныя, яны не разумеюць, што МЫ даўно за іх ужо ўсё вырашылі. Некаторыя з вас яшчэ горача вераць у тое, што чалавек здзейсніў мадэрнізацыю і індустрыялізацыю. Лухта! Гэтыя працэсы звыш чалавека і не маюць да яго ніякага дачынення. Вы ўсяго толькі марыянеткі ў руках вышэйшага розуму. Аднак тыя, хто падсвядома дапамагаюць гэтаму працэсу, аўтаматычна робяцца яго цэлым, яго целам і крывёй. СІСТЭМА! Канвеер!!! Канвеер!!! Канвеер!!!”

Ён бег па канвеернай стужцы.

“Я — частка аднаго цэлага”, — паўтараў Дзяніс.

Паступова рух яго запавольваўся, ногі цяжэлі і ўрэшце ён спыніўся.

— Гэй… ты чуеш, што я кажу, гэй?! — перад Дзянісам стаяў майстар Прошын, а побач з ім вірлавокі мужык у цвідавым пінжаку.

Дзяніс залыпаў вачыма і адразу ж прыйшоў у сябе.

— Як праца? — відавочна, у другі раз спытаў Прошын.

— Усё о’кэй, лепш і быць не можа, — заявіў Дзяніс.

— Нейкі ён стомлены, — пагардліва гледзячы на яго, сказаў Прошыну вірлавокі. Прошын, як заўжды, пачырванеў.

— З табой усё ў парадку? — спытаў майстар.

— Норма, — Дзяніс паспрабаваў надаць голасу як мага больш сур’ёзнасці.

Майстар паціснуў плячыма і пайшоў далей, вірлавокі ж падазрона ўтаропіўся на Дзяніса, які прымацоўваў папярочку. І ўсё ішло, як па маслу; за гэтых колькі дзён ён навучыўся амаль дасканала выконваць сваю аперацыю, што пры выпадку змог бы працаваць з завязанымі вачыма. А вірлавокі, увесь гэты час, здавалася, чакаў, калі Дзяніс зробіць памылку. Урэшце, зразумеўшы, што ён ведае сваю справу, падышоў да яго бліжэй і ціха сказаў:

— Ты мне не падабаешся. Ведай, што я сачу за табой. Ты мяне зразумеў?!

Дзяніс вымушана кіўнуў.

Як толькі вірлавокі выдаліўся, да Дзяніса падышоў Снайпер.

— Што ён табе сказаў? — спытаў ён.

— Ды на конт маёй фізіяноміі і тое, што я яму не падабаюся.

Снайпер усміхнуўся.

— О, гэта ён казаў усім у гэтым цэху. Яму тут акрамя свайго чорнага азадка ніхто не падабаецца.

Яны засмяяліся.

— А, дарэчы, хто гэта?

— Фарух Ібрагімавіч — начальнік змены. На дадзены момант ён у цэху самы галоўны. Аднак ты не хвалюйся, Ібрагімавіч зараз разам з Максімам пройдзецца па ўсіх участках, а потым, пойдзе спаць у дыспетчарскую.

— Слізкі тып, — заўважыў Дзяніс.

— Яго тут ніхто трываць не можа.

Снайпер абнадзейліва патузаў Дзяніса за плячо і вярнуўся на працоўнае месца. У чарговы раз Дзяніс пераканаўся, што Снайпер, бадай, адзіны працоўны на заводзе, з кім можна пагаварыць, і ў яго адчынілася другое дыханне. Ён працаваў бездакорна аж да самага абеду, які пачынаўся ў тры гадзіны ночы.

У абед Дзяніс выйшаў з цэха на вуліцу, узяў зсабойку і сеў на самую далёкую лаўку, адасобячыся ад астатніх працоўных.

Паветра было халодным і Дзяніс задрыжаў, асабліва пасля выпітага соку. У траве трашчалі конікі і гэта было так незвычайна на агульным фоне цьмяных абрыс завадскіх будынкаў і агароджы, якая адлучала яго ад гораду.

