Литмир - Электронная Библиотека

Зіму скідвалі з дахаў, як з муроў крэпасці. Яна ляцела ўніз і цяжка ляскалася аб каменне. Яе тленныя рэшткі грузілі на самазвалы і вывозілі прэч, ачышчаючы поле пабоішча.

Яе воіны грувасціліся ўжо за горадам, але зіма, подых яе, усё яшчэ існаваў, усё яшчэ гуляў вуліцамі, усё яшчэ наступаў белымі палямі на гарадскія прадмесці.

I раптам…

…дзяўчынка ў зацішку, за рагом дома, пачала гуляць у «класікі», скакаць на адной ножцы па клетках, накрэсленых крэйдай.

– Мак-мак-мак… дурак.

Чамусьці ўсе дзеці з першым подыхам абнаўлення гуляюць у «класы». Дзяўчынка скакала па клетках, і каленкі ў яе былі голыя.

Гэта і была вясна.

А потым пачалася падземная вайна. Сапёры-карані вялі падкопы, каб захапіць абшар для жыцця.

I аднойчы выбухнуў мільёнамі салатных пупышак Цвярскі бульвар. Нават тут, у гэтай цёмнай аўдыторыі, Андрэй адчуваў, як за парцьерамі, што завесілі вокны, сваволіць і бяжыць між дрэў, уздымаючы лёгкі зялёны пылок, гарэзлівы вецер.

Вельмі хацелася кудысьці ў пушчу, дзе блакітам сінеюць беларускія пралескі, дзе ў нетрах такуюць цецерукі. Сядзенне ў аўдыторыі было б зусім нясцерпным, каб не Яніс, які соп поруч, з некаторым здзіўленнем разглядаючы «Данаю» Рэмбранта, ды не мяккі грудны голас, які гучаў у цемры.

Пасля таго, аб чым ён даведаўся ў маці, Андрэю было неяк асабліва добра слухаць гэты голас. I зусім не хацелася ні аб чым пытаць Гораву – а раптам яна нічога не ведае, а раптам гэта толькі супадзенне. Няхай сабе нічога не ведае.

Яна зусім не падабалася яму як жанчына. Але аднойчы ён на хвіліну даў сабе волю і спытаў, а што б ён, Андрэй, адчуў, каб яна знікла. I шчыра адказаў сам сабе, што гэта было б дрэн на. Неўпрыкмет ён проста прызвычаіўся, што кожны тыдзень будзе бачыць яе, чуць яе голас, сачыць за ходам яе думкі, смяяцца з яе жартаў.

Ён разумеў, што яе лекцыі не проста лекцыі, што гэта яшчэ і нейкі новы, пакуль мала зразумелы для яго, погляд на жыццё, на яго колеры і гукі, на чалавечыя пачуцці, на мастака і мастацтва.

I яму зусім не хацелася згубіць гэтую крыніцу. Ён ведаў, што кожнага чалавека, які сустрэўся з табою па дарозе і ідзе ў той самы бок, што і ты, – трэба вельмі-вельмі берагчы і не губляць з вачэй.

– Ты аб чым задумаўся, – штурхнуў яго Яніс і пажартаваў:– Слухай, пра генія размова ідзе. Пра цябе.

– Цiпун табе на язык, – шапнуў Андрэй, – я пакуль мошчамi быць не збiраюся.

Голас у цемры стаў іранічным:

– Зноў магутна прадстаўленая Беларусь размовы вядзе?

– Прабачце, – сказаў Андрэй, – Янiс кажа, што «Цыганка» Халса вельмi падобная на яго жонку.

Адчувальны штуршок пад рэбры:

– Свіння.

– Зайздрошчу, – сказала яна, – і вы, Вайвадс, з самага пачатку лекцыі думаеце пра гэта?

– Ён хлусіць, – забурчаў Яніс, – ён проста сказаў, што не хоча быць геніем.

– Супакойцеся, – сказала яна, – гэта небяспека, здаецца, нікому з вас не пагражае.

– З’еў? – спытаў шэптам Вайвадс.

А голас гучаў зноў. I Андрэй паступова зноў забываў аб вясне, паглыбляючыся ў яго мяккія хвалі.

– Саскія штурхнула Рэмбранта на той шлях, па якім ён пайшоў пасля яе смерці. Да гэтага пералому яго любілі ўсе, ён ледзь спраўляўся з заказамі, у яго было трыццаць вучняў… Але толькі ў апошнія гады жыцця з ёю, а асабліва пасля яе смерці ён зразумеў, што бюргеры хочуць золата і мармуровых калон, хочуць карцін, якія прыемна казычуць нервы, а перад ім другі шлях – выяўленне ўнутранага жыцця чалавека. I на гэтым шляху ён адзін… Прымірэння не было.

Андрэй раптам убачыў, што яна ўзяла нешта з сумачкі, паднесла да вуснаў і глытнула. Потым, пасля паўзы, казала далей голасам, які стаў трохі больш глухім:

– Спыніцца на шляху ён не мог. I з гэтай хвіліны карцінам яго было суджана заставацца з ім да смерці… I гэта пасля славы.

Яніс, які ўсё яшчэ не мог забыць крыўды, нахіліўся да вуха Андрэя:

– Гэта пра цябе, – з’едліва сказаў ён. – Вершы застануцца з табой.

– Сціхні, бандыт, – сказаў Андрэй.

