— Таварышы! Не скажу, што аперацыя незвычайная. Але адказная. Хворай трыццаць шэсць год. Могуць быць любыя нечаканасці. Прашу: ніякіх каментарыяў. Поўная цішыня. Каму дазволіў, сядайце тут, — ён кіўнуў на лаўку каля сцяны, адгароджаную шырмай са стэрыльных прасцін. — Астатнія глядзяць па тэлевізары. Калі ласка, — і адступіў убок.
Чалавек сем хірургаў-практыкантаў, бесцырымонна адціснуўшы Шыковіча ўбок, хутка і смела прайшлі ў аперацыйную, залезлі за шырму.
«Прабіўны журналіст», можа, упершыню разгубіўся — што рабіць, адкуль глядзець? Але пачуўся голас Яраша:
— Кірыла Васільевіч! Заходзь!
Шыковіч нясмела ступіў у «святую святых» медыцыны. Цяпер на яго звярнулі ўвагу. У аперацыйнай таксама было нямала людзей. Маша, у масцы ўжо (праз гэта Кірыла не адразу пазнаў яе) і ў пальчатках, перакладала на маленькім століку бліскучыя інструменты, быццам лічыла, ці ўсё ёсць. Яна ўсміхнулася яму вачамі. Майзіс здалёк памахаў рукой. Гледачы пачалі перашэптвацца: «Хто гэта? Хто?» Яраш наблізіўся, па-сяброўску падміргнуў, паўшэптам спытаў:
— Не баішся?
Кірыла ў адказ тайком паказаў яму кулак. Гэта быў працяг іх дачнай размовы. Жонка адгаворвала яго ісці на аперацыю:
«Самлееш ты, Кірыла, я ж ведаю, як ты баішся крыві».
«Ну, глупства, самога мяне рэзалі — не млеў».
Галіна Адамаўна, наадварот, падтрымлівала яго жаданне: «Нічога страшнага. Яраш жартаваў».
Ён і цяпер засмяяўся:
— Аднак садзіся з краю, на выпадак чаго.
Практыканты паціснуліся, і Шыковіч сеў за шырмай.
Першае, што ўразіла яго, — гэта спакой сябра. Там, у лесе, каля іх вогнішча, расказваючы план аперацыі, Антон хваляваўся, бадай, больш і прызнаваўся ў гэтым. А тут — ходзіць, як упэўнены ў перамозе спартсмен. Хоць бы чым-небудзь выдаў сваю ўзрушанасць.
Кірыла прыкаваў да яго позірк.
«Не, не можаш ты быць такім спакойным. На чым-небудзь сарвешся, выдасі сябе».
Аднак ніводная рыска не ўздрыгвае на твары хірурга. Хіба толькі залішне пільна сочыць ён за калегамі і памочнікамі, якія таксама даволі спакойна поркаюцца каля апаратаў.
Апараты… Апараты… Розныя. З экранамі. Без экранаў. На калёсіках. З правадамі. Са шлангамі. Кірыла ўспомніў Ярашавы «лекцыі» па хірургіі, фразу, якую той аднойчы кінуў яўна з гонарам:
«Мая аперацыйная цяпер — што цэх».
Сапраўды, што цэх.
Вунь тая зялёная скрынка з лейкай, шкляным балонам, сігнальнымі лямпачкамі, ці не той гэта апошні цуд, па які Яраш ездзіў у Кіеў, — апарат «сэрца — лёгкія»?
Яраш нешта кажа сваім памочнікам. Лекары адказваюць незразумелымі Шыковічу словамі.
Нечакана адчыняюцца другія дзверы. Санітары хутка і бясшумна падводзяць хворую і гэтак жа, да абразлівасці хутка, быццам нежывую, кладуць на аперацыйны стол.
А яна жывая. Яна звычайная. Нават прыгожая. Вялікія вочы, і ў позірку іх не страх, а як бы здзіўленне і любаванне ўсім, што ўгледзела. Зося Савіч! Шыковіч бачыць яе ўпершыню. А вобраз яе ўжо месяц жыве ў яго ўяўленні — пасля таго як Яраш расказаў пра яе. Дзіўна. Менавіта такой яна і ўяўлялася. Да незапамінальнасці звычайная з твару. Маленькая жанчына, спакутаваная жыццём і хваробай… Але ён убачыў больш: схаваную, замураваную пакутамі прыгажосць, абаяльнасць і… мужнасць. Усё гэта цяпер толькі ў яе вачах, у яе позірку.
Кірыла ажно прыўзняўся, каб добра разглядзець твар жанчыны. Запомніць. Ці ўбачыць ён яе, жывую, другі раз?
Яраш, усё такі ж спакойны і велічны, прыветліва ківае ёй галавой. У адказ яна заплюшчвае вочы: маўляў, я ўсё разумею, не турбуйцеся, я на ўсё гатова. Нічога не сказаўшы, ён адыходзіць. Працягвае рукі Машы. Яна спрытна сцягвае пальчаткі і накрывае яго вялікія рукі салфеткай. Ён садзіцца. Ён адпачывае. Можа, апошні раз прадумвае план аперацыі. А яго памочнікі — лекары і сёстры — не вельмі каб спешліва падключаюць да хворай датчыкі апаратаў: пад спіну, да галавы, да рукі, да нагі… Правады, шлангі звісаюць над сталом. Шыковічу чамусьці больш за ўсё кінуўся ў вочы і запомніўся маленькі апарацік, які надзелі Зосі на левае вуха. (Пасля ён даведаўся, што гэта аксігемометр — прыбор, які вызначае насычанасць крыві кіслародам.)
