Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Аднойчы ўвечары, калі пілі чай, Антон Кузьміч сказаў спакойна, разважліва:

— Ведаеш, Галка, абрыдла мне займацца гэтай дачай. Зноў патрабуюць знесці. А куды зносіць? Каб угаварыць Кірылу, я з лёгкай душой перадаў бы яе нашаму прафсаюзу пад піянерскі лагер. Я гаварыў ужо ў абкоме. Яны маглі б нават выплаціць некаторую суму. Праўда, меншую, чым мы затрацілі. Але якое гэта мае значэнне? Мы ўтраіх працуем. Валя гатова згадзіцца, Кірыла ўпёрся…

Віця і Наташа першыя ўбачылі, як пабялела маці, прыкусіла губу, і сцяліся, насцярожыліся.

— Бо ў Кірылы сям'я, дзеці… І ён думае пра іх, — пачала яна ціха, але тут жа сарвалася на крык: — А ў цябе няма сям'і, няма дзяцей! Табе нічога не трэба!.. Ты ўсё гатовы раздаць! Каб выставіць сябе!..

— Мама! — паспрабавала спыніць яе Наташка.

— Маўчы, няшчасная! — цыкнула яна на дачку і выскачыла з-за стала, ужо расчырванелая, раз'юшаная. Кінула мужу: — Не думай, што я дурная! Я ўсё ведаю! Толькі з-за іх, — яна паказала пальцам на дзяцей, — я маўчу і цярплю!..

Віця, панурыўшыся, пайшоў да дзвярэй. Наташа стаяла ў ваяўнічай позе, гатовая зноў абараніць бацьку.

Антон Кузьміч, не адказваючы жонцы, спыніў сына:

— Збірайцеся, дзеці, на каток. Сёння і я пайду разамну свае старыя косці.

Яны любілі хадзіць з ім на каток. На яго, такога асілка, усе звярталі ўвагу і любаваліся яго лёгкасцю і спрытам. Яны ганарыліся сваім бацькам — ён усё ўмее і ўсё робіць дасканала.

Дзеці кінуліся апранацца. А Галіна Адамаўна падышла да мужа з перакошаным тварам і, задыхаючыся, прашаптала:

— Ты хочаш забраць у мяне дзяцей? Цяпер я разумею… Але дзяцей я табе не дам! Не дам! Не дам! Чуеш ты, кат?

Раней у хвіліны такіх успышак ён хапаў яе за рукі, прыцягваў да сябе, цалаваў і… супакойваў… Цяпер ён не мог гэтага зрабіць. Панурыўшыся, як Віця, ён выйшаў у калідор шукаць канькі.

Галіна Адамаўна запэўніла сябе, што муж шукае зручнага выпадку для канчатковага разрыву. Таму і дзяцей перацягвае на свой бок. Гэта зрабіла яе яшчэ больш падазронай, але і асцярожнай: не даць прычыны.

Пры сваёй рэўнасці яна, аднак, ніколі не шпіёніла за мужам, як робяць гэта другія жонкі. Залішне лічыла сябе чыстай і гордай, каб уніжацца да тайнага падглядвання і распытвання.

А тут не вытрымала. Дні праз тры пасля гэтай непрыемнай размовы ўвечары пазваніў Кірыла. Антон адказваў яму не на поўны голас ды ўвогуле мала гаварыў слоў, адны выклічнікі: ыгы, так, не. Быў у іх шматгадовы звычай: сазваніцца ўвечары, сустрэцца на вуліцы і пагуляць. Часам яны выходзілі з жонкамі, але часцей адны. Раней Галіна нават заахвочвала такія прагулкі. Але цяпер… Яна здагадалася, што мужчыны дамовіліся пайсці туды. Цяпер яна не верыла не толькі мужу, але і Кірылу… О, гэты вальнадумец здольны на ўсё! Толькі робіць хітрэй. Навучыўся сплятаць сюжэты. Дурніца Валя! Хоць што Валі! Яна проста стала абыякавай да Кірылы. Сваім восьмым класам занята больш, чым мужам і ўласнымі дзецьмі. У Валі пры любых акалічнасцях нічога не парушыцца, дзеці дарослыя… А ёй трэба ўсё ведаць, каб змагацца — не дзеля сябе! — дзеля гэтых неразумных яшчэ малых, якіх ён, бацька, настройвае супраць яе, маці.

Яна не спытала, куды ён ідзе. Але як толькі Антон Кузьміч зачыніў за сабою дзверы, яна хутка накінула хустку, футра, выскачыла следам, пайшла назіркам.

Яна не памылілася. Сапраўды, у той вечар яны дамовіліся наведаць Зосю. Кірылу хацелася парадаваць жанчыну: вызвалялася месца, у бібліятэцы рэдакцыі. Зося сама прасіла іх памагчы ёй знайсці работу. «Толькі не ў атэлье», — цяжкае ўражанне засталося ў яе ад гэтага атэлье.

