Литмир - Электронная Библиотека
A
A

“Няўжо толькі такія кракадзілы працуюць на канвееры? — падумаў ён. — Хаця, мусіць, так і ёсць, якая нармальная дзяўчына зараз пойдзе на завод? Часы сацыялізму прайшлі. Нават цяжка ўявіць на гэтым месцы Іру”.

Ён неахвотна падняўся з мяшка і працягнуў працу, прычым у паскораным рэжыме. Смешна было глядзець на Грышу, які незадаволена соп і час ад часу скавытаў:

— Апяць дваццаць пяць!

“Ёлуп ты, а я яшчэ шкадаваў цябе”, — непрыязна падумаў Дзяніс.

А калі Ласун пажартаваў над Грышынай бародкай: “У, барада, два вуха!” Дзяніс зарагатаў разам з усімі.

На паўгадзінным перапынку ён добра паабедаў у сталоўцы і астатнія пятнаццаць хвілін вырашыў пасядзець у цяньку асобна ад усіх на самай крайняй лаўцы. Яму не хацелася ўлівацца ў кампанію новых працоўных.

Паясніца за паўгадзіны трохі адпачыла, але пры любым нагінанні, яе пранізваў колкі боль. Дзяніс задумаўся аб змене аперацыі. Ён узгадаў словы вірлавокага начальніка, які згадзіўся паставіць яго на маразільнікі.

“І дзе ж яны?”

Заходзячы ў цэх з вуліцы, ён цвёрда вырашыў, што як толькі ўбачыць Прошына, абавязкова скажа яму аб болі ў паясніцы і магчымай новай аперацыі. Яго ўжо не турбаваў той факт, што майстар кепска аб ім падумае. Спіна была даражэй.

І як не дзіўна доўга чакаць майстра не прыйшлося. Ён з’явіўся на ўчастку праз хвілін дзесяць. Дзяніс інтуітыўна азірнуўся і ўбачыў Прошына, які ўжо ішоў у яго бок. Падрыхтаваўшыся распавесці яму гіпербалізаваную гісторыю аб небывалай дагэтуль стомленасці, ён толькі расчыніў рот, але яго апярэдзілі.

— Пайшлі за мной, — сказаў Прошын і Дзяніс гатовы быў расцалаваць майстра.

“Навошта мітусіцца, калі ўсё прыносяць на сподку?!”

Дзяніс выкінуў у мяшок з паралонам рэшткі ізастужкі і бадзёра пайшоў за Прошыным. Яны накіраваліся ў самы пачатак першай веткі. Там Дзяніс убачыў чаргу цележак, на якіх змяшчаліся металічныя лісты, з якіх Ласун і Гестапа выраблялі каркасы лядоўняў. За цележкамi ўзнiклi дзве “калоны” з полепрапеленавых блокаў, якія нагадвалі разбураную рымскую арку, праз якую пад час трыўмфу праязджалі імператары. Прайшоўшы “арку”, Дзяніс апынуўся ля невялікага канвеера, прыблізна, трох метраў у даўжыню, які разлічваўся на мінімальную колькасць аперацый і працоўных — усяго чатыры чалавекі. З аднаго яго боку стаяла дзяўчына гадоў дваццаці пяці. Рысы яе твару не адрозніваліся асаблівай прыгажосцю, але для сябе Дзяніс адзначыў, што яна была, бадай, самай прывабнай асобінай жаночага полу, якую яму давялося пабачыць на заводзе, ну, магчыма, акрамя вахцёркі. Але, безумоўна, яны абедзве не каштавалі нават пазногця Іры. Яна была непараўнальнай.

У адзначанай дзяўчыны таксама як і ў Курвы былі жоўтыя валасы, аднак пад вобраз прастытуткі яна зусім не падыходзіла. Пільным вокам Дзяніс прыкмеціў, што ў яе ненатуральна блішчалі шчокі, нібы іх адпаліравалі, аддаючы хваравіта-бледным бляскам, як у парцалянавай лялькі. І яшчэ яна па-вульгарнаму чвякала жуванкай, пры гэтым пафасна надзімаючы вялікія пузыры. Да пералічанага можна было дадаць яе зграбны стан і васільковыя вочы.

Насупраць дзяўчыны, з другога боку канвеера, працавалі яшчэ дзве жанчыны. Адна была больш мажная з доўгімі кучаравымі валасамі і тлустымі лыткамі, а другая ніжэй ростам і падстрыжаная пад хлопчыка — звычайныя завадскія бабы.

Утраіх, на спецыяльных падстаўках, яны выраблялі маразільныя камеры, пасля чаго ставілі іх на канвеерную стужку. Адтуль камеры здымаў высокі мужчына і адпраўляў на прэс.

— Толік! — паклікаў яго Прошын і мужык сутаргавата азірнуўся.

Абрысы яго твару выразна суадносіліся з абрысамі вядомага галівудскага акцёра васьмідзесятых.

“Як жа яго звалі?”

Перад Дзянісам адразу ўстала задача асацыяцыі.

Мужык павітаўся з майстрам, а потым працягнуў руку Дзянісу, які ў тую ж хвіліну адчуў моц поціску працоўнай рукі.

— Прывёў табе вучня. Пакажы яму, як трэба прэсаваць маразілкі, і прымацоўваць папярочку, — сказаў Прошын.

