Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Відаць, можна, — адказаў я.

Калі пад’ехаў аўтобус, я запісаў у свой мабільнік яе нумар і спытаў імя.

— Аліса, — усміхнуўшыся, адказала дзяўчына.

Я сеў у аўтобус, а Аліса засталася сядзець на прыпынку.

У наступную суботу мы сустрэліся з ёй каля ўваходу ў мятро і пайшлі ў клуб “Step” на канцэрт гурта Ambassador 21.[23]

Аліса была вельмі прывабнай у сваім доўгім паліто, у ботах на тонкай шпільцы і з заплеценымі назад валасамі. Яна мне спадабалася яшчэ больш.

Мы зайшлі ў клуб. Я пазнаёміў яе са сваімі знаёмымі і вельмі хутка мы паглыбіліся ў псіхадэлічнае асяроддзе індастрыяла. Музыка і ўсё навокал было проста шыкоўным. Але, як не дзіўна, Алісе там зусім не спадабалася, яна вывела мяне ў курыльню і сказала, што хоча адтуль сысці. Я яе не разумеў, але выйшаў на вуліцу.

— Мне тут страшна і зусім няўтульна, — сказала яна. — Гэта музыка, гэтыя людзі, яны, здаецца, з’ехалі з глузду.

Я засмяяўся.

— Пайшлі да цябе…

— А як жа муж? — кінуў я зусім непатрэбнае пытанне.

— Аб’еўся груш… — сказала Аліса і ўзяла мяне пад руку.

Мы селі ў аўтобус, даехалі да мяне і зайшлі ў кватэру. Я запаліў святло і мы скінулі верхняе адзенне.

— Гарбату ці кавы? — прапанаваў я.

— А ў цябе цукеркі ёсць?

— Знойдзем.

— Тады гарбату.

І Аліса, не пытаючы ў мяне дазволу, адразу пайшла ў залу. Тым часам на кухні я пачаў рыхтаваць для нас гарбату. На халадзільніку, яшчэ з папярэдняй суботы, ляжала каробка не даедзеных цукерак, Санёк і Дэн, звычайна, гэтакім чынам кармілі сваіх начных сябровак. Я зрабіў гарбату, усыпаў сабе, як заўжды, тры лыжкі цукру і праз сценку спытаў:

— Колькі табе лыжак?!

— Паўтары, — пачулася з залы.

— Гарбата гатова, калі ласка, да стала!

Аліса зайшла на кухню з кнігай у руцэ.

— Прабач, мая слабасць лазіць у гасцях па кніжных паліцах.

— О, мне таксама гэта падабаецца, нічога, адчувай сябе, як дома.

— Але дазволь, у цябе ёсць маркіз дэ Сад, — яна затрэсла кнігай у барвовай вокладцы. — Такая брыдота, табе, што, падабаецца?

— Не вельмі, але для калекцыі спатрэбіцца.

Аліса паклала кнігу на стол і села насупраць мяне. Я ўважліва паглядзеў на абрысы яе твару. Яна, у сваю чаргу, паглядзела на мяне.

— А ты прывабны, — сказала яна.

— А ты падобна на Ніколь Кідман…

Аліса зрабіла колькі нервовых глыткоў з кубачка і са злосцю паставіла яго на стол, расплюхаўшы гарбату па абрусе.

— Я, штосьці, не тое сказаў?

— Не, проста мой муж таксама казаў мне аб гэтым.

Мы абодва збянтэжыліся.

— Гэта, канечне, не мая справа, — першым прамовіў я, — але, тым не менш, як там у вас усё скончылася?

— Ніяк, я падаю на развод.

Аліса дапіла гарбату, і з’ела цукерку.

— Пайшлі ў залу, пакажаш мне сваю музыку, я бачыла ў цябе музычны цэнтр.

Я падняўся, узяў яе за руку і мы зайшлі ў залу. Калі я пачаў капацца ў стосе сваіх дыскаў, Аліса падышла да канапы, каб разаслаць яе. Я трохі здзівіўся, але выгляду не падаў. Разаслаўшы канапу, Аліса села на яе і пачала ўзбіваць маю падушку.

— Пастаў што-небудзь класічнае? — разумеючы, што я ніяк не магу выбраць музыку, сказала яна.

Я паставіў Фрэнка Сінатра.

— Добра, — сказала Аліса, пачуўшы яго казачны голас, — зрабі трошкі цішэй і давай патанчым.

І вось мы, прытуліўшыся адзін да аднаго, танчылі пасярэдзіне маёй залы. Аліса паклала на маё плячо галаву і, прыемна праводзячы па маёй спіне рукамі, маўчала, салодка дыхаючы мне ў шыю. Я здагадваўся, чым мы вельмі хутка будзем займацца, але Аліса, яна нават і не падазравала, што ў маім дваццацічатырохгадовым узросце я яшчэ ніколі і ні з кім не ўступаў у палавыя зносіны, і казаць ёй аб гэтым зусім не збіраўся.

…Праз некаторы час мы ўжо танчылі голымі. Здавалася, я толькі міргнуў і мы ўжо распрануліся. Цяпер я дакладна не памятаю, якім чынам так атрымалася, але ўся тая прэлюдыя была не самым галоўным.

Далей у маім разуменні ўсё адбывалася даволі невыразна. Памятаю, Аліса лягла на канапу і рассунула ножкі.

— Пайшло ўсё к чорту, — смела заявіла яна.

І я ўвайшоў у яе зверху.

