Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Чаго? — натапырыўся Славік.

— Я асабіста сапсутай гайкі за яе не дам.

— А я плюю на вашу крытыку.

— Ты дзе вырас такі? На Брадвеі? Мне шкада цябе.

— Пашкадуй сваю маму.

— Хлопцы! Хлопцы! — прасіў Генрых.

— Вось такія на родную маму гатовы плюнуць.

А маці ўжо тут. Валянціна Андрэеўна непрыкметна падышла ззаду, паклала адну руку на плячо сыну, другой дакранулася Івана.

— Што ў вас, хлопчыкі? Можа, чаго не хапае?

— Не. Дзякуем, Валянціна Андрэеўна. Гэта мы з-за футбола паспрачаліся. Якая каманда сёння выйграе.

«Здзекуецца, гад», — ажно перасмыкнула Славіка. Ён наліў сабе таго ж паганага віна і дэманстратыўна, на злосць усім, выплеснуў у рот.

Маша, якая чула ўсю іх размову, ціха сказала:

— Ты задзірысты певень.

— А ты рыжая курыца.

Яна бяскрыўдна засмяялася. А ў Славіка ўжо залез чорцік: хлопцу хацелася ўсіх крыўдзіць і каб да яго таксама чапляліся. Тое, што Маша не пакрыўдзілася за «рыжую курыцу», трохі абяззброіла яго. Ён надзьмуўся, прыслухаўся да застольнай гаманы.

— Мы можам выхоўваць чалавека ў сваёй брыгадзе. А выхоўваць начальніка змены, інжынера — нам, рабочым!.. Яго інстытут не выхаваў, — даводзіў Тарасу яго сусед, самы старэйшы з іх брыгады, мужчына з тварам баксёра (нават нос сплюснуты) — Васіль Лапацін. Ён прыехаў з жонкай. Славік заўважыў, што дзябёлая, здаецца, цяжарная жанчына сама ела мала, сарамліва, а мужу падкладвала смачнейшыя і большыя кавалкі і ўвесь час непрыкметна падлівала віна. Ён выпіваў цішком, як ваду. Славіка гэта развесяліла.

«Вунь вашы праведнікі як дзейнічаюць», — хацелася яму сказаць Генрыху. Але той шаптаўся з Іванам.

— Талстоўская філасофія ў цябе. Часам трэба і па мордзе даць.

«Пра мяне, гады. Паспрабуй даць».

— Я Волгу пераплываў…

— Дзе? Каля вытоку?

Самыя малодшыя, сярод іх і Віктар, жартуюць на другім канцы стала, у іх свая тэма: спорт, рэкорды, галубы.

«Нецікава. Я вырас з гэтых штаноў».

— Наташка, наелася? Бяжы гуляй.

— Што ты, тата? Я ж люблю гасцей. Ты хіба не ведаеш?

— Гасцінная натура!

— Аднойчы на імяніны яна запрасіла два класы — свой і паралельны. Помніш, Антон?

— У нас Славік быў такі.

«Быў… Быццам мяне пахавалі».

— Хлопчыкі, ешце. Усё, што на стале, павінна быць з'едзена. Кірыла, прапануй тост.

— Праўда, ён цікавы, Косця? Як цыган. Глядзі, якія вочы. Як вуглі. А зубы якія!

«Наіўна, але правільна, сястра. Хвалі другіх, каб адвесці ад таго, з каго сама не спускаеш вачэй».

Славіку рабілася нудна, і ён пачаў шукаць, чым бы пазабаўляцца. Падсунуўся бліжэй да Машы, дакрануўся нагой да яе нагі. Яна строга глянула на яго і адсунулася да Іры.

Яраш з цікавасцю прыглядаўся да моладзі. Пасля размовы з Машай, калі ён адчуў раптам разрыў паміж такімі, як яна, і сабой, яго зацікавіла моладзь. Уся моладзь: маладыя лекары, сёстры, санітаркі… Але сябры Тараса асабліва. Рабочы клас. Творцы матэрыяльных каштоўнасцей.

Пакінуўшы Майзіса і яго жонку, якая стаіла крыўду, Яраш ганяў з хлопцамі па выкашаным лузе мяч, спаборнічаў у плаванні, загараў. Услухоўваўся ў іх размовы. Але на адпачынку словы і думкі былі лёгкія, як той мяч, што ганялі. Ён не верыў, што можна пагаварыць сур'ёзна цяпер за сталом, але паспрабаваў арганізаваць такую размову. Пастукаў відэльцам па пляшцы, просячы цішыні. Моладзь адразу ўгаманілася, бадай, хутчэй, чым перад тостамі Шыковіча.

— Хвіліначку, сябры. Сумнавата робіцца за нашым сталом. Сепаратныя размовы, шаптанне… Давайце паспрабуем пагаварыць калектыўна. Пра што? Адкажам, напрыклад, на такую анкету: мае мары, маё ўяўленне пра будучыню, чаго я хачу, да чаго імкнуся. Ша! Не хаваю нашага з Кірылам Васільевічам хітрага намеру — выпытаць пра вашы мары. Мы тут з ім часта спрачаліся наконт ідэалаў маладога пакалення. Толькі ўмова: адказваць шчыра, не баючыся, што адказы вашы трапяць у друк. Карэспандэнтаў тут няма.

— А Кірыла Васільевіч?

— Ён без пяра. Акрамя таго, у яго прынцып: калі ем…

— То глух і нем. Адно мурлыкаю, як кот.

