Литмир - Электронная Библиотека
A
A

«Што „сёння“?»

Я не адказаў. Яму зрабілася блага. Ён пачаў ванітаваць, узваліўшыся на пісьмовы стол. Я застаўся каля акна адзін. Вось ужо павесілі другога чалавека. Трэцяй была дзяўчына. Партызанская сувязная Надзя Кузьменка. Пасля я даведаўся: яе арыштавалі на дарозе, знайшоўшы ў кошыку пад грыбамі міну. Яна крычала пракляцці катам. Натоўп маўчаў. Натоўп, напэўна, застыў, як і я. Кожны чалавек у гэты міг да нечага рыхтаваў сябе. Прымаў рашэнне.

Здавалася, што жудасная машына карнікаў запрацавала без перашкод, па дэталёва прадуманаму д'ябальскаму плану. Чарговую ахвяру дужыя гестапаўцы хапалі пад рукі, падымалі ў кузаў. Грузавік падыходзіў пад шыбеніцу. Кат ускідваў пятлю на шыю. Машына адыходзіла, паварочвалася. Хутка. Спрытна. Механізавана. Начальства і варта заспакоіліся. Адзін з афіцэраў пачаў рабіць фотаздымкі.

І раптам адбылося нечаканае. І для нас і для фашыстаў. На царкве зазванілі званы. Вось на гэтай царкве, што на плошчы.

Я не адразу зразумеў. Падумаў, што арганізавалі яны. Ды не! Гэта не быў пахавальны бом. Не фарс. Не! На ўсё наваколле загучаў грозны заклік. Званы зазванілі так, як званілі яны адвечна, калі ішла бяда — нашэсце ворага, навадненне, пажар. Званы клікалі:

«Падымайся, народ! Падымайся, народ!»

І людзі паднялі галовы. Натоўп як бы вырас. А каты спалохана замітусіліся. Нешта крычалі Бругер і Шміт. Лучынскі кінуўся да царквы. За ім гестапаўцы. З бронетранспарцёра пачалі біць з кулямёта па званіцы.

А званы ўсё клікалі: «Падымайся, народ! Падымайся, народ!»

Не ведаю… І цяпер не ведаю, праз гэта ці так было задумана… Але пакаранне спынілі. Павесілі адзінаццаць. Тры шыбеніцы засталіся пустыя. Астатніх арыштаваных адвезлі назад у турму. Большасць з іх у хуткім часе расстралялі.

Калі чалавека, які званіў, забілі, званы доўга яшчэ грозна гудзелі, так моцна ён расхістаў іх. Чалавеку было семдзесят шэсць год. Стары, глухі, адзінокі званар. Кузьма Ягоравіч Сарока. Як ён трапіў на званіцу? Знарок? Выпадкова? Але безумоўна адно: убачыў ён адтуль, як караюць прышэльцы нашых людзей, і не вытрываў. Ведаў, што ідзе на смерць. Пайшоў. Без страху. Па тым, як яны стралялі там, на званіцы, і як �ачалі сціхаць бомы, я зразумеў, што чалавека забілі. Але зразумеў другое, галоўнае — што ён свядома ішоў на гэта. Помню, я пашкадаваў, што гэты невядомы змагар не зацягнуў туды кулямёт. Адных званоў мала. У мяне, па крайняй меры, будзе пісталет і граната. Але яны былі схаваны на кватэры.

Калі плошча апусцела, я пайшоў на кватэру. Па горадзе ўсюды патрулі паліцыі і гестапа. Яны тройчы спынялі мяне і правяралі дакументы.

Ліза кінулася насустрач, устрывожаная і радасная:

«Я ўсе вочы праглядзела. Чаму так позна? Кажуць, людзей вешалі?»

У гэты момант, упершыню за той дзень, апанавала слабасць. Самлелі ногі. Я знясілена апусціўся на канапу, відаць, збялеў.

«Што з табой?»

«Павесілі Паўла», — сказаў я і… заплакаў.

Яна ведала Паўла, ён заходзіў раней, і ёй падабалася, што я сябрую з такім чалавекам, інтэлігентным, разумным, служачым управы.

Цяжка сказаць, чаму я даверыўся ёй у той момант. Бываюць душэўныя рухі, якія немагчыма растлумачыць.

Жанчына ў той міг, відаць, шмат што зразумела, бо заціснула рот далонямі. Потым глянула ў вокны, зачыніла на кручок дзверы. І ні пра што больш не запытала. Знікла, напэўна, яе надзея зрабіць мяне мужам. І яна адразу пастарэла, асунулася, шчыра засмуцілася, калі я адмовіўся ад снедання. Я таксама больш нічога не тлумачыў ёй. Надзеў лепшы касцюм, дастаў з тайніка пісталет і гранату.

Яна спытала:

«Ты больш не вернешся?»

«Не ведаю».

Я адказаў шчыра. Хіба я мог ведаць, што са мной будзе?

Яна пацалавала мяне.

«Будзь асцярожны, Кузя. Ведай, табе ёсць куды вярнуцца».

План быў просты. Усё робіцца простым, калі чалавек перастае думаць пра сябе, пра жыццё… Калі галоўнае — дасягненне мэты.

