Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Цудоўная панарама.

Дзяніс падышоў да лесвіцы і, схапіўшы Іру за ногі, пачаў яе скалынаць.

— Давай лезь далей, мне адсюль нічога не відаць.

— Паглядзі пакуль на маю попу, — гулліва прамовіла яна.

— Попа, што трэба, але зараз я хачу ўбачыць, што дзеецца там наверсе.

— Вось так заўсёды. Ты эгаіст, Дзяніс…

Яна вылезла на дах. Дзяніс вылез следам. Сонца стаяла ў самым зеніце, было спякотна і паўсюль лунала цяжкае паветра. Пах руберойда адчуваўся яшчэ мацней. Дзяніс акуратна зачыніў за сабой люк, а Іра кінулася да краю даха.

— Асцярожна, рыжая, у мяне ногі падсякае, калі ты так носішся! — сказаў Дзяніс.

— Гэта ўсяго толькі дванаццаты паверх, — усміхаючыся, пралепятала Іра.

— Можна лічыць, што трынаццаты.

— Не мае значэння. Паглядзі адсюль на горад, як дзівосна!..

Дзяніс асцярожна пачаў да яе набліжацца.

— Ды не бойся, дурнік, смялей, — засмяялася яна.

— Трэба паступова, не спяшайся…

Іра працягнула яму руку і ён, узяўшыся за яе, моцна сціснуў ёй далонь. Яна падвяла Дзяніса да краю.

— Глядзі…

Ён нерашуча паглядзеў уніз. З гэтага, можна лічыць, самага высокага будынка на вуліцы Ілімская і, бадай, ва ўсім раёне, было відаць усё. Быў відаць дом, у якім жыла Іра, яе школа, узятая ў кольца шэрых несамавітых дзевяціпавярховікаў. Жылыя дамы апярэзвала дарога, якая цягнулася далей у горад, віднеўся ўніверсам “Рублёўскі”, рэкламны шчыт, на якім было напісана "За Беларусь". Быў відаць нават сектар драўляных хат з усходняга пасёлка, а ў Дзяніса за спінай адчыняўся выгляд на цёмна-зялёны яловы лес. У навакольным краявідзе адчувалася эклектыка ідыліі і індустрыялізму ў суровым спалучэнні вёскі і горада. Хаця Мінск гэта і ёсць вялікая вёска. Яшчэ не хапала каровы, якая б клыпала па асфальце з бомай на шыі і басаногай бабкай побач, імкнучыся хоць дзе-небудзь перайсці дарогу, паганяла яе пугай. Дзяніс набраў поўны рот сліны і з усяе моцы плюнуў уніз. Сліна, нібы па спіралі, паляцела ўніз і растварылася дзесьці ля шостага і пятага паверхаў.

— Свіння, — сказала Іра.

Дзяніс не звярнуў увагі на заўвагу, паглядзеў у далеч, а потым сеў на гарачую паверхню даху, абапёршыся спінай аб парэнчы.

— Ангарская — самы адстойны раён у Мінску, нават Зялёны Луг не такі адстойны, як здаецца з першага погляду.

— Што ты маеш супраць майго раёна? — імітуючы мужчынскі голас, сказала Іра, потым ацэньвальна паглядзела на яго, і села побач у паставе лотаса.

— Глядзі не запэцкайся.

— Адчапіся.

Некаторае імгненне яны маўчалі.

— А вось на Кунцаўшчыне на шмат лепш, — каб працягнуць спрэчку, сказаў Дзяніс. — Там, прынамсі, цывілізацыя адчуваецца.

— Вядома ж, ёсць мятро і рынак, — засмяялася Іра і прытулілася да яго пляча.

— Еўропа.

— Ага.

— Дарэчы, калі правесці паралель і падзяліць Мінск на дзве часткі: заходнюю і ўсходнюю, адразу можна звярнуць увагу на істотныя адрозненні. Так, захад — чысты і новы, а ўсход — твая Ангарская, “савок” адным словам.

— Выключэнне мае Уручча, там зараз такія дамы адбудоўваюцца, не горш вашых, што ўжо казаць аб Нацыянальнай Бібліятэцы.

Дзяніс мацней прыціснуў да сябе Іру.

— Аднак “Алмаз” пабудавалі на балоце, а гэта ўжо з ліку брутальнай архітэктурнай задумы. Тое самае, калі такая прыгожая дзяўчына, як ты, гучна сапсуе паветра, скажам, у вучэбнай аўдыторыі.

— Дурак, — сказала Іра і злёгку пхнула яго ў грудзі. — Толькі не забывай, што і Кунцаўшчына была вёскай на балоце.

Дзяніс усміхнуўся.

— Чаго варта яшчэ адна назва — хутар Серабранка…

— Эх, Менск, Менск — уздыхнула Іра.

— Эўропа, — перадражніў яе Дзяніс.

А потым яны, па нейкай падсвядомай інэрцыі, разам заключылі:

— Жыве Беларусь!

Гэтыя два словы на непрацяглае імгненне павіслі ў паветры, а потым растварыліся ў вышыні.

— Ведаеш, — задуменна распачаў Дзяніс, — калі я адшукаў цябе ў кантакце і ўбачыў фотку, дзе ты стаіш на фоне бела-чырвона-белага сцяга, доўга смяяўся.

— Чаму?! — здзівілася Іра.

