Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— У вас нічога не атрымаецца, — сказаў Ласун.

— Магчыма, — сказаў Снайпер. — Да даху ёсць толькі адзін шлях — вентыляцыя, якая знаходзіцца акурат над канвеерам. Каб узлезці на вентыляцыю, неабходна спыніць хаця б адну ветку канвеера. А далей па её. Складана будзе толькі спачатку, вентыляцыя ідзе ўгору, бліжэй да даху яна гарызантальная.

— Вось і тупік, — прабубніў Чыпушыла.

— Але як, канвеер нам непадуладны, ён дзейнічае самастойна? — спытаў Рупар.

— Мне здаецца, ён адчувае вібрацыю: галасы, рэзкія рухі. Калі ўстрымацца гэтага, можна пазбегнуць яго прыцягальнай сілы. На дах трэба лезці з першай веткі, вентыляцыя праходзіць як раз над ёй і на адносна невялікай адлегласці. Калі стаць у поўны рост, можна да яе дацягнуцца. Пытанне заключаецца ў наступным: як вывесці з дзеяння ветку? Для гэтага нам спатрэбіцца колькі загваздак, бензін і агонь. Загваздкі і паліва можна знайсці толькі ў адным месцы — на складзе цэху. Загваздкамі мы разаб’ем пульт першай веткі, і перакрыем падачу электрычнасці, потым зальем палівам стужку і падпалім яе.

— А што, слушная прапанова, толькі на дах я не палезу — вышыні баюся, канвеер памагчы спыніць гэта іншая справа, — разборліва прагугнявіў Дзяцел.

Дзяніс таксама баяўся вышыні, але сказаць аб гэтым пасаромеўся.

— На дах палезу я, — сказаў Снайпер, — мне патрэбен яшчэ хтосьці спрытнейшы і маладзейшы.

Самымі маладымі былі Свістуля, Підар і Дзяніс. Аднак яны не падтрымалі Снайпера, а значыць заставаўся адзін Дзяніс. У яго горле стаў камяк. Ён паглядзеў на Снайпера і кіўнуў галавой у знак згоды. Твар Снайпера выканаўся прыязнасцю.

— Тады вырашана — нас чацвёра, можна брацца за справу, — прамовіў Снайпер.

— Ты памыляешся, нас — сямёра, — звярнуўся да яго зухаваты Пазаліні. — Са мной яшчэ хлопцы, а ну вылазьце з-пад рукамыйніцы.

Свістуля, скурчыўшы незадаволеную міну, спакваля падняўся, піхаючы ў бок Підара. Той усё ўпарціўся, а потым падняўся. Пазаліні бясспрэчна з’яўляўся іх аўтарытэтам.

Дзяніс заўважыў, як у вачах Рупара забліскала так патрэбнай усім надзеяй.

— Ну што, дапаможам ім? — звярнуўся ён да астатніх, а потым дадаў: — Рамуальд, калі ты і на гэты раз не пойдзеш, Богам клянуся, я з вялікім задавальненнем яшчэ раз урэжу табе па храпе. Сітуацыя, бач, падыходная.

— Ды што ты, я згодзен, — спужана сказаў Чыпушыла.

Грыша праглынуў цяжкі камяк.

— Толя, — звярнуўся Рупар да Снайпера, — каб вы дабраліся да даху, мы зробім усё магчымае. Глядзі толькі пасля адразу ж кліч дапамогу! Мы з вамі!

Снайпер задаволена ўсміхнуўся.

— Вось так бы і адразу.

На гэтым яны і пагадзіліся, поўныя нерашучасці і страху перад спробай, самай апошняй, ад якой залежыла іх жыццё.

12

Снайпер падышоў да дзвярэй і асцярожна прыадчыніў іх. Паглядзеў вакол і зачыніў зваротна.

— Здаецца, ціха, — сказаў ён. — Выходзіць будзем па аднаму, першым пайду я, павольна, без непатрэбных рухаў, і памятайце — менш слоў — больш дзеянняў, будзем падаваць адзін аднаму сігналы, — папярэдзіў усіх Снайпер.

