Той нядзеляй, пасля суботняга сэйшну, я лёг, дзесьці, у гадзін дзесяць вечара і адразу ж адключыўся.
І вось я ішоў па карабатым асфальце рынка, шукаць сабе працу. Было вельмі спякотна і я зняў майку. Сонца апякала мае белыя плечы і рукі, а вакол мяне хадзілі загарэлыя хлопцы. Яны безупынку гаманілі. Сярод іх мітусіліся цыганы і мужыкі гадоў пад сорак. Я заўважыў аднаго хлопца, што сядзеў на тратуары, падняўшы твар да сонца. Падышоўшы да яго, я спытаў: “Слухай, а дзе тут можна ўладкавацца на працу?” Хлопец здзіўлена паглядзеў на мяне: “Лепш сказаць знайсці працу, — паправіў ён. — Бачыш тую браму, — паказаў ён пальцам на падабенства брамы, — ідзі да яе, за брамай будуць грузавікі, падыходзь да вадзіцеляў і пытай: “Вам грузчык не патрэбен?”. Я аддзячыў яго і пайшоў да брамы. За брамай аказалася доўгая чарга грузавікоў. І я пачаў абыходзіць кожнага вадзіцеля, з ненадакучлівай, як мне здавалася, прапановай, але адусюль чуў толькі адно “не”. Пад самы канец чаргі я ўжо і не спадзяваўся знайсці працу, я проста спыніўся ля аднаго грузавіка, як раптам пачуў за спінай: “Што, хлопец, працу шукаеш?” Я азірнуўся і ўбачыў у кабіне з адчыненымі дзвярыма вусатага дзядзьку. Ён перакінуў цыгарэтку з аднаго кутка вуснаў у другі і выскаліўся жоўтазубай ухмылкай. “Залазь сюды”, — уладна сказаў ён, і я пакорліва залез у кабіну. Вусач аказаўся вадзіцелем гаспадыні, якая разбіралася ў канторы з дакументамі па закупе тавара. Да заезду на рынак заставалася каля паўгадзіны. Вусач папярэдзіў мяне, каб з гаспадыняй я быў ветлівым і па-уважлівей. Я кіўнуў і спытаў колькі мне заплацяць. Ён сказаў, што каля дваццаці-дваццаці пяці тысяч, (даволі не блага на той час). Калі адбыўся заезд, вусач паставіў грузавік на патрэбным месцы. Тады я і ўбачыў гаспадыню. Гэта была мажная жанчына невялікага росту з дробненькімі, як у хамяка вачыма. Вусач дапамог мне паставіць тавар на вітрыну, (яны гандлявалі таматамі, яблыкамі, персікамі і вінаградам) і хутка кудысьці пайшоў. Я застаўся сам насам з таўстухай. Амаль да самага вечару мне прыйшлося цягаць розныя скрыні, дагаджаць пакупнікам і чуць у спіну словы гэтай каровы: “Давай хутчэй! Чаго сядзіш, шэльма, нясі тавар!” Мяне брала злосць, калі гэтая тлустая дура дзёрзка мной кіравала; але мне былі патрэбны грошы і я стрымліваў сябе ў ганарлівым маўчанні. Некаторы час да нас зусім не падыходзілі пакупнікі і я сядзеў у цені кузава, а гаспадыня круцілася ля вітрыны. З яе шыі, прывязаны за вяровачку, звісаў кашалёк, у якім былі ўгандляваныя грошы. Тады я падумаў, што з усёй стосы яна выцягне дзве пакамячаныя купюры і, нават шкадуючы іх, выдасць мне. Голас у маёй галаве загаварыў: “Чаму так, гэта не справядліва?” “Таму што яна твой працадаўца, а ты яе падначалены”, — казаў другі голас. “І што, гэта не вызваляе яе з-пад адказнасці, яна павінна заплаціць за свой доўгі язык! ” — не згаджаўся першы голас. “Ты не можаш, гэта супраць чалавецтва!” — крычаў другі голас. І я згадзіўся з апошнім. “Лайдак, злазь адтуль і дапамажы мне, ты нічога сёння не робіш, за што я табе буду плаціць?!” — гыркнула на мяне таўстуха, калі я быў у роздумах. Я злез і дапамог ёй, у большай ступені адчуваючы сябе плебеем XXI стагоддзя. Пад самы канец працы гаспадыня загадала мне залезці ў кабіну грузавіка і прынесці ёй з бардачка пачак цыгарэт. Хоць гэта і не ўваходзіла ў мае абавязкі, я залез у кабіну, але цыгарэт там ніякіх не знайшоў. Я паклікаў гаспадыню. Яна, ледзьве не лопаючыся ад злосці, сама, як велічэзная гнюсная жаба ўскараскалася сваімі калодамі па жалезных усходах у кабіну і пачала на мяне раўсці. Па яе словах было зразумела, што я нікчэмны ідыёт, які не толькі працаваць, але і наогул ні для чаго непрыдатны і яшчэ, што я не атрымаю ад яе ані рубліка. Апошняе, відавочна, было перабольшваннем, але ў канцы канцоў з мяне было досыць: кроў падышла да скроняў, твар затросся, а рукі сціснуліся ў кулакі. Аднак таўстуха не спалохалася мяне, наадварот, яе гэта рассмяшыла і яна сказала: “Ведаеш на каго ты падобны?..” Але на каго менавіта я не паспела пачуць. Рэзкі скачок і мае рукі схапілі яе за шыю, і вялікімі пальцамі націснулі на горла. З-за сваёй непаваротлівасці яна нават не змагла мне супрацівіцца. Я сціскаў ёй горла колькі хвілін, пакуль таўстуха не перастала дыхаць. Відаць, я вельмі моцна націснуў, таму што мне забалелі пальцы. Таўстуха асунулася на сядушцы і пабялела на маіх вачах. Я сарваў з яе кашалёк, скінуў працоўныя пальчаткі, выскачыў з кабіны і, як мага хутчэй, пабег прэч.
