Литмир - Электронная Библиотека
A
A

І вось мы сядзелі на кухні, папівалі каньяк і елі цукеркі. Каця сказала, што я добра схібіў, пазваніўшы ёй той раніцай. Яе муж усчаў вэрхал і добра збіў яе, абвінавачваючы ў здрадзе. Але неверагодным чынам яна ўпэўніла яго, што хтосьці сапраўды мог памыліцца нумарам. А калі хмель даў ёй у галаву, яна прызналася, што хоча, каб я стаў яе палюбоўнікам. На маё пытанне чаму, яна адказала адразу:

— Мой муж імпатэнт і гэта мяне не ўладкоўвае, так, ён заможны і я з ім зусім не клапачуся аб жыць, але тым не менш…

Каця падзялілася са мной планам, па якім было дакладна выяўлена, як і калі мы будзем сустракацца. А я не слухаў, я жадаў яе, проста ківаючы галавой на яе прапановы.

І калі ўсё пачало набліжацца непасрэдна да сэксу, Каця і там не адразу дапускала мяне да сябе. Яна стрымлівала мяне рукой і спакушальна ўсміхалася. Але мне гэта падабалася і яшчэ больш заводзіла. Мы сядзелі на канапе і, трымаючыся за рукі, цалаваліся. Цалаваліся вельмі доўга, нібы даследавалі адзін аднаго.

А пасля я атрымаў яе. Ізноў мне ў скроні грукнула кроў, а перад вачыма пачаліся пералівы і ўсплескі розных фарбаў. Усё было невыразным. Але я адчуваў яе, я дакладна адчуваў яе дыханне і яе цёплыя далоні на маёй спіне. Каця была казачнай, яе прыгажосць, яе абаянне збівала мяне з панталыку. Яна была дзяўчынай маёй мары, маім ідэалам, але…

Але я прачнуўся.

Блага выспаўшыся, я працёр зліплыя вочы. На маёй грудзі ляжала халодная рука Каці. Я асцярожна паклаў яе пад коўдру і ўстаў з канапы. Каця ляжала, перакуліўшыся на жывот, яе чорныя валасы рассыпаліся па ўсёй падушцы, а беленькая ножка звісала з краю канапы. Напэўна, ноч была бурлівай. Я пачухаў патыліцу і зайшоў на кухню, сеў на зэдлік, і дапіў з донца бутэлькі ўчорашні каньяк.

3

І яна таксама знікла. Я вельмі бы хацеў спадзявацца, што яе муж аб усім здагадаўся і пасадзіў пад хатні арышт. Я вельмі хацеў бы ў гэта верыць. Але яна знікла. Я адразу ж выдаліў нумар яе тэлефона і паспрабаваў забыць. У той раз гэта было зрабіць на шмат лягчэй, узнікала такое ўражанне, нібы я проста пакаштаваў і выкінуў яе, як непатрэбную цацку. Калі хочаце ведаць, я радыкальна змяніўся, агрубеў і стаў разборлівым у жыцці і людзях. Мне было напляваць амаль на ўсё, я ператварыўся, у некаторай ступені, у рэакцыйна раззлаванага нігіліста, у шэрага чалавечка, у маргінала свайго часу. Адзінае, на што мне было не ўсё адно, гэта на прыпынак. Ён прыцягваў мяне да сябе, вабіў, падаваў дагэтуль невядомы імпульс, быў маім наркотыкам. І я ішоў на яго, як на працу, як на нешта штодзённае і неабходнае ў распарадку майго жыцця.

У тую нядзелю ў маім горадзе ўсталявалася сапраўдная зіма. Цэлы дзень я праседзеў у кватэры, папіваючы салодкую гарбату і бяссэнсава гледзячы тэлевізар. Вельмі хутка павінен быў пачацца Новы год, але ніякай асабістай радасці гэтае чаканне мне не прыносіла. Хутчэй за ўсё, я разлічваў правесці яго адзін. Сяброў у мяне ўжо не было, дзяўчыны таксама, таму Новы год уяўляўся несамавітым святам, звычайным днём, у які ўсе віншуюць адзін аднаго і напіваюцца, каб на заўтра было што ўспомніць.

З панядзелку я пайшоў на працу і, неспадзёўкі, мяне наведалі думкі, што ўсё, чым я там займаўся, было мне чужым. На працы я быў для ўсіх згублены, там я гібеў. Кожная раніца цяпер пачыналася вялікім выпрабаваннем. Я прачынаўся і разумеў, што мне зноў прыйдзецца ісці ў цэх і стаяць там восем гадзін за станком. І чым часцей я задумваўся аб гэтым, тым больш у маёй галаве пачыналі нараджацца разнастайныя планы, каб пазбегнуць такой долі.

