Неўзабаве яны, з той жа недаверлівасцю, прыдзірлівасцю, разглядвалі, мацалі другую карову. "Купцоў" снавала ўсё больш і больш — шукалі, пыталіся, таргаваліся, ішлі далей — руху, гоману было хоць адбаўляй, але гандаль ішоў вельмі скупа, ва ўсякім разе, тут, дзе стаялі Чарнушкі са сваім возам. Усе прыглядаліся, пыталіся, і амаль ніхто не купляў. Ні Ганну, ні бацьку яе такое становішча ніколькі не здзіўляла — яны былі самі такія ж, як людзі, што снавалі перад імі, — някідкія, разважлівыя палешукі, ледзь не кожны з якіх сто разоў прыцэніцца, перш чым купіць. І чаго тут было здзіўляцца, калі прадаўцоў так многа, а грошай у "купцоў" лічаныя капейкі…
Не здзіўлялася і мачыха, толькі ж вельмі сумна было стаяць ёй ды чакаць попусту. І, нудзячыся, пакутуючы, злуючыся, яна як бы не магла ўжо бачыць, што чакае попусту, марнее не адна, што так жа марнеюць амаль усе. Бачыла добра яна толькі воз, які, нібы знарок, тырчаў перад вачыма і на якім завабліва чырванелі гаршкі, макатры, міскі — ёй так трэба добры гаршчок і хоць бы дзве міскі! Трэба, а купіць не купіш! Не бяруць нічога!
— Пакуль тут прадасі што-небудзь, ніводнаго не застанецца!
Трэба ж такое: там, як на ліха, ціснуцца жанкі, круцяць перад ёй недаступную чырвань гаршкоў, быццам дражняць.
— Застануцца! — абыякава сказаў Чарнушка. — Не етыя, дак другія!
Мачыха не магла ўтрымацца:
— Швэндаюцца, швэндаюцца — разявы! Толькі з панталыку збіваюць другіх! Тут хіба дабрацца з-за іх купцу!..
— Дабярэцца, калі паявіцца…
— Дабярэцца! Аге!..
Мачыха не верыла. Не верыла яна і тады, калі "купец" гэты нарэшце падышоў, хоць чула, што ён не разявака, што пытаецца, пачым уюны, не так сабе, купіць хоча. Яна ведала: уюноў блізка не прадаюць, заламала — паўрубля за нізку. "Купец" здзівіўся:
— Паўрубля?!
— А што ж? Дораго, можа?! — Яна прамовіла так, нібы гаварыла, — ды ці павернецца язык у каго-небудзь сказаць такое, — а сама са страхам сачыла, ці хоць не напалохаўся, не збіраецца адступіцца. Стараючыся не выпусціць, заспяшалася мякка і лагодна: — Вы ж паглядзіце, колькі іх тут, у адной нізцы! Бачыце, колькі! Я і палічыць не палічу! Столькі за цэлы дзень не набярэш! Яны ж, як забярэцца ў твань каторы, капай, капай, пакуль вукапаеш!.. Тут жа мяса таго — толькі што яны сушаныя! А мяса якое — ето не якая там смярдзючая рыба! Уюн!
— Уюн-то ўюн… — "Купец" яўна збіраўся адыходзіць.
Мачыха бачыла гэта: надзея гатова была вось-вось прапасці. Чарнушчыха з адчаем падалася да "купца":
— Ну, добра! Дораго! А вы скажыце сваю цану!
— Па дзевятнаццаць…
— Па дзевятнаццаць?! Дык ето ж!.. Я ж вам і так, можно сказаць, за нішто аддавала! — Мачысе зноў трапіўся на вочы воз з гаршкамі. — Ну, няхай! Бярыце!.. Колькі штук?
Ён браў усе дзесяць нізак: хопіць, мабыць, і на гаршчок, і на дзве міскі! Павінна хапіць!
— Ешце на здароўе!
Ледзь чалавек адышоў, затульваючы нізкі рукавом паліто, мачыха, сціснуўшы грошы ў кулаку, хутчэй заспяшалася да воза з гаршкамі і міскамі. Яшчэ, здаецца, не позна, не ўсё прададзена. Толькі хутчэй трэба, ужо зусім мала астаецца! А жанчыны ідуць і ідуць!..
Яна вярнулася назад паспакайнелая, шчаслівая.
— От, прыдбала! — Мачыха пазваніла па гаршку сухімі костачкамі пальцаў, паслухала. — Гамоняць, як званы! Посуд дабрэнны, толькі што — дарагавізна!..
Абгарнуўшы міскі і гаршчок сенам, укладвала іх у возе так, каб, барані Бог, не разбіліся ці каб не ўкраў які-небудзь лайдак-злодзей, якіх тут бадзяецца процьма. Калі зноў пачала выглядваць "купцоў", заўважыла неспадзявана — у натоўпе паявіўся Яўхім. Ён ішоў з Ларывонам, павольна, штурхаючыся, з папяроскай на губе, паглядваў на ўсіх з задаволенай і задзірлівай усмешачкай — эх вы, людзі, мурашкі мітуслівыя, драбяза!
"П'яны? Ці так проста схмялеў? Малады, багаты… Удалы… Усё ўдаецца, абы захацеў… Зачапіць, мабуць, хочацца каго-небудзь, кеб паказаць… які ён?" Мачыха замахала яму рукой:
— Яўхімко-о!
Ён заўважыў Чарнушкаў, пайшоў да іх.
