Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Здаецца, ты робіш лірычнае адступленне ад сюжэтнай лініі.

— Але, — адразу згадзіўся Яраш і на момант задумаўся, мабыць, успамінаючы, дзе ён адхіліўся. — Лізавета Пятроўна, жанчына гэта, гаспадыня мая… яна, мабыць, адчувала нешта і баялася за мяне… А таму любіла, калі я прыходзіў, як пажарнік, як служачы сур'ёзнай і патрэбнай установы, падвыпіўшы. Але я ніколі яшчэ не прыходзіў вось так — «у дым». Яна смяялася, раздзяваючы мяне, ласкава лаяла… Напаіла квасам. Памыла ногі… Я гэта добра помню… Мне было няёмка і сорамна. Але я іграў ролю п'янага. Трэба было апраўдаць, чаму я не пайшоў на імяніны. Трэба было праверыць гаспадыню. Жыло ў мяне нейкае інтуітыўнае, падказанае бог ведае якім пачуццём адчуванне, што менавіта ў гэты вечар я выкрыю Лотке, даведаюся, хто мой «прыліпала». Упершыню ў той дзень з'явілася падазрэнне, што памочнікам Лотке з'яўляецца гаспадыня… Я «захроп» на ўвесь дом, а сам уважліва слухаў. І хутка пачуў:

«Можна да вас?»

«Калі ласка».

«Кватарант дома?»

«Дома».

«Дзе?»

«Спіць».

«Спіць? Так рана спіць? Ай-яй…»

«Выпіў чалавек».

«Выпіў? Няўжо выпіў? Ай-яй… Так выпіў, што зваліўся з ног? Такі дуб. Ай-яй».

«Гэтая зараза любога зваліць з ног».

«Можа, можа».

І, мабыць, не паверыўшы гаспадыні, што я дома, чалавек з тоненькім, далікатным галаском заглянуў у мой пакой.

«Ай-яй, храпе на ўсе застаўкі».

Я не верыў сваім вушам. З месяц назад пасяліўся гэты пажылы ўжо, гадоў пад пяцьдзесят, чалавек у доме насупраць, цераз вуліцу. Назар Авяр'янавіч Дымар. Яго шмат хто ведаў. Закройшчык, працаваў да вайны ў цэнтральным атэлье. А ў акупацыі трымаў маленькую майстэрню тыпу «амерыканкі»: «Рамонт верхняй вопраткі. Хутка. Танна». У яго быў свой дом у раёне таварнай станцыі. Але згарэў, калі нашы самалёты бамбілі скапленне ваенных эшалонаў. Пры бамбёжцы загінула жонка. Так ён расказваў мне і ўсім на вуліцы. Мы з ім амаль штодзённа сустракаліся. Сядзелі на лавачцы каля яго кватэры. Да гэтага пажару ён не паліў. А цяпер пачаў. Прызнаваўся, што і да чаркі цягне. Расказваў пра жонку — плакаў. Але нашых не вінаваціў. Уздыхаў: «Вайна. Што зробіш. На вайне няма вінаватых». Гэтай філасофіі ён прытрымліваўся ў разважаннях на многія тэмы, звязаныя з вайной, з дзейнасцю гітлераўцаў. Я разумеў яго: асцярожнасць. А я — чалавек, блізкі да паліцыі. Мне нават здалося, што ён сувязны нейкай падпольнай групы; для гэтай мэты і майстэрня арганізавана. І вось гэты чалавек з'явіўся ў такі вечар, каб праверыць, дзе я. Заглядвае ў пакой. Раней ён ніколі не заходзіў да мяне вось так, папросту. Куды знікла яго далікатнасць. Гаспадыня запытала, навошта я яму.

«Табачку хацеў пазычыць, цэлы дзень не паліў. Ажно вушы напухлі».

Няўжо ён? Ці гэта выпадковасць? Стары чалавек. Акуратны. Спакойны. Я ляжаў і ўспамінаў, аналізаваў усе сустрэчы і размовы з ім. Прыгадалася, што разы два я сустракаў яго нечакана на далёкіх ускраінных вуліцах. Але ці мала спраў магло быць у краўца, які паўжыцця працаваў тут і ведаў паўгорада людзей… Праз гадзіну ён з'явіўся зноў.

«Спіць усё яшчэ?»

«Спіць».

«Ай-яй… А я думаў, прачнуўся. У мяне сотачка спірту ёсць. Пахмяліцца пасля такога перабору — найлепшае лякарства. Асабліва чысты спірт. Адразу здымае боль галавы».

І зноў заглянуў у мой пакой.

Цяпер, бадай што, можна было не сумнявацца. Шпіён нерваваўся: я збіў яго з панталыку. Ён яўна не выконваў нейкага вельмі пэўнага задання. Ох і ўзлаваўся я на яго, на гэтага старога здрадніка! Рукі свярбелі — устаць і прыдушыць, як паганага шчанюка. Няма нічога больш агіднага за здрадніка і шпіёна. Але мая злосць была падвоеная: як магло здарыцца, што я з першага дня раскусіў мацёрага агента СД Лотке і больш за месяц вадзіў за сабой такога нікчэмнага «прыліпалу»? Але самае дзіўнае, ведаеш што? Гаспадыня мая, расказаўшы раніцай, як двойчы прыходзіў Назар Авяр'янавіч, нечакана заключыла: «Не падабаецца мне, Кузя, гэты чалавек».