Засмяяліся, заварушыліся, трохі ўзрушаныя нечаканай прапановай. Кожны, безумоўна, адразу падумаў: пра што сказаць? Хіба мала іх, мар? А якая галоўная?

Славік хмыкнуў. І здзейсніў намер, які з'явіўся хвілін колькі назад: апусціў руку пад стол, дакрануўся да Машынага голага калена. Яна ўздрыгнула, тузанулася, ушчыпнула яго за руку. Сказала спакойна:

— Славік, схопіш аплявуху.

Іра здагадалася, што ён зрабіў, і вочы яе пад шкламі акуляраў сталі жоўтымі ад гневу.

— Славік! Паскуда! Я маме скажу.

— Закрычы, ябеда. Ты ўсё жыццё нагаворвала.

Бацькі ўжо звярнулі ўвагу на іх злоснае перашэптванне. Валянціна Андрэеўна зноў падышла да сына, ласкава папрасіла:

— Прынясі, сыне, піва з пограба.

— Чакай, паслухаю людзей будучага.

— Дык хто пачне, хлопцы? — запрашаў Яраш.

— Косця! — падказала жонка Лапаціна.

Той самы Косця, якім захаплялася Іра, маленькі, рухавы, смяшлівы і самы малодшы ў брыгадзе, падскочыў, як школьнік. Чорныя вочы яго загарэліся, як вугалькі. Можа, ён не адразу зразумеў, што ад яго патрабуюць.

— Сядайце, Косця. Што вы! — адразу запярэчыла Валянціна Андрэеўна. — Гэтак будзе не сяброўская гутарка, а непрыемны экзамен. Ты сам, Антон Кузьміч, пачні.

— Не, я пасля скажу, пра што я марыў, калі мне было столькі ж гадоў. Параўнаем…

— Я скажу, — адгукнуўся Косця. — Я думаю пра ўсё… Пра дзяўчат…

— Вось гэта шчыра! — засмяяўся Славік.

Але яго смеху не падтрымалі, можа, таму, што Косця тут жа запэўніў горача, з дзіцячай непасрэднасцю:

— Я хораша думаю пра дзяўчат… Жанчына дае жыццё і красіць яго, усё прыгожае ад жанчыны. Я многа думаў пра касмічныя палёты. Але, ведаеце, самому мне чамусьці не хочацца ляцець туды.

— Баішся? — зноў гукнуў Славік і быў рады, што ў гэты раз выклікаў смех.

— Не, не баюся. Але я люблю зямлю… дрэвы і кветкі. Для мяне найвялікшая радасць бачыць вось гэты лес. Я так мяркую, што ў камунізме ўсе людзі павінны жыць сярод дрэў і кветак. Тады ўсе стануць добрыя, вясёлыя…

— Правільна! Я таксама за тое, каб усе сталі дачнікамі.

— Слава! Вылеціш з-за стала, як корак з бутэлькі, — не стрымаўся ўрэшце Шыковіч-старэйшы.

— Маўчу, як фаршыраваная рыба. — Славік заціснуў рот далоняй.

— Карацей кажучы, я хацеў бы пажыць у грамадстве, дзе не будзе людзей злосных, несправядлівых, дурных, несумленных…

— У Косці хрысціянская мараль, — перапыніў сябра Іван Ходас. — Яму здаецца, што такое грамадства нехта падасць на талерцы, калі ласка, Косця, жыві, расці кветачкі, гадуй дзетачак… А для мяне — радасць у змаганні. І я думаю, што камунізм — гэта найвышэйшая форма барацьбы.

— Супраць каго?

— За што?

— Супраць дурняў, бюракратаў, дармаедаў… Я не кажу ўжо пра ворагаў знешніх, імперыялістаў розных…

— А калі іх не стане? Знішчым?

— Ага!

— Я не заглядаю так далёка! І ў царства ўсеагульнага цалавання не веру. І сярод анёлаў жыць не жадаю! Нудна. Я сам злосны і, магчыма, бываю несправядлівы. Малы быў — маму крыўдзіў. Дык што ты, і мяне знішчыш? — горача насядаў Ходас на Косцю.

— Завёўся ўжо! — папракнула яго Вера, жонка Лапаціна.

Іван асекся, павярнуўся да гаспадароў: як рэагуюць яны? Яраш з ухвалой кіўнуў галавой. Шыковіч сказаў:

— Я згодзен, Іван. Камунізм пабудуюць не святыя, а мы з вамі, кожны са сваім характарам, даволі часта вельмі супярэчлівым і складаным. Але бясспрэчна і тое, што мы павінны стаць лепшымі, чым ёсць. Пазбавіцца перажыткаў… Як гэта зрабіць хутчэй? Што, па-вашаму, мае першаступеннае значэнне ў выхаванні камуністычнай культуры пачуццяў?

Іван задумаўся. І ўсе змоўклі, задумаліся таксама.

— Калектыў, — першы адгукнуўся Тарас.

— Праца, — амаль адначасова з ім выказаўся Лапацін, прынімаючыся за кавалак пірага, які падсунула яму клапатлівая жонка.

— Барацьба! — не адступаў Ходас ад сваёй пачатковай думкі.

— Праўда! — Славік сказаў гэта сур'ёзна, цвёрда, пераканана. — Пакуль будзе ханжаства, падман…

39
{"b":"205285","o":1}