Адчыніўшы дзверы, ён зрабіў крок наперад, трохі счакаў і пайшоў, за ім, ледзь не на дыбачках пачалі крочыць іншыя, гужам, напружана дыхаючы адзін аднаму ў спіну. Дзяніс пайшоў за Дзятлам. Ён адчуваў адрэналін, які каламуціў яго кроў, але спрабаваў супакойваць сябе шанцам на выратаванне. Ён глядзеў у тонкую шыю Дзятла і не вырашаўся слізгануць поглядам куды у бок. Па тым, як пачалі ўздыхаць астатнія, Дзяніс зразумеў, якое відовішча разгарнулася ў цэху. За гэтую ноч яму хапіла раскіданых вантробаў на лініях канвеера на столькі, што можна было пасівець. Цяпер ён уяўляў, што значыць, калі варушацца валасы на галаве і гэта было не перабольшванне. Тое, што яму выпадала глядзець на кампутары: усялякае псеўда-снаф смецце ў той момант здавалася ўвертурай перад сапраўднай крывавай операй. Ногі дрыжалі, бы ноччу на марозе, далоні пацелі і пры ўсім гэтым Дзяніс спрабаваў да апошняга не губляць мужнасці.

Підар, які ішоў за ім, схапіў Дзяніса за плечы і ледзь не прытуліўся да яго спіны ўсім целам. Дзяніс адчуў яго імпульсіўнае трапятанне.

Усе яны выйшлі з прыбіральні і на хвіліну спыніліся.

— Тваю маці… — сухім голасам сказаў Пазняк.

Дзяніс інстыктыўна падняў вочы ўверх. Потым у яго затрэсліся рукі і праняла ашалелая дрыготка.

Трэці цэх змяніўся да непазнавання. Свет стаў цьмяным, аддаючы чырвона-агністым колерам. Рух канвеера запаволіўся, а гук скрыгату, які выдавала канвеерная стужка, знік. І над усім гэтым жудасным каўпаком вісела ўражлівае, што адкідвала ўсе папярэднія ўяўленні аб быцці, крывавае, жахліва-першабытнае відовішча. Усе канвеерныя веткі і падвышаныя канвееры трэцяга цэха былі запоўненыя часткамі чалавечых целаў. Прычым кожная канвеерная ветка размяшчала асобныя іх часткі. Падвышаныя канвееры цяпер спецыялізаваліся выключна на адрэзаных галовах. Яны былі насаджаныя ратамі на крукі. На астатніх ветках то тут, то там ляжалі рукі, ногі і скрываўленыя тулавы. І самай, бадай, дзіўнай была тая дасканаласць, з якой былі падзеленыя чалавечыя целы. Анатамічная дасведчанасць і валоданне інструментам у такіх маштабах не магло не здзіўляць. На першай ветцы ідэальна ў шэраг ляжалі рукі, адрэзаныя да локцевага згіну. Канечнасцяў было на столькі шмат, што здавалася праз канвеер прайшоў увесь склад завода, і калі б не кроў, якая сцякала з канвеера, магло скласціся ўражанне, што патрапіў у цэх па вырабу манекенаў.

— Дык вось куды падзелася другая змена, — шэптам сказаў Рупар.

— Напэўна тут і першая прысутнічае, — сказаў Ласун, што ішоў за ім.

— Ці наогул увесь завод, — прасіпеў Пазняк.

— Акрамя нас, — сказаў Снайпер.

Апошнія словы выбілі глебу для песімізму і далі выспятка той змрочнай атмасферы, якая лунала ў паветры.

— Пачнем, — сказаў Снайпер.

У трэцюю змену цэхавы склад заўжды быў зачынены, а ключы ад яго былі ў Холадава. Аб гэтым ведалі ўсе акрамя Дзяніса. Гестапа, які кожныя паў гадзіны хадзіў туды папаліць, падышоў да складскіх дзвярэй і тузануў за ручку.

— Я, звычайна, прашу Веру, каб яна не зачыняла. Ведаючы маю прагу да тытуню, яна робіць для мяне выключэнне. У нашым выпадку яно лёсавызначальнае, — сказаў ён.

— Сукін ты сын, ты хаця б разумееш, што сваёй шкоднай звычкай выратаваў нам жыццё! — усміхнуўся Ласун.

Гестапа нічога не адказаў і адчыніў дзверы.

Краем вока Дзяніс убачыў, як прыадчыніліся дзверы жаночай прыбіральні і адтуль вылезла жаўтлявая галава Масла.

— Ёсць яшчэ ацалелыя? — вырвалася з рота Дзяніса.

Масла з палёгкай выдыхнула і адчыніла дзверы шырэй. За ёй паказалася Зіна. Яны пазіралі напалоханымі вачыма, а ўбачыўшы кашмарнае відовішча, зусім збялелі. Да іх хутка падскочыў Снайпер і зачыніў за сабой дзверы. Там ён, відаць, растлумачыў ім усю сітуацыю і новыя правілы бяспекі, і выйшаў зваротна.