З Паўлам я сустрэўся на другі дзень, у нядзелю. Не вельмі ўпэўнены, што Лотке не ведаў, ад каго я атрымаў запрашэнне на імяніны, я не пайшоў да яго на кватэру, хоць належным чынам і застрахаваў сябе і ад краўца і ад любых другіх «хвастоў». Я пайшоў на Балотную да цёткі Любы, каб гэтая «пранырлівая гандлярка» схадзіла на Каштанавую да Паўла і звяла нас. І там сустрэў Паўла. Ён прыйшоў туды з тым жа намерам — выклікаць мяне.

Як заўсёды, ён быў інтэлігентна апрануты — у капелюшы, у добрым касцюме, у гальштуку. Паліў цыгарэты. Як належала работніку ўправы. У любых абставінах ён трымаўся надзвычай спакойна і ўпэўнена і не надта асцярожна. Часам нават парушаў тыя правілы канспірацыі, якія сам устанаўліваў. Неяк на зборы нашай пяцёркі мы сказалі яму пра гэта. Ён адказаў, што ў падпольнай рабоце нельга вынайсці правілаў, прыгодных на ўсе выпадкі, што часам людзей выдае звышасцярожнасць.

Павел спытаў, чаму я не прыйшоў учора. Я расказаў пра «велікадушнасць» Лотке. Павел усміхнуўся, здалося мне, крыху зняважліва.

«Асцярожны ты хлопец. Доўга жыць будзеш…»

Закрануты, я ўспыхнуў, пачаў апраўдвацца:

«Ты сам вучыў нас… Не думай, што я спалохаўся».

Ён ласкава абняў мяне за плечы. Мы стаялі ў зацянёным пакоі, акно якога выходзіла ў сад. Вялікі куст бэзу, яшчэ зялёны і густы, засланяў гэтае акно. Помню, што дзень быў хмурны і ветраны. Наступала восень.

Павел сказаў:

«Дзівак. Хто можа падумаць, што ты баязлівец! Ты правільна зрабіў. Тым, што не прыйшоў, ты насцярожыў нас. Мы своечасова разышліся. Была аблава. У горадзе пачаліся арышты. Трэба быць, як ніколі, пільным».

Тады я расказаў пра краўца.

Павел нахмурыўся.

«А вось гэта горш, — сказаў ён. — Калі твая здагадка пацвердзіцца, прыйдзецца спусціцца табе з пажарнай каланчы. Шкада. Зручнае месца. Хораша відна, дзе трэба паліць. Краўца праверым. Я сёння ж дам заданне хлопцам. Сам нічога не рабі. Вадзі яго за нос. Табе ёсць іншае заданне. Ваенны савет вынес прысуд Лучынскаму, начальніку гарадской паліцыі, здрадніку Радзімы. — Ён адступіў у глыб пакоя, да ложка, і з гневам дадаў: — Пёс гэты вельмі актыўны. Залішне здагадваецца пра тое, да чаго гестапа не дапяла б. Падумай, як гэта зрабіць найлепшым чынам».

Пра дзейнасць Лучынскага я сам збіраў звесткі. П'яныя паліцаі расказвалі пра садызм свайго начальніка. І я люта ненавідзеў гэтага чалавека. У мяне даўно гарэла жаданне стукнуць яго. Таму, атрымаўшы заданне, я адразу задумаўся: у галаве закруціліся магчымыя варыянты аперацыі, планы яе — як, дзе…

Я глядзеў у акно і думаў. І раптам:

«Антон».

Прызнаюся, я ўздрыгнуў, бо даўно ўжо не чуў свайго сапраўднага імя.

Павел сядзеў на нізкім табурэціку і, схіліўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкі на падкладцы капелюша.

«Масква, — сказаў ён, ласкава пагладзіўшы пабляклы велюр. — Аня купляла». І ўздыхнуў. Я падумаў, што мне здалося, што ён паклікаў. Але праз момант, не ўзнімаючы галавы, ён паўтарыў: «Антон! Калі здарыцца што са мной і Кацяй, не пакінь Тарасіка. Прытулі».

У мяне перахапіла дыханне і голас. Пакуль я сабраўся з думкамі, каб нешта адказаць, Павел падняўся і працягнуў руку:

«Бывай. У мяне многа спраў сёння. Выпрацуеш план — звяжыся са мной. Падвернецца пад руку — дзейнічай самастойна. Але без рызыкі. І напэўна!»

Я так і не паспеў нічога сказаць яму наконт сына.

Мабыць, углыбіўшыся ва ўспаміны, Яраш змоўк. Кірыла падняўся, сабраў галавешкі і кінуў іх у жар. Зноў затрашчаў вясёлы агеньчык. Асвяціў схіленую доктараву постаць.

Шыковічу закарцела здагадацца, чаму раптам Антону сярод ночы захацелася так падрабязна расказаць пра сваё падполле. Звычайна, калі яго прасілі, ён расказваў неахвотна і скупа. Нават пасля таго, калі ён, Шыковіч, зацікавіўся падполлем і пачаў збіраць матэрыял, сябра яго ні разу яшчэ не расшчодрыўся на такі вось расказ. Так зрэдку кідаў некалькі мазкоў, эпізодаў, дэталей, і то часцей дзецям — Віцю, Іры, Славіку — з педагагічнай мэтай: вось так ішло змаганне за жыццё, якое вы маеце.

16
{"b":"205285","o":1}