Усплескі рознакаляровых фарбаў, галасы ў маёй галаве, пацалункі па ўсяму целу, разамлелы твар Алісы — усё злівалася ў адно дзеянне. Гэта быў мой першы раз, але як у сне, я амаль нічога не адчуваў. Яна зусім нягучна стагнала і мы круціліся па канапе, пераплятаючыся, як ліяны. А калі маё цела пачало пранізваць адчуванне чагосьці прыемна-незямнога, мае рукі сціснулі яе шыю.

Што ты робіш? — прахрыпела яна.

І тут я прачнуўся.

Пот выступіў на маім ілбу буйнымі кроплямі і я сцёр яго гарачай рукой.

“Прыснілася”, — падумаў я і пацягнуўся.

Але раскінуўшы рукі, я датыкнуўся да халоднага цела Алісы. Яна ляжала, задраўшы галаву к верху і, адкінуўшы левую руку на падушку. Вочы яе былі заплюшчаны. Я асцярожна вылез з-пад коўдры, апрануў свае трусы і пайшоў на кухню, выпіць вады, адчуваючы ў роце прагную смагу. Дзіўна, я амаль нічога не памятаў з таго, што адбывалася ноччу, хаця зусім не піў спіртнога. Але ўсё ж калі Аліса ляжала ў маёй канапе, значыць сэкс паміж намі адбыўся. Потым я зваротна лёг у канапу. Так прыемна было проста ляжаць каля дзяўчыны, бачыць яе прыпухлы твар, калі памада сцерлася, а закручаныя валасы ператварыліся ў падабенства прычоскі медузы Гаргоны. І яна мне падабалася яшчэ болей. Я правёў пальцамі рукі па яе халоднай шчацэ і пацалаваў у лоб.

2

І Аліса знікла з майго жыцця, і больш я ўжо ніколі яе не бачыў. Тым нядзельным вечарам, пасля ночы з ёй, я сядзеў у залі ля акна, назіраючы за людзьмі і разважаў: чаму Аліса сышла ад мяне, нічога не сказаўшы? Божа літасцівы, кім я стаў, што я ёй такога зрабіў? Гэта было невыносна. Але я вытрымаў. Штосьці пстрыкнула ў маім розуме і я супакоіўся.

Ноччу мне зноў прысніўся сон, у якім я душыў тоўстую прадаўшчыцу на рынку, але ў асноўным толькі той момант, калі я сціскаў яе горла. Я прачнуўся ў халодным поце і не змог заснуць да самай раніцы. Я варочаўся, кідаўся па канапе, а маю галаву ўсё перапаўнялі жахлівыя думкі. У пяць гадзін празвінеў будзільнік, і я з палёгкай падняўся. Абліўшы твар сцюдзёнай вадой, я ўважліва паглядзеў на сябе праз люстэрка і заўважыў мяхі пад вачыма. Я выпіў моцнай гарбаты, зрабіў сабе зсабойку, апрануўся і выйшаў на вуліцу.

На двары нікога не было. Засунуўшы рукі ў кішэні джынсаў, я пайшоў на прыпынак. Я ішоў і думаў аб тым сне. Дзіўна, ён з’явіўся падсвядома, ці прысніўся зноўку? Я думаў і пра Алісу.

У той раз прыпынак аказаўся пустым. Я сеў на лаўку і паглядзеў цераз дарогу на поле. Яно было мёртвым: купкі вербалозу нерухома тырчалі з чэрствай, застыглай зямлі, а высока ў небе крумкалі вароны. Неўзабаве пад’ехаў аўтобус. Я зайшоў у яго і, заплюшчыўшы вочы, зразумеў, што ў маім жыцці пачаліся перамены.

На заводзе Санёк з Дэнам да мяне не падыходзілі, відаць, пакрыўдзіліся з-за таго, што я збег з Алісай і ў чарговы раз не падаў ім кватэру, даўно трэба было зразумець, што яны карысталіся мной. Металічна-карункавая габлюшка разляталася ва ўсе бакі, калі я выточваў на станку свае нарыхтоўкі і так праходзіў мой працоўны час.

Пад канец змены я пачуў немы крык: жанчыне-тэрмісту адбіла пад прэсам усе пальцы на правай руцэ. Добра, што яшчэ так. На нашым заводзе і не такое здаралася.

Часам, я думаў аб безвыходнасці і сваёй заганнасці, і мне хацелася плакаць.

Калі разважаць аб гэтым паслядоўна, з самага пачатку, мусіць, усё пачалося з таго працоўнага дня. Пачалося з таго, што мне вельмі захацелася вярнуцца на прыпынак, не ведаю, ці ў пошуках Алісы, ці ў пошуках яшчэ чаго, але мне проста захацелася прыйсці і пасядзець там на лаўцы.

І я вярнуўся. Тым вечарам, у панядзелак пасля працы, я прыйшоў на прыпынак. Людзі чакалі аўтобуса, а я сядзеў і назіраў за імі. Я ўважліва прыглядаўся да жанчын, якія там знаходзіліся і спрабаваў ім усміхацца. Першыя ўсмешкі выходзілі нацягнутымі, але праз некаторы час у мяне пачало атрымлівацца і жанчыны замест таго, каб адводзіць ад мяне позірк, адказвалі ўзаемнасцю. Здаецца, тым вечарам у мяне ўзнікла манія велічы і я запэўніўся ў тым, што падабаюся любой жанчыне без выключэння.

вернуться

23

Ambassador 21 — беларускі digital hardcore гурт.

37
{"b":"553491","o":1}