— Гэта што, допыт?
— Я не прасіў цябе. Ты прыйшоў сам, каб «раскрыць душу», параіцца.
— Я не думаў, што ты так настроены. Мы з табой разам разбіралі справы некаторых з тых, хто пісаў даносы ў трыццаць сёмым. Мы былі аб'ектыўнымі.
— Мы разбіралі кожны канкрэтны выпадак. Хоць не скажу, што не праяўлялі часам лібералізму. Між іншым, некаторых з іх браў пад абарону ты. З пазіцый высокага гуманізму. А Шыковіча хацеў выключыць за ўчынак сына.
— Падбіраеш факты?
— Не. Проста прыгадваю. Факта даволі аднаго. Якія яшчэ патрэбны факты?
Зноў паўза. Чыркнула запалка. Патыхнула серай, пасля прыемна пахучым тытунём. Нервовыя цяжкія крокі.
«Дзын-дзон, дзын-дзон», — дзіўны стук маятніка ў гадзінніка, здаецца, ён чапляецца за два розныя металы, якія ад удару па-рознаму гучаць.
— Якое будзе рашэнне абкома? Як ты думаеш?
— Не ведаю. Як сябра бюро я магу сказаць толькі за сябе. Не хочацца мне пасля гэтага падаць табе руку. Тым больш — разам працаваць.
— Так нават?
— Уяві, што так. Дарэчы, ты запрашаў на Новы год у госці. Не чакай, не прыйду.
— Ясна.
— Але, я люблю яснасць з пачатку да канца.
— Ну што ж, дзякую за шчырасць. Бывайце.
— Бывайце.
Тыя ж цяжкія крокі, гулкія на паркеце, мяккія, з шоргатам, на дывановай дарожцы. Скрыпнулі дзверы. Ляпнулі другія, з таго боку.
«Бывайце»? — Гукан не помніў, што сам першы сказаў так, але, спускаючыся па шырокай гаркомаўскай лесвіцы, успомніў, што так адказаў Тарасаў — на «вы». Гэта яго чамусьці ўразіла больш, чым уся размова. Ён спыніўся, падставіў успацелую лысіну пад струмень халоднага паветра, што цёк з адкрытай фортачкі.
Безумоўна, усё ўжо вырашана. Каму-каму, а яму вядома, як вырашаюцца такія справы. На каго ці на што ён мог мець надзею?! Павінен быў здагадацца яшчэ пазаўчора, калі пазваніў Шыковічу і папрасіў сустрэцца. Як той, нахабнік, адказаў!
«Калі ласка, Сямён Парфёнавіч! Заходзьце заўтра пасля дванаццаці ў рэдакцыю. Уваход свабодны. Сакратарак у мяне няма».
Здзекаваўся, пісака няшчасны!
«Ох, распусцілі вас. Спахопіцеся!» — Ён выходзіў і пагражаў тым, хто заставаўся: маўляў, я пагляджу яшчэ, куды завядуць вас такія метады кіраўніцтва.
На першым паверсе яму зрабілася цяжка дыхаць, нібы ён спускаўся не ўніз, а падымаўся высока ўгору. Ён спыніўся каля міліцыянера, патрымаўся за сэрца. Сказаў, як бы апраўдваючыся:
— Гады.
Маладзенькі міліцыянер стукнуў абцасамі і бадзёра пацвердзіў:
— Так точна, таварыш Гукан!
Сямён Парфёнавіч выйшаў на вуліцу. Як ніколі, яна была людная. Няспынная рака людзей, бадзёрых, расчырванелых ад марозу. І кожны трэці з мінакоў нёс елку. Горад пахнуў лесам. Да Новага года заставаліся два дні.
Гукану заўсёды падабалася такая перадсвяточная мітусня, вясёлая ўрачыстасць. Гэтыя турботы, напэўна, больш прыносяць людзям радасці, чым само свята. Ён, гаспадар, любіў у такія дні аб'ехаць горад, паглядзець на афармленне, на ўстаноўку елак на плошчах, у скверах, часам заглядваў у крамы: як ідзе гандаль? Але яму ніколі не хапала часу, ён заўсёды спяшаўся. Хутка хадзіў, а больш ездзіў на машыне. А тут раптам адчуў, што яму няма куды спяшацца. Гэта яго спачатку спалохала, а потым дзіўна супакоіла. Ён залажыў рукі за спіну, згорбіўся больш звычайнага і рушыў па ачышчаным ад снегу тратуары. Але ачышчаны ўчастак хутка скончыўся, і якраз там, дзе асабліва было мнагалюдна, на падыходзе да ГУМа, пешаходы коўзалі па слізкім тратуары. Сямён Парфёнавіч вылаяў у думках трэст ачысткі. Вось зараз ён прачысціць ім мазгі! І пайшоў сваёй звычайнай рабочай хадой. Але тут жа схамянуўся. Навошта? Хвалявацца з-за нейкага тратуара? Цяпер ён павінен прывучыць сябе не хвалявацца і хадзіць толькі вось так — не спяшаючыся. Каб хада была адпачынкам.
Убачыўшы людзей з пакупкамі, ён успомніў, як жонка сказала дні два назад нібыта жартам, а магчыма, і з крыўдай:
«Даўно ты, Сеня, падарункаў мне ніякіх не рабіў. Падараваў бы што-небудзь да Новага года».
Сямёну Парфёнавічу раптам захацелася быць добрым, і ён пайшоў ва ўнівермаг.
