Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Шумелі дубы. Церушыліся на стол, у талеркі і шклянкі тонкія сухія галінкі, мох, зрэдку злятаў заўчасна пажоўклы ліст. З лугу цягнула густым водарам сухога сена.

Ва ўсіх быў добры апетыт. Маша ела са смакам, многа і па-дзіцячы прыгожа. Шыковіч любіў такую здаровую, «эстэтычную», як ён казаў, яду. Наташа, нягледзячы на пагрозы маці, за снеданнем чытала, не магла адарвацца ад «Запісак вучаніцы». І раз-пораз выбухала такім залівістым смехам, што і ўсе дарослыя смяяліся, хоць і не ведалі, што там, у кнізе.

— Ох, не магу! Памру, — дрыгала Наташа пад сталом нагамі. — Усё, як у нашым класе.

— Наташка, не крыўляйся.

— Што ты, мама! Каб ты прачытала, то сама поўзала б ад смеху. Вы не чыталі, дзядзька Кірыла?

— Не.

— Вы нічога не чытаеце. Самі пішаце, а нічога не чытаеце.

— Наташа!

— Правільна, Наташа. Не ў брыво, а ў вока бі, — ухваліла Валянціна Андрэеўна.

— Валя! Ёсць і другія правілы для дзяцей.

— А я чытала — і нічога там смешнага.

— Бо ты, Ірка, як наша ангелька, смяешся раз у месяц, па святочных днях.

— Наташа! Я табе язык накалю, паганка. Ідзі прэч, — узлавалася Галіна Адамаўна.

— Не трэба, Галя, — папрасіў Шыковіч. — Усе людзі павінны гаварыць, што думаюць. Якая была б шчырасць у адносінах!

— Быў бы поўны хаос, тата.

— А я чытаю мала, — уздыхнула Маша.

— Чаму? — спытаў Шыковіч.

— Не ведаю. А вы — чаму?

— Я? — Ён засмяяўся. — Дзіця маё, я мала чытаю такія кніжкі, якія чытае Наташа. Але колькі я чытаю другіх, часам такіх, над якімі Наташа заснула б на другой старонцы. А рукапісаў! Я аслеп ад рукапісаў. А цяпер яшчэ ад архіўных дакументаў. У мяне цяжкі жанр — дакументальны. Не толькі праца пісьменніка, але і гісторыка, — ён уздыхнуў.

Валянціна Андрэеўна хавала ўсмешку ў кубак з чаем. Яна паважала мужаву працу, яго творчае гарэнне. Але каму ён гаворыць усё гэта зараз, напускаючы на сябе такую паважнасць, скардзячыся на нялёгкі лёс? Незнаёмай дзяўчыне, каб паланіць яе хоць чым-небудзь. Смешны стары дурань! Пасаромеўся б дачкі.

Шыковіч, памогшы Тарасу вынесці пад дубы амаль усе сталы, якія былі на дачы, пайшоў дапісваць артыкул. Тарас і Наташа панеслі рыбакам снеданне.

Жанчыны займаліся той дробнай мітуслівай работай, якой амаль не відаць, але якая надзвычай стамляе і ўрэшце прыводзіць да апатыі, абыякавасці. Прыходзяць госці, а гаспадыню ўжо нішто не цікавіць, яна ўжо згарэла. Да такога стану дайшла Галіна Адамаўна дужа рана: яе стаміла не столькі работа, колькі хваляванне, трывожныя думкі пра мужа і Машу. Яна ўпала пад дубамі на коўдру і… заснула.

Валянціна Андрэеўна і дзяўчаты сцераглі яе сон. Гаварылі напаўголасу.

Маша і Іра быццам бы пасябравалі, разгаварыліся. Валянціна Андрэеўна назірала за імі і бачыла, як лёгка і адкрыта ішла на збліжэнне Маша і як асцярожна, хітра, дыпламатычна падступала да новай знаёмай яе дачка. Маці стала непрыемна. Адкуль гэта ўзялося ў Іры? І наогул, чаму ўсё так атрымліваецца? Здавалася б, простыя бацькі, простыя і шчырыя адносіны ў сям'і — і раптам такія дзеці, зусім розныя і абое з нейкімі дзіўнымі адхіленнямі ад той нормы, што выпрацавала педагогіка, якой яна, Валянціна Андрэеўна, аддала ўсё сваё свядомае жыццё. Упершыню яна падумала пра гэтую навуку без павагі, скептычна ўсміхнуўшыся.

«Можа, Кірыла таму лягчэй перажывае паводзіны дзяцей, што ён не ведае гэтых педагагічных догм. Ён лёгка запальваецца, але лёгка і патухае. Як ён сустрэне Славіка?»

Толькі падумала пра сына, а ён тут як тут.

Яна сядзела пад паветкай на нізкай калодачцы і, задумаўшыся, мыла ў тазе талеркі, відэльцы і нажы. І раптам убачыла не яго — цень. Уздрыгнула, падняла галаву. Славік упаў перад ёю на адно калена.

— Мама, твой блудны сын з'явіўся пад гэтую мірную дачную страху і вінавата схіляе гвалтоўна абстрыжаную галаву. Пасып яе гарачым попелам.