А горад спаў, трызніў у сне, няўцямна шаптаў і толькі здалёк праспекту даносіўся шум машын. Дзяніс адчуў гармонію. Ён любіў цішыню, а калі яна зыходзіла з таго месца, дзе яе, па сутнасці, не магло існаваць, гэта прыводзіла яго ў сапраўднае замілаванне.

Аднак паўгадзіны праляцела незаўважна. У глыбіні завода зарыпеў яго механізм, як звер у цёмным гушчары, учуўшы паблізу ворага. Канвеер прагнуў працы.

Заставалася дзве гадзіны.

Дзяніс вырашыў патраціць іх на сваю карысць. Трэцяя змена ідэальна для гэтага падыходзіла. І ён пачаў свядома халтурыць, не да канца прымацоўваючы папярочку на маразільніках. Дарэчы, так у цэху працаваў не толькі адзін ён. Усе заводы-гіганты Беларусі выкарыстоўваюць экстэнсіўны шлях вытворчасці. Дзяніс толькі дапамагаў гэтаму працэсу. Яго не цікавіла, што такая прадукцыя не будзе карыстацца попытам, як не цікавіла гэта, у прынцыпе, і ўсіх астатніх працоўных. Дзяніс марыў, каб адна з такіх лядоўняў трапіў якому-небудзь беларускаму абывацелю і ў хуткім часе зламалася. Невядома, якія сілы ўздзейнічалі на яго, выклікаючы ў ім столькі негатыву, нянавісці да звычайных людзей. Відаць, Дзяніс, як і ўсе працоўныя паспеў падхапіць сіндром, які вызваліў яго ад адказнасці перад краінай, перад грамадствам, урэшце перад самім сабой. Гэты сіндром быў незразумелай анамаліяй. Тут, у межах заводу слова “якасць” разумелася зусім па-іншаму, калі ўвогуле разумелася. Спытайце аб ёй у працоўнага са стажам. Дзяніс назіраў за працай жанчын, назіраў за працай Снайпера — нідзе не было праявы дасканаласці, паўсюль віднелася хібнасць, на якую ўсе зачынялі вочы. А навошта?!

Цележка няякасных маразільнікаў была загружаная і Дзяніс павёз яе да Дзятла. Адлегласць паміж веткамі канвеераў была, прыкладна, чатыры метра. Цележка амаль заўжды паспяхова праязджала паміж імі, за выключэннем тых момантаў, калі Дзяніс выпадкова чапляўся яе верхам за падвесны канвеер. На гэты раз праезд быў перагароджаны шэрагам лядоўных "шафаў", якімі займаўся Свістуля. Ён стаяў да Дзяніса спінай, а Підар з’едліва яму ўсміхаўся.

“Яны задумалі пацягацца са мной, забаўнікі недаробленыя”, — падумаў Дзяніс і пайшоў напрасткі да іх.

— Слухай, хлопец, гэта твае "шафы"? — звярнуўся ён да Свістулі.

Свістуля азірнуўся, выканаўшы грымасу неразумення і пакруціў галавой.

— А чые?

Ён паціснуў плячыма.

— Але ты з імі працуеш, будзь добры, адстаў іх у бок, я не магу праехаць.

— Лёха, памажы мне, — паклікаў Свістулю Пазаліні і той пакорліва пайшоў да яго.

“Вось яно што”.

Підар па-ранейшаму ўсміхаўся і Дзяніс, прапалены яго підарскай усмешкай, прыняўся самастойна разбіраць утвораны затор.

Дзяцел, як заўжды прасвістаў сабе пад нос і жэстам рукі паказаў, куды трэба паставіць цележку. У гэты момант Дзянісу захацелася разбіць яму носапырку, каб пунсовая кроў запэцкала яго сінюю робу і бетонную падлогу цэха.

16
{"b":"553491","o":1}