Литмир - Электронная Библиотека

У познюю восень успаміны з прыемна-балючых ставалі нясцерпнымі. I тады, каб хоць трошкі перажыць неадольныя чары той зямлі, якая ляжыць недзе і кліча прызыўным клічам, што нельга згасіць у сэрцы, – Гораў браў паляўнічую стрэльбу і знікаў з Масквы. Усё адно куды. Толькі б далей, толькі б стаялі вакол голыя цёмныя лясы, толькі б у свісце ветру чуўся водгук той навальніцы, якая шматавала чорныя вольхі над паромам.

Шаснаццатага лістапада тысяча восемсот шэсцьдзесят шостага года, падчас адных з такіх уцёкаў, ён, трохі паблукаўшы балотамі, ішоў начным лесам з палявання. Два забітыя цецерукі абцяжарвалі бок, ногі ў балотных ботах спружынілі на налітых вадою мхах.

Нетры скончыліся раптоўна. За ўзлескам ляжалі купіны імшараў, за імі зноў цямнела лясная сцяна. Над галявінаю свяцілі высокія і яскравыя асеннія зоры. I, як заўсёды на самоце пад асеннімі зорамі, душу агарнула шкадаванне аб страчаным і пачуццё закінутасці і безабароннасці.

І вось гэты паўночны Яраслаўскі край здаўся вельмі падобным на тую, таксама закінутую ў балотах краіну, дзе цяпер, пэўна, дажывае на беразе струхлелы паром, дзе калісьці вусны далёкай і незваротнай дакрануліся на хвіліну да яго валасоў.

Гораў стаяў, прыхіліўшыся спінаю да замшэлай сасны.

Павекі яго, што раптам зрабіліся цяжкімі, прыгашвалі халоднае мільгаценне зорак.

Ноч плыла над балотамi.

I раптам у гэтай начы, аднекуль з зеніту, пакаціліся тысячы хуткіх зеленаватых знічак.

На няўлоўныя імгненні пакідаючы ў небе халодны зеленавата-фосфарны след, яны ляцелі ўніз і згасалі, гінулі ў цемры, а на змену ім з’яўляліся новыя, новыя, новыя.

Гэта былі Леаніды.

Адразу ўспомніліся горкія словы Леановіча, шалёны дождж над самотнай ракой, вялізныя, як азёры, чорныя вочы той, якая знікла і ніколі не вернецца.

Чалавек стаяў пад зеленаватым зорным дажджом і думаў: «Яны былі ў трыццаць трэцім, яны лятуць цяпер. Калі яны прылятуць у дзевяноста дзявятым, на парозе новага стагоддзя, – я яшчэ буду жыць. Калі яны прылятуць у тысяча дзевяцьсот трыццаць другім годзе, – мяне ўжо не будзе. I нават мае дзеці не ўбачаць Леанід шэсцьдзесят пятага года… А яны будуць ляцець і ляцець, сустракаючы ўсё новыя і новыя пакаленні. Што будзе тады, праз сто год, ці далося б нам зразу мець радасць і боль тых людзей?»

Ён стаяў, прыхіліўшыся да камля сасны, а проста над ім, з невядомай глыбіні, з чорнага начнога шатра ляцелі і згасалі халодныя зеленаватыя іскры, пакідаючы імгненны незваротны след.

Гінулі над празрыстымі азёрамі Леаніды, гінулі тысячамі, знікаючы ў пахмурых асенніх лясах.

I, гледзячы на іх праз замглёныя слязьмі веі, Гораў думаў: «Так і мы гінем тысячамі, і невядома, ці з’явяцца нашы браты, ці з’явімся мы самі на зямлі яшчэ раз… Леаніды! Сэрца жа дае вас. Хоць вачыма далёкіх нашчадкаў дайце глянуць яшчэ раз на зорны дождж».

Тысячамі зялёных ніцей праляталі над зямлёю і знікалі ў цемры зоркі.

Гінулі Леаніды.

Раздзел І

Леаніды не вярнуліся. Астраномы тлумачылі гэта тым, што Юпітэр і Сатурн адцягнулі ўбок іхнюю арбіту. Ва ўсякім разе ў лістападзе 1899 года халодны, фосфарна-зялёны дождж не падаў на забытыя балоціны і лясы. Ноч была звычайнай глухой ноччу позняй восені, а ў паэтаў адабралі яшчэ адну прыгожую легенду.

Леаніды здрадзілі нашай зямлі.

Урэшце, акрамя паэтаў, ніхто занадта не засмуціўся гэтым. На зямлі хапала свайго болю і сваіх клопатаў.

Пячатка стагоддзя ляжала на ўсім, і гэта было жорсткае стагоддзе.

Завея хавала пад гурбамі гарбатыя палескія хаты і хаўтурыла над імі. Замець белымі змеямі бегла па каменных плошчах Пецярбурга, паўзла ў стылую арку генеральнага штаба і бяссільна разбівалася аб падножжа Зімняга палаца. I з вялізнага люстранага акна глядзелі на яе лупатыя, са строгай слязой вочы чалавека. Глядзелі на замець, на халодны граніт, што скаваў увесь горад, і далей, на ўсю няўтульную зямлю, што ляжала ля яго ног.

