Литмир - Электронная Библиотека

– А тое, – на твары Андрэя адразу з’явілася схаластычная міна. Тонам вельмі вучонага і трошкі грэблівага да аўдыторыі лектара ён вымавіў: – У апошняй сваёй навуковай працы in folio пад назвай «Уздзеянне рускага флоту на рост грыбоў» я ўжо распавядала вам, шаноўныя слухачы, аб прынсіпах пабудовы твора… Дык вось, мікеланджэлаўскі «Давід» ёсць кангламерат прагрэсіўнага і рэгрэсіўнага ў творчасці аўтара… Адным плячом ён падаўся назад, бы прыкуты да традыцый італьянскага кватрачэнта, а другім пагражае праклятаму мінуламу ў асобе Галіяфа… Мастакі ж таго часу вызначаюцца незвычайнай тонкасцю лісіроўкі, гжэчнасцю і, я б сказала, мілагучнасцю ў кожным руху, гарманічнай гамай колераў… I ўсё гэта – «сфумата», «сфумата»… Што ж датычыцца беларускіх кампазітараў, то ў іх, якраз як у Глінкі, менавіта і не больш чым два вуха. Падабенства гэта ўзрастае яшчэ больш, бо іхнія оперы і песні таксама магчыма слухаць… Я скончыла.

Яніс не вытрымаў і зарагатаў, трымаючыся за бакі.

– Ну і свіння ж ты, Андрэй.

– Гэта нiчога, – сказаў Андрэй, – нейкi недурны паляк сказаў год трыста таму, што чалавек – «не найгорша сьвiня».

Лепей я замест таго, каб хадзiць на лекцыi, буду прыбаўляць па жменi ў скарбнiцу дыяментаў беларускага прыгожага пiсьменства.

Яніс раптам пасур’ёзнеў.

– I ўсё ж ты схадзі. Вось заўтра якраз… У дванаццаць гадзін.

– Добра, – без асаблівага энтузіязму сказаў Андрэй, – давай схаджу разок.

– Тады – марш спаць. Трэба адпачыць. I без таго дзве ночы амаль не спалі.

Раздзел V

Бронзавы Пушкін пасівеў.

Мокры снег ляжаў на яго кучаравай галаве, на вянку жывых кветак ля п’едэстала, на галінах ліп. Ён быў вельмі чыстым, гэты апошні снег.

Андрэю вельмі не хацелася ісці на лекцыю. Ён затрымаўся ля помніка, ляніва перайшоў вуліцу, доўга купляў папяросы ў ларку.

Снег пырхаў паміж белымі дрэвамі бульвара, снег ператварыў у белыя карункі краты агароджы перад інстытутам.

Курсы былі таксама тут. Андрэй неахвотна прамінуў браму і адразу ўбачыў, што насустрач яму рухаецца худая фігурка Марыі Крат.

Яны былі ўдваіх у заснежанай алеі. Чырвонае, строга па таліі футра Марыі было абсыпана снегам. I зноў зусім чужымі здаліся Андрэю халаднаватыя блакітныя вочы і светлыя, з залацінкай, валасы.

– Дзень добры, – сказала яна, – ты, аднак, не спяшаешся. Ні на лекцыі, ні да мяне.

– О Пацімат, – жартам, на ўсходні манер, адказаў Грынкевіч, – і як ты можаш добра ставіцца да мяне, апаганшчыка грабніц і мячэцяў.

Марыя ўскінула носік.

– Я не жартую. Я вельмі нервавалася. Учора сядзела ў крэсле і ўяўляла сабе розную лухту. Што было?

– Справы. – Грынкевiч паспрабаваў абняць яе за плечы.

Яна адхіснулася:

– Я вельмі зайздрошчу твайму ўменню за справамі забываць тую, каго кахаеш.

– Я заходзiў,– сказаў Андрэй, – ты спала.

Твар Марыі стаў іранічны.

– Няўжо табе ўпершыню заходзіць да мяне, калі я сплю?

На тое ў цябе і ключ. Месца на ложку хопіць.

– Мне не падабаецца, як ты гаворыш, – сказаў Андрэй. – Я ніколі не казаў табе, што я кахаю. Нам проста добра адно з адным. Мы не дзеці. Мы проста сябры.

– Аднак… я нешта забыла. Ці, можа, нехта другі ўмаўляў мяне стаць яму жонкай?

Андрэй з сумнай усмешкай глядзеў на яе.

– Я працаваў абедзве ночы, Марыя. Нельга заўжды быць разам.

– Гм… А ты спытаў, што я рабіла ў гэтыя ночы?

– Ну, ты ў мяне разумнiца. Я табе веру.

Марыя зрабіла іранічную міну:

– О, мой даверлівы друг! А я вось не такая даверлівая. У тваім пакоі было цёмна.

– То, пэўна, я сядзеў у Вайвадса.

– Ну як жа… у Вайвадса. Нягоднік твой Вайвадс. Збівае цябе з панталыку.

Грынкевіч упершыню выйшаў з сябе. Узяў Марыю за запясце і сціснуў руку:

– Ты не руш Яніса. Ён добры друг. Не руш яго, калі хочаш быць мне другам.

– Балюча, – сказала яна. – Ты што, забыў? Андрэй адпусціў яе.

– Ты меў сустрэчу з кімсьці, з нейкай жанчынай. На цябе глядзяць усе жанчыны. Мне брыдка.

