Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Як толькі працоўныя кінуліся бегчы, усе, хто застаўся: Снайпер, Дзяніс, Пазаліні, Рупар, Ласун, Гестапа, Дзяцел і падбітая троіца ўбачылі, што акрамя першай веткі запрацавалі і ўсё астатнія канвеерныя веткі трэцяга цэха і ўсе ў зваротным накірунку. Дзяніс пачуў звыклы гуд, які прысутнічаў у цэху падчас працы. Аднекуль знутры ўзнікла жаданне ісці да працоўнага месца і пачаць вырабляць маразільныя камеры. Рухаючыся, першая ветка скінула на падлогу рэшткі рабочых і сінякастага, утварыўшы на ёй крывавую груду костак.

— Цяпер вы бачыце, што яны мелі рацыю! — са злосцю звярнуўся да Пазняка Снайпер. — Вы гэтага хацелі?

Пазняк, задраўшы галаву ўверх, сціскаў пальцамі крывацечны нос. Снайпер спагадліва паглядзеў на яго, потым падышоў і працягнуў яму руку. Пазняк спярша зморшчыўся, але руку падаў. Снайпер ірвануў яго на сябе і паставіў на ногі. У сваю чаргу Пазаліні працягнуў руку Чыпушыле, а Дзяніс накіраваўся дапамагчы Грышы.

— Я сам, — заўпарціўся ён, а калі падняўся, сказаў Дзянісу: — Табе гамон, прыдурак! Мяне і па твары?!

— Ну годзе табе! — сказаў яму Снайпер. — Зараз нельга варагаваць, цяпер без жартаў — трымацца будзем разам.

— Па руках, — выціраючы насоўкай кроў з твару, прабубніў Пазняк.

Невялікая група працоўных, у стане візуальнага шоку, пабегла праз канвеерныя веткі. Дыстанцыя ад іх і да канвеера складала не больш метра, але гэтага хапіла, каб іх імгненна прыцягнула да канвеернай стужкі, як прыцягвае метал да магніта і проста разарвала на кавалкі.

Астатнім рабочым таксама не пашанцавала. Чалавек трыццаць пабегла ў тым накірунку, куды адносна нядаўна бег Дзяніс. Усё астатняе з’явілася ўвасабленнем прац Босха. Яго палотны быццам ажылі. Страшны суд паўстаў перад Дзянісам. Не дабегшы да павароту, — там, дзе першы і другі цэх адлучалі жалезныя дзверы, людзі ўзняліся ў паветры, як шарыкі, як надзіманыя цацкі, а потым закруціліся ў звышхуткасным паветраным віры. Цэх запоўніў немы лямант. На падлогу паляцелі пырскі крыві, зубы і разарваная адзежа. А потым бліжэйшая канвеерная ветка невядомай сілай прыцягнула да сябе ўжо абезрухомленыя целы працоўных і пачала падзяляць іх над сабой на шэсць частак, як сінякастага.

Дзяніс так бы зачаравана і пазіраў на гэтае жудаснае відовішча, як раптам грубая рука схапіла яго за шыю і пацягнуў назад.

— У туалет! — крыкнуў яму на вуха Рупар.

Дзяніс прыйшоў у сябе і яны забеглі ў прыбіральню, зачыніўшы за сабой дзверы. За сцяной чулася храбусценне костак і раздзіранне чалавечых целаў. Рупар застаўся ля дзвярэй, трымаць іх за ручку (шпінгалета не аказалася). Выглядваць вонкі ён не вырашаўся.

— Што будзем рабіць? — калоцячыся, спытаў Дзяцел.

— Чакаць, — сказаў Рупар.

Праз хвіліну, ці нават менш, гукі пекла заціхлі.

Нечакана, з зваротнага боку моцна тузанулі за дзвярную ручку, але Рупар схапіў яе абедзвюма рукамі і не дазволіў дзвярам адамкнуцца.

— Пусціце, гэта я! — пачуўся адтуль істэрычны голас Снайпера.

Рупар адпусціў рукі і ў прыбіральню забеглі збялелыя Снайпер, Пазаліні, Свістуля, Підар і Грыша. Свістуля з Підарам у тую ж секунду забіліся пад рукамыйніцы, падціснулі пад сябе ногі і аберуч абхапілі дрыготкія калены, ледзь стрымліваючыся, каб не расплакацца на вачах ва ўсіх. Усе яны трэсліся, як асінавыя лісты.

— Усё самае жудаснае і тое, чаго я чакаў найменш, на жаль, адбылося, — заікаючыся, прамармытаў Снайпер.

Пазняк вінавата схіліў галаву.

Звонку гуд канвеера набыў спецыфічны гук, нібы загучалі самалётныя турбіны, прымусіўшы Дзяніса і астатніх схапіцца за вушы. З’явіўся моцны ціск, у вушах закалола і ўсім без выключэння падалося, што надышоў канец. Але гуд, як неспадзявана пачаўся, так і скончыўся. Дзяніс ачуняў разам з усімі на халоднай падлозе.

— Што гэта было? — падаў голас Чыпушыла, папраўляючы свае вялікія акуляры.

— Не ведаю, — сказаў Рупар.

— Гэта канвеер, — сказаў Снайпер. — Ён выпрабоўвае нас.