Звыклы яго ход — адразу ўсё перавярнуць на жарт. Яна ўпэўнена, што не так весела ў яго на сэрцы, але ён жартуе, ён усё адно жартуе. Аднак не пра гэта маці думала. Яна даўно не бачыла яго стрыжаным. І ў гэтай стрыжанай, круглай, трохі смешнай роднай галаве яна ўбачыла маленькага Славіка, добрага, ласкавага, таго, які, прачынаючыся, перабіраўся ў іх ложак і вось гэтай стрыжанай галавой туліўся да яе шчакі.

Ёй зрабілася да болю шкада яго. Нясцерпна хацелася ўзяць мокрымі рукамі яго дурную галаву, прытуліць да грудзей, пацалаваць, а потым накруціць гэтыя любыя ружовыя вушы. Салодка было недзе глыбока ў грудзях і горка ў горле. Уміг успомнілася, якім прыехаў у той дзень, калі Славіка пасадзілі, бацька — што хмара. Яна вырашыла, што ён зноў з кім-небудзь пасварыўся ў рэдакцыі, і, каб адцягнуць яго думкі ў іншы бок, спытала, ці бачыў ён Славіка. Як Кірыла падскочыў, як закрычаў:

«Дарожкі ў парку падмятае твой Славік! Пацалуйся ідзі з ім! Выхавала бандыта, педагог няшчасны!»

Яна адразу нават не зразумела, што да чаго. А з Ірай ледзь не здарылася істэрыка. Дачка крычала:

«Вось ён, ваш сынок, ваш любімчык! Я даўно казала, што ён зганьбіць усіх нас! Божа мой! Які сорам! Цяпер нельга будзе паказацца ў горадзе. А ўсё вінаваты вы! Абое вы. Бацькі! Патуралі, няньчыліся…»

Валянціну Андрэеўну тады абразілі словы дачкі: быццам з ёй няньчыліся менш.

А цяпер Іра стаяла, глядзела на ўкленчанага Славіка і стрымлівала сябе, каб не зарагатаць.

Яны ішлі ад стала, які накрывалі, убачылі Славіка, — спыніліся за яго спіной. Маша глядзела здзіўлена, Іра — з іроніяй. Валянціна Андрэеўна ўбачыла іх і, схамянуўшыся, сурова сказала сыну:

— Не крыўляйся. Устань!

Славік падняўся, не забыўшыся абтрэсці калена, і паправіў канцы чырвонай вяровачкі, што замяняла гальштук.

Валянціна Андрэеўна раптам узлавалася:

— І каб я не бачыла ў цябе на шыі гэтую дурацкую вяроўку. Выкінь!

Ён паслухмяна сарваў бляшку, вышмаргнуў вяровачку, размахнуўся, каб шыбануць яе ў кусты каля ручая… І тут убачыў сястру і… Машу. Застыў у вялікім здзіўленні. Потым ступіў крокі два ўбок, пакруціў стрыжанай галавой, як бы праганяючы сон. Хутка наблізіўся да дзяўчат. Крыкнуў:

— Мама! Я не сплю? Адкуль узялося гэтае дзіўнае стварэнне? — І да Машы: — Слухайце, вы ж незямная. Я вас часта сніў. Я сніў марсіянак. І ўсе яны падобны на вас. Далібог жа, праўда? Не, скажыце шчыра, вы адтуль? — Ён паказаў на неба і зарагатаў.

— Славік! — сурова спыніла маці. — Вядзі сябе прыстойна.

— А хіба я сказаў што-небудзь непрыстойнае? Клянуся, я шчыра перакананы, што яна адтуль. На зямлі я такіх не страчаў.

Машу абразіла, як бесцырымонна, не пазнаёміўшыся нават, гэты юны шалапут разглядае яе. Абразіла і ўся яго недарэчная балбатня. Яна застыла на міг, а потым падняла руку, прыклала далоню да шчакі, нібы мацаючы, ці не гарачая. Сказала не яму — Валянціне Андрэеўне:

— А я такіх страчаю штовечар. У парку. І заўсёды п'яненькіх.

Словы яе ранілі сэрца маці. Валянціна Андрэеўна адчула непрыязь да дзяўчыны. А са Славіка — што з гусі вада. Ён галантна пакланіўся, шаркнуўшы нагой па сухой траве:

— Дзякую за высокую атэстацыю.

Мабыць, адчуўшы настрой маці, баючыся, што Маша зноў скажа што-небудзь непрыемнае, Іра павярнула знаёмства на звычайны мірны шлях:

— Мой брат. Уладзіслаў. Ён добры, толькі крыўляка.

— Ура! — гукнуў на ўвесь лес Славік. — Мая дарагая сястра прызнае мяне добрым. У такі дзень! Прагрэс!

— А гэта — Маша.

— Маша?

Мабыць, Славіку сапраўды здавалася, што ў дзяўчыны ўсё незвычайнае, і такое простае імя як бы працверазіла яго. Ён зусім сур'ёзна працягнуў ёй руку. Маша нейкі момант вагалася — падаваць руку ці не. Гэта спалохала Валянціну Андрэеўну. Што, калі яна не падасць рукі? Якая будзе абраза для хлопца. Яе заўсёды палохалі нячуласць, чэрствасць.

Але Маша раптам працягнула руку, хораша ўсміхнуўшыся. І ў гэты момант Валянціна Андрэеўна даравала ёй усё.

— Хто вы, Маша? — затрымліваючы яе руку, сур'ёзна спытаў Славік.

— Сястра.

37
{"b":"205285","o":1}