Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Калі так, то не туды глядзіш. Не выгледзіш тут нічога… У другі бок глядзеў бы. Хадоська вунь ночы не спіць!

— Хадоська…

— Любіць, дурная! За што толькі, даўмець не магу?

— Хадоська… Што — Хадоська? Вада — смаку ніякаго!.. От ты, ты па-мойму, — са смакам!

— Дак яна ж у сто разоў лепей за цябе!

— Ты, па-мойму, — не слухаў яе Яўхім, — як самагонка! Пяршак! — Яўхім раптам схапіў яе за руку, Ганна паспрабавала вырвацца. — Не вырывайся!.. У, а, мабуць, такі гарачая!

— Пусці!

Ганна рэзка крутанула руку і вырвалася. Але ў той жа момант, адкінуўшы яе руку з граблямі, якія яна трымала між сабой і ім, Яўхім абхапіў Ганну аберуч, сціснуў так, што ёй зацяло дыханне. Ад валасоў яе, ад твару пахла Яўхіму ветрам, саломай, нечым такім завабным, жаночым, што ў галаве яго муцілася. Ён адчуваў тугія грудзі яе, жывот, цвёрдыя калені, усё цела яго поўнілася нецярплівай, гарачай прагай, якая ап'яняла, паліла, туманіла развагу.

— Пусці! Чуеш?! Ой, балюча!.. Не цісні, ой… — ірвалася яна, непрыхільная, гнеўная, усё яшчэ трымаючы граблі.

Яе вочы былі блізка, былі добра відны ў поцемках — непакорныя, дзікаватыя, як у птушкі, што б'ецца з сілка. І плечы, і рукі, і ногі яе — уся яна была наліта непакорай, але ён не зважаў на гэта.

— Пусці, чуеш?.. Адыдзі!..

— От, нецярплівая!.. — паспрабаваў ён пажартаваць. — Патрывай бо… трохі…

— Пусці! Закрычу!.. Ей-богу, закрычу!..

Ён не адказаў. Не мог гаварыць, лавіў, лавіў яе рот, а яна не давалася, адварочвалася: перад ім была то скроня, то раскудлачаная галава з хусткай, ссунутай назад. Яўхім, аднак, не адступаўся, усё дужэй сціскаў дзяўчыну, і не было, здавалася, такой сілы, якая б разарвала гэты абдымак.

І раптам у Ганны вырвалася спалоханае, як маланка ўдарыла:

— Бацько!!!

Яўхім адразу выпусціў яе, адскочыў. Трывожна азірнуўся: спачатку на дарогу к свірну, туды, адкуль ён мог паявіцца, але там не было нікога, тады кінуў позірк убок, к суседскаму гумну, на загуменне. Не відаць нікога… Яўхім мімаволі глянуў на яе, як бы просячы яе памагчы, убачыў — яна ўжо стаіць наводдаль, папраўляе валасы і хустку.

— Не шукай! Няма яго!.. — кпліва прамовіла яна.

Ён са злосці аж вылаяўся:

— Т-ты, чорт! — Але тут жа адчуў, што паказваць злосць сваю — значыць, страціць зусім мужчынскую годнасць, стаць проста нікчэмным. Паспрабаваў засмяяцца: — А я — паверыў! Лоўко ты… выдумляеш!..

«Так абдурыла! Так у лужыну пляснула, подлая!.. Дурань!»

— Палахлівы ж ты, аказваецца!

Ад гэтага здзеку ён гатовы быў рынуцца да яе, як разгневаны звер, але яна наставіла граблі, пагрозна папярэдзіла:

— Падыдзі толькі!

Яўхім прыпыніўся, як бы разважаючы. А думаць было цяжка: сэрца шалёна калацілася, у скроні біла кроў, у галаве стаяў важкі туман. Яна ж, хітрая, не траціла часу марна, скарыстала замінку: заўважыла постаць, што праходзіла непадалёк па загуменні, крыкнула:

— Цётка Алена, то вы?

Постаць стала, прыгледзелася да іх.

— Ето я, Аўдоцця, — пазналі абое голас удавы Сарокі. — А то ты, Ганна?

— Аге…

— Пераказаць мо што Алене?

— Не-е. Сама ўжэ скажу…

Яўхім, слухаючы гаворку, аж кіпеў: і гэта ўсё было здзекам з яго. Знарок спыніла жанчыну, смяецца кожным словам. Пачакай, няхай адыдзе толькі…

І трэба ж, знарок, каб чула жанчына, Ганна лагодна прамовіла:

— Дак я ўжэ зрабіла ўсё… Пайду ўжэ?

Ён прасіпеў:

— Ідзі…

Яўхім не глядзеў ёй услед, але чуў яе крокі, чуў, здаецца, смех, які яна несла ў сабе. «І трэба ж даць так абдурыць!» — не мог ніяк супакоіцца ён. Яму было так прыкра, што хацелася лаяцца. Але ён разам з тым адчуваў, што прыкрасць гэта не толькі на тое, што даў ашукаць сябе, але і ад таго, што яна так працівіцца яму, такая непадступная. «Як прынцэса! Каралева зрэбная! Галадранка!..»

Плынь яго думак пра куранёўскую прынцэсу, аднак, тут жа абарвалася, бо на сцежцы ад дому паявілася постаць. Ён пазнаў Хадоську, падумаў мімаволі: «А мо яна тут паблізу была, не захацела падыходзіць, калі я з Ганнай… Бачыла, як Ганна адшыла мяне… Ну і хай, калі на тое, — пляваць мне на ўсё!..»

