Литмир - Электронная Библиотека
A
A

«Я вазьму цябе, Кірыла, за каўнер і пасаджу за стол. Ты проста гультай. Ты дзікі гультай, якіх павінны выганяць з таго грамадства, якое мы пабудуем, — бязлітасна дакараў ён сябе і тут жа чапляўся да сваіх слоў: — А куды ты яго выганіш? Выгані прэч самога сябе. На дождж яго, сабачага сына!» І ён выйшаў пад дождж, стаяў, пакуль не намоклі валасы і струменьчыкі не пацяклі па твары, па шыі за каўнер курткі.

Не, у такой дажджавой цішыні працаваць нельга! Глянуў на гадзіннік. Хаваў яго пад газеты, калі садзіўся працаваць, каб не заглядваць, не адцягваць увагу развагай аб часе. Прайшло гадзіны дзве ў гэтай бясконцай плыні думак. Мозг стаміўся, прасіў адпачынку. Пасля яешні і кавы захацелася з'есці што-небудзь больш грунтоўнае. Але ён вырашыў трымаць сябе на паўгалодным пайку і не захапіў ні каўбасы, ні вяндліны, ні сала, нічога такога. Думкі скіраваліся да яды. Жах! Як ён не можа авалодаць імі, уласнымі думкамі!

Скончылася тым, што ён плюнуў на ўсё, завёў машыну і паехаў у горад. Па дарозе надумаў, на злосць Ярашу, заехаць адразу да Зосі і размовай з ёй кампенсаваць страчаны дзень.

Кірыла ведаў, што Яраш учора паляцеў у далёкі раён рабіць нейкую тэрміновую аперацыю. А таму здзівіўся, калі на бязлюднай Пушкінскай убачыў адзінокую мажную постаць у элегантным чорным плашчы, які Яраш купіў у Бруселі, куды ездзіў на кангрэс хірургаў. Чаму ён тут? Куды ідзе? Гуляе пад дажджом? У глыбокай задуме. Шыковіч добрую хвіліну ехаў з ім побач — і Яраш не звяртаў увагі на машыну. Кірыла абагнаў яго, спыніўся, вылез з машыны, выйшаў на тратуар.

Яраш ішоў на яго як сляпы. Вось-вось саб'е з ног, раздавіць, як цяжкі танк. Спыніўся за два крокі. Паглядзеў, нібы раптоўна разбуджаны. Спытаў:

— А-а?

Кірыла засмяяўся:

— Ты што, з пахмелля? Накачалі ў раёне?

Яраш правёў мокрай далоняй па твары і злосна сказаў:

— Дурань!

У Кірылы дрогнула сэрца: няўжо няшчасце з Зосяй?

— Хадзем у машыну. Дождж.

Яраш паслухмяна сеў на пярэдняе сядзенне. Машына пад цяжарам яго цела асела.

Яраш павярнуў да сябра мокры твар.

— Я даўно, Кірыла, нічога падобнага не перажываў, — сказаў ён даверліва і з глыбокім смуткам.

— Што здарылася?

— Яны памерлі ў мяне на стале.

— Хто?

— Дзеці. Абодва. Два хлопчыкі. Браты. Аднаму дзевяць, другому сем. Каб мне ўдалося прыляцець хаця б гадзіны на дзве раней. Аднаго, безумоўна, удалося б уратаваць. Непаваротлівыя ідыёты і там, у раёне, і тут, у аблздраве! Дзве гадзіны арганізоўвалі вылет. Я з іх душы вытрасу за гэтых дзяцей! — Ён скрыгатнуў зубамі. — Каб я прыляцеў раней, я зашыў бы артэрыю…

— А што з дзецьмі?

— Міна. Выцягнулі з рэчкі. І, як водзіцца, разбіралі. Ведаеш, старэйшы, Міша, быў у прытомнасці. Усё пытаў: «Дзеці цэлы? Як Алёнка?» Там былі малодшыя, і яны адганялі іх ад сябе, адчуваючы небяспеку. Падазраю, што ў апошні міг ён сабою закрыў дзяцей. Яму разарвала жывот. Дзіму асколкам прабіла шыю. Засынаючы пад наркозам, Міша сказаў: «Ох, будзе мне ад мамы!» — Яраш закрыў далонямі вочы, паківаў галавой, паўтарыў: — Ох, будзе мне ад мамы! Жахліва, Кірыла! Ніколі я не быў яшчэ такі бяссільны перад смерцю.

Шыковіч маўчаў. Што гаварыць? Яго моцна ўразіла і сама трагедыя і тое, як яе перажывае чалавек, які бачыў тысячу смерцяў, які ўмеў перамагчы яе, бязлітасную кастлявую. Яны доўга сядзелі моўчкі.

Дождж барабаніў па кузаве. Зрэдку прабягалі з парасонамі і ў накідках прахожыя. Зазіралі ў машыну не без здзіўлення. Яраш пакруціў галавой, як бы страсаючы нешта:

— У мяне ў галаве звіняць яго словы. Не магу. Напіцца, ці што? Крыўдна! У клініцы я мог бы ўратаваць іх абаіх. У Мішы парвала кішэчнік. Трэба было ўдаліць парваныя ўчасткі і хутка сшыць. Хутка! А там, ва ўчастковай бальніцы, прыйшлося ўсё рабіць дзедаўскім спосабам. Асістэнтка, раённы хірург, маладая, нявопытная, яе ліхаманіла. Ды і ў самога мяне — сорамна прызнацца — дрыжалі рукі. Жахліва! Можа, дваццаць гадоў праляжала яна на дне рэчкі, гэтая праклятая міна. Уяўляеш? І вось — новыя ахвяры вайны. Дзеці! Дзеці! Ух-х! Паедзем куды-небудзь.