Паліцыя размяшчалася ў асобным двухпавярховым будынку насупраць управы. Я мог пайсці проста туды. Але я пайшоў на плошчу, пустую і жудасную ў той дзень. Вецер, халодны асенні вецер пагойдваў целы павешаных і вяроўкі на трох шыбеніцах. Для каго яны пакінуты? Не, мяне жывым фашысты не возьмуць! Я развітаўся з таварышамі. Стаў насупраць Паўла, крокаў за дваццаць, бліжэй вартавы не падпусціў. На Паўлаву шыю была накінута яшчэ адна пятля — павешана дошчачка з надпісам: «Я кіраваў бандай, якая забівала нямецкіх салдат». Надзі Кузьменка яны напісалі:

«Я ўзрывала нямецкія эшалоны».

Увогуле, яны пускалі паглядзець на вісельнікаў, для гэтага пакараных пакінулі на шыбеніцах — каб устрашыць гараджан. Але я стаяў, мабыць, занадта доўга. Бо вартавы раптам пагразіў мне аўтаматам і закрычаў, каб я праходзіў. Чаго добрага, яшчэ стрэліць. Што ім значыла забіць аднаго чалавека! А мне паміраць так недарэчна нельга! Таму я паслухмяна пайшоў, развітаўшыся з Паўлам, з таварышамі, якіх я не ведаў пры жыцці, але смерць іх зрадніла нас.

Вартавы паліцай ведаў мяне. Я сказаў яму, што хачу паступіць да іх на службу. Ён узрадаваўся:

«Давай. Такія хлопцы нам цяпер во як патрэбны!»

«Начальнік у сябе?»

«Толькі што прайшоў».

Але сакратарка-перакладчыца затрымала мяне. Гэтую асобу я таксама ведаў: Павел хадзіў з ёй нават разы два ў кіно, каб выведаць, чым яна дыхае. І заключыў: «Дрэнь поўная». Яна сказала, што ў спадара Лучынскага важная нарада і наўрад ці прыме ён мяне. Я адказаў, што ў мяне пільная справа.

«Якая?»

«Хачу паступіць у паліцыю».

Яна паглядзела на мяне зацікаўлена і больш прыветліва.

«О,тады пачакайце».

Здраднікам падабалася, калі іх большала. Магчыма, кожнага з іх цешыла думка: «Не я адзін».

Сакратарка была стройная брунетка, гадоў дваццаці пяці, але са стомленым ад бяссонных начэй тварам распусніцы. Ды, мабыць, траплялі ёй у апошні час мужчыны падношаныя, тыпу Лучынскага. Бо калі яна бліжэй агледзела мяне і падумала, што я буду служыць побач, у яе юрліва заблішчалі вочы. Яна пачала заляцацца. Мне зрабілася агідна. Я думаў пра помсту, ішоў на смерць, а тут трэба было «сушыць зубы», гаварыць чорт ведае пра што. Хацелася стукнуць яе з пісталета, а потым тых, усіх, што за дзвярамі, абабітымі жоўтым дэрмацінам. Сакратарка сказала мне, хто там: «Заступца і следчы».

Не, раней трэба іх. У мяне не хапала сілы чакаць. Я падняўся і наблізіўся да дзвярэй. Але яна загарадзіла дарогу. Аўчарка пільна сцерагла свайго гаспадара.

«О, ты нецярплівы. Але начальнік не любіць. Май на ўвазе».

Яна наступала на мяне і адціскала ад дзвярэй. На маё шчасце, халуі хутка выйшлі. Яны шапталі нешта адзін аднаму на вуха і задаволена ўсміхаліся. Лысы намеснік начальніка паліцыі Левашоў ушчыпнуў сакратарку за мяккае месца, кіўнуў на мяне:

«Ці не хахаля ты такога знайшла, Мура? У гэтага ёсць брандспойт».

Яны цынічна зарагаталі.

«Нахабнікі», — сказала яна ўслед ім, як бы апраўдваючыся перада мной.

І пайшла ў кабінет, каб далажыць пра мяне. Выйшла не хутка ці, можа, мне так здалося — цягнуліся хвіліны. Помню, што я раптам захваляваўся, пачуў, як грукае сэрца. Яшчэ міг, адзін міг — і я адпомшчу за Паўла, за таварышаў. Дзверы адчыніліся. Яна, Мура, сказала: «Прахадзі» і прапусціла мяне. Я зачыніў за сабой дзверы асцярожна, быццам яны былі з танюсенькага шкла. Ступаў па дывановай дарожцы на пальчыках, пачціва і ціха, каб не спужаць звера. Круціў у руках шапку. Лучынскі глянуў насцярожана, трымаючы руку пад сталом, можа, на кнопцы званка ці на пісталеце. Але пазнаў мяне (ён інспектаваў пажарную і разоў колькі з'яўляўся на пажары) і заспакоіўся. Паклаў абедзве рукі на паліраваны стол двухметровай даўжыні, як бы абняў гэты сімвал сваёй улады. Выпрастаўся ў высокім крэсле. Сядзеў, як на троне. Яны ўсе ігралі, гэтыя мізэрныя пустыя людзі, здраднікі, уяўлялі сябе фюрэрамі і былі такімі ж бяздарнымі акторамі, як і Гітлер.

Я спыніўся крокі за тры ад стала ў пачцівай паставе. Я загадваў сабе: «Не выдаць… Ніводным рухам не выдаць сябе!» Хоць і марудзіць нельга было: мог зайсці хто-небудзь з паліцаяў.

19
{"b":"205285","o":1}