На складзе Рупар знайшоў з дзясятак загваздак розных памераў і выдаў кожнаму, нібы аўтамат перад рашучай бойкай, а Дзяніса нават пляснуў па плячы. Снайпер прыхапіў два рэспіратары. Бензін адшукалі ў самым куце склада, адну каністру з пазнакай “для пагрузчыка”.

— Падыходзіць да канвеера таксама будзем па аднаму, і памятайце — ніякіх слоў, падаем адзін аднаму знакі, — сказаў Снайпер. — Пяць чалавек зойдзе з левага боку, бліжэй да пульта, астатнія з правага. Я аблію стужку палівам, Рыжы падпаліць яе. Як толькі яна загарыцца, адразу трэба разбіць пульт, хлопцы справіцеся? — спытаў ён у Свістулі і Підара, тыя кіўнулі. — Астатнія будуць стаяць на падстрахоўцы, здарыцца можа ўсякае.

Наспеў час дзейнічаць. Працоўныя стоўпіліся вакол Снайпера і ён, прыціснуўшы паказальны палец да вуснаў, пайшоў у накірунку першай веткі. Снайпер ішоў нібы кот, бязгучна ступаючы па падлозе, гэтым самым дэманструючы астатнім, як трэба набліжацца да канвеера. Ён дайшоў да першай веткі і жэстам паказаў, што можна рухацца наступнаму. Доўга чакаць не прыйшлося, Рупар, сціснуўшы ў гужаватых руках сваю загваздку, асцярожна пасунуўся да канвеера. Такім чынам усе працоўныя расфармаваліся каля першай веткі. Апошнім ішоў Дзяніс. Ён бачыў напружаныя позіркі за кожным сваім рухам. Дзяніс ішоў ледзьве не на дыбачках, глытаючы глейкую сліну і адчуваючы, як цяжка б’ецца яго сэрца. Сканцэнтраваўшыся на сваіх кроках, ён на нейкі момант зразумеў, што губляе раўнавагу і, спатыкнуўшыся, выдаў падэшвай кеда слізгальны гук. Працоўныя ўсе да аднаго схамянуліся, вылупілі на яго вочы і застыглі ў чаканні хуткай смерці. Але нічога не здарылася, Дзяніс своечасова стаў у патрэбную паставу, каб пазбегнуць падзення і паспяхова дайшоў да канвеера. Трымаючы ў потных руках загваздкі, працоўныя чакалі загаду Снайпера. Той, трохі счакаўшы, пачаў адкручваць вечка на каністры з бензінам. Далоні Дзяніса спацелі да такой ступені, што яму здавалася, загваздка выслізне з яго рук, як мыла. Адчыніўшы каністру, Снайпер пачаў разліваць бензін на канвеерную стужку. Рупар падышоў да Снайпера, падпаліў запальніцай шматок анучы і шпурнуў яе на канвеер. Стужка ўспыхнула, як свечка і агонь адразу ахапіў усю яе даўжыню. Снайпер левай рукой падаў знак у накірунку пульта і Свістуля з Підарам нерашуча пасунуліся ў той бок. Загваздкі амаль сінхронна ўвайшлі ў загадзя адчыненую каробку пульта і адтуль пасыпаліся іскры. У гэтае імгненне канвеер зарыпаў, нібы яго механізмы былі пакрытыя пластам шматгадовай іржы. Канвеерная стужка заварушылася ў перадсмяротных канвульсіях, як тоўсты пітон, якога пратыкнулі дзідай. Трэці цэх напоўніў смярдзючы і ёдкі дым падпаленай гумавай стужкі. Нечакана з ахопленай пажарам першай веткі канвеера вылезла велізарная агністая рука якойсьці містычнай асобы і схапіла першага, хто трапіўся. Ім аказаўся Пазняк. Рука схапіла яго ў сваю смяротную пятлю і зацягнула ў полымя. Пазняк загарэўся, як ерэтык у эпоху змрочнага сярэднявечча, пакінуўшы ад сябе немы лямант. Убачыўшы такі нечаканы зыход, Чыпушыла кінуў на падлогу сваю загваздку і пабег зваротна ў прыбіральню. Але гэта было вялікай памылкай: загваздка ўзнялася ў паветры і шалёным бумерангам паляцела за Чыпушылай, нагнаўшы яго амаль каля самых дзвярэй, на хуткасці знесла яму палову галавы. Мазгі крывавым фаршам пырснулі на белую кафлю, бы фарба на палатно мастака-эксперыментатара.

32
{"b":"553491","o":1}