Горад-сфінкс бязрадасна смактаў з зямлі жыццё, а чалавек быў сэрцам гэтага сфінкса.

I ўсё гэта было падобна на трызненне. У чалавека ўжо аднойчы стралялі ля агароджы Летняга саду, чалавеку сніліся прывіды, якія хочуць яго смерці. I тады зноў быў выкліканы кат Беларусі і Літвы, каб звіць вяроўку на таго, хто страляў. Потым памёр і кат, – і яго падла, распухлае ад вадзянкі, падла, якое кішэла робакамі, закапалі ў зямлю: ён не заслужыў ад удзячнай бацькаўшчыны нават бальзамацыі.

Усё менш ставала верных людзей. Апошняю надзеяй, як мара, блішчаў за ракою шпіль Петрапаўлаўкі. Туды, у гэтыя муры, ён хацеў бы пахаваць усю Расію. I людзей выводзілі з брамы пад покрывам цемры, садзілі ў чаўны і страчвалі на востраве Галадай.

Турма была надзейнай. Адтуль за дзвесце год не ўцёк нiхто. Чалавек, якога маглі б паважаць за вызваленне сялян, хаваўся цяпер ад уласнага народа. І ўсе на словах схіляліся перад ім, а ў сэрцы – ненавідзелі.

А потым выбух з Екацярынінскага канала скалануў ужо і зямлю. I забойцы, арыстакратка з горкім і прыгожым ротам, сын селяніна і паповіч, былі «павешаныя за шыю, пакуль не памёрлі».

Дзяржаўны калейдаскоп мільгаў далей. Хваля ўдачы ўсплёсквала на вяршыню людзей-прывідаў, галоўным заняткам для якіх было – не быць людзьмі. Над краем у дымна-чырвоных хмарах выплываў то пергаментна-жоўты твар Пабеданосцава, то халодна-пагардлівае цьмянае аблічча Плеве.

Была і другая Расія, але яе забівалі ці аддавалі анафеме. Страты. Страты. Страты. Тысячы шыбеніц. Безвыходная Сібір. Загубленыя пакаленні з рабскай душой. Мноства асведаміцеляў-энтузіястаў. Нясцерпная туга ліхалецця.

Некалькі разоў па краіне, як гіганцкія маглі, грукочучы, кацілася вайна. Тысячы белацелых сялянскіх хлопцаў валам валілі да чыгункі, плакалі п’янымі слязьмі пад скавытлівае рыганне гармоні, груба адрывалі ад сябе каханак, раўлі дурным голасам бязглуздыя салдацкія песні, а потым тысячамі белых пагорачкаў ляжалі ў палях, ледзь прыцярушаныя снегам, або борсаліся ў ледзяной вадзе паміж абломкаў, з жахам адчуваючы, як нябачныя гіры няўмольна і няўхільна цягнуць на дно.

На грошы, якія забірала вайна, можна было б даць усім гэтым хлопцам вышэйшую адукацыю. Але ўладары, як усякія ўладары, баяліся асветы.

Рэйкі. Рэйкі. Рэйкі. Дымныя сліны з комінаў пэцкаюць небасхіл. Чорныя, як марлокі, людзі даюць гарадам, залітым электрычнасцю, чорнае сонца. Уначы за крывавымі вялізнымі вокнамі раве дэман. Тысячы чырвоных, як гномы, людзей плюшчаць сталь. Змей крычыць медным голасам, падобным на голас гудка, і тысячы заспаных людзей бягуць на гэты голас, каб трапіць у разяўленую пашчу.

Друзнуць мускулы. Краіну не б’е толькі лянівы. А на яе абшарах з помпаю і нізкапаклонствам, з морам віна і цыганамі, з ладанам і зверагалосымі дыяканамі святкуецца трохсотгоддзе дынастыі.

З тых самых лясоў, дзе колісь кастрамскі селянін уратаваў пачатак дынастыі, прывезлі ў падарунак гасудару спілаваны стаўбур трохсотгадовай сасны. Равесніца дынастыі, яна прабіла зямлю пушыстай, як заюшка, лапкай у той самы год, калі баяры каранавалі на царства над змучанай ад смуты краінай слабога бледнага хлопчыка. Яна была красою лесу, калі ўнук гэтага хлопчыка арудаваў на верфях сякерай. Яна была грознай у пачатку сваёй старасці, калі бліскучая сука секла галаву «самазванцу», апекавала над мастацтвам і тысячамі тапіла беларусаў на пецярбургскіх балотных работах. А потым, ужо нінавошта не здатная, без змогі даваць насенне – былы семяннік з пераспелай, мяккай, як вата, драўнінай, – яна стаяла панылая, злосная і без разбору глушыла маладыя пушыстыя сасонкі, якія мелі няшчасце трапіць у яе густы, атрутна-халодны цень.

I вось яе ссеклi.

Мiжвольная iронiя гэтага падарунка не дайшла да небагатых мазгоў уладара, ён шчыра падзякаваў за тонкi i з паэтычным густам зроблены падарунак.

А між тым усё было скончана.

Былая краса пушчы, абадраная i распранутая, ляжала зрынутай на зямлю. Не хапала толькi чалавека, якi ўзяўся б за справу i нашчапаў з яе трэсак.

Такі чалавек знайшоўся.

10
{"b":"111456","o":1}