Але ўсе мае хваляванні і песімістычныя роздумы сталі драбніцай у параўнанні з тым, з чым мне давялося сутыкнуцца той раніцай. Я прыйшоў на свой бязлюдным прыпынак. Паветра было халодным і ў носе зліпаліся валасінкі. Не ведаю чаму, можа, прадчуваючы, ці проста інстыктыўна, я паглядзеў на сценку прыпынку, дзе віселі аб’явы. Усе яны былі падрапаныя і пашараваныя, але тая аб’ява вісела амаль пасярэдзіне і была налеплена адносна нядаўна. Я пачаў чытаць: “Увага! Вышук. Шукаецца Самсонава Аліса Віктараўна 1979 года нараджэння, якая пайшла з дому 13.11.07 г. у дваццаць гадзін і не вярнулася. На выгляд, прыкладна: дваццаць сем-дваццаць восем гадоў, рост сто шэсцьдзесят пяць сантыметраў, валасы светлыя. Асаблівыя прыкметы: на ілбе невялікі шнар даўжынёй у сантыметр. Была апранута ў шэрае паліто. Асобам, якія бачылі яе, просьба, звяртацца ў эннае аддзяленне міліцыі”. Я сарваў аб’яву, яшчэ раз уважліва перачытаў яе, а пасля скамячыў. Гэта быў шок. Здавалася, мяне цвікамі прыбілі да зямлі. Была, канечне, надзея, што гэта не тая Аліса, з якой у нас былі палавыя зносіны, таму што я не ведаў яе прозвішча, але канкрэтныя прыкметы, канкрэтная дата, калі я апошні раз бачыў яе, былі дакладнымі. І ўвесь той дзень я не мог знайсці сабе месца. А вечарам я прыйшоў на прыпынак, паглядзець, ці не наляпілі новую аб’яву.

Потым я перастаў хадзіць на працу. Днём я сядзеў у сваёй кватэры, а пад вечар выходзіў на вуліцу і ішоў на прыпынак. Часам, я наводзіў на людзей, што там знаходзіліся, дзіўныя ўражанні, прыходзячы туды і гадзінамі седзячы на лаўцы. Але мне было пляваць. Гэта і быў мой першы прамах.

Прайшоў тыдзень з таго часу, калі я кінуў працу. Я бачыў розных людзей, некаторых я сустракаў не аднойчы. Яны таксама мяне пазнавалі і, хутчэй за ўсё, лічылі бамжом, дапускаючы нават тое, што я жыў на гэтым прыпынку.

А другім і апошнім маім прамахам можна лічыць яе. Гэта здарылася ў сераду, гадзін, дзесьці, каля дзевяці. На прыпынку знаходзіліся людзі і сярод іх з’явілася яна: рудая дзяўчына, тварык якой быў усыпаны дробным рабаціннем. Яна ўсміхалася. Менавіта гэтым яна і прывабіла мяне. Яе шчырая, асляпляльная ўсмешка ўзварушыла маё нутро. Яна была сонечнай і гэтае сонца зыходзіла з яе. Дзяўчына стаяла непадалёк ад мяне, але гэтага хапіла. Адчуўшы імпульс, з-за якога, здавалася, па мне правялі электрашокам, я імгненна абудзіўся. Не ведаю чым, у сваю чаргу, я зацікавіў яе: на маіх шчоках выступіла тыднёвае шчацінне, валасы былі ўскудлачаныя і я, здаецца, не пачысціў зубы. Але.

— Прабачце, а вы не падкажыце, колькі зараз часу?

О Божа, гэты галасок, гэты тоненька-салодкі галасок зусім нявіннай душы. Я растаў. Можаце мне паверыць, я не хацеў гэтага, не ведаю, здольныя вы будзеце паверыць, але я сапраўды гэтага не хацеў. Аднак мой імпульс, ён сцінаў мяне. І самым невыносным ва ўсім гэтым было тое, што я ўжо загадзя ведаў, чым прыблізна ўсё магло скончыцца. Я толькі паглядзеў у яе сінія вочы, паглядзеў на яе мілы тварык і выдыхнуў:

— На жаль, я не ведаю…

Можа, гэта і была слабая спроба пазбегнуць яе, адштурхнуць ад сябе, інтанацыйна намякнуць на тое, што я не жадаў з ёй кантактаваць? Але сонечная дзяўчына не заўважала гэтага, яна і не хацела гэта заўважаць, і таму нечакана запытала:

— А вы верыце ў каханне з першага позірку?

Людзі на прыпынку азірнуліся на нас. Я зніякавеў і, пачырванеўшы, адвёў вочы ў другі бок. Добра, што ўжо быў прыцемак і ніхто не заўважыў майго канфузу. Дарэчы, а што ў маім разуменні было каханнем? Вось я адчуваў, што мне падабаецца дзяўчына, калі браць глыбей, я жадаў яе, мне ўсяго толькі хацелася пераспаць з ёй, залезці ёй пад трусікі. А дзе ж эмацыянальны бок? Праўда была ў тым, што я зусім не мог закахацца, мне проста падабаліся дзяўчыны і нічога вышэй гэтага ўзроўня. Што ж тады ў мяне было да Каці? Не ведаю, я і зараз не магу ў гэтым разабрацца, але гэта было не каханне адназначна. І вось перад мной узнікла пытанне сонечнай дзяўчыны. Я не ведаў, што ёй адказаць, але адказаў, што веру. Яна таксама сказала, што верыць і дадала:

— І самае дзіўнае, што яно здарылася са мной упершыню.

Людзі на прыпынку рабілі выгляд, што не слухаюць нас, але я разумеў, што яны краем вуха ўважліва прыслухоўваюцца. Мяне гэта насцярожыла і я адразу ж захацеў спыніць размову. А сонечная дзяўчына працягвала:

— Раней я не верыла ў яго, мне заўжды здавалася, што павінен прыехаць прынц на белым каню і скрасці мяне.

39
{"b":"553491","o":1}