— У цябе там такі выраз…

— Што з ім не так?!.

— Ты нагадала мне еўрапейскую турыстку, якая прыехала ў Мінск, уся такая гламурная girl, убачыла апазіцыйны мітынг і вырашыла сфатаграфавацца, як каля гістарычнага помніка. — Дзяніс трохі счакаў, а потым іранічна дадаў: — Каб потым сведчыць у падтрымку руху незадаволеных у краіне. Гэтакі шпег у спадніцы.

— Не праўда. Мы з Настай ішлі пасля параў, вось яна мяне і сфоткала.

— Гэта ты потым будзеш на следстве распавядаць.

Іра цмокнула языком і фанабэрыста сказала:

— У такім разе, мяне будзе вельмі цяжка раскусіць. Ты толькі паглядзі ў мае вочы.

І яны ўтаропіліся адзін у аднаго: яна — у яго чорнае мора бяздонных карых вачэй, ён — у яе крыштальна чыстае возера бліскучай сіні. Першым позірку не вытрымаў Дзяніс і адвёў вочы. Гэта было яго невялікай слабасцю. Наогул, калі хто-небудзь знаходзіўся з ім у кантакце, то мог заўважыць, як бегаў позірк Дзяніса, доўга не затрымліваючыся на суразмоўцы. Складвалася такое ўражанне, што Дзяніс саромеецца.

— Затое я ведаю цябе наскрозь, — зразумеўшы, што прайграў дуэль позіркаў, сказаў Дзяніс.

— Наскрозь? — абурылася Іра і Дзянісу не спадабаўся такі тон. — Ты, мой хлопчык, глыбока памыляешся, калі робіш такія гучныя высновы. Наскрозь, — пагардліва паўтарыла яна.

— Так, наскрозь, — не збіраючыся здавацца, заявіў ён.

Дзянісу захацелася падражніць Іру, паказытаць яе слабыя месцы.

— Я ведаю кожную радзімую плямку на тваім целе, ведаю твой пах, тваю хаду, міміку, твой голас, смех, нават твой нумар тэлефона… І гэта яшчэ не ўсё… Працягваць далей?

Іра расчаравана ўздыхнула.

— Так я і думала: на твар менавіта ўсе знешнія фактары. І гэты чалавек сцвярджае, што ведае мяне наскрозь?

Дзяніс ніколі не любіў, калі ў размове з ім пытанне ставілася да ўмоўнай трэцяй асобы. Але Дзяніс ніякім чынам не хацеў сварыцца і асабліва ў такі дзень.

А дзень быў шыкоўны, як і сотні іншых, праведзеных ім разам з Ірай. Таму Дзяніс згадзіўся, калі яна прапанавала яму залезці на дах гэтага дома. Бліжэй да абеду Іра патэлефанавала яму, сказала, што ёй непамерна адзінока, і надта хочацца выйсці на вуліцу пагуляць. Яна, вядома, разумела, што, магчыма, абцяжарвае яму адпачынак пасля працы, але калі ёй быў патрэбен кантакт, ён цалкам разумеў яе і гатовы быў сарвацца да яе хоць з іншага кантынента.

Іра дастала з пачка цыгарэту і запаліла. Яна запаліла з першага курсу, яшчэ тады, калі Дзяніс вучыўся ў школе. Ён не пытаў яе, па якой прычыне яна падсела на гэты лёгкі наркотык. Яго гэта проста не турбавала. Хаця сам ён не паліў і таму ў нашым постсавецкім грамадстве дзіўна было бачыць дзяўчыну, якая паліць побач з хлопцам абыякавым да цыгарэт. Дзяніса ніякім чынам не бянтэжыў гэты факт, наадварот — з цыгарэтай у руцэ, Іра здавалася яму яшчэ сэксуальней і ўзбуджала ў яго галаве фрывольныя фантазіі. Аднак бацькі Дзяніса, прытрымліваючыся кансерватыўных нораваў, не падзялялі яго запалу да Іры. Дзяўчына, якая паліла, выключалася з складу нармальных. Уся яе прывабнасць і абаяльнасць адразу ж перакрэсліваліся знакам забароны. Дзяніс, быўшы прыстойным палюбоўнікам, далёка пляваў на гэтае табуяванне і бацькоўскія забабоны.

Яна запаліла і яе твар набыў рысы задумення. Сур’ёзнай Іра выглядала, як дама высакароднага прозвішча. Ёй вельмі пасавала гэтая маска. Да ўсяго яна была досыць фотагенічнай. З любых ракурсаў яе твар выглядаў захапляльна прывабным.

— На той фатаграфіі ў цябе быў зморшчаны лоб, — сказаў Дзяніс.

Іра скірпаціла нос і лагодна вымавіла:

— Сонца свяціла мне прама ў вочы.

— І ўсё ткі на тым фотаздымку ты падобная не на турыстку, — не зважаючы на яе словы, працягнуў ён.

— А на каго ж?

— На чалавека, які не ведае, што яму рабіць далей…

— Я скажу болей, — ажывілася яна, — я нагадваю матылька, які лунае ў паветры, памятаеш яго рухі, — яны такія імпэтныя. Вось і я. Магчыма, мне вядома, што рабіць далей, але я яшчэ пакуль не вырашылася для далёкага палёту.

18
{"b":"553491","o":1}