І тут я прачнуўся.
Увесь мокры ад поту я падскочыў з канапы і, зразумеўшы, што гэта ўсяго толькі сон, з палёгкай лёг зваротна.
“Прысніцца ўсё ж?” — падумаў я.
На гадзінніку было чатыры трыццаць раніцы і да пяці я праварочаўся з боку на бок, не могучы заснуць. У глыбіні мяне нарадзіліся ранейшыя і даўно забытыя хваляванні.
Калі празвінеў будзільнік, я падняўся. Памыўшыся ў ваннай, я прыгатаваў сабе сняданак з яечні і сасісак, пачысціў зубы, узяў зсабойку і выйшаў на вуліцу.
Раніца, як заўжды, выдалася вільготнай і свежай. Сонца яшчэ не пралупілася праз шкарлупіну шэрых аблокаў, а на зямлі ляжаў брудны і сухі снег. Цьмяным святлом гарэлі ліхтары і хацелася спаць. Людзі выходзілі з сваіх кватэр-логавішчаў і ішлі на працу з асалавелымі вачыма, як зомбі. І я ішоў сярод іх, такі ж зомбі. Я ішоў на свой прыпынак, чакаць аўтобуса.
Мой прыпынак знаходзіўся на самай ускраіне Мінска, у двух прыпынках ад аўтобуснага дэпо. Уяўляў ён з сябе драўляную лаўку, калісьці пафарбаваную ў жоўты колер і драўляную сценку з брылём такога ж жаўтлявага адцення. На гэтай сценцы, звычайна, былі разлепленыя розныя аб’явы з зусім нецікавымі прапановамі. За прыпынкам знаходзіліся прыватныя гаражы, а за дарогай пачыналася поле, на якім месцамі сустракаліся хмызнякі вербалозу. За полем пачыналася колцавая траса і канец горада. І мне падабалася гэта месца і гэты прыпынак. Ён быў амаль заўжды бязлюдным, таму што людзі, часцей за ўсё, ехалі ў мятро, ці садзіліся ў аўтобус каля самога дэпо.
Той раніцай я павольна крочыў да прыпынку, праходзячы праз дрымотныя вуліцы. Я выйшаў на сцежку каля гаражоў і мне ўжо здалёк паказалася яго жаўтлявая сценка. Я хутка прыйшоў і на сваё здзіўленне ўбачыў на лаўцы дзяўчыну. Закінуўшы нагу на нагу, яна сядзела абхапіўшы сябе аберуч. Белыя пасмы яе хвалістых валасоў неахайна звісалі да вузкіх плячэй. Я сеў непадалёк ад яе і ўнурыўся на поле.
— У вас не будзе запаліць? — пачуў я стомлены голас дзяўчыны.
— Я не палю — адказаў я.
— І я таксама, — уздыхнула дзяўчына.
Я ўсміхнуўся і паглядзеў на яе. Мне адразу спадабаліся яе вялікія блакітныя вочы і пасмяглыя вусны, якія яна час ад часу аблізвала. Дзяўчына заўважыла маю ўсмешку, і я адвёў свой позірк.
— На працу едзеце? — яна наўмысна хацела распачаць размову і мяне гэта насцярожыла.
— Так, — сказаў я. — А вы?
— Не ведаю, я наогул не ведаю, што мне рабіць і куды ехаць, у мяне зараз столькі праблем…
Дзяўчына была нападпітку і па ёй было прыкметна, што яна не спала цэлую ноч.
— У вас што-небудзь здарылася? — спытаў я, хаця, па вялікім рахунку, мяне гэта зусім не цікавіла.
— Здарылася? Вядома здарылася, гэта аднойчы павінна было здарыцца, — дрыготкім голасам, які пераходзіў у істэрыку, прамовіла яна.
Мне было нязручна вось так адразу распытваць, што канкрэтна з ёй здарылася, аднак яна расказала сама.
— Мой муж змяніў мне з маёй сяброўкай і ўчора, нібы-то каючыся, расказаў аб гэтым. Я збегла з дому, напілася ў танным бары, села на апошні аўтобус і апынулася тут. А, дарэчы, колькі зараз часу?
— Палова шостай.
Дзяўчына цяжка ўздыхнула.
— Нават і не ведаю, што вам рабіць у такой сітуацыі, — сказаў я, каб толькі не маўчаць.
— Затое я ведаю, — сказала дзяўчына.
Я замаўчаў, разумеючы, што яна сама раскажа.
— Што вы робіце ў суботу? — нечакана спытала яна.
Мяне перасмыкнула і я прабубніў:
— Іду на канцэрт.
— Можна скласці вам кампанію?
Не ведаю… не ведаю, што мне трэба было ёй тады адказаць. Я не хацеў адчуваць сябе гнюсам, улазячы ў любоўны трыкутнік, але я ўсё ж такі мужчына, як і астатнія, і ўсіх нас свярбіць адзін і той жа жывёльны інстынкт, тым больш, калі ўсё так проста падаецца.