Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Матылёк, звычайна, цягнецца да святла.

— Ты не падумай, я зусім не хачу апраўдваць апазіцыю, а калі б і жадала, то ўжо нейкім іншым чынам. Тым больш апазіцыя ўжо не тая, якой была да 1997 года.

— Кучка купленых блазнаў, — падсумаваў Дзяніс.

— Але яна хаця б неяк супрацьстаіць гэтаму рэжыму.

— А мне, шчыра кажучы, пляваць, што на адных, што на другіх, я заўжды буду супраць усіх гэтых выскачак, палітыка — гэта поўная лажа.

— І гэта, дарэчы, тыповая беларуская ментальнасць.

— Памыляешся, гэта зусім не мае дачынення да беларуская ментальнасці. Гэта, хутчэй, мая пазіцыя, я бліжэй да ментальнасці анархічнай, калі так можна выказацца, чым да беларускай. У іх, як бачна, ёсць падабенства, але ў адрозненне ад першай, анархічная ментальнасць схільная да формаў пратэсту: “Ненавіджу дзяржаву і ўсё такое”. Беларуская ментальнасць заключаецца ў больш маральных асновах, якія падрывалі на працягу шматлікіх стагоддзяў і асабліва ў трыццатыя гады.

— Проста так склалася гістарычна, што нашая краіна апынулася паміж двума светамі: еўрапейскім і азіяцкім. І гэтыя абставіны пакінулі адметныя сляды лавіравання паміж абодвума. Мы цалкам не належым да аднаго з іх. Адсюль паходзіць сепаратызм думак, і як следства — у нас няма адзінай рухаючай сілы, якая б здолела аб’яднаць народ. Таму для такіх краін уласцівы дэспатызм.

— Эх ты, апазіцыянерка, — гарэзліва вымавіў Дзяніс. — Дэспатызм ёй не падабаецца, на гэтым дэспатызме сучасная Беларусь і трымаецца.

Іра пагардліва затушыла недапалак аб нагрэты руберойд.

— Скажы мне, а чаму ты тады ў сваім гурце па-беларуску спяваеш?

Пытанне збянтэжыла Дзяніса і ён злёгку пачырванеў.

— Што, не маеш адказу?

— Гэта проста адна з формаў пратэсту…

— Каму?

— Шэраму, аднолькаваму грамадству, у сваёй большасці трасянкавобразнаму і русіфікаванаму.

— А ты кажаш “апазіцыянерка”. Тваё нутро, па сутнасці, сепаратыўнага ладу. Дысідэнт, так бы мовіць, — сказала Іра, а потым дадала: — Дык як жа ты можаш судзіць аб чалавеку, калі сябе толкам не ведаеш?

Дзяніс падняўся на ногі і абапёрся азадкам аб парэнчы, так што яго постаць стала прыкметнай, калі б хто-небудзь паглядзеў на дах з нізу.

— Праўда я зачапіў цябе сваім нахабствам, сцвярджаючы, што ведаю цябе наскрозь? — спытаў ён.

— Ні кропелькі, — адказала Іра.

— Кінь, зачапіў жа?..

— Хутчэй, ты паказаў сваю недасведчанасць у гэтай досыць асабістай прасторы.

— Ты хочаш сказаць, што за восем месяцаў свайго партнёра нельга вывучыць?

— Безумоўна. Таму што гэта немагчыма. Немагчыма нават на працягу ўсяго жыцця.

— Лухта, — сказаў Дзяніс.

— Я сур’ёзна. Людзі жывуць, пражываюць жыццё і большасць з іх ня ведае навошта, навошта гэта патрэбна? Яны жывуць, скажам, дзеля працягу роду, меншасць з іх па ўзаемным каханні, і зусім невялікі адсотак проста, таму што адчувае ў гэтым патрэбу. Гэта як тое, што ты не можаш сказаць аб чым я зараз думаю.

— Што я дурань?!

Іра ўсміхнулася.

— Ты, я бачу, мой хлопчык, вельмі высокага аб сабе меркавання.

— Добра, аб чым жа?

— Аб апельсіне.

— Чаму аб апельсіне?

— Проста так, мне захацелася апельсіна і ў гутарцы з табой я падумала, як цудоўна было б зараз з’есці сакаўную дольку.

Вецер авеяў спіну Дзяніса прахалодай. Разам з тым у яго горле з’явіўся камяк і яму патрэбен быў некаторы час, каб праглынуць яго. Горла апякло чымсьці горкім.

— О’кэй, — вытрымаўшы кароткатэрміновую паўзу, сказаў Дзяніс. — Паслухай мяне ўважліва. Калі я ўпершыню цябе ўбачыў, там у студэнцкім скверыку, ну ты памятаеш, з табой яшчэ Насця са Светай былі. Дык вось, менавіта тады я зразумеў, што ты будзеш маёй. Па вачах. Я быў трохі нападпітку, але гэта толькі падбадзёрвала мяне. Потым я колькі разоў бачыў цябе ва ўніверсітэце, ты не звяртала на мяне ўвагі, непрыступная дзіва, так бы мовіць. І гэта, шчыра кажучы, працяглы час збівала мяне з панталыку. Я не мог адважыцца. Тым больш ты старэй мяне на два гады. Дапамог «кантакт». Я, вядома, не ў захапленні ад гэтых віртуальных прастораў, але рэч гэта сапраўды карысная. У «кантакце» я цябе і адшукаў, і першае, што кінулася мне ў вочы, гэта твае інтарэсы: тыя кнігі і фільмы, якія ты пазначыла сваімі ўлюбёнымі: Джордж Оруэл,[8] Кундэра,[9] Картасар,[10] Кустурыца,[11] Паланскі,[12] Дэвід Лінч,[13] Фасбіндэр.[14] І ведаеш, я адчыніў цябе ў новым свеце. Адразу ж знікла ўражанне аб легкадумнай ванільнай похве з пранізлівымі сінімі вачыма. Перада мной паўстала дапытлівая дзяўчына з не затлумленай усялякім смеццем цвярозай свядомасцю, дзяўчына з вытанчаным густам, у маім разуменні, правільнай эстэтычнай накіраванасцю і светлымі поглядамі на жыццё. Я знайшоў свой ідэал.