Людзей — не прабіцца. Ён успомніў, што паслаў ужо два пісьмы ў Дзяржплан рэспублікі з просьбай асігнаваць сродкі на будаўніцтва другой універсальнай крамы ў раёне новай забудовы. Горад расце.
«Пабачу, як вы пабудуеце без мяне, — зноў падумаў ён пра тых, хто заставаўся, але праз хвіліну мусіў прызнаць: — Пабудуюць. Цяпер лёгка». Усё, што будзе рабіцца без яго, уяўлялася яму надзвычай лёгкім.
Рост яго дазваляў заглядваць на паліцы праз галовы людзей. Што купіць? Чаго ў яе не хапае? Што ёй хочацца? Ён доўга хадзіў з аддзела ў аддзел. Відаць, нехта з работнікаў пазнаў яго, перадаў дырэктару. Той выскачыў — малады, рухавы, у модным касцюме. Гукан добра яго ведаў, зацвярджаў на выканкоме, але толькі цяпер прыкмеціў, што ўнівермагам загадвае такі малады чалавек. Гэта яму чамусьці не спадабалася.
Дырэктар скардзіўся:
— Мала тавараў, Сямён Парфёнавіч. Канец года. Фонды выбраны. Не ўмеем планаваць.
— Парайце, што купіць у падарунак жонцы.
— Сямён Парфёнавіч! — з дакорам зазначыў дырэктар. — Пазванілі б. Што вам самім хадзіць?
«Падхалім», — падумаў Гукан і строга адказаў:
— Я гэтага не люблю.
Аднак не адмовіўся пайсці ў кабінет дырэктара.
— Што б вы хацелі? — спытала таваравед, жанчына, ад погляду і ўсмешкі якой, здавалася, рабілася святлей у змрочным кабінеце.
«Штат падабраў, сабачы сын! Адна ў адну», — усё больш і больш раздражняўся Гукан супраць маладога дырэктара. Але жанчыне гэтай адказаў з добрай усмешкай:
— Далібог, не ведаю. На ваш густ.
— Колькі год вашай жонцы? Ён уздыхнуў:
— Пенсіённы век.
У чароўных вачах тавараведкі скокнулі чорцікі:
— Ёсць цудоўныя шалі. Ёсць венгерскія кофтачкі.
Гукану хацелася спытаць: «А на прылаўках яны ў вас ёсць?» Але не спытаў, цяпер яму ўсё адно.
— Давайце шаль. Давайце кофтачку.
— Вось гэта муж! — аднагалосна ўхвалілі ўсе тры жанчыны, якія прысутнічалі ў кабінеце, хоць на саміх іх былі найлепшыя імпартныя кофтачкі, такія, якіх яго жонка бадай што ніколі не насіла. Пра гэта ён не падумаў. Пацешыўся пахвалой: што б там ні здарылася, а ён такі добры чалавек быў і ёсць.
На плошчы каля пажарнай, дзе народу праходзіла нямнога, з Гуканам прывітаўся хлопец у спартыўным касцюме. Ён стаяў з лыжамі ў руках і размаўляў з дзяўчынай, апранутай у прыгожае нейлонавае футра. Твар хлопца добра знаёмы, але прыгадаць, дзе і калі сустракаўся з ім, Сямён Парфёнавіч ніяк не мог. І раптам праз дзесятак крокаў хлопец гэты, без лыж, дагнаў яго, пайшоў побач.
— Не пазнаяце, таварыш старшыня? Кухараў, архітэктар. З наступаючым Новым годам.
— Дзякую. Вас таксама.
— Мне захацелася сказаць вам, што праект, які я прапанаваў для забудовы Выселак, на конкурсе ў Ленінградзе атрымаў першую прэмію.
— Віншую вас.
— Але мне хацелася сказаць, што вы кансерватар. Так хваліць, а пасля столькі валаводзіць і… адхіліць…
— Тут ужо не мая віна. Вашы калегі…
— Не валіце з хворай галавы…
Гукан спыніўся, уражаны нахабнасцю і дзёрзкасцю маладога архітэктара.
— Малады чалавек! Не забывайце!..
— Я нічога не забываю. Але жадаю, каб у новым годзе ў вас было больш увагі да людзей і да праектаў. Выселкі забудоўваюцца дрэнна, — хлопец адсалютаваў левай рукой і пайшоў назад, да дзяўчыны, якая трымала яго лыжы і чакала.
Нават размова з Тарасавым, размова пра самае галоўнае — пра яго далейшы лёс — не ўзрушыла так, як гэты, здавалася б, выпадковы эпізод. Хіба не званілі яму раней, не пагражалі, не пісалі ананімных пісьмаў з самымі страшнымі пажаданнямі? Ён не звяртаў на іх увагі. Часам толькі паказваў у гаркоме, у абкоме і як бы выхваляўся: «Зразумейце ўсю складанасць маёй работы, нікому з вас не прыйшло ніводнага такога пісьма».
Але выхадка гэтага творцы ў такі дзень!..
«З Новым годам павіншаваў… Паганец! Малакасос! Распусцілі вас. Ох, распусцілі!»
Да апошняга моманту ён спадзяваўся, што тую віну (ён не лічыў яе такой цяжкай, як лічыць чыстаплюй Тарасаў) можна будзе ў нейкай меры ўраўнаважыць сваімі заслугамі, ваеннымі, пасляваеннымі. І раптам гэты тып, недапечаны архітэктар, замахваецца на апошнія заслугі — у адбудове горада. «Выселкі забудоўваюцца дрэнна». «Саплякі! Папрацуйце вы столькі, колькі папрацаваў Гукан».