Литмир - Электронная Библиотека
A
A

У аўтобусе на Дзяніса найшла дрымота. Ад яго дома да «Тытана» язды, прыблізна, з паўгадзіны і таму яму не заставалася нічога іншага, акрамя як прытуліцца да бліжэйшага поручня, і бесклапотна заплюшчыць вочы. Паглыбіўшыся ў дрымоту, яго свядомасць адразу ж запаволілася разам з фразамі Кейта Флінта. Гэта было падобна на прыступ ліхаманкі. Потым у галаве замітусілася адна назойлівая думка: цяпер Дзяніс не мог сабе ўявіць, як зможа вытрымаць восем гадзін. Стоп! Канвеер — вось глеба для разважання. Хіба ёсць яшчэ нешта? Ты павінен адпрацаваць сваё. Пена, якую ты абразаеш, прагне гэтага. Ты ачысціш лядоўню ад бруду і зробіш яму вялікую карысць. Канвеер! Канвеер! Канвеер! Я твой гаспадар! А цяпер уважліва паглядзі на корпус халадзільніка — ён белы, як самы дасканалы, самы ідэальны колер. Пазбаўся ад сваіх стэрэатыпаў і ілюзій! Чуеш? Я ведаю: ты не гультай, ты здольны працаваць і ты будзеш працаваць, таму што я цябе прымушу. Ты — мая частка, ты — мой сродак, мой раб. А я — твой уладар. Бо няма нічога складанага ў выкананні вызначанай аперацыі, у падпарадкаванні мне, прынамсі, гэта ўсё, што ад цябе патрабуецца. Магчыма, ты ўжо адчуў міжвольную лёгкасць і млявасць уласнага цела? Так? Адчуў? Значыць першая стадыя ў тваім адваротным перакананні пройдзена. Далей я навучу цябе кантраляваць свой розум, я навучу цябе разумець мае пасланні і іх прыхаваны сэнс. Запомні: няма ляноты, няма стомленасці, ёсць толькі імкненне наперад, хуткасць працы, жаданне зрабіць нашмат больш і што самае галоўнае — якасней. Дакажы мне, што ты адзін з выбраных, адзін з вартых. Канвеер! Канвеер! Канвеер! Ты разумееш? Твой крок, твой рашучы крок у мой бок, запэўніць цябе ў гэтым. Таму праца — толькі праца, твая змена — толькі твая змена. Зразумей, мы з табой адно цэлае. Я — твой розум, ты — мае дзеянні. Мы адзін механізм, памятай! Канвеер! Канвеер! Канвеер!

Гэта быў не сон і Дзяніс разумеў дзіўную фантасмагорыю. Потым перад ім з’явіўся канвеер, шырокі, у колькі дзесяткаў метраў і бясконца доўгі. Замест канвеернай стужкі ляжаў чырвоны язык, пакрыты гідкімі пухірамі і сліззю. На ім стаялі скрываўленыя лядоўні. Усе яны рухаліся ў бясконцую далеч жахлівага канвеера. Раптам язык заварушыўся, як вуж на патэльні, і лядоўні адна за адной пачалі падаць на кафляную падлогу. Разбіваючыся аб яе, быццам крыштальныя келіхі, разбітыя лядоўні пакідалі калюжы барвовай вадкасці, якая імгненна закіпала і бясследна растваралася ў прасторы. Калі растварылася апошняя лядоўня, язык напружыўся, хутка скруціўся і знік. Аднекуль здалёк пачулася моцная адрыжка, нібы адрыгнуўся Паліфем[4] і ў гэты момант Дзяніс расплюшчыў вочы. Аўтобус пад’язджаў да “Тытана”. Дзяніс убачыў пафасныя літары на даху інжынернага корпуса, прахадную і па яго целу прабегла дрыготка.

Высыпаўшы з народам на прыпынку, ён марудна ўзняўся па прыступках да галоўнага ўваходу. У галаве стаяў тлум ад убачанага трызнення, але яно ніякім чынам яго не здзівіла. Дзяніс палічыў такія праявы свайго розуму звычайным плёнам падсвядомай фантазій.

На прахадной у кабіне сядзела ўсё тая ж прывабная вахцёрка, але на гэты раз у Дзяніса не было асаблівага настрою заляцацца з ёй. Ён панура прасунуў у вакенца свой тэрміновы пропуск і яго прапусцілі далей.

Да гардэробу ён падышоў без уласцівага яму адчування пагарды. Да ўсяго і навакольнае паветра аказалася не такім смуродным, як здавалася раней.

“Можа, напярэдадні памяшканне добра праветрылі, ці я ўжо паспеў звыкнуцца з гэтымі таксічнымі пахамі?” — падумаў Дзяніс.

Адчыніўшы шафік, ён з прыхаваным сумам скінуў з сябе паўсядзённую вопратку. Потная роба налезла на яго, як чыясьці іншая скура. Даўно б не замінала яе памыць. Майка смярдзела, а ад кедаў патыхала ўчорашнімі шкарпэткамі. Аднак Дзяніс паспрабаваў не звяртаць на гэта ўвагі. Вялікіх намаганняў яму не спатрэбілася. Зачыніўшы шафік, ён не спяшаючыся спусціўся ўніз. Выйшаў на вуліцу, зайшоў у першы цэх, мінуў маставыя краны, прайшоў ліцейку і трапіў у трэці цэх. Як і раней, як і кожны такі раз.

