Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Маленькая мая, ну што ты, што з табой, што такое?.. — паўтараў Дзяніс і спрабаваў суцешыць яе пацалункамі, ад чаго слёзы па яе шчоках каціліся яшчэ больш.

— Прабач мяне, — сарвалася з яе мокрых вуснаў.

— За што?.. — не зразумеў Дзяніс.

— А давай проста сядзем… Добра?.. Проста зноў сядзем… — сказала Іра. — Сядзем і аб чым-небудзь пагаворым…

Прытуліўшыся адзін да аднаго, яны зваротна селі на гарачы руберойд. Маўчалі.

— Аб чым жа будзем размаўляць?.. — урэшце спытаў Дзяніс.

— Аб тым, калі нам было добра.

— Чаму ты кажаш аб гэтым у мінулым часе? — не зразумеў ён, а калі скеміў, што задаў вельмі вострае пытанне, адразу перахацеў аб гэтым ведаць. Няхай сама расказвае.

Іра ўздыхнула. Выцерла далонямі вільготныя шчокі і паспрабавала супакоіцца. Дзяніс адчуў, як яе дыханне паступова пачало запавольвацца, пакуль канчаткова не нармалізавалася.

— Памятаеш той дзень, калі мы разам пайшлі ў кінатэатр “Перамога”? — прыгадала яна.

— Як жа не памятаць. Быў пахмурны восеньскі вечар, злёгку церушыў дождж…

— У паветры стаяў водар сапрэлага лісця…

— Людзі вакол былі як-быццам ап’янёныя…

— І ты цалаваў мяне на вуліцы, цалаваў у засмокт, горача, моцна да сябе прыціскаючы…

— А ты напявала песню Beatles, толькі не памятаю якую…

— “Boys”…

— Ага…

— Потым мы зайшлі ў кіназал…

— Людзей было на рэдкасць няшмат і яны сядзелі невялікімі купкамі то тут, то там…

— Мы селі пасярэдзіне…

— У той вечар паказвалі Фасбіндэра…

— “Трэцяе пакаленне”, калі не памыляюся…

— Я быў у захапленні…

— Цудоўная рэжысёрская пастаноўка…

У небе над іх галовамі праляцеў самалёт і менавіта на даху гук яго турбін здаваўся непамерна гучным, ад чаго дрыготкай працінала ўсё нутро.

— Кіно — гэта страшны наркотык, — заўважыла Іра, — вядома, пасля кавы і цыгарэт. Люблю глядзець кіно адной, гэта, як усё роўна, чытаць кнігу — у поўнай цішыні і спакоі.

— Магчыма, толькі калі гэта дрэннае кіно, аднаразовая жованка, добрае кіно трэба глядзець выключна з кімсьці. Мне заўжды патрэбна фонавая эмоцыя, якой мне не хапае, таму я чэрпаю яе ад іншых. Вось з табой кіно глядзець — сапраўдная асалода.

— Па-твойму я эмацыйная?

— Хіба ты сама не ведаеш?

— Я хачу пачуць гэта ад цябе…

— Хутчэй так, чым не, але твая эмацыянальнасць утоеная пад пластам зваротнай рэакцыі, якую ты чакаеш ад мяне, і, калі яе не адбываецца, твае эмоцыі зрываюцца, як вязень з доўгатэрміновага зняволення.

Іра паклала сваю галаву на плячо Дзянісу.

— А потым, што было потым? — спытала яна.

Дзяніс, успамінаючы, усміхнуўся.

— Верагодна, адна з лепшых начэй у маім жыцці.

— Гіпербала.

— Аднак, мне здаецца, што мы адхіліліся ад тэмы “кіно”, — сказаў Дзяніс.

— Добра, тады назаві мой любімы фільм? — спытала Іра.

— Любімы фільм? У цябе ёсць любімы фільм? Раней я думаў, што ў цябе іх плойма. Хаця, судзячы па фільму, які мы першы раз глядзеў — гэта “Сіні аксаміт” Дэвіда Лінча.

— Ты памятаеш аб гэтым? Цікава. А твой, значыць — “Сід і Нэнсі”?

— Не, — зморшчыўся Дзяніс, — гэты фільм я паказаў, таму што хацеў цябе трохі эпатаваць.

— Не атрымалася. Мацюкі ніколі мяне не ўражвалі.

— Цяпер я ведаю, лепей бы паглядзелі “Кантроль” пра Joy Division,[16] але, на жаль, у той час у мяне не было гэтага фільма.

— Таксама пра панкаў?

— Пост-панкаў. Ад іх, дарэчы, пайшоў інды-рок і ўсе гэтыя брыт-попы з яскравым увасабленнем у тваіх любімчыках The Killers.[17]

— Прашу заўважыць — адных з любімчыкаў.

— Прабач, як жа можна забыцца на ліверпульскую чацвёрку з усёй хіпі-брыдой.

— Я разглядаю Beatles толькі з пункту гледжання музыкі.

— Вось бы класна было б табе апынуцца ў ЗША ў шасцідзесятых і жыць разам з валасатым мужыком у іржавым трэйлеры. Ён бы кожны вечар найграваў табе на гітары лірычныя балады аб пацыфізме, аб тым, што маладосць гэта выдатная пара і гэтым трэба карыстацца, накшталт: “О, дзетка, давай, не саромейся, давай, я гатовы прыняць тваё каханне…” і г.д.

