Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Злучэнне кажаш… Вось з-за такіх злучэнняў і атрымліваецца…

— …рыжая Іра, — сказаў Дзяніс.

Яна ўсміхнулася такой шырокай усмешкай, што Дзяніс на імгненне здранцвеў, яму здалося, што час застыг і засталася толькі яе ўсмешка. А потым ён пацалаваў яе, горача і ў засмокт. Іра прысунулася бліжэй да яго і абвіла сваімі рукамі яго шыю. Пацалунак быў доўгім і сэксуальным. Яны цалаваліся як быццам упершыню: прагна і голадна, а калі спыніліся, Дзяніс аблізаў языком свае вусны, нібы на іх застаўся шакалад і, падумаўшы, сказаў:

— Я даўно ўсім казаў, што ты сапраўдная рыжая шэльма.

— Хай зайздросцяць, — cказала Іра.

— Дык у што ж ты верыш?

Іра паглядзела на сіняе неба.

— Усё гэта дзэн-будызм…

Дзяніс задумаўся, успамінаючы аб сваіх бедных ведах па гэтай будыйская плыні і спытаў:

— Значыць у прасвятленне?

— Менавіта.

Іра ўсхапілася на ногі і пачала бегаць па даху, як маленькае дзяўчо, у пошуках невядомай рэчы.

— Што згубіла? — спытаў Дзяніс.

— Мне патрэбна штосьці, што падобнае на палку.

Дзяніс здзіўлена хмыкнуў. Іра, у сваю чаргу, забегла за вентылятарны калектар, які знаходзіўся пасярэдзіне даху, і знікла з полю яго зроку.

“Толькі б не ўбілася ў мазут, — падумаў ён, — бо потым увесь дзень будзе зліцца на сябе і адначасова папракаць, што я загадзя не адгаварыў яе ад гэтай дурацкай задумы”.

Іра выйшла з-за калектара, трымаючы ў руцэ невялікую сталёвую загваздку, якая Бог ведае адкуль там аказалася. Яна падышла да Дзяніса і, лёгка ўзмахваючы ёй, нібы чароўнай палачкай, уладным голасам прамовіла:

— Спытай у мяне пра што-небудзь, пра што заўгодна, і я пасродкам нелагічнага адказу, раскрыю перад табой сапраўдную сутнасць рэчаў.

"Так, цяпер яна пачала дурэць. Ну што ж".

— Якія на мне сёння трусы?

— Гэта несур'ёзнае пытанне, — сказала Іра і дакранулася загваздкай да яго пляча.

— Ты сама сказала аб чым заўгодна.

— Добра, тады паставім пытанне так: спытай аб тым, што цябе найбольш хвалюе ў дадзены момант.

Што яшчэ магло яго не хваляваць, як яе беспадстаўныя слёзы. Але прычына, вядома, існавала, і ён гэта добра ведаў. Па-усяму было відаць, што Іра спрабавала гуляць у дзэн-будызм.

“Што ж, трэба гэтым карыстацца, — падумаў Дзяніс. — Засталося толькі сфармуляваць пытанне”.

— У мяне ўзнікла такое адчуванне, што ты хочаш мне аб нечым расказаць, аб нечым вельмі важным. Я разумею, што ўсё адбывалае на гэтым даху было цудоўнай прэлюдыяй, якая даволі моцна разагрэла нас і мяне, у прыватнасці, таму я жадаю ведаць, што ты хочаш мне расказаць.

Па выразе яе твару стала бачна, што яна чакала такога пытання, нават прагнула яго. Іра падціснула вусны і выпусціла з рукі сталёвую загваздку. Тая ляпнулася аб руберойд і разам з Дзянісам знерухомела ў чаканні. Іра села насупраць, абхапіўшы калены рукамі, як быццам ёй было холадна. Яна нагадвала Цалёвачку: такую ж маленькую і безабаронную. На імгненне твар яе зрабіўся сентыментальным, але толькі на імгненне, яго хапіла роўна на адзін яе ўздых і яна сказала:

— Я з’яжджаю.

— Куды? — спакойна спытаў Дзяніс.

— У Штаты.

— Сур’ёзна?

— Я выйграла Green Card…

Дзяніс забегаў вачыма ў розныя бакі, шукаючы, што сказаць.

— Тады я паеду з табой.

Яна стомлена паклала галаву на калены і сказала:

— Ты не зразумеў, я з'яжджаю назаўсёды.

— Якія праблемы, мы паедзем разам!

— Я паеду адна, а табе трэба вучыцца.

— А мне здаецца, што гэта табе трэба давучыцца, табе застаўся адзін курс, — голас яго сарваўся на фальцэт.

— Мне абыякава колькі.

— Іра, падумай, што за ўтрапёнасць, што ты робіш, застанься яшчэ на адзін год, атрымай вышэйшую адукацыю, а потым едзь куды хочаш!

— Няма ніякага сэнсу працягваць вучобу.

— Але чаму?

— Прафесія настаўніка мне не спатрэбіцца, ды і дыплом наш аб вышэйшай адукацыі — Піліпкіна грамата.

— І гэта ты толькі цяпер усвядоміла, правучыўшыся чатыры гады?

— Вядома не!

— І даўно?

— Адразу, як паступіла.

Наступнае пытанне было заканамерным.