Яраш расказваў яму пра назначэнне многіх апаратаў. Але цяпер у галаве ў Шыковіча ўсё пераблыталася. Ды прыборы і машыны яго ніколі не цікавілі. Цікавяць людзі. Цяпер больш за ўсіх яна, Зося. І лекары. Здавалася, злачынна павольна яны ўсё робяць. Хіба можна ў такі момант быць такімі марудамі? Хацелася крыкнуць Антону: «Чаму ты ўсеўся, як Буда? Падгані іх!»
У самога яго ўсё часцей і мацней б'ецца сэрца. Ён амаль пачынае дрыжаць ад хвалявання і нецярплівасці: хутчэй, хутчэй! Нарэшце Майзіс, першы асістэнт, кідае:
— Гатова, Антон Кузьміч.
Толькі ў гэты міг бліскае ў шырока расплюшчаных вачах Зосі іскра страху. Шыковіч ловіць гэтую іскру. Невядома, што робіцца ў яе хворым сэрцы, але яго сэрца пачынае грукацець так, што ўдары аддаюцца ў скронях, у руках, у паху — ва ўсім целе.
— Наркоз! Вера Паўлаўна! — устае з табурэціка Яраш.
Секунды — і павекі хворай цяжка апускаюцца. Яна засынае.
Над сталом загараецца велізарнае кола бясценевай лямпы. Нехта адкідвае прасціну, і Шыковіч бачыць яе грудзі, залітыя яркім святлом, зусім дзявочыя, па кулачку, — узгорачкі з ружовымі маячкамі на вяршынях.
Яму робіцца няёмка, як бывае няёмка глядзець на голую нябожчыцу. Ён пераводзіць позірк на Яраша. Той падыходзіць да стала, хвіліну пільна глядзіць на хворую і раптам праводзіць пальцам пад левай груддзю, потым — ад падложачкі пад паху.
Вось так ён распаласуе ёй грудзі? Шыковічу робіцца страшна. Дарэмна ён храбрыўся!
Скіраваць увагу на што-небудзь другое!
Шчоўкаюць апараты. На адным экранчыку бяжыць блакітная стужка, як тая змейка ў бажоўскім сказе. На другім — маланкі, то ўзлятаюць, то падаюць, пішуць ломаную крывую. Не, не адарвацца яму ад рук хірурга! А ў гэтых руках ужо электраскальпель.
Шыковіч зажмурваецца, уявіўшы, як пырсне кроў, залье халаты лекараў, прасціны. Але храбрыўся ён дарэмна, крыві ён сапраўды баіцца. Вочы падаюць на падлогу, на Машыны і Майзісавы ногі ў белых панчохах. Нешта ціха патрэсквае, нібы рвецца тканіна. Трэск мацнее. Пахне крывёю. Ён доўга баіцца глянуць на стол.
Першы позыў на рвоту. Але сорам і страх перамагаюць, і Кірыла прымушае сябе падняць вочы, паглядзець, што робіць хірург. І перад тым, што ён бачыць, на нейкі момант адступае ўсё іншае. Жывое чалавечае сэрца, пра якое ён так многа пісаў, — вось яно, перад яго вачамі, у раскрытых грудзях. Невялікае, трапяткое, а галоўнае — жывое! Пульсуе, б'ецца…
Кірыла ажно зноў прыўзнімаецца над шырмай, цягнецца, каб лепей разгледзець гэтае цуда.
Зусім іншы рытм работы хірургаў і лекараў каля апаратаў. Цяпер усе спяшаюцца, усе — уважлівыя і напружаныя.
— Ціск восемдзесят на пяцьдзесят.
— Стадыя ўзбуджэння…
Лічбы. Словы. Шыковіч не ўнікае ў іх сутнасць. Ды каб і хацеў, то не здолеў бы.
Маша спрытна мяняе Ярашу пальчаткі. І вось яго пальцы, тоўстыя, але чулыя, абмацваюць сэрца. Удакладняюць дыягназ. Вось сэрца ляжыць на яго шырокай далоні. Жывое сэрца на далоні! І б'ецца, б'ецца, нібы хоча вырвацца.
Але ў другой руцэ хірурга бліскае скальпель… І гэтая сталь над жывым сэрцам, яна вінавата ва ўсім.
Калыхнулася сцяна аперацыйнай, паплылі ўбок хірургі. Але Кірыла зноў перамог сябе і надзвычай асцярожна, каб нікому не перашкодзіць, прыціскаючыся да сцяны, рушыў да дзвярэй. Як яны далёка, дзверы! У жоўтым тумане. Але ён дабраўся да іх, адчыніў. Нехта спытаў:
— Вам блага?
Ён вінавата ўсміхнуўся:
— Не.
Павярнуўся туды, куды глядзелі ўсе, — да экрана тэлевізара. І зноў убачыў яго, сэрца. І ўбачыў нешта зусім жудаснае: тоўсты палец праткнуў яго, маленькае, здалося, ужо нерухомае, нежывое.
Тэлевізар падскочыў угору, закруціліся плафоны на столі… Нехта закрычаў…
Больш дапытлівы журналіст нічога не помніў.
Апрытомнеў у кабінеце галоўнага хірурга. Сястра, якая праводзіла яго, паднесла да твару тампон, змочаны нашатыром. Кірыла чыхнуў. Нашатыр асвяжыў. Але ў галаве гудзела, як у пустым склепе. Цяжкімі зрабіліся ногі, і пальцы іх варушыліся недзе, здавалася, за вярсту. А ў роце быццам ваты напхана, і яна прамакнула ўсю сліну; язык прыліп да паднябення. Ён прыслухаўся да гэтага дзіўнага стану ў целе.