— Быць падобнай на Джэніс Джоплін[18] і памерці ў дваццаць сем гадоў?! Не, прабач, я хачу пражыць да глыбокай старасці, каб было потым што ўнукам расказаць.

— Дай цыгарэту, — нечакана сказаў Дзяніс.

— Ты не паліш, — заявіла Іра.

— Ну і што…

— Цяпер твае бацькі будуць ненавідзець мяне яшчэ і за тое, што я прызвычаіла цябе паліць.

— Яны не пазнаюць. Перад тым, як прыйсці дамоў, я з’ем жованку.

— …якую перад гэтым ты возьмеш у мяне, — іранічна дапоўніла Іра.

Яна дала яму цыгарэту і ўзяла сабе. Запалілі. Дзяніс зрабіў першую зацяжку і адчуў, як лёгкія заказытаў халодны дым, ён выдыхнуў і зацягнуўся ізноў.

— Не ведаю як фільм, але твой улюбёны серыял — гэта “Твін Пікс”, — натхнёны тытунем, сказаў Дзяніс.

— О так… Ты ведаеш, хто забіў Лору Палмер?

— Безумоўна… Я губляю прытомнасць, калі слухаю саўндтрэк з гэтай кінастужкі. Упершыню я паглядзеў яго ў другім класе, памятаю эпізод, калі хлопчык у масцы з вострым носам бегае па крузе, як казляня. Мяне гэта так пужала, я начамі не мог заснуць.

— А мяне ўражвае той эпізод, калі Лора Палмер заходзіць у свой пакой і бачыць, як Боб хаваецца за яе фікусам. У нас дома падобны калісьці стаяў і я ўсё думала, што вось вярнуся дамоў са школы, зайду ў пакой, а там будзе стаяць агідны Боб і ўсміхацца мне сваімі гнілымі зубамі.

— Уражлівыя мы з табой, — сказаў Дзяніс.

— Не тое слова.

Іра збіла попел і Дзяніс паўтарыў за ёй, пасля чаго яны прыхінуліся галовамі адзін да аднаго і ўтаропіліся кожны ў сваю кропку. Ім было так утульна разам, што з іх можна было маляваць карціну аб дасканалай гармоніі.

— Ты б хацела стаць актрысай? — спытаў Дзяніс.

— Кінадзівай хутчэй…

— Цудоўна, будзеш другой Джуліян Мур.[19] Вы, дарэчы, з ёй чымсьці падобныя.

— Магчыма, — звяраючы ў думках яе вобраз, сказала Іра. — Хаця з ёй мне падабаецца толькі адзін фільм — “Вялікі Лебоўскі”.

— Яна там у ролі мастачкі, якая малюе палотны ўласнай вагінай? Як эстэтычна! Ты хацела б здымацца ў “іншым кіно”?

— Я не выключаю такой магчымасці. Быць рознапланавай актрысай, гуляць у малабюджэтных праектах і адначасова ў галівудскіх кінастужках.

І яна засмяялася.

— Што ж, я на сто адсоткаў упэўнены, што ты ёй станеш, — сказаў Дзяніс.

— Дзякуй, — разгублена вымавіла Іра і адвяла позірк.

Дзяніс глыбока зацягнуўся і, выпусціўшы дым, пачаў кашляць. Іра паляпала яму па спіне, але жэстам рукі ён паказаў, што дапамога яму не патрэбна.

— Табе нельга паліць.

— Чаму гэта? — адкашляўся Дзяніс.

— Дым толькі пераводзіш і цыгарэту па-дзіўнаму трымаеш.

— Ну як?

— Як школьнік, а вусны ў трубачку скручваеш, калі зацягваешся.

— Я ўсё ткі не круты гангстар, каб дым у твар пушчаць, нібы ў лепшых сцэнах нуар-кіно.

— Астынь каўбой, не ўсё так дрэнна, — Іра наставіла на Дзяніса паказальны палец, як быццам пісталет і здрыганулася рукой, імітуючы стрэл, а потым дунула ва ўяўнае дула. Далей яе рука міжвольна лягла яму на нагу і спакваля пачала прасоўвацца да крайняй плоці. Па целе праслізнулі прыемныя дрыжыкі і адчуванне замілавання напоўніла яго нутро. Неўзабаве ў пругкіх джынсах ён пачаў адчуваць імклівае ўзбуджэнне. І калі рука Іры была ў некалькіх сантыметрах ад прызначэння, Дзяніс хутка спыніў яе, паклаўшы зверху сваю далонь. Спачатку моцна сціснуў, а потым асцярожна паклаў ёй на калены. Іра спрактыкавана прыкусіла ніжнюю губу і раптам змяніла выраз твару. Яе гуллівы вобраз ператварыўся ў маску адчужанасці. Яна затушыла чарговы недапалак аб руберойд.

— І ўсё ткі кіно, — з большым запалам распачаў Дзяніс.

— Ай, надакучыла…

— Надакучыла? — здзівіўся ён.

вернуться

16

Joy Division — ангельскі інды-рок гурт.

вернуться

17

The Killers — амерыканскі рок-гурт.

вернуться

18

Джэніс Джоплін — амерыканская спявачка.

вернуться

19

Джуліян Мур — амерыканская актрыса.

20
{"b":"553491","o":1}