Каля дыспетчарскай яго сустрэў майстар Прошын. Бледны твар майстра выяўляў рысы пэўнай незадаволенасці і кожнае сваё наступнае слова ён вымавіў досыць выразна:

— На “лінію Краўса” з адпачынку выйшаў працоўны. Пастой тут, я зараз знайду табе новую працу.

Дзяніс збянтэжыўся і спярша не ведаў, як яму рэагаваць на такую навіну, хацеў было памкнуцца спытаць, але Прошын ужо знік за дзвярыма дыспетчарскай.

З аднаго боку навіна ўзрадавала Дзяніса: не прыйдзецца больш збіваць згіны пальцаў аб лядоўны агрэгат, не прыйдзецца бачыць Чыпушылу. З другога боку Дзяніс добра разумеў, што налаўчыўшыся абразаць пену, яму зноў прыйдзецца асвойваць новую аперацыю. І абавязкова на новым месцы знойдзецца яшчэ адзін Чыпушыла, які будзе павучаць яго, як правільна працаваць, часам, кпіць над яго нязграбнымі рухамі і ўвесь час ён будзе адчуваць на шыі незадаволены позірк. Апошняе больш за ўсё выводзіла Дзяніса з раўнавагі. Магчыма, з-за таго, што ён, у некаторай ступені, быў параноікам.

Чакаць Прошына прыйшлося ня доўга. Дзверы дыспетчарскай адчыніліся і адтуль выйшаў невысокі мужчына сярэдніх гадоў у цывільным, а за ім расчырванелы майстар. Мужчына быў даволі кідкага неславянскага паходжання: асмуглы і з вірлавокімі вачыма.

“Армянін ці азербайджанец? Ды яшчэ начальнік!”, — падумаў Дзяніс.

— Гэта ты яго збіраешся на маразільнікі паставіць? — спытаў у Прошына на чыста рускай мове вірлавокі.

Майстар кіўнуў галавой.

— На заводзе першы раз працуеш? — пацікавіўся ён у Дзяніса.

— Так.

Мужчына недаверліва паглядзеў на Прошына.

— Глядзі мне, Максім, пад сваю адказнасць яго бярэш, я потым асабіста прыйду паглядзець, як твой архаравец працуе.

Прошын пачырванеў яшчэ больш і, нічога не адказаўшы, пайшоў у бок першай веткі канвеера. За ім накіраваўся і Дзяніс.

Толькі цяпер ён зразумеў, што канвеер “лініі Краўса” быў нікчэмным падабенствам сапраўднага канвеера, які спецыялізаваўся на зборцы лядоўняў. Трэці цэх умяшчаў пяць доўгіх канвеерных ветак, кожная з якіх выконвала сваю функцыю. Прошын павеў Дзяніса ўздоўж першай і другой. На пешай ветцы збіралі каркасы лядоўняў, другая канцэнтравалася на далучэнні асобных дэталяў да вырабленай канструкцыі. Яны падышлі да самага пачатку першай веткі і майстар адразу замацаваў за Дзянісам вакантнае месца. Яму выдзялілі ліпкую ізастужку, пару баваўняных пальчатак і “гаспадарчае мыла”. Яго новай задачай заключалася заляпляць стыкі ў злучаных сценках лядоўняў. Майстар прыставіў да Дзяніса хлопца, ад якога брыдка смярдзела потам, каб той растлумачыў яму, як менавіта трэба заляпляць стыкі. Хлопец паказаў Дзянісу асноўныя дзеянні (па яго сцэнару аперацыя была лёгкай: раз-два — наступная лядоўня, тры-чатыры і так далей) і перадаў ізастужку Дзянісу. З гэтага ўсё і пачалося. Стыкі выходзілі на столькі ўбогімі і крывымі, што хлопцу прыходзілася перарабляць усё зноўку. Пры тым амаль кожны раз ліпкі бок ізастужкі загінаўся, яна часта вылятала з рук, з-за чаго прыходзілася спыняць канвеер. Некаторыя працоўныя ўжо скоса пачалі паглядаць на Дзяніса.

— Тут няма нічога складанага, — без інтанацыі казаў хлопец. — Глядзі, бэрэш адзін канец ізастужкі, адцягваеш яе на памер стыку, праводзіш па ёй рукой — гатова.

У яго выкананні гэта выглядала бездакорна.

— Слухай, Грыша, навошта тут не вылузвацца?! — сказаў хлопец, што стаяў непадалёк ад Дзяніса і займаўся непасрэднай стыкоўкай сценак лядоўняў. Хлопец быў гадоў трыццаці, ужо з піўным брухам і нахабнай храпай. Яго правую шчаку аздабляла радзімка сантыметровай акружнасці. Дзяніс схіліўся да асацыяцыі, што ён быў, хутчэй за ўсё, з ліку тых персанажаў, хто любіць пасля працы выпіць піва, добра нажэрціся ў выходныя і трахнуць танную шлюху, альбо дзяўчыну, недалёкую норавам ад блудніцы. Гэта можна было прачытаць па яго ўсмешлівым твары. Хлопец падышоў бліжэй і пераняў ізастужку ў Грышы.

— Лепей рабі так, сябрук, — звярнуўся ён да Дзяніса. — Бярэш ізастужку, лепіш канец, а потым проста цягнеш яе ўздоўж па стыку. Справа скончаная.

вернуться

4

Паліфем — цыклоп з гамераўскай “Адысеі”.

8
{"b":"553491","o":1}