— Тады навошта ўсе гэтыя месяцы я быў табе патрэбен?

— Таму што я кахаю цябе. Але мы даволі позна сустрэліся. Ведаеш, гэта калі спальваеш мост для адступлення, азіраешся, і толькі потым разумееш, што на другім беразе цябе чакала тваё ратаванне. Жыццё — чартоўскі складаная рэч.

— А ты не думала, што зробіш мне балюча?

— Безумоўна. Сёння ты казаў мне, што адчуваеш сябе слабаком, але гэта не так. Сапраўдны слабак — я, таму што хачу пакінуць радзіму, але слабак толькі знешне, і не ў якім вобразе духоўна. Памятаеш, Картасар казаў, што толькі той чалавек па-сапраўднаму любіць сваю Айчыну, хто з'яжджае ў іншую краіну. А ты знешне моцны, ты добры хлопец, клапатлівы, уважлівы, мне ніколі не было з табой дрэнна.

— Значыць ты мяне таксама не ведаеш.

Але Дзяніс разумеў, што бяссільны ўжо штосьці зрабіць, яна ўсё роўна паедзе і нішто не зможа ёй перашкодзіць.

— Твае бацькі ведаюць?

— Даўно. Ім яшчэ лягчэй будзе: мама пераедзе жыць да іншага мужчыны, бацьку застанецца кватэра.

— А сястра?

— Сястра пойдзе ў самастойнае жыццё.

— Прама амерыканская меладрама, — горка заключыў Дзяніс. Іра прамаўчала.

— А што будзем рабіць з нашым каханнем? — спытаў ён.

— Вось гэта і ёсць самае складанае пытанне, на якое я ніяк не магу знайсці адказу.

Дзяніс стрымана ўсміхнуўся.

— У дзэн-будызме няма нічога невырашальнага, проста трэсні мяне загваздкай і я абавязкова знайду адказ, — сказаў ён і па яго шчацэ пакацілася дробная сляза.

Іра адразу перавалілася на калены і па-сабачы пасунулася да Дзяніса, хутка сцерла вялікім пальцам яго слабасць і села побач.

— Зараз я не буду суцішаць цябе тым, што ты яшчэ знойдзеш сабе дзяўчыну лепш мяне, таму што дакладна ведаю — не знойдзеш, як і тое, што ты ніколі пра мяне не забудзеш. З усёй шчырасцю я магу сказаць усё тое самае і пра сябе.

— Значыць гэта каханне назаўжды застанецца ў нашых сэрцах, як застаюцца шнары на скуры, малюнкі, выведзеныя ў пячорах охрай, як зоркі на небе, і яго ніколі не паглыне нябыт, ці сусвет, што б не адбылося?

— Forever, — сказала Іра.

8

Як жа часам усё бывае непрадказальна. Трымаеш час, думаеш, што ён у тваіх руках, выкручваеш з яго апошнія сокі, а потым аказваецца, што ён выслізнуў з тваёй хваткі і табе ўжо ніколі яго не злавіць.

Дзяніс ехаў у аўтобусе і знешне быў спакойным, здавалася, нічога не прадвяшчала ў ім істотных перамен. Аднак унутры яго адбывалася зусім іншае: душа кіпела, нібы ў пякельным катле. Вядома, не кожны дзень пачуеш, што ўсе масты спаленыя і другая палова, так бы мовіць, падсела на здраду. Але ён трымаўся малайцом і вырашыў не здавацца.

За акном ужо даўно пацямнела і асабіста для Дзяніса гэта магло значыць толькі адно — набліжаецца трэцяя змена. Канвеер, чорт яго падзяры! Проста цудоўны кантраст з сапраўднай драмай, якая нядаўна з ім адбылася. Толькі пакуль яшчэ ён не паспеў гэта ўсвядоміць — усё самае горшае чакала наперадзе, калі ён прыйдзе дамоў, ляжа ў сваім пакоі на канапу, заплюшчыць вочы і зразумее, што застаўся адзін.

У салоне было амаль бязлюдна і Дзяніс паспрабаваў аддацца сну. Зрабіць гэта аказалася не проста. Яго думкі пачалі пракручваць кароткаметражку: з’явілася постаць фатальнай дзяўчыны з агністымі валасамі. Іра, чамусьці, танчыла, гукі музыкі былі прыглушанымі, але Дзяніс пазнаў у іх рок-н-рольныя рыфы. Яна круцілася па крузе, як ваўчок, развіваючы свае доўгія валасы, чырванеючы і ўсміхаючыся. Дзяніс не здолеў гэтага вытрымаць і рэзка пралупіў вочы, як быццам убачыў страшны сон. Яна сапраўды глыбока закранула яго сэрца. Ён моцна прыкусіў ніжнюю губу, каб пазбавіцца ад прыступу сваёй слабасці і дзеля разрадкі, моцна ўрэзаў кулаком па сядзенні спераду. Жанчына, што сядзела непадалёк ад Дзяніса, сутаргава азірнулася на яго, але прачытаўшы ў зласліва-варожым позірку “каціся адсюль, дура”, хутка адвярнулася. Яму патрэбна было сканцэнтравацца, бо ён ні ў якім разе не хацеў выносіць свой боль за межы сваіх эмоцый. Яго праблемы павінны былі заставацца яго ўласнымі праблемамі.

22
{"b":"553491","o":1}