Мужык пакорліва кіўнуў, а майстар падышоў да жанчын, для прыліку пацікавіўся іх настроем і хутка знік у невядомым напрамку, развіваючы ў паветры крысы халата, у дакладнасці, як Бэтмэн.

— Студэнт? — прыглядаючыся да Дзяніса, спытаў мужык.

— Так.

— Зразумела. Добра, а цяпер глядзі сюды. Твая задача заключаецца ў наступным…

Далей ён паказаў Дзянісу паслядоўнасць выканання аперацыі. У яго абавязак цяпер уваходзіла: здымаць з канвеера зробленыя маразільныя камеры, ставіць на прэс, які прэсаваў іх з чатырох бакоў, а ў прыватнасці ізастужку, якой абляплялі каркас і змеявік кожнага маразільніка. Наступным крокам патрабавалася зняць з прэса камеру і паставіць яе на стол непадалёк. Ужо на стале да камеры трэба было прымацаваць папярочку, а потым павесіць яе за кручок на цележку, якая змяшчала дванаццаць такіх жа маразільных камераў.

— У гэтай справе галоўнае правільна паставіць на прэс маразілку, — гэта значыць роўна, таму што ў горшым выпадку пагнуцца сценкі і мне прыйдзецца ўсё перарабляць. Яшчэ праблемы могуць узнікнуць з папярочкай — памятай, яе неабходна прымацоўваць роўна; спярша будуць балець далоні, але гэта дробязі і ты паступова прывыкнеш, — сказаў мужык.

Запамінаючы паслядоўнасць дзеянняў, Дзяніс раптам усвядоміў, што гэта была першая сур’ёзная і адносна складаная аперацыя непасрэдна звязаная з лядоўнямі. Ужо можна ганарыцца. Праца на карысць Айчыны. Патрыятызм так і разбіраў Дзяніса. Паралельна з гэтым ён на асацыятыўным узроўні спрабаваў узгадаць, на каго ж быў падобны гэты мужык? Дзяніс выпусціў з памяці, якім імем яго назваў Прошын і таму адразу вырашыў надзяліць мужыка мянушкай. Асабліва гэтае жаданне з’яўлялася, калі той прымацоўваў да маразільніка папярочку, твар яго рабіўся напружаным і ён пераканаўча нагадваў амерыканскага акцёра.

“Акцёра, які здымаўся ў баявіках, дзе граў крутога героя, які біў храпы благім хлопцам, начыняючы іх на працягу кінастужкі кулямі, і абавязкова займаўся сэксам з прыгожай жанчынай. А самы вядомы яго фільм…як жа гэта… “Снайпер”. У самую кропку. А як жа яго звалі? Бэдар… Брэмер… не … Бэры… Бэрынджэр. Усё!”

Мужык быў падобны на Тома Бэрынджэра,[6] як дзве кроплі вады.

“Буду называць яго Снайперам”, — вырашыў Дзяніс.

У гэты момант мужык, нібы прачытаўшы яго думкі, паглядзеў на Дзяніса, усміхнуўся і сказаў:

— Цяпер давай сам спрабуй.

Дзяніс падышоў да канвеера і ўзяў у рукі маразільную камеру. Асцярожна паставіў на прэс.

— Смялей, — падбадзёрыў Снайпер і Дзяніс націснуў на кнопку “Пуск”.

Прэс выдаў уласцівы яму гук гудзення, і сплюшчыў сценкі маразільніка спярша з аднаго, а потым з другога боку. Не прайшло і хвіліны, як пачатковы этап аперацыі быў паспяхова завершаны. Дзяніс адразу ж зняў з прэса маразільнік і паставіў яго на стол. Узяў папярочку і паспрабаваў прымацаваць. Аднак яна выслізнула з рук і яму спатрэбілася дапамога Снайпера. Першая маразілка была гатовая.

Зрабіўшы з горам напалову дванаццаць маразільных камераў, Снайпер сказаў:

— А цяпер цележку трэба завесці да Віці. Пайшлі за мной, я пакажу куды.

Яны адышлі ад канвеера, мінулі першую ветку, завярнулі на лева і выйшлі да другой. Падышоўшы да невысокага шчуплага мужычка з вострым носам, Снайпер уладна паклікаў яго:

— Віця!

Той, як па загаду схамянуўся і хуценька падышоў да іх.

— Вось сюды будзеш прывозіць цележку, — сказаў Дзянісу Снайпер.

“Дзяцел”, — падумаў Дзяніс, гледзячы на востры нос мужычка.

— Што, гэт-сам, памочніка далі? — спытаў у Снайпера Дзяцел.

Снайпер абыякава махнуў рукой і, доўга там не затрымаўшыся, вярнуўся з Дзянісам зваротна да працоўнага месца.

— Можаш прыступаць да справы, — урэшце сказаў ён, — калі ўзнікнуць якія-небудзь складанасці, кліч мяне, я буду непадалёк.

І пайшоў у самы канец участка. Там ён згінаў лісты абечайкі, надаючы ім квадратную форму, з якіх потым жанчыны і выраблялі маразільныя камеры, аздабляючы іх заднімі сценкамі, змеявікамі і белай ліпкай ізастужкай.

вернуться

6

Том Бэрынджэр — амерыканскі акцёр, найбольш вядомы па кінастужцы “Снайпер”.

10
{"b":"553491","o":1}