Хадоська, падышоўшы да Яўхіма, азірнулася:

— А дзе Ганна?

— Пайшла ўжэ…

«Не бачыла, значыцца. Кеб трохі, наляцела б, але — не бачыла…» Яўхім і Хадоська нейкі час стаялі моўчкі, яму проста не хацелася гаварыць, яго яшчэ хвалявала перажытая прыкрасць, а яна як бы чакала чагосьці, што ён павінен быў абавязкова сказаць. Можа, ёй тады было дастаткова аднаго добрага: «Ну, і ты ідзі ўжо, Канапляначка!» — і яна б пайшла, тоячы радасную надзею. Але ён не гаварыў нічога, і яна стаяла, адчуваючы, як цесна робіцца ў грудзях сэрцу, узрушана круцячы пальцам ражок хусткі.

Яўхім заўважыў, як яна круціць, мне ражок, і як бы прачнуўся. Акінуў вачыма ўсю яе — Хадоська стаяла, апусціўшы галаву, добрая, пакорлівая, — і раптам падумаў: чаго ён тлуміць попусту галаву сабе, чаго шукае, дабіваецца? Нашто яму здалася ганарыстая Чарнушкава каралева?

Яўхім абняў Хадоську, адчуў, як яна радасна, аддана прытулілася, аж затрапятала ад шчасця.

— Канапляначка…

Ён пацалаваў, і яна не адвярнулася, адказала доўгім-доўгім пацалункам, такім, што ён ледзь не задыхнуўся.

— Утаміўся я… — сказаў ён, нібы адкрыўся другу ў бядзе. — Пасядзім давай.

Пяшчотна трымаючы яе за стан, Яўхім павёў Хадоську к стогу. Яна ішла спачатку лёгка, з той жа добрай пакорлівасцю, але раптам заўпарцілася.

— Не трэба!.. Я не хочу!..

— Ну, пасядзім трохі! Ногі баляць… Пасядзім, і толькі!..

Ён гаварыў ціха, ласкава, нібы прасіў пашкадаваць. Голас яго пераконваў: нічога баяцца не трэба, нічога кепскага не будзе.

— Глядзі ж, кеб… без глупства!..

Хадоська паслухалася, села каля яго. Ён абняў яе, прыцягнуў, стаў, задыхаючыся, цалаваць, шаптаць штосьці гарачае, бязладнае, разарванае. Яна спачатку, хоць і стрымана, адказвала на яго пацалункі, потым стала трывожна кідацца, стараючыся вырвацца з яго абдымкаў.

— Ой, не трэба! Не хочу!..

— Дурная!.. Ну, чаго ты? Ну, чаго?.. Няўжэ я так не падабаюся табе?.. Такі паганы?

— Не…

— Ну, дак чаго ж ты?

— Баюся я! Устанем лепей!..

— Не любіш, значыцца?

— Устанем давай!..

— Не любіш?

— Люблю…

— А калі любіш… Дурная!.. Канапляначка!.. Канапляначка мая!..

Ён не чуў сваіх слоў, ён адчуваў толькі яе, маладую, жаданую, непадатную. Хто б мог падумаць, што і яна, такая добрая, мяккая, здаецца, закаханая без памяці, будзе так працівіцца! Ён злаваў ад гэтага непаслушэнства, ад упартасці яе, нецярпліва гарэў.

— Яўхімко, мілы!.. Не трэба!..

— Чаму? От выдумала! Баязліўка ты!

— Яўхімко! Не жаніўшыся!.. Грэх!..

— Граху цяпер няма! Грэх выдумалі… Усе грашаць…

— Пабойся Бога, Яўхімко!

— Бог не асудзіць!

— Татачко!.. Як дазнаюцца ўсе!..

— Ніхто не дазнаецца! — Яму нясцерпна надакучылі яе трывогі, надакучыла ўгаворваць, і, каб скончыць гэта, ён сказаў: — Жанюся ж з табою…

— Жэнішся?

— Жанюся, сказаў!..

— Дак — пачакай!.. Пасля вяселля!..

Яўхім ашалеў. Яна гэта адчула і прысмірнела. Яна яшчэ з адчаем змагалася і з Яўхімам, і з сабою, са сваім каханнем, змагалася, чуючы пад сабой страшную бездань, але змагацца станавілася ўсё цяжэй. Яна ўсё слабела, яна адчувала, што не ўтрымаецца…

— Яўхімко… мілы!.. Пасля… Адразу…

— Ну, заныла! Калі ты зараз!..

— Божачко ж!..

Гэта быў апошні вокліч, апошняя надзея, мальба аб літасці…

Калі Яўхім праводзіў яе па загуменні, спадылба, зладзейкавата сочачы, ці не падглядвае хто-небудзь за імі, Хадоська была ўжо ціхая, ласкавая, пакорлівая.

Развіталіся каля яе гумна. Яўхім, шкадуючы, вінавата абняў яе за плечы, Хадоська сама паднялася на пальчыках, дацягнулася да яго губ, пацалавала.

— Яўхімко! Што ж… — голас яе, кволы, пакутлівы, задрыжаў. — Што ж мы… нарабілі!

— От, дурная, нібы што такое!

— Грэх які!

Ён хацеў сказаць што-небудзь бесклапотна-жартаўлівае, але Хадоська раптам прыпала да яго грудзей, горка, з глухім, поўным трывогі, адчаю стогнам зарыдала. Яўхім азірнуўся: «От, плакса! Як у дамавіну жывая кладзецца!.. Яшчэ пачуе хто, угледзіць… Бацькам напляце… Будзе гаворкі!..»

21
{"b":"205307","o":1}