Іра шчыра ўсміхнулася, а пасля паднялася на ногі. Падышла да Дзяніса, ласкава ўзяла яго загрудкі.

— Скажы, што падлізваешся?

Ён схаваў ад яе свой позірк, а яна, у сваю чаргу, не спускала з яго вачэй.

— Ну давай, скажы гэта…

— Я проста цябе кахаю… вось і ўсё…

Іра выпусціла яго з сваіх рук і падышла да краю даху. Горад перад ёй застыг у невядомым чаканні, а вецер растрапаў яе рыжыя, і асабліва пад сонцам, яскрава-рыжыя пасмы доўгіх валасоў, пакінуўшы на іх таямнічае пасланне. Яна выцягнула вусны ў трубачку і павольна выпусціла з роту сліну. Сліна расцягнулася і марудна паляцела ўніз, зачапіўшыся пасярэдзіне свайго шляху на адным з падваконнікаў. Потым яна выцерла далонню вільгаць на вуснах і спакойна загаварыла:

— А я ўбачыла цябе ўпершыню ў тым пераходзе каля ўваходу ў гандлёвы дом “Сталіца”. Ты стаяў там са сваімі сябрамі. Божа, якія ж яны гідкія. Ты істотна сярод іх вылучаўся хаця б сваім знешнім выглядам. Я, дарэчы, і цяпер не разумею, чаму ты з імі звязаўся. Маё першае ўражанне аб табе было на ўзроўні: "Паглядзі, які прывабны хлопчык". Але гэта не аб чым не гаварыла і сама я наўрад ці бы табой зацікавілася. Але Света, асоба вельмі вострага густу, сказала, што ты падобны на Іггі Попа[15] ў маладосці. У цябе тады таксама былі доўгія выбеленыя валасы. Света была без розуму ад яго і рок-н-ролу. Я прыгледзелася да цябе. Шчыра кажучы, я не ў захапленні ад рок-музыкаў, яны такія гучныя, агрэсіўныя і ад іх за кіламетр цягне алкаголем. Аб гэтым сведчылі і бутэлькі, якія вы выжлукцілі. Як зараз памятаю: на зямлі каля вас у некалькі радоў стаялі паўтара літровыя бутэлькі з-пад піва, прыбіральніца па некалькі разоў прыходзіла іх прыбіраць, але іх колькасць усё павялічвалася і павялічвалася. І ты быў мне агідны. А калі пазней ты падышоў да мяне з сваёй нахабнай прапановай, я здзівілася. Чаму менавіта я? Побач са мной сядзелі Света і Насця: адна мадэль, а другая проста лялька з твару. Ты быў такі сэксуальны і ў тую ж чаргу такі дакучлівы. І я табе адмовіла, а сяброўкі потым доўга мяне ўшчувалі. У мяне не было хлопца і я адмовіла. Але падсумоўваючы гэта, магу сказаць толькі адно, што не з кім іншым на гэтым даху мне не было б так добра, як цяпер з табой. Дзякуй табе…

Аднак пасля такіх прызнанняў яны засталіся стаяць на адлегласці. Дзяніс глядзеў Іры ў спіну, а яна не вырашалася азірнуцца, ёй здавалася, што яна расчыніла перад ім таямніцу, якую доўгі час хавала. Дзяніс падышоў да яе і дужа прыціснуў да сваіх грудзей. І раптам ён адчуў, як яе цела змякла і пачало сутаргава скалынацца. Дзяніс зразумеў, што яна плача, стрымана, але плача. Ён некаторы час не ведаў, што яму рабіць, а потым па інэрцыі пацалаваў яе ў галаву.

— Іра, што ты?.. — разгублена прамовіў ён.

Яна азірнулася і Дзяніс убачыў яе вільготныя вочы, сумныя і такія прыгожыя, нібы росныя васількі на сенажаці.

вернуться

8

Джордж Оруэл — ангельскі пісьменнік.

вернуться

9

Мілан Кундэра — чэшскі пісьменнік.

вернуться

10

Хуліё Картасар — аргентынскі пісьменнік.

вернуться

11

Эмір Кустурыца — баснійскі рэжысёр.

вернуться

12

Раман Паланскі — кінематаграфіст.

вернуться

13

Дэвід Лінч — амерыканскі рэжысёр.

вернуться

14

Райнер Вернер Фасбіндэр — нямецкі рэжысёр.

вернуться

15

Іггі Поп — амерыканскі рок-выканаўца.

19
{"b":"553491","o":1}