— Ну, як торг? — голасна, зухавата запытаўся Яўхім, акідваючы позіркам тое, што ляжала на возе. — Э, ды вы тут з авечкамі, няўрокам, баіцеся разлучыцца? — Ён зарагатаў.
— Не бяруць авечак, грэц яго, — спакойна сказаў Чарнушка.
— І не глядзяць, Яўхімко!..
— А мы думалі, што разлучыцца баіцеся! — падтрымаў Яўхіма Ларывон. Ён як бы чакаў, што і Ганна засмяецца на жарт, але ў той нават кончыкі губ не варухнуліся.
Яўхім стрымаў рогат. Глядзеў усё ж весела.
— Дак, кажаце, авечкі прадаяце? Дак чаго ж іх не купляюць? Купцоў — унь колькі!
— Ат! Купцы — сказаў!.. Разявакі ето, Яўхімко, а не купцы!
— Е разявакі. А е — і купцы! Трэба толькі ўмець знайсці іх! Ды зачапіць на кручок!
— Зачэпіш іх!
Яўхім раптам адарваў прыклееную цыгарку, кінуў пад ногі, рашуча сказаў прыяцелю:
— Ларывон, трэба купцоў знайсці на авечак!
— Ну, калі трэба, дак…
— Хадзем!
Зірнуўшы на Ганну, Яўхім спрытна павярнуўся і ўрэзаўся ў натоўп. Каршуковым позіркам азірнуўся, пашукаў, — штурхаючыся, адціскаючы ўбок тых, хто трапляўся на дарозе, рушыў з Ларывонам, які верна дыбаў услед, у мітусню між вазоў. На іх адварочваліся, лаялі іх, а яны і не азіраліся — вось прысталі да адной групкі людзей, паслухалі, да другой прыблізіліся…
Вярнуліся з гарадскім чалавекам у кароткай паддзёвачцы з заечым каўняром і ў пальчатках — спачатку ўдваіх: "купец" і Ларывон. Яўхім падышоў толькі пасля таго, як чалавек паглядзеў авечак і стаў прыцэньвацца. Падышоў, нібы незнаёмы, падміргнуўшы Чарнушкам, каб маўчалі, сур'ёзна, голасна запытаўся:
— Чые авечкі?
Ларывон адказаў:
— Ды тут ужэ е купец…
Яўхім грубавата штурхнуў чалавека, як бы адціскаючы яго:
— Мало што е! Мы паглядзім шчэ, хто лепшы купец!.. — Ён зірнуў на Чарнушку. — Вашы авечкі?
— Мае.
— Не лезь! — як бы зазлаваў Ларывон. — Тут ужэ е купец! Ён першы прыйшоў! Яго чарга — першая! Не сунься, чуеш! Не замінай!
— Першы — ды горшы! Ён год таргавацца будзе! — Яўхім, здавалася, хацеў што б ні было перахапіць авечак.
Ён нават палез рукой пад паддзёўку, як бы хочучы дастаць грошы. Але калі скоса зірнуў на "купца", убачыў расчаравана — той і не думаў хапацца браць авечак! Аддаваў сваё права Яўхіму не спрачаючыся, нават ахвотна! "Не зачапілі!" — падумаў Яўхім.
Не ўдалася гэтая выдумка і з другім "купцом", якога прывёў Ларывон, і толькі трэці — задзірысты кірпаносы вясковы хлопец у расшпіленым шынялі, — калі Яўхім нахабна ўлез у яго гаворку з Чарнушкам, абурана загарэўся:
— Авечак я напытаў!
— Мало што напытаў! Напытаў — не купіў… — Яўхім палез к Чарнушку. — Пачым прадаяце?
Хлопец, раззлаваны, адрэзаў:
— Я бяру авечак!
Ён ашалела выхапіў з кішэні гімнасцёркі кашалёк, стаў адлічваць акуратна згорнутыя рублі, важкія медзякі. Рукі яго, з крывымі, неспакойнымі пальцамі, непаслухмяна дрыжалі…
— Эх, дзешаво прадалі! — "пашкадаваў" Яўхім уголас. — Я болей даў бы!
Ён падміргнуў Ганне, якая сачыла за ўсім дзіўна сумна, і адышоў, быццам бы незадаволены. Аднак, як толькі хлопец у шынялі, ведучы ўжо сваіх авечак, адышоў ад Чарнушкі, ён вярнуўся да воза, гарэзна, голасна зарагатаў.
— Усё-такі адзін папаўся!
Мачыха, павесялелая, амаль шчаслівая, глянула на яго з захапленнем: вось жа малайчына, зух!
— От дзякуй табе, Яўхімко! Выручыў ты нас, выратаваў просто! Бо мы тут да вечара пратырчалі б! І то ці збылі б!
— Глядзець ніхто не хацеў! — згодна адгукнуўся Ганнін бацька.
Яўхім адказаў сціпла:
— Ат, чаго тут дзякуваць! Як чужому ўсё адно!.. Свае ж цяпер, сказаць, адна сям'я!..
— Свае. Праўда, Яўхімко!
Яўхім закаханымі вачыма зірнуў на Ганну.
— Дак мо пройдзем, паглядзім, дзе што робіцца?
— Аге! Ідзіце, ідзіце! — ахвотна падтрымала яго мачыха.
Ганна не пярэчыла: не толькі таму, што нявесце нядобра было б пярэчыць жаніху, свайму будучаму гаспадару, але і таму, што даўно хацелася ёй у людскую мітусню, якая, здавалася, таіла ў сабе столькі цікавага. Стоячы каля воза, яна бачыла так мала, ды і стаянне гэта надакучыла да ліха!