– I першай з гэтых новых карцін стаў «Начны дазор». Ні сучаснікі, ні мы не здолелі зразумець, што малюе на ёй мастак.

Проста на Андрэя рухаўся знаёмы з дзяцінства натоўп. I сярод гэтага натоўпу схілялася светлая фігура дзяўчынкі з пеўнем у руках.

– Гэта – трывожнае пачуццё чагосьці, што вось-вось можа адбыцца. I людзі ідуць змагацца з гэтым «чымсьці» ў імгле і цемры. Яшчэ поўныя сілы, а праз гадзіну, магчыма, аддадзеныя невядомаму.

Андрэй разумеў усё, што яна кажа, нейкімі падсвядомымі глыбінямі, і ўсё гэта было блізкае яму.

– Няўжо Рэмбрант з’явіўся адзін? Няўжо ніхто не шукаў разам з ім? Не… Не маглі ўзняцца да яго, але шукалі. Вось Вермеер з Дэлфта. Прасцей і натуральней нельга выявіць чалавека. Але яго цікавіў толькі гэты, толькі адзін чалавек, а Рэмбрант агульначалавечы, як кожны геній.

I боль Рэмбранта быў знаёмы многім. Але ў іх гэта быў проста безвыходны боль, а ў Рэмбранта – туга па еднасці чалавечай, туга па тым, як цяжка, мудра і нясцерпна жыць кожнаму на зямлі.

Глядзіце, вось – «Яўрэйскія клады» Ройсдала.

Яна сціхла на хвіліну. Андрэй бачыў, як ускінулася на светлы прамакутнік экрана яе тонкая рука. Адбіткі дыяпазітыва клаліся і на яе, і праз гэтую руку з плоці і крыві, тонкую белую руку, здавалася, бачна было тое, што на экране. Рука была празрыстай.

– У Бахчысараі, поруч з Чуфут-Кале, – казаў далей голас, – ёсць даліна смерці, могілкі, на якіх хаваюць караімаў з усяго свету. Нашы клады не прыгнятаюць, а гэтае будзе сніцца як кашмар. Нагрувашчанне каменных грабніц, паміж якімі часта нельга праціснуцца. Усё гэта пераплецена гліцыніямі, якія чапляюць вас за ногі і адзенне. А на грабніцах адно імя, без прозвішча і года. Быццам чалавек не варты іншай памяці. Глядзіце, хіба не такія могілкі тут, перад вамі?.. Ніжэй апусціцца нельга. А Рэмбрант добра ведаў цану чалавека, нават у безвыходным адчаі. Ён ведаў: дрэнных няма. I адзінае, што можа ўзняць чалавека, які апусціўся, гэта мастацтва. Мастацтвам гуляць нельга. Гэта не заказ і не гульня ў бірулькі, гэта сумленне зямлі… Вось «Давід перад Савулам». Хлопчык, што сам здзівіўся дзіву, якое адбываецца пад яго пальцамі. I Савул, які забіваў і атручваў, азірнуўся на жыццё, і яму стала страшна і шкада сябе.

– Бог ты мой, – сказаў ціха Андрэй, – гэта тое самае, што я думаў.

– Значыць, ты не памыляўся, – шапнуў Яніс.

– Ён ведаў, яму будзе цяжка. Ён ведаў, яму не даруюць трывогі, яму не даруюць «Асура, Амана і Эсфіра». Ён ведаў, нельга бяскарна ўзрошчваць у сабе такое. Але праўда пачуццяў была вышэй золата… у яго няма вучняў, імёны яго і Хендрык’е абліваюць брудам, ён не патрэбен сябрам. У яго адбіраюць усё, акрамя карцін – карціны нікому не патрэбны, нават крэдыторам. Паміраюць усе, каго ён любіць. I ўрэшце памірае ён сам, пакінуўшы няскончаным «Вяртанне блуднага сына»…

Голас гучаў такой глыбінёй і страсцю, што Андрэй адчуў, як яму перахапіла подых…

– Ён пераможаны, але ён перамог. Таму што нават у апошняй сваёй карціне давёў, што мастацтва можа быць такім жа складаным, як жыццё… I нават нечым больш, чым яно. Блудны сын прайшоў усе стадыі прыніжэння, ён не можа нават прыпасці да рук бацькі, бо развучыўся любіць. I ў сыне, галаву якога з’ядае парша, мы часам угадваем саміх сябе, калі нам цяжка і патрэбна рука, што можа апусціцца на тваю галаву. Нам неабходна гэта.

Рука Янісава дакранулася да Андрэевага пляча.

Калі запалілі святло, Грынкевічу здалося, што з пачатку гэтай лекцыі прайшлі, пэўна, стагоддзі і што тая вясна, якая шуміць за акном, зусім іншая вясна, а сам ён глядзіць на яе другімі вачыма.

Ён устаў, адчуў са здзіўленнем, што злёгку хістаецца на нагах, і падышоў да яе стала.

Людзі паступова пакідалі аўдыторыю. Урэшце яны засталіся адны. Ён стаяў і глядзеў на яе бязважкую фігурку, на шэрыя вочы пад зламанымі бровамі, безабаронныя і насцярожаныя вочы.

– Дзякуй вам, Ірына Сяргееўна, – чамусьці ціха сказаў ён.

– Вам спадабалася? Я рада гэтаму. Вельмі.

23
{"b":"111456","o":1}