– Маша, – умольна сказаў Андрэй, – ты не горш за мяне ведаеш, што я не свіння. Я быў з табою. Толькі з табою. Сорам табе казаць такое. Я не кахаю, але я вельмі добра стаўлюся да цябе. I я не хацеў бы гэтым засмучаць цябе.

Жанчына прыкусіла губу:

– У мяне неўроз сэрца ад кахання да цябе. А ты… Божа мой. Я ўпершыню адчуваю сілу кахання і рэўнасці. Мне жыцця не хопіць для кахання. Я баюся, што цябе ў мяне адбяруць. Я ўсё аддала табе. Я да цябе стаўлюся вельмі чыста, сумленна, пакорліва. І каму, каму аддала я сэрца?

Яна казала гэта, напэўна, амаль шчыра, але манера вымаўляць словы была вельмі тэатральнай. Бываюць людзі, у шчырасць якіх менавіта з гэтай прычыны нельга паверыць.

Грынкевіч узяў яе пад бараду і павярнуў да сябе.

– Ты толькі дарэмна мучыш сябе, Маша. Нічога такога няма. I не будзе. Табе проста падабалася спачатку, што я так смешна апраўдваюся перад табой. А цяпер ты прывыкла. Ты проста катуеш мяне гэтымі вечнымі падазрэннямі. Я цяпер нават думаю, што, калі я ажанюся, ты ператворыш маё жыццё ў пекла. А я хачу жыць. У жыцці і без кахання досыць многа добрага.

Яна раптам ударыла кулачком па камлі маладзенькай бярозкі. Воблачка снегу асыпалася з галін, укрыла ім плечы, іскра мі заззяла ў яе валасах.

Але яшчэ больш заззялі яе вочы.

– Ну вядома, цяпер яшчэ і гэта. Шукаеш прычыны, каб пазбавіцца ад мяне? О, вядома! Я гэта даўно заўважыла! Такі сухі і такі злосны. Божа, а я яшчэ кахаю яго! Не веру табе! Ёсць другая… другая!

– Марыя, – пакутліва прамычаў Андрэй, – ну нашто ты так мяне мучыш. Дарэмна ж гэта ўсё. Хто на мяне паглядзіць?

Не кажучы пра мяне.

– Маўчы, – амаль вiскнула яна. – Хлусня ўсё.

Грынкевіч уздыхнуў.

– Як мне ўсё гэта абрыдла, – сказаў ён. – Ведаеш, яшчэ дзве такія сцэны, і я сапраўды завяду сабе другую. Каб хоць недарэмна падазравалі.

– Добра, – сказала яна, – я, здаецца, зраблю такі самы ўчынак.

Знерваваны да апошняга, Андрэй рэзка павярнуўся і накіраваўся прэч ад яе, да маленькага будынка курсаў, які стаяў у глыбіні двара, непадалёк ад ампірнага дома інстытута.

Завярнуўшы за рог будыніны, ён злосна плюнуў і ўпершыню падумаў, што, бадай, сапраўды, думка аб шлюбе – лухта і што, калі Марыя будзе і далей катаваць яго рэўнасцю, – трэба канчаць.

З гэтай думкай ён таргануў дзверы, падняўся па сходах на другі паверх і на хвіліну спыніўся перад уваходам, адчуваючы, што спазніўся.

Верх вялізнага акна на пляцоўцы быў вітражны: нейкія дэкадэнцкія лілеі, сітнягі, яблыкі, качкі ў палёце. Каляровыя плямы святла ляжалі на фігуры Андрэя.

Бадай, не варта было заходзіць. Але ў скверыку перад інстытутам была Марыя, а бачыць яе цяпер было горш за смерць.

I ён ірвануў дзверы.

У вялікім пакоі для адпачынку стаяў пах тытунёвага дыму. Прыбіральшчыца выкідвала з попельніц недакуркі ў вядро.

Грынкевіч павесіў паліто на вешалку і толькі пачаў прычэсвацца, як з канцылярыі выглянула Галіна Іванаўна, завуч. З камічным непакоем пляснула далонямі:

– Андрэйка, ты што ж гэта сабе думаеш? Лекцыя пяць хвілін як пачалася. Божа, якая нядобрасумленнасць. Сорам і яшчэ раз сорам.

Яна была толькі трошкі старэйшая за яго, надта зграбная, цёмнавалосая і цемнавокая, з вельмі добрым і здаровым румянцам на шчоках.

Андрэй усміхнуўся: ён любіў завуча.

– Прабачце, Галіна Іванаўна, – сказаў ён, – затрымалі абставіны.

– Ну вядома, Марыя Крат. Андрэйка, дзяўчаты цябе да дабра не давядуць.

I міжволі ўсміхнулася: зубы так і заззялі. Яна была вельмі цікаўлівая. I яна любіла Андрэя. Ён нагадваў ёй малодшага брата.

– Зусім мой Віктар. Такі самы хударлявы і такі самы расцяпа.

Зноў ссунула бровы:

– Марш, марш на лекцыю.

– Не злуйцеся. Дальбог, не буду, – сказаў Андрэй.

Усё яшчэ ўсміхаючыся – Галіна Іванаўна вярнула яму добры настрой, – ён прайшоў маленькім калідорам і адчыніў дзверы ў аўдыторыю.

У аўдыторыі было зусім цёмна. На сцяне, у светлым чатырохкутніку плаваў адбітак аднаго з рэльефаў Пергамскага алтара. Бойка багоў з тытанамі.

19
{"b":"111456","o":1}