Литмир - Электронная Библиотека

Экскурсія ішла пад арку брамы, і Андрэй ішоў наперадзе, спінай адчуваючы позірк жанчыны. Ён ведаў, позірк гэты дапытлівы і пільны.

Галубінае пяро павольна, бы ў водавароце, падала перад Андрэем на высокую густа-зялёную траву. Ён падставіў руку і злавіў яго, сціснуў у пальцах. I раптоўна яму здалося, што пяро гэтае нябачна, але моцна звязала яго з гэтай закінутай вёскай, з сумам і цішынёю белых палат.

У вузкім акне – ён зноў пачаў летуценнічаць наяве – мільгануў перад ім падазрона вялікі твар, чырвоны, наліты крывёю твар ягонага цёзкі, князя. I потым ужо ўсё, аб чым распавядала Горава, жывымі карцінамі ўставала ў яго вачах.

Ад базедавай хваробы ў Багалюбскага былі шалёныя і раз’юшаныя вочы, ад уроджанай акасцянеласці шыйных пазванкоў – ганарлівая пасадка галавы. Ён не мог яе апусціць, а калі трэба было, – ён нахіляў яе разам з тулавам, як воўк.

Таму яго з дзяцінства лічылі ганарліўцам, і ён сам звык лічыць сябе такім, і жорсткасць ягоная стала пачэ меры цярпення чалавечага. Ад маці-палаўчанкі ягоныя дзікія вочы мелі косы разрэз, і ён сумаваў па стэпах, дзе імчаць шалёным галопам гарбаносыя дзікія коні. Але ён закілзаў сэрца, таму што быў уладаром. Толькі ханская жорсткасць прыжывалася паўсюль, і таму нават тут пачалі ламаць хрыбты. I ён не прыдбаў сабе сяброў вялікім і мудрым жыццём.

Яны ішлі пераходамі палаца, і Андрэй бачыў трапяткі агонь паходні і чалавека з барвяным тварам, з папярочнай, узбухлай жылай на лбе, які з нечалавечай сілай адбіваўся ад шасцёх змоўшчыкаў, узброеных дзідамі і мячамі, раскідваў іх і рыкаў, як паранены леў. А яны зноў і зноў кідаліся на яго, шматавалі, цягнуліся за ім па падлозе.

Вось вырваўся, бяжыць, кідаюцца па скляпеннях, размаляваных травамі, калматыя цені. Сплываючы крывёй, ён бяжыць, і ногі заносяць яго ў бакі, як п’янага. Наперадзе ўратаванне, але ён страціў сілы і розум, свісцячае дыханне вырываецца з яго вуснаў, ногі яго ведаюць толькі, што ўніз бегчы лягчэй, і ён збочвае, бяжыць па вінтавых каменных сходах. Праз вузкія вокны ў шырокіх нішах, чаргуючыся з пыльнай цемрай, слізгоча па яго твары святло зорак. З інстынктам зайца, які хоча схаваць галаву, чалавек шукае нары.

Конец ознакомительного фрагмента.

Текст предоставлен ООО «ЛитРес».

Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.

Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.

27
{"b":"111456","o":1}