Усе пачалі прыслухоўвацца. Кожнага ахапіў небывалы дагэтуль страх. Вочы зрабіліся невідушчымі, рэчаіснасць перастала існаваць для кожнага і паасобку. У Підара носам пайшла кроў, запэцкаўшы белую кафлю, але ён не звяртаў на гэта ніякай увагі.

— Да чорту гэты канвеер, я адсюль ні нагой, буду сядзець тут да пасінення, пакуль не прыйдзе выратаванне, — выгукнуў Ласун.

Яго словы падтрымала большасць і гэта было бачна па спалоханых позірках. Падтрымліваў і Дзяніс. Ён колькі хвілін назад ужо лічыў, што развітаўся з жыццём, таму новы і апошні шанец на выратаванне страчваць ні за што не жадаў.

— А можа выратаванне не прыйдзе? — пасеяў яблык разладу Гестапа.

— Хай сабе і так, — кінуў Ласун.

— А што, калі канвеер і сюды дабярэцца? — спытаў Рупар.

— Не дабярэцца.

— А гэтая вібрацыя? Адкуль яна?

— Але мы ж засталіся жывымі!

— Пакуль яшчэ.

— Мы не загінем, — сказаў Снайпер.

— Ты так у гэтым упэўнены?! Гадзіну назад ніхто і не падазраваў, што канвеер без чалавека можа самастойна ўключацца, рухацца, а тым больш забіваць, — сказаў Рупар.

— Можа канвеерам кіруюць, так бы мовіць вышэйшыя гэтага свету? — выказаў здагадку Пазняк.

— Гэта выключана, — абрэзаў яго Пазаліні.

— Усё можа быць, — ажывіўся Снайпер. — Небяспека чакае нас у кожным куту, таму я лічу разважным прыняць рашэнне, што рабіць далей.

Па маўчанні, якое павісла ў прыбіральні, было зразумела, што нікому не хацелася штосьці яшчэ вырашаць, усе стаміліся ад безнадзейнасці якіх бы там ні было дзеянняў, а можа проста ніхто ўжо не адахвочваўся прымаць рашэнне. Маўчанне зноў узварушыў Снайпер.

— Добра, тады паставім пытанне рабром. Хто за тое, каб застацца тут і чакаць выратавання, падыміце, калі ласка, рукі?

Усе акрамя Снайпера паднялі рукі.

— Значыць я застаўся адзін.

— І што ты будзеш рабіць? — спытаў яго Рупар.

— Пакуль не ведаю, часу, я думаю, у мяне дастаткова.

Пазаліні пафасна хмыкнуў.

Дзянісу стала сорамна за працоўных і ў першую чаргу за сябе. Яму часта прыходзілася пакутаваць з-за сваёй нерашучасці, дзесьці рахманасці, лішняй перасцярогі. Часам, яго турбавала заганнае прадчуванне, што калі ён зрабіць глупства, людзі блага аб ім падумаюць. Цяпер яму не давалі спакою думкі, што і Снайпер кепска падумае пра яго, палічыць здраднікам і наогул баязліўцам. Вядома, Дзяніс нічога не хацеў прадпрымаць, акрамя таго, як сядзець у туалеце і чакаць дапамогі. Але ў тую ж чаргу невялікая, зусім кволая энергія рашучасці і ўпэўненасці ў сабе, падахвочвала, прымушала яго падтрымаць Снайпера. Спярша Дзяніс чакаў, што, магчыма, яшчэ хто-небудзь выявіць жаданне змяніць сваю пазіцыю і тады Дзяніс разам з ім зменіць сваю. Аднак працоўныя маўчалі. Потым яго ўрэшце ахапіла ўнутраная злосць, што ў сваіх рашэннях ён заўжды прывык спасылацца на іншых. І гэта канчаткова прадвызначыла яго ваганні. Ён паглядзеў на Снайпера і, хвалююча ўздыхнуўшы, сказаў:

— Я з табой.

Снайпер са здзіўленнем, а потым з надзеяй паглядзеў на Дзяніса і ўсміхнуўся. Пазаліні і Дзяцел пачалі перашэптвацца паміж сабой.

— Вы здурнелі! — сказаў Рупар. — Ужо нічога нельга зрабіць, хіба вы яшчэ не зразумелі, што мы ў пастцы, а калі паспрабуем адсюль выбрацца, з намі ўсімі расправіцца няшчадны механізм?!

Снайпер яму не адказаў, таму што сам не ведаў як адказваць. Дзяніс пачырванеў і падышоў бліжэй да яго.

— Самазабойцы, — канстатаваў Гестапа.

— Хлопцы, а з вамі можна? — звярнуўся да іх Пазняк.

Гэта было вялікай нечаканасцю, але ўсе прысутныя даўно звыкліся з сюрпрызамі.

— Вядома можна, — сказаў Снайпер, — таму што я разлічваю выйсці адсюль і як мага хутчэй.

Словы яго прагучалі досыць упэўнена.

— Адсюль толькі адно выйсце — цераз дах, — нечакана сказаў Дзяцел.

Дзяніс насцярожана паглядзеў на Снайпера і той, лагодна ўсміхнуўшыся Дзятлу, нібы ён адгадаў яго думкі, сказаў:

— Менавіта.

На імгненне Дзяніс расчараваўся, што згадзіўся прыняць удзел у гэтай задуме, тое самае ён прачытаў і на твары Пазняка.

31
{"b":"553491","o":1}