— Куды?

— Куды хочаш.

— Можа, заедзем да Зосі? — спытаў Шыковіч.

— Так, так… Да Зосі, — адразу згадзіўся Яраш.

Яны зноў маўчалі, пакуль ехалі. Каля самага дома Яраш сказаў:

— Толькі не будзем расказваць ёй пра гэта.

Гаспадыня ўзрадавалася гасцям. А Маша, якая жыла цяпер у Зосі, спалохалася. Яна лепш, чым нават Шыковіч, ведала Яраша, і яе спалохаў яго выгляд. Увогуле, яна стала баяцца яго пасля нядаўняй размовы. Неяк ён паклікаў яе ў кабінет. Калі яна ўвайшла, ён сядзеў за сталом і чытаў Блока. Яна спынілася каля дзвярэй, здзіўленая тым, што ён не паглядзеў нават. Гэта не яго манера: ён кожнага з персаналу, ці то галоўны лекар, ці то санітарка, сустракаў заўсёды аднолькава — добрым позіркам, прыветлівым словам.

Маша чакала, імкнучыся здагадацца, навошта паклікана.

Ён сказаў, не адрываючыся ад кнігі:

— Яны пабіліся за вас.

— Хто? — Хоць яна адразу ж здагадалася хто, і ёй вельмі захацелася засмяяцца.

«Няўжо праўда пабіліся? — падумала з вясёлай гарэзлівасцю. — Хто каго біў?»

— Яны працуюць у адной брыгадзе. Сем'і нашы дружаць, разам жывуць. Навошта вам спатрэбілася сутыкнуць іх ілбамі?

— Каб зрабіць правільны выбар, трэба эксперыментаваць, Антон Кузьміч, — адказала яна яго словамі і не вытрымала — засмяялася.

Тады ён адарваўся ад кнігі і паглядзеў на яе. Дзіўна вельмі паглядзеў, быццам на яе месцы чарадзейна апынуўся зусім другі чалавек — не тая сястра, якую ён ведаў два гады, любіў, цаніў, паважаў. З якой нават пасябраваў пэўным чынам, калі з'явілася Зося.

— Дзіўны эксперымент, — хмыкнуў ён, хіснуўшы галавой. — Можна вас папрасіць, каб вы з нашымі сынамі такіх эксперыментаў не рабілі?

Ад гэтай яго просьбы, падкрэслена-ветлівай, афіцыйна-халоднай, яна страшэнна збянтэжылася. Як яна недарэчна трымала сябе — засмяялася, сказала несусветную лухту! Праваліцца б лепш скрозь падлогу. Добра, што ён зноў углыбіўся ў кнігу і не глядзеў на яе. Але яна не ведала, як выйсці, і ўсё стаяла перад сталом, анямелая, пакараная найгоршым чынам. Відаць, ён зразумеў, што з ёю робіцца, бо сказаў:

— Папрасіце, калі ласка, Дабравольскую зайсці да мяне.

Маша ветрам вылецела з кабінета.

…Таму яна і спалохалася, убачыўшы абодвух бацькоў. А што, калі яны збіраюцца пагутарыць з ёй?

Супакоіў Шыковіч.

Выйшаў за ёй на кухню, спытаў прыветліва, па-сяброўску:

— Маша, вы ўмееце варыць каву? Чорную?

— Умею.

— Вы ўсё ўмееце. З вас будзе цудоўная жонка.

Ён даў ёй грошы на каву і каньяк. Яна ўзрадавалася даручэнню.

Зося захвалявалася была, хацела адзявацца, каб прымаць гасцей, як належыць гаспадыні. Але Яраш пачаў распытваць яе пра адчуванне, прафесійна, падрабязна, па-бальнічнаму. І яна зноў залезла на шырокую канапу з нагамі. Сядзела ў куточку, захутаўшыся ў халацік, як малая японачка. Маша навучыла яе адмыслова закручваць валасы, і высокая кукла прыгожых валасоў сапраўды рабіла яе падобнай на ўсходнюю жанчыну.

Яраш скончыў распытваць пра здароўе і змоўк. У той дзень яму цяжка было весці размову для размовы, гаварыць пра ўсё.

Шыковіч паліў на кухні, пускаючы дым у фортку, слухаў іх, зразумеў зацяглую паўзу.

Зося сказала нешта пра дождж. Яраш крыху іншымі словамі сказаў тое ж.

— У вас стомлены выгляд, Антон Кузьміч.

— Я сёння прыляцеў з раёна.

— Камандзіроўка?

— Але.

Шыковіч кінуўся на дапамогу сябру.

— Соф'я Сцяпанаўна, не сумна вам адной у гэтым доме? — спытаў ён з жартаўлівай весялосцю, сядаючы ў зручнае нізкае крэсла.

— О не. Я чытаю. У мяне добрыя суседзі. Яны наведваюцца. А потым прыходзіць з работы Маша…

Вось так пагаварылі яшчэ пра тое-сёе. Нарэшце Кірыла падступіў да галоўнага, асцярожна, далікатна:

— Соф'я Сцяпанаўна, скажыце, калі ласка, вас не вельмі расхвалюе размова пра мінулае?

Яна ўздрыгнула, насцярожылася:

71
{"b":"205285","o":1}