Яраш і Шыковіч доўга думалі, куды яе ўладзіць. Нарэшце Кірылу прыйшла гэтая ідэя: самая спакойная работа, па яе здароўю. Калі супрацоўнікі будуць ведаць, што перажыла іх новая бібліятэкарка, можна быць упэўненым, што ніхто ніколі і нічым не расхвалюе яе — людзі добрыя. Але месца было занята. У бібліятэцы сядзела малапісьменная старая жанчына Фаня Сямёнаўна. Яе трымалі таму, што яна была найстарэйшая работніца рэдакцыі, працавала амаль з дня заснавання газеты — недзе на другім годзе рэвалюцыі. Ёй даўно пара ўжо на пенсію, але яна ўпарта не хацела пакідаць работы. «Рэдакцыйная матка», «шэф», «Еўфрасіння Полацкая» — называлі яе за вочы. Мужчыны адносіліся з абыякавай іроніяй, жанчыны ж проста не любілі: як большасць старых, Фаня Сямёнаўна была бурклівая, прыдзірлівая, умешвалася не ў свае справы, у прыватнае жыццё, прынцыповасць яе часта пераходзіла ў пляткарства. Таму ідэю Шыковіча — угаварыць яе пайсці на пенсію — усе горача падтрымалі. Угаворы цягнуліся месяцы са два. Кожны, як умеў, распісваў ёй выгады пенсіянерскага жыцця. Урэшце старую «даканалі».

«Бачу, я вам абрыдла, — сказала яна на прафсаюзным сходзе, — чорт з вамі! Але пагляджу, як вы напрацуеце без мяне! Памрэ хто, як пахаваеце!» Сапраўды, у арганізацыі пахавання, калі здаралася такое няшчасце, Фаня Сямёнаўна была незамянімым чалавекам. Бібліятэкарка падала заяву. У рэдакцыі дамовіліся, што ў навагодні вечар яе ўрачыста праводзяць на пенсію. Рэдактар і мясцком расшчодрыліся на каштоўныя падарункі.

Кірыла расказваў пра камічныя выпадкі, якія ўзнікалі ў часе гэтай «пенсіённай кампаніі». Гучна смяяўся сам. Смяшыў Яраша.

Галіна Адамаўна, якая ішла за імі на пэўнай адлегласці, не чула, пра што яны гавораць, але чула іх смех, і ён кроіў яе сэрца: ім весела, можа, здзекуюцца з жонак.

Калі яны пайшлі ў дом, яна засталася на вуліцы, бязлюднай, ускраіннай, над самай ракой. І раптам ёй зрабілася страшна, сорамна, брыдка. Ніколі яна не адчувала сябе такой прыніжанай, растоптанай. Навошта яна прыйшла сюды? Хіба яна можа прымусіць любіць сябе, калі няма ў яго сэрцы гэтага пачуцця? Ды і ці было яно калі?

«Не кахае, сумна яму са мной, сказаў бы шчыра». Слёзы застылі на шчоках, і Галіна Адамаўна выцерла іх калючымі рукавічкамі. Усе зайздросцілі яе шчасцю: такі муж! Смешна. Вось яно, яе шчасце. Хацелася гучна і злосна засмяяцца. Але перамагала не злосць, перамагаў жаль, да сябе, да дзяцей, нават да яго, мужа: калі-небудзь схамянецца, ды будзе позна!

Але, будзе позна…

Ён кажа, што ў яе няма элементарнай інтэлігентнасці. Можа быць. Але ў яе ёсць жаночая гордасць! Больш нічым не ўнізіць яна сябе — ні падглядваннем, ні істэрыкай, ні дакорамі, ні просьбамі. Мужна вытрымае ўсё!

«Але дзяцей не аддам! Не!»

Скалелая, разбітая, яна раптам кінулася ад дома. Хутчэй прэч адгэтуль, каб ніхто не ўбачыў яе тут.

Але бегчы ёй стала цяжка. Яна задыхалася. Як прыступ астмы; нічога такога ніколі не было.

Галіна Адамаўна прытулілася да нейкага паркана, аграбла з карнізіка снег, набіла ім, пякуча-халодным, рот.

«Цяпер ужо ўсё адно…»

Тарас і Віця сядзелі на кухні, адзін супраць аднаго і націралі пастай лыжы з такой стараннасцю і сур'ёзнасцю, быццам чысцілі зброю перад атакай.

Наташка стаяла, прытуліўшыся плячамі да вушака дзвярэй, і з такой жа сур'ёзнасцю сачыла за іх работай. Доўга сачыла.

— Ты чаму маўчыш, Натка? — спытаў Тарас.

— У яе голас ламаецца, — адгукнуўся Віця.

— А ў цябе мазгі…

— Ну, ну, ну, зноў пасварыцеся.

Не, сварыцца ім не хацелася. Апошні час яны жылі надзіва дружна. І цяпер Віцю хацелася папрасіць у Наташы прабачэння, калі гэты жарт, нявінны, як яму здавалася, пакрыўдзіў яе. Хлопец сам здзіўляўся: ніколі раней ён не адчуваў да сястры такой пяшчоты і ўвагі.

Наташа раптам асцярожна, без стуку, шчыльна зачыніла дзверы.

— Тарас! Ты разумны. Паміры іх.

— Каго?

— Маму і тату.

— На-а-тка! — з дакорам працягнуў Віця, нібы яна адкрывала вялікую тайну некаму чужому.

— А я не магу так больш. Не магу!.. — Голас дзяўчынкі задрыжаў.

Заняты сваімі справамі і пачуццямі, ён асабліва не задумваўся над тым, як перажываюць малыя разлад бацькоў. Нечаканая Наташына просьба кранула яго. Ён падняўся з табурэта, паставіў лыжы ў куток, паміж дзвярамі на балкон і халадзільнікам «ЗІЛ». Наблізіўся да сястры. Яна глядзела яму ў твар з надзеяй, маліла вачамі, поўнымі